Перайсці да зместу

Шыпшына (1927)/IV/Вее вецер

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Расьцьвітай Вее вецер
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1927 год
Ня кувай, зязюля
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вее вецер (Глебка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕЕ ВЕЦЕР

Вее вецер — лёгкі подых,
на дарозе сьнежны пыл.
Перажытага — ня шкода, —
маладым-бы толькі быць.

Зьберагчы ня ўмелі вочы
цьвет іскрысты, залаты.
Помню тонкі стан дзявочы…
і… зялёныя сады…

Помню вечар… Ах, і вечар!..
Сэрцу й сёньня не астыць:
русы косы, белы плечы,
вочы з зіркам залатым…

Вусны палкія — маліны…
Што было — таго ня знаць:
сьведкі немыя, дзяўчынка,
што-ж раскажа белы сад?!

Дык таму я хмуру бровы, —
восень, ветры, сьнег і дождж…
Эх, лясы мае, дубровы,
знаць і вам каханьня досьць.

І са шчок ірдзень спадае,
вяне ўсьмешка на губах…
Весялосьць дзе-ж маладая?..
Саду бэзавага пах?!

17-X—25 г.
Менск