Што яны страцілі
Што яны страцілі Апавяданне Аўтар: Якуб Колас |
Калі вы скажаце, што гэта не праўда, а байка, дык я запытаюся: а дзе тая мяжа, што аддзяляе праўду ад выдумкі? І ці не бывае так, што выдумка ходзіць, як праўда, а чыстую праўду лічаць за выдумку? А калі так, дык прашу слухаць уважна.
Каму прыходзілася хоць раз пабачыць гэты куточак, той напэўна не забудзе яго ніколі. Гэта быў акраек лесу, таго самага лесу, дзе і цяпер стаяць такія слаўныя дубы.
Не ведаю, як каму, а маім героям, аб якіх павядзецца гутарка, жылося тут незвычайна весела. Яно, калі сказаць праўду, іначай тут і быць не магло, бо гэты куточак быў вельмі прыгожы. Лес, пераважна дубовы, стаяў на ўзгорку. На тым яго баку, што выходзіў на ўсход, цягнуўся цэлы шырачэзны пас дубоў. Дубы былі выносныя, стройныя, бы точаныя, і такія тоўстыя, што тры чалавекі не маглі абняць камель рукамі.
Пад узгоркам блішчала круглае возера, яно рухалася і пералівалася, як жывое срэбра. Над саменькаю вадою цягнуўся прыгожы шляк сакаўной зеляніны. Тут былі высокія, гладкія сітнякі і цэлыя зараснікі аеру. Дзе-нідзе пападаліся кучаравыя круглыя кусты лазы; сям-там пракідаліся высокія пышныя алешыны, а па суседству з імі красаваліся дзве прыўдалыя хвоі: здавалася, што гэта дзве маладзіцы, што пайшлі па ваду ды загаварыліся, а загаварыўшыся, так і засталіся. Тут жа была і рачулка, бойкая і жвавая. Прыпыніўшыся ў возеры, зноў лілася, павівалася яна ў зялёнай даліне. Таксама заслугоўвае ўвагі і гэтая даліна, бо калі ўставалі грозныя цёмна-сінія хмары і грымелі далёкія громы, яны незвычайна выразна каціліся-дрыгацелі па даліне, абабягалі возера. Калыхаліся тады палахлівыя чароты, пагойдваліся стройныя сітнякі, нават сам лес таемна шапацеў чуллівымі лісточкамі-струнамі. Усё гэта злівалася ў невыказна прыгожую музыку. Здавалася, увесь прастор напаўняўся тады спевамі і музыкаю, такою музыкаю, што ніякія музыкі на свеце не маглі яе пераняць.
Была раніца. Залатыя стрэлы сонца, рассыпаўшыся па ўсім свеце, выносілі новы дзянёк, той дзянёк, які меў у сабе ўсе рысы самага лепшага лета. Мяккая, роўная, ласкавая цеплыня паволі разлівалася па зямлі, а разам з гэтым і нейкая радасць уздымалася ў сэрцы тых, хто так ці іначай адчуваў жыццё.
— Сонца ўзышло! — ціха і радасна абвясціў усход сонца стары дуб на ўзгорку, і яго лісце ледзь-ледзь задрыжала.
— Сонца ўзышло! — шэптам сказалі дзве хвоі.
Гэтую вестку падхапілі сітнякі, чароты, аеры, і праз колькі хвілін стала вядома на возеры і на акрайку лесу, што ўзышло сонейка. Рачулка яшчэ далей панесла гэту вестку, і аб усходзе сонейка даведалася кожная красачка, кожная травінка. Гэта быў незвычайна радасны момант абуджэння прыроды, асабліва калі ў чыстых кропельках расы заззялі вясёлкі — тысячы, мільярды вясёлак. Але гэта быў толькі адбітак усмеху сонца.
Бабка-зялёнакрылка сядзела на чарацінцы. Яе тоненькае стройнае цельца шчыльна прытулілася да лісціка, малюпасенечкія кропелькі расы ледзь-ледзь выступалі па крыльцах, і ёй цяжка было паварушыць імі. Але абагрэла яе сонейка, абсохлі крыльцы. Зусім ажыла, павесялела зелянушка-бабка, нібы другі раз на свет нарадзілася. Яна азірнулася навокала, — ёй хацелася хоць каму выказаць сваю радасць, сваё шчасце, і калі пралятала тут ластавачка, дык яна не магла стрымацца, каб не сказаць:
— Давай пагаворым, ластавачка!
