Шчаслівая дарога (1935)/Ваўчанё пакідае нару

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ваўчанё пакідае нару
Паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1935 год
Адкуль і куды на дарозе сляды

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ваўчанё пакідае нару…

1

Як на выспе адзінока,
Як дзікун краін далёкіх,
Рос на хутары ў зацішку
Сінявокі хлопчык Грышка.
Як выгнаннік на адхоне,
У бярозавым палоне,
Без сяброў, без адналетак,
Так трынаццатае лета
Рос куртатым, здэцца — ледзь
Не прыручаны мядзведзь.

Цішыня і глуш вакол…
Лес — высокі частакол —
Дзікай зараслю закуты,
Вартаваў кулацкі хутар.
Зрэдку зойдзе хто знаёмы,
Грышка моўчкі, стараною
Слухаў пільна свежы гоман
Пра жыццё-быццё людское.
А часцей за ўсё заходзіць
З гушчы лесу, быццам злодзей,
Госцем злосным, нежаданым,
У бярлогу хутаранаў
Быстраногі шэры воўк.
І тады — ў двары трывога,
Крык гарэзны ў лес-дарогу
Мчыцца ўслед за быстраногім.
Неўзабаве сціхне зноў.
Зноў самотны Грышка гляне,
І, як сэрца хто параніць,
Лес маўчыць, маўчаць палі,
Толькі пчолы на паляне
Роем лёталі, гулі.

2

Ёсць у Грышкі і сястрыца
Маладзіца-Палавіца,
Недаступная такая,
Ўсюды нос яна ўтыкае:
— Тут нядобра, дрэнна там, —
Дапякае батракам.
А парою з батракамі
Проста грызлася зубамі.
Да яе прыходзіў клер,
Выкшталцоны кавалер.
Вечна шэпчуцца, хітруюць,
Штось змаўляюцца, цікуюць.
Не па сэрцу Грышку гэта —
Ўсё сакрэт,
Усё сакрэты:
Нехта, нейдзе, нешта, неяк,
Шыта-крыта, як зладзеі.
Грышка з ёй, ля году скора,
Ані слова не гавора
І цікавасці ніякай
Ані кроплі,
Ані знаку.

3

Падружыць яму далося
З батраком — байкарам Лосем.
З ім праседжваў вечары.
Лось — мастак пагаварыць
І заманліва! Пры гэтым
Бачыў ён нямала свету.
За свае дзесяткі год
Перажыў ён шмат прыгод.
І калі папросіць Грышка
Расказаць што-небудзь крышку,
Лось закурвае, міргне
І звычайна так пачне:
Быццам дудкай-самаграйкай
Я цябе пацешу байкай, —
За марамі, там дзе горы,
За гарамі, дзе вазёры,
За вазёрамі, пад сонцам,
У закінутай старонцы
Ёсць гара.
На тэй гары,
У дубовым гушчары,
Жыў спакойна ўвесь свой век —
Невядомы чалавек.
Жыў багатым жываглотам,
Працаваць не меў ахвоты.
Ад зары і да зары —
Знемагалі за работай,
Пад крывавым, горкім потам,
Толькі птушкі і звяры.
Сам ні сеяў, ні араў,
Ледзь нагой пераступаў,
А ўсяго яму ставала —
Хлеба, солі,
Круп і сала.
Свінні дзікія аралі,
Галкі ўслед баранавалі,
Бусел сеяў,
Нават козы
Дзёрлі лыка з вербалозаў,
А мядзведзь каля кустоў
З тога лыка лапці плёў.
Як засцеліць завіруха
Шлях-дарогу белым пухам,
Ці на захад,
Ці на ўсход,
Сабіраецца ў паход
Зверадавец-гаспадар
Прадаваць дабро-тавар.
Двор гудзіць перапалохам,
Усцілалі санкі мохам,
Кожны лётаў,
Ахаў,
Охаў —
Суматоха,
Суматоха…
Загудзеў мядзведзь у рог,
Што ласёў ужо запрог.
Гусі-лебедзі вароты
Адчыняюць жываглоту.
Дзятлы б‘юць у барабан:
— Едзе,
Едзе,
Едзе —
Пан!
Вераб‘і іграюць марш:
— Едзе,
Едзе —
На кірмаш!..
Пан сядзіць і ў вус не дуе,
Едзе ноч — адну, другую.
Без канца, бесперастанку,
Колькі сілы цягнуць санкі
Цераз пушчы,
Цераз горы,
Праз даліны,
Праз вазёры,
Без дарогі,
Без шляхоў —
Адзінаццаць пар ласёў.
А з бакоў бягуць ваўкі,
Як стральцы-вартаўнікі.
Караван стралой імчыцца,
Хмарай снежны пыл віхрыцца.
Пану —
Мала, ой, як мала,
Гоніць ход, страшэнны ход!
Зло ў ласёў забушавала,
Гневам кроў забунтавала:
— Эх, трымайся, жываглот!
Як рванулі, тузанулі,
Санкі ў бок перавярнулі.
Пан кручком перакуліўся
І, як бочка, пакаціўся З горкі —
Ўніз,
Уніз,
Уніз…
Пана снегам заваліла,
Курганом расла магіла.

— Будзе помніць,
Будзе знаць,
Як чужую кроў смактаць!
А ласі з ваўкамі ходу —
Ў лес,
На волю,
На свабоду!

4

Скончыць байку.
Перадышка.
А здаволены быў Грышка,
Грышка ўсцешан,
Грышка рад:
Скача, быццам акрабат.
А бывае,
Як пачуе,
Што паны яшчэ шалеюць,
Грышка змоўкне,
Засумуе…
Лось тады журбу развее,
Прытуліўшы, скажа ласкай,
Як сыночку,
Як падпаску:
— Шмат чаго не разумееш,
А пара хоць трошкі ўмець,
Дзе ты,
Хто ты — разумець.

∗     ∗

Што старэнькі Лось папросіць,
Грышка хутка зробіць Лосю.
Бацька — хай злуе, крычыць,
Грышка ўсё перацярпіць.
Раз хто просіць, гэта Лось быў,
Грышка выканае просьбы!

5

З бацькам ён даўно не ладзіць.
А хто ў памяці загладзіць
Гэткі сорам, ганьбу?.. Эх!
Грышку гора — хлопцам смех!
Справа ў тым: гурбой вясёлай
Дзетвара снуе ля школы.
Важны ў школе мітынг-сход,
Піша школьнікам завод,
Просіць школьнікаў завод,
Каб наладзілі паход
Баявым сваім гуртом
Сабіраць жалезны лом.

— Каля кожнай хаты, дому,
Колькі хочаш тога лому.
Так што шмат не гаварылі,
А да справы прыступілі,
Раз патрэбен лом заводу,
Значыць згода! Згода! Згода!

Грышка доўга і не думаў,
Ведаў, што й ля іхняй хаты
Ад вайны яшчэ багата
Ёсць раскіданага глуму.
Так з брыгадай ён ля саду
Стаў складаць сабраны лом.
Бацька ўгледзеў і… калом
Прэч прагнаў з двара брыгаду,

Хто куды,
Каторы збег.
Грышку крыўдна —
Хлопцам смех!
І смяяліся заўсёды,
Што зімою нават лёду
Гад-кулак пашкадаваў.

Смех за Грышкам бег па пятках,
Грышка гыркаўся спачатку,
Потым моўчкі абмінаў.
Ён цярпець не ў сілах болей —
Раз‘ядае рану соль.
Ён, як той чужак у школе,
Ён і ў бацькі,
Што ў няволі,
Хто-ж суняць здалее боль?

6

Змрок гусцеў…
Сышліся ў хату
Батракі і просяць плату.
А звычайна,
Хто багаты,
Батраку пачне круціць,
Каб як можна менш плаціць.
Лось цярпеў,
Цярпеў нямала —
Грудзі гнеўна злосць прарвала.
Ён крычаў:
— „Мы льем свой пот,
Каб табе нарос жывот?
Мы тваёй —
Не хочам лыжкі,
Мы ў цябе —
не просім лішкі,
а сваё, што —
мы ўтрудзілі,
Нам давай!
— Мы зарабілі!“
Не ўцярпеў ад крыўды Грышка,
З бацькам яра стаў спрачацца,
Бацька з Грышкі стаў смяяцца.

Грышка тут-жа
Ўсё як след,
Напісаў у сельсовет.

Скупа слоў, а гнеў багаты:
Што ягоны родны тата
Не плаціў даўно падатак,

Што таіў зямлю, скаціну,
Гаспадарчыя машыны,

Што глядзеў заўсёды гадам
На совецкую уладу.

А на заўтра, ледзь світала,
Грышкі ў хаце ўжо не стала.

Дзе не быў-бы Грышкаў тата,
Лаяў Грышку, кляў зацята.

Гаварыў на ўсю акругу:
— Грышка будзе валацугай!

Гаварыў, як звер, сярдзіта:
— Грышка зробіцца бандытам!

∗     ∗

А ці стане шкодным Грышка —
Нам раскажа гэта кніжка.