Што трэба памятаць пры тварэньні беларускіх арганізацыяў
Што трэба памятаць пры тварэньні беларускіх арганізацыяў Публіцыстыка Аўтар: Фабіян Акінчыц 1934 год Крыніца: Часопіс «Новы шлях», № 6 (8) ад 20.IX.1934 г., б. 4–5 |
У даным выпадку нас цікавяць не палітычныя партыі, куды ўваходзяць людзі адборныя, з пэўнымі перакананьнямі і пэўным грамадзкім стажам, а культурна-асьветныя, гаспадарчыя і г. п. арганізацыі.
Звычайна сябры ў гэтыя апошнія прымаюцца без разбору, абы толькі набраць вялікшую іх колькасьць, мала лічучыся з тым, якая маральная і грамадзкая вартасьць тае або іншае асобы.
Як паказвае дасьведчаньне, арганізацыі з гэтакім, выпадкова падабраным сяброўскім складам ня толькі не выконваюць сваіх заданьняў, а ў шмат якіх выпадках прыносяць шкоду беларускай справе.
Трэба лічыцца з тым што статуты ўсіх нашых арганізацыяў пабудованы на ультрадэмакратычных падставах, у выніку чаго сябра арганізацыі, які нічога ў ёй ня робіць, або які пралез туды выключна ў шкодніцкіх мэтах, карыстаецца з такіх самых правоў, як і сябра адданы беларускай справе і сумленна працуючы на яе карысьць.
Практыка паказала, што правакатарскія элемэнты, сабраўшыся ў адпаведнай колькасьці, арганізуюцца ў нутры самой арганізацыі і карыстаючыся са статутовага дэмакратызму, праводзяць у ёй шкодніцкую працу, ўплянаваную недзе ў воражым да нас серадовішчы.
Арганізацыі ў такіх выпадках або разбураюцца зусім, або дзеяльнасьць іх прымае непажаданы кірунак.
Беларускаму нацыянальнаму дзеячу трэба памятаць, што на яго з усіх бакоў — „востраць зубы“ і што пры першай да таго магчымасьці арганізацыя, у якой ён працуе, можа быць узарвана, а сам ён апыніцца ў такім становішчы, калі ня ў сілах будзе направіць яе нармальную дзеяльнасьць.
Узяўшы ўсё гэта пад увагу і цэлы рад іншых меркаваньняў, на каторых ня будзем тут затрымлівацца, трэба памятаць і праводзіць у жыцьцё наступнае.
Перадусім, калі закладаецца некая новая арганізацыя, то закладчыкі яе павінны мець аднолькавыя соцыяльна-палітычныя і грамадзкія пераконаньні, бо толькі тады праца іх пойдзе гладка і бяз нутраных непаразумленьняў. Яны павінны быць прыблізна на аднолькавай ступені ўмысловага разьвіцьця. Новых людзей трэба прымаць у арганізацыю вельмі асьцярожна і пры гэтым толькі такіх, каторыя падзяляюць ідэолёгію закладчыкаў.
Неабходна паставіць справу так, каб запраўдных сяброў у арганізацыі была мінімальная колькасьць; рэшту-ж грамадзянства гуртаваць каля арганізацыі на становішчы кандыдатаў, або спачуваючых, якія мелі-б права карыстаньня з дзеяльнасьці арганізацыі, але ня мелі-б у ёй праваў што да наданьня кірунку і характару яе дзеяльнасьці.
Гэтыя правілы трэба стасаваць абавязкава, бо прадукцыйнасьць працы арганізацыі залежыць не ад колькасьці, а ад грамадзкай і этычнай якасьці яе сяброў.
Часы неагранічанага дэмакратызму мінулі ня толькі ў дзяржаўным жыцьці, але яны павінны мінуць і ў будаўніцтве арганізацыяй, асабліва ў нас на Беларусі, дзе ты „завадавога“ конфідэнта, або камуніста-правакатара спатыкаецца на кожным кроку.
З другога боку, прысутнасьць у арганізацыі сяброў з умысловым роўнем, прыбліжаючымся да ідыётычнага, ня толькі нічога карыснага для арганізацыі не дае, а наадварот, устрымлівае яе працу.
У тых выпадках, калі прыходзіцца ўступаць у сябры ўжо існуючай беларускай арганізацыі, то нам, нацыянал-соцыялістам, трэба застасаваць тактыку камуністаў: старацца падпарадкаваць арганізацыю сваім ідэолёгічным уплывам, а потым захапіць у ёй кіраўніцтва ў свае рукі. Мова тут можа быць толькі пра арганізацыі апанаваныя камуністамі і іншымі варожымі да нас сіламі, адносна каторых умела праведзеная тактыка можа выціснуць іх з арганізацыі.
Вось гэта ўсё не пашкодзіць памятаць кожнаму беларускаму нацыянал-оцыялісту і праводзіць у жыцьцё сьмела і рашуча, не аглядаючыся назад і не зьвяртаючы ўвагі на дэмакратычныя забабоны.
Гісторыю твораць ня цёмныя і ў многіх выпадках здэмаралізаваныя масы, а добра сарганізаваныя ідэёвыя адзінкі, каторыя вытварыўшы з зябе сілу, цягнуць за сабою гэтыя масы і кіруюць імі,
Так было раней і так будзе калі не заўсёды, то яшчэ вельмі доўга ў жыцьці кожнай людзкой грамады…
Ф. А.