Ластавачка крута ўзвілася над возерам, у імгненне вока апісала дужку, ледзь чыркнуўшы вострым канцом крыла па вадзе, ад чаго па возеры пабеглі срэбраныя абручыкі.
— Ах, як гэта прыгожа! — зноў прамовіла бабка. — Паглядзі, як бягуць, калышуцца роўненькія кругі па вадзе! І гэта ты прывяла ў рух такое велізарнае возера?! Дзіўная справа! І колькі хараства на свеце! Ці не праўда, ластавачка: жыццё — гэта самае большае шчасце на зямлі!
— Таму ж усе мы, зелянушка, любім жыццё, — зашчабятала ластавачка.
— Ведаеш, якая мне прыйшла думка? Мне здаецца, што большага не можа быць шчасця, як адчуваць кожны момант, што ты вольны, можаш рабіць, што захочаш, можаш ляцець, куды табе зажадаецца.
— Так, зелянушка, — зашчабятала ластавачка, — я б дадала, што шчасце можа быць поўным толькі тады, калі ўсе вакол цябе адчуваюць сябе шчаслівымі.
— Я цалкам далучаюся да гэтае думкі, — квакнула зялёная жаба.
— Вядома, вашэці, так, — празвінела муха, — калі я бачу, што ўсе вы вясёлыя, і мне таксама весела, дык ад гэтага толькі павялічваецца паўната агульнага шчасця.
— Я лічу немалазначным і той факт у агульнай складанасці гэтага шчасця, калі да ўсяго іншага далучаецца і элемент мудрасці, — важна зазначыў даўганосы камар. — Тады і вызначэнне самога шчасця выходзіць з правільнага пункту погляду. Дык няхай жыве весялосць, воля, агульная згода і мудрасць.
— Ах, якая цікавая тэма размовы! — азваўся матыль. — Я з свайго боку дадаў бы, што шчасце таксама залежыць — нават у значнай меры — і ад хараства.
— Гэта справядліва, гэта справядліва! — пацвердзіў чарнавокі конік і заварушыў сваімі прыгнутымі даўгімі ножкамі.
— Выбачайце, шаноўнае грамадзянства, — забубніў авадзень, — я трымаюся іншага погляду на рэчы. Скажыце, што станецца з вашым шчасцем, калі жывот будзе трубіць жалобу пустаты? Дзе тады дзенецца ваша весялосць? Што будзеце рабіць з вашаю воляю і як будзе тады стаяць справа з вашаю агульнаю згодаю? Бум-бум-бум! — зарагатаў авадзень. — Уся ваша мудрасць пакіруецца тады выключна ў бок вышуквання спосабаў запоўніць пустату жывоціка, а ўсё хараство пойдзе на скасаванне. Не, другі мае: каб быць шчаслівым, трэба, каб і жывот пустым не заставаўся.
— Фі, авадзень! Як вульгарна выказваеце вы думкі вашы, — прамовіла, скрывіўшыся, сінякрылая бабка. — Так і відаць, што вы больш каля жывёлы ходзіце.
— У вас, бясспрэчна, ёсць здаровыя думкі, — падтрымаў авадня даўганосы камар. — Але я таксама згаджаюся і з паннаю сінякрылаю бабкаю, што гэтыя думкі маглі б быць выказаны і ў больш далікатнай форме, тым болей у прысутнасці такіх прыгожых дзяўчат.
Зялёнакрылая і сінякрылая бабкі адарылі камара незвычайна пяшчотнымі поглядамі, ад чаго ён паварушыўся, дрыгнуў лапкамі і вельмі галантна пакланіўся ім.
— Я не люблю ахінаць праўду ў прыгожыя пустыя словы, а бяру яе так, як яна ёсць, — адказаў авадзень.
— Што гэта ў вас за гармідар такі? — спытала мурашка і лапкаю абцёрла з ілба гарачы пот. Відаць, яна прайшла цяжкую дарогу, перабіраючыся з травінкі на травінку па розных кладках, пакуль прыпаўзла сюды.
Чарнавокі конік у кароткіх словах пазнаёміў мурашку са зместам агульнай размовы і ў заключэнне спытаў:
— А ваш які погляд на шчасце?
Мурашка на момант злажыла на галаве дзве пярэднія лапкі і задумалася. Падумала і сказала:
— Шчасце… Гм… Прызнацца вам, я ніколі не думала аб тым, што такое шчасце. Дый калі мне думаць пра гэта, памяркуйце самі? Выходзіш з дому з адным клопатам: дзе б што знайсці, як бы найлепш выканаць заданні калектыву… Стойце! Стойце! Вось-вось крутнулася ў галаве думка, і здаецца, тая самая, якая мне трэба.
Мурашка аж замлела — так моцна яна задумалася. Усе вакол таксама маўчалі, каб не пашкодзіць мурашцы злавіць і замацаваць патрэбную думку. Толькі авадзень скептычна пакруціў тоўстаю галавою.
— Вось што будзе шчасце! — раптам выпаліла мурашка і села на жывот, заварушыўшы разам усімі лапкамі. — Шчасце — гэта найлепшае выкананне волі калектыву, жаданне прынесці сябе ў ахвяру калектыву, усведамленне, што ў яго дабрабыце ёсць частка твае працы; карацей сказаць: шчасце — гэта гармонія ў тым калектыве, да якога ты належыш.
— А калі я не хачу належаць ні да якога калектыву, дык маю я права шукаць сабе шчасця і быць шчаслівым? — забубніў авадзень. — Ведаю я гэтыя калектывы! Мы, авадні, таксама маем звычку трымацца разам. І што ж? Загудзе наш рой каля якое там каровы або вала, а яны пападымаюць хвасты трубою, ды як памчацца — і бывай здароў! А калектыў толькі аблізваецца.
— І не дзіва, што памчацца, — прамовіў чырвоны з крапінкамі матыль. — Ты адзін як загудзеш, дык страшна робіцца. А што казаць, калі вас збярэцца цэлы рой?
— Вы памыляецеся, авадзень, — сказаў шэршань, — як бы вы ні ўсведамлялі сабе калектыў і яго мэты, як бы асабіста ні глядзелі вы на калектыўны лад жыцця, усё ж такі вы жывяце, вы мусіце жыць у калектыве, і за межамі яго, скажу проста, немагчыма бытаванне асобы!
— Брава, брава, шэршань! — запляскаў лапкамі камар. — Мне незвычайна падабаюцца вашы думкі і спосаб іх выказвання.
У самы разгар камаровага красамоўства пачулася гудзенне, і ўслед за гэтым, як бомба, з’явіўся жук. Не паспелі тут і слова вымавіць, як жук раптоўна ўляцеў у самую сярэдзіну сходу і тут жа, не схаваўшы нават ніжніх мяккіх крылляў, упаў на спіну і пачаў ад здавалення перабіраць крывымі ножкамі.
Зялёнакрылая і сінякрылая бабкі войкнулі і адначасна ледзь не памлелі — такім раструханым здаўся ім жук.
— Схавай, брат, сваю кашульку, бо нашы паненкі паўміраюць ад сораму, сказаў авадзень.
— Фі, фі! — запішчалі бабкі. — Ах, які мужык! Як дрэнна ад яго пахне.
— Слухайце, жук, вы трымаецеся непрыстойна ў кампаніі дам, — закруціўся каля жука камар.
А жук, не зварочваючы ні на кога ўвагі, ляжаў на спіне і перабіраў нагамі.
— Эх, браткі, слаўна! Эх, слаўна! — выгукваў жук. — Ну ж і папрацаваў я, ну ж і пашанцавала мне! Шэсць ям выкапаў я! А колькі дабра нанасіў туды! Колькі скарбу!..
Крута змяніўшы тон размовы, жук раптам перавярнуўся, акінуў поглядам сход і спытаў:
— Ці шчаслівыя вы, прыяцелі мае?
— Шчаслівыя! — адгукнуліся ўсе разам.
— А што зрабіла вас шчаслівымі?
— Хараство гэтае раніцы.
— Прыгоства нашага краю.
— Жыццё.
— Згода.
— Дабрабыт.
— Гармонія калектыву.
І яшчэ многа розных адказаў пачуў жук.
— Ну, калі так, дык давайце ж весяліцца!
І вось жукі, мухі, мошкі, пчолы, матылькі, бабкі, конікі, шэршні, восы і ўсе, хто на гэты час апынуўся тут, закружыліся, зазванілі, заігралі, забубнілі і справілі такі слаўны карагод і музыку, што і возера, і лес, і поле, і рэчка з далінаю слухалі і ад здавалення ціха ўсміхаліся. Нават хмаркі на небе заслухаліся гэтымі спевамі, гэтай музыкай, заслухаліся і чамусьці спахмурнелі.
А за гэты час у прыродзе зрабілася нейкая змена. Цень ад лесу паволі насоўваўся і лажыўся на возера, а разам з гэтым і нейкі змрок адганяў вясёлы настрой у тых, хто кружыўся ў вясёлым карагодзе.
— Не ведаю чаму, але мне штосьці маркотна стала, — скардзілася зялёнакрылая бабка, сеўшы на лісток аеру.
— Ах, і не кажы, мілая: і я чуюся так, як бы штосьці страціла, — адказала ёй сінякрылая таварышка.
— Мутарна мне ў вашым зборышчы, — прабубніў авадзень і паляцеў у лес пад кару старога дуба.
Пасядзела на купіне зялёная жаба і ні з таго ні з сяго плюхнула ўніз галавою, перабралася на другую купіну і пачала разважаць аб сваіх асабістых справах.
Чарнавокі конік зашыўся ў лазовы куст, сеў на лісток і пачаў стракатаць, каб заглушыць смутак. Камар уткнуўся носам у траву і сядзеў над вадою нахмурыўшыся.
Распаўзліся, разляцеліся ўсе, і кожны пачаў думаць толькі аб сабе, жыць толькі сваімі інтарэсамі, але разам з гэтым кожны адчуваў нейкае нездаваленне і брак чагосьці, а чаго іменна — ніхто добра не ведаў.
Пад вечар уся кампанія зноў сабралася. Колькі тут ні гаварылі, але такога тлумачэння, якое задаволіла б усіх, ніхто не мог даць.
Толькі шэршань унёс прапазіцыю звярнуцца з запытаннем да старога дуба. Прапазіцыя была прынята аднагалосна.
Паляцела, папаўзла, паскакала ўся кампанія да старога дуба. Шэршань, як найбольш знаёмы з дубам і болей адукаваны і спрытны на язык, выступіў ад імя сходу.
— Памажы ты нам, дубе, развязаць адно вельмі важнае пытанне. Некалькі гадзін таму назад мы былі шчаслівыя і вясёлыя, сыпаліся жарты, былі танцы, выказваліся незвычайна мудрыя думкі, я нават шкадую, што мы іх не запісалі. Але непрыметна для нас саміх зрабілася з намі нешта такое, што мы страцілі добры настрой і гумар, прасцей сказаўшы, згубілі сваё шчасце. Але гэтага мала, страціўшы шчасце, мы сталі сярдзітымі, неўспагаднымі, ачарсцвела наша сэрца, адзервянела наша душа, мы гатовы накідацца адзін на другога, і такія выпадкі, на жаль, мелі месца ў нашай сям’і. Скажы ж ты нам, дубе, якія прычыны парадзілі гэта? Чаго нам бракуе?
— Дзеці мае! — важна сказаў дуб. — Калі вы меркавалі, у чым знаходзіцца шчасце, вы забыліся прыняць пад увагу адну вельмі важную акалічнасць, а без яе поўнага шчасця і не можа быць.
— Чаго не прынялі, чаго не прынялі пад увагу, дзядзька? — пачулася пытанне.
А дуб, хоць ён у школу вучыцца не хадзіў і педагогікі не праходзіў, але быў добры педагог. Ён сказаў:
— Толькі тая веда робіцца нашым сталым здабыткам, калі мы даходзім да яе, здабываем яе самі. Калі вы не дадумаецеся заўтра самі, тады збярыцеся зноў тут, і я скажу, што вы страцілі і чаго бракуе, каб вярнуць ваша шчасце.
І як вы думаеце, што сказаў назаўтра дуб?
— Вы, сябры мае, — растлумачыў ён, — перасталі жыць у згодзе і дружбе паміж сабою, а таму і страцілі сваю радасць.