Перайсці да зместу

Што такое свабода?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Што такое свабода?
Артыкул
Аўтар: Тамаш Грыб
1919

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





К свабодзе, роўнасці і знанню
Мы працярэбім сабе след!
І будзе ўнукам панаванне
Там, дзе сягоння плача дзед!

Янка Купала

Раней, чым гаварыць аб свабодзе, мы павінны ўстанавіць цвёрды фундамент у азначэнні гэтага паняцця і разгледзець усе тыя формы чалавечага жыцця, калі гэтае паняцце выступае як нейкі агульна абавязковы фактар.

Калі мы гаворым аб свабодзе, дык разумеем не які-небудзь іншы звярыны арганізм, але мы ясна сабе прадстаўляем высокаразвітую чалавечую асобу ці калектыў гэтых асоб у відзе сучаснай чалавечай грамады. Мы заўсёды, калі чуем, чытаем ці самі кажам слова «свабода», мы пад гэтым словам разумеем цэлую суму паступкаў разумнай чалавечай асобы, мы разумеем цэлы комплекс учуццяў і пераважыванняў гэтай чалавечай асобы.

Ведама, што даўнейшы чалавек, каторы жыў у пячурах, ці чалавек каменнага перыяду і г.п., дык ён зусім нават не меў ніякага паняцця аб свабодзе, бо ён жыў чыста звярыным жыццём, і толькі ўжо на вышэйшай ступені культуры ў чалавека з высокаразвітай псіхікай з’яўляецца паняцце аб свабодзе. І чым больш развіта ў ім разумная творчая воля, тым болей складаныя ў ім духоўныя перажыванні, тым болей развіта паняцце аб свабодзе. Бо на вышэйшай ступені культуры жывая чалавечая асоба дамагаецца праявы свае індывідуальнасці, пачынае даваць адказ на ўсе тыя вельмі складаныя і паміж сабой запутаныя праявы жыцця, якія кожны мамент каля яе дзеяцца. На гэтай ступені жывая чалавечая асоба вымагае для сябе свабоды, каб мець магчымасць зусім свабодна і поўна праявіць сваю індывідуальнасць, г. зн. зусім свабодна выказваць свае думкі, перажыванні, жаданні і г. д.

Для разумнай чалавечай асобы свабода патрэбна так сама, як патрэбна паветра, яда, рух і г. д. Без свабоды, як і без паветра і яды яна зусім не можа быць.

Дык вось свабода ёсць такое паняцце, без каторага ніводная разумная чалавечая асоба не можа жыць. Гэтае паняцце па свайму ўнутранаму складу з’яўляецца чыста псіхафізіялагічным і мае вельмі цесную звязь з агульным ростам культурнага развіцця чалавечай асобы, а таксама той ці іншай чалавечай грамады.

Мы знаем, што чалавечая грамада складаецца з асобных вельмі падобных адна да адной і ў той самы мамент вельмі розных чалавечых асоб. Мы знаем таксама, што зусім няма на свеце такой разумнай чалавечай асобы, каторая б жыла не ў чалавечым грамадзянстве, а асобна. Мы знаем, что ўсе людзі стараюцца жыць у грамадзянстве, бо ўсе яны з’яўляюцца такімі сацыяльнымі арганізмамі, каторыя здольны і могуць жыць толькі ў грамадзе. Жывучы і паддзержываючы грамаду, яны ў той жа самы мамент жывуць і самі. Але, жывучы ў чалавечым грамадзянстве, кожная асоба не траціць сваей індывідуальнасці, а наадварот, стараецца так прытарнавацца да жыцця грамадзянства, каб як найбольш развіць усе свае здольнасці і як найбольш карыстацца шчасцем свайго жыцця.

Аб тым, якія павінны быць правы кожнай чалавечай асобы і якія яе абавязкі перад грамадзянствам, а з другога боку якія павінны быць правы і абавязкі грамадзянства ў адносінах да кожнай чалавечай асобы, напісана вельмі многа розных тоўстых і тонкіх кніг. Многа розных вучоных стараліся ўстанавіць якую-небудзь норму правоў і абавязкаў кожнай асобы перад грамадзянствам і грамадзянства перад асобай, і многа ўкладзена мнагатомных статутаў аб гарантыях асобы і грамадзянства. Вельмі многа напісана розных цікавых твораў аб гэтым пытанні.

Але што ж, спрабуем і мы азначыць гэтыя нормы ў адносінах чалавечай асобы да грамадзянства і грамадзянства да кожнай чалавечай асобы. Праўда, мо’ і не вельмі многа чаго мы чыталі, і нашыя знанні не вельмі ўжо будуць шчыльнымі, але спрабуем ўсё ж такі мы нашым сялянскім розумам азначыць справядлівыя нормы ў гэтых вельмі складаных узаемных адносінах паміж асобай і грамадзянствам.

Дык вось таварышы, мы і пачнём нашую гутарку з таго, што мы прызнаем за аснову жыцця кожнай чалавечай асобы гарантыю для яе грамадзянствам гэтакіх свабод:

1. Свабода слова ёсць самая найважнейшая з усіх свабод, якія толькі патрэбны чалавеку.

Даўнейшыя людзі не ведалі, што такое значыць свабода слова, бо яны, як нам ужо ведама, зусім тагды не толькі не гаварылі, але і не думалі, жылі тагды яны, як дзікія звяры і толькі з таго часу, як чалавек пачаў думаць, ён у той самы мамент пачаў і гаварыць. З гэтага часу ў чалавека паявілася патрэбнасць словам выказваць свае думкі, перажыванні і г. д. Вучоныя людзі ўжо даўно заўважылі гэткую характэрную асаблівасць і прыйшлі да такога развязання гэтага пытання, што словы чалавека маюць вельмі цесную звязь з яго думкамі, і чым больш чалавек інтэлігентны, тым больш ён мае патрэбнасць у тым, каб сваобдным словам выказываць усе свае думкі, учуцці і перажыванні.

Вось дзеля чаго, калі не даць чалавеку магчымасці свабодна выказываць усё тое, што ён думае і перажывае яго душа, то гэтым самым будзе зроблены вялікі гвалт над яго розумам, над яго воляй і душой, адным словам, робіцца велізарны гвалт над яго індывідуальнасцю.

Хто ж мае права рабіць такі гвалт над святой чалавечай асобай?

Ведама, ніхто не мае ніякага права забараняць кожнаму чалавеку выказваць свае думкі так, як гэта ён сам можа і хоча, бо забараняць свабоду слова — гэта ўсё роўна што ісці проці самой прыроды, гэта першае. А па-другое, якое каму дзела да таго, як хто выказвае свае думкі? Няхай гавора. Як разумнае што-небудзь ён будзе казаць, дык кожны з прыемнасцю паслухае, а калі глупства якое пачне чаўпсці, ну хто ж тады яго будзе слухаць? Ён пагавора сабе, пагавора і перастане, а потым і сам зразумее сваё глупства і не будзе больш яго ніколі паўтараць.

Дык вось дзеля ўсяго гэтага мы і кажам, што кожны чалавек павінен мець права зусім свабодна гаварыць аб усім так, як ён думае, і ніхто не мае права сілай адымаць ад яго гэтае прыроднае права.

2. Не ўсе людзі аднолькава маюць здольнасць добра выказваць вусна свае думкі, учуцці, перажыванні і г. д. Шмат ёсць такіх людзёў, каторыя вельмі блага могуць гаварыць, але затое вельмі добра пішуць. Шмат ёсць такіх людзёў, каторыя свае думкі могуць выкладаць толькі на паперы і сваім пісаным словам, як агнём, могуць запаляць сэрцы ў другіх…

З таго часу, як чалавек пачаў думаць, ён пачаў і гаварыць. Пісаць ён навучыўся далёка пазней, але не так, як мы цяпер пішам, а рознымі ўмоўнымі знакамі, іерогліфамі, каторыя захаваліся і да нашых часоў па розных памятках старажытнай культуры. Усе гэтыя іерогліфічныя запісі (кітайскія, егіпецкія, перзанскія і інш. іерогліфы), каторыя захаваліся да нашых дзён па розных каменных плітах палацаў, фарфоравых грабніцаў і г. д., усе яны цяпер лёгка і свабодна чытаюцца вучонымі археолагамі і сведчаць нам аб тых вялікіх труднасцях, з якімі чалавек дайшоў да сучаснай формы запісі сваіх думак.

Ужо ў тыя даўнейшыя часы людзі добра зразумелі значэнне пісанага слова і вельмі яго шанавалі. Колькі патрэбна было мець любові да гэтага пісанага слова, каб такія вялізныя томы кніг перапісваць (трэба заўважыць, што тагды ўсе кнігі пісаліся ад рукі на валовых скурах ці на пергаменце), і толькі ўжо ў пятнаццатым сталецці людзі выдумалі друк, з якога часу і пачалі ўжо друкаваць усе кнігі. Друкаванае слова ёсць самая магутная вага ў культурным развіцці грамадзянства, бо калі вусным словам можна прамаўляць да невялічкага ліку людзёў, дык друкаваным словам можна адразу хоць да некалькіх мільёнаў.

Ведама, што гэтым спосабам абмену думак паміж людзьмі павінен мець права карыстацца кожны грамадзянін. А калі мы прызналі, што павінна быць дадзена чалавеку поўная свабода вуснага слова, дык мы таксама павінны прызнаць і поўную свабоду слова друкаванага, г.зн. што павінна быць абяспечана поўная свабода друку.

3. Свабода слова і свабода друку маюць сваё значэнне толькі тагды, калі апавешчана свабода чалавечай асобы.

Пад словам свабода чалавечай асобы трэба разумець такое палажэнне кожнага чалавека ў грамадзянстве, калі ён зусім свабодна можа распараджацца сабой, калі ніхто не будзе мець права не толькі яго арыштаваць ці выслаць, але нават і зняважыць. У свабодным грамадзянстве кожная чалавечая асоба павінна мець пашану, бо кожны павінен бачыць у другім самога сябе, а ў самім сабе другога. Усе людзі — родныя браты, усе яны ёсць дзеці аднае маткі — прыроды.

Грамадзянства павінна абяспечыць кожнаму чалавеку максімум незалежнасці яго асобы, каб ён мог зусім вольна развіваць усе свае здольнасці і дзеля таго, што агульная роўнь культурнага развіцця грамадзянства залежыць ад культурнай роўні кожнага раўнапраўнага сябры гэтага грамадзянства, дзеля таго каб быў прагрэс у жыцці чалавечай грамады, абавязкова патрэбна, каб кожная чалавечая асоба поўнасцю карысталася сваёй незачэпнасцю. Бо мы ведаем, што чым больш будзе абяспечана свабода кожнай чалавечай асобы ў грамадзянстве, чым больш асоба будзе як разумова, так і духоўна ўсё вышэй падымацца над сваімі звярынымі інстынктамі, і гэткім парадкам будзе прыбліжацца да праўдзівага імя чалавека.

Але грамадзянства павінна абяспечыць не толькі незалежнасць чалавечай асобы, яно павінна таксама абяспечыць свабоду руху і гасподы.

4. Мы ведаем, таварышы, што не ўсе людзі аднолькавы, — кожная чалавечая асоба мае нейкую сваю прыродную цэннасць, мае сваю індывідуальнасць. Але разам з гэтым мы таксама ведаем, што ўсе людзі стараюцца жыць у грамадзе, а не паасобку.

Аб тым, як і калі арганізавалася першая чалавечая грамада, многа напісана вельмі цікавых тэорыяў, але ўсе яны носяць характар скарэй дагадак, чымся праўдзівых знанняў. Але з гэтага зусім не трэба рабіць такога вываду, што мы не можам ведаць, як даўнейшы чалавек прыйшоў да тае думкі, што ў грамадзянстве карысней яму жыць, чымся паасобку, дый па сваёй натуры чалавек так пабудаваны, што ён можа жыць толькі ў грамадзянстве.

З гісторыі культуры мы ведаем, што даўнейшыя людзі жылі невялічкімі групамі, і кожная такая група старалася бараніць свае інтарэсы. Потым, калі род людскі пачаў усё больш і больш размнажацца, калі жыццё пачало рабіцца ўсё больш складаным, адныя групы пачалі выміраць, распадацца, другія арганізавацца ў розныя саюзы, таварыствы і г. д., і чым на вышэйшай ступені культуры стаіць грамадзянства, тым з большага ліку розных саюзаў, таварыстваў і г.п. яно складаецца.

Адзін розум добра, а два яшчэ лепей. Ёсць шмат такіх людзёў, каторыя могуць займацца творчай працай і шчасліва жыць толькі тагды, калі яны будуць знаходзіцца ў саюзе і г. д. з іншымі людзьмі, каторыя аднолькава з імі думаюць. Але не толькі на чыста ідэйным грунце складаюцца тыя ці іншыя саюзы і таварыствы. Вельмі часта ў практычным жыцці людзём тае ці іншае прафесіі прыходзіцца бараніць свае чыста прафесіянальныя інтарэсы, і чым лепей арганізаваны гэны прафесіянальны саюз, тым лягчэй ім вясці змаганне за палажэнне эканамічнага быту.

Дык вось, таварышы, мы і кажам, што ў свабодным грамадзянстве павінна быць абяспечана поўная свабода саюзаў, таварыстваў і г. д. Няхай кожная чалавечая асоба праяўляе свае індывідуальныя здольнасці там, дзе яна можа, і вядзе змаганне за лепшае шчаслівае жыццё тымі спосабамі і срэдствамі, якія яна сама лічыць найлепшымі, няхай кожны чалавек стараецца быць сябрам таго ці іншага саюзу ці таварыства, абы толькі гэта нікому не шкодзіла і не крыўдзіла большасці працоўных сябраў грамадзянства.

5. У свабодным грамадзянстве ўсе адпаведныя мейсцы павінны займацца толькі тымі асобамі, каторыя выбраны большасцю працоўных сябраў гэтага грамадзянства. У свядомым грамадзянстве не павінна быць ні горшых, ні лепