Перайсці да зместу

Эканамічны мамэнт на Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Эканамічны мамэнт на Беларусі
Публіцыстыка
Аўтар: Мікола Ільяшэвіч
1930 год
Крыніца: Часопіс «Саха» (Вільня), верасень 1930, № 1, б. 12-13

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Эканамічны мамэнт на Беларусі.

Мы жывем і працуем у часы самага грубога матэр‘ялізму, які пасьля вайны стаўся першапрычынай усіх пачынаньняў. Дзеля гэтага кожнае гаспадарства, кожная краіна імкнецца да поўнага гаспадарчага асамастойненьня, што ёсьць парукай таксама й культурнага дабрабыту. Буйны ўзрост прамысловасьці ў Заходняй Эўропе, Злучаных Амэрыканскіх Штатах ды іншых краінах даў магчымасьць уцягнуць усе вытворчыя сілы розных народаў на сусьветны рынак. Уцягнута сюды таксама й Беларусь, як аграрная, альбо інакш кажучы сельска-гаспадарчагая старонка. Але ў той час, як іншыя краіны, дзякуючы сваёй палітычнай незалежнасьці, здольны рэгуляваць прадукты ўвозу й вывазу дзеля ўзбагачэньня свайго народу, мы, беларусы, пастаўлены ў варункі надзвычайна цяжкія, у варункі выключна старонкі эксплёатаванай (выкарыстоўванай). Галоўная прычына гэтага—ізноў-жа палітычны падзел Беларусі, як суцэльнай этнографічнай краіны, якая мае сваю асаблівую геаграфічна-эканамічную індывідуальнасьць. Потым ідзе цэлы рад іншых прычынаў, як напр.: нашая культурная адсталасьць, гаспадарчы прымітывізм, які памалу ўжо адходзіць у забыцьцё, а галоўнае — выцякаючая адгэтуль беднасьць.

Беларусь цяпер па частках уцягнута таксама ў гаспадарчы абег Польшчы, СССР і Латвіі і ўва ўсіх гэтых гаспадарствах зьяўляецца як-бы бясплатным прыдаткам — колёніяй. Эксплёатацыя ня толькі натуральных багацьцяў краю (лясоў у першую чаргу), але й фізычнай сілы беларусоў, асадніцтва чужынцаў на беларускіх землях ды шмат іншых фактаў гавораць самі за сябе. У сваім паходзе галоўным чынам ангельскі й амэрыканскі капітал праз узалежненыя ад яго гаспадарствы, якім належыць Беларусь, хоча здушыць нашыя праявы істнаваньня. Праўда, гэта ня робіцца проста, але ўкосным спосабам.

У абарону-ж нам, беларусам, трэба паставіць пляновую працу ўзьмацаваньня эканамічнага. Праграмай на першы пачатак павінен служыць лёзунг: „Беларускія землі й багацьці — толькі беларускаму народу!“ Другі лёзунг, які між іншым Чэхі выставілі пад час свайго адраджэньня й верныя яму аж дагэтуль: „Праца й ашчаднасьць“; а ўрэшце: „Рацыянальная гаспадарка“.

Тлумачэньняў да гэтага шмат ня прыходзіцца прыводзіць: яны самыя сабой вынікаюць. Больш трэба самадзейнасьці й ініцыятывы, больш увагі коопэратывам, банкам, агранамічнай літэратуры, якая яшчэ можа задаволіць нашыя толькі элемэнтарныя запатрабаваньні,—тады будзе ў нас больш магчымасьцяў да хутчэйшага асягненьня поўнае й усебаковае эканамічнае незалежнасьці. Грошы дадуць нам магчымасьць будаваць Беларусь так, як вымагае XX сталецьце, а не „на касьцёх бедных беларускіх самаахвярдікаў — ідэалістаў”.

* * *

Закід нашых непряцеляў аб беларускай гаспадарчай няздольнасьці (праўда, часта нічым ня ўгрунтаваны, зусім беспадстаўны), цяжка ў гэты мамэнт разьбіць з прычыны нястачы поўных і нетэндэнцыйных статыстычных крыніцаў. Але можна і з агульнай нашай прыродна-геаграфічнай кон‘юнктуры зрабіць пэўныя вывады.

Беларускі край, абымаючы 326 тысячаў кв. км., мае нязвычайнае множства відаў сельска-гаспадарчае й прамысловае вытворчасьці. Праўда, тут ня прыходзіцца гаварыць аб колькасьці й якасьці гэтае вытворчасьці нашага краю, але тады трэба ўзяць пад увагу нашыя асаблівыя геаграфічныя й палітычныя варункі. Будучы арэнай змаганьня й крыжаваньня двух адвечна варожых сілаў—усходу й захаду ў культурным разуменьні, Беларусь заняла важнае фізычна-географічнае пераходнае мейсца. У гэтым крыецца шмат бачынак дадатніх, але разам з гэтым і цяжкіх да выпаўненьня беларускім народам. Беларуская сплецістая водная сетка з гістарычным „вялікім водным шляхам“, беларуская лясіста-балоцістая асаблівасьць, знаная ўсяму сьвету ў пастаці беларускага Палесься й пушчаў з вельмі багатай фаўнай (зьвярынай) ды шмат іншых, вызначала Беларусь у мінуўшчыне й прарочыць ёй вялікую эканамічную здольнасьць. А гэта тым балей, што народ беларускі абуджаецца да новага жыцьця. Цяпер, калі Зах. Эўропа задыхаецца ў сваёй фабрычна- заводзкай прамысловасьці, калі перанасяленьне змушае да барацьбы за кожную пядзь зямлі, аб‘яўляючы „Drang nach Osten“,—мы яшчэ на доўгі час забясьпечаны ад гэтага поўнага перанасяленьня. Даволі сабе ўспомніць, што ў нас на Беларусі ў сярэднім прыпадае толькі 36 асоб на адзін кв. км.—у той час, як зямлю паводле ўжыткоўнасьці можна падзяліць: 40% — ральля, 20% — сенажаці,30% — лясы, - 8% —няўжыткі, 2% — іншае, Бяда толькі, што падзел зямлі ў нас між насельніцтвам — абсалютна ненармальны.

Беларускае сялянства, якое складае 90% усяго жыхарства на Беларусі, мае вялікую працаздольнасьць; дзеля гэтага трэба верыць, што неўзабаве, перамогшы ўсю сваю дасюляшнюю консэрватыўнасьць і гаспадарчы прымітывізм (а таксама й духовы),—яно здоляе выйсьці на шлях шырокага будаўніцтва. Трэба толькі, каб пачалася ўрэшце грунтоўная перастройка нашых зямельных адносінаў.

Трэба думаць, што старая сыстэма гаспадаркі (трохпалёўка, лядавая ды інш.) хутка адойдзе ў забыцьцё. Агранамічная літэратура мусіць паказаць і зьніштожыць усе тыя злыбяды, якія ўкараніліся ў нашым краі, мусіць навучыць таксама змагацца з эксплёатацыяй чужынцамі, асабліва пры закупцы вядомага ўсяму сьвету таннасьцю сваей беларускага лёну, лесу й скаціны; мусіць прывучыць прыглядацца да курсу на міжнародным рынку. Урэшце зьвярнуць трэба ўвагу на забясьпечаньне хатняга вырабу, як напр.: ганчарства, ткацкіх вырабаў ды інш., разьвіцьцё рыбалоўства, а разам з тым на разьвіцьцё ўсіх відаў беларускае прамысловасьці й гандлю. Бяз гэтага мы ніколі ня зможам быць заможным народам, а будзем у сваім краі батракамі. А галоўнае, што ў першую чаргу важна, трэба ўпарта працаваць праз беларускую коопэрацыю.

Д-р М. Ільяшэвіч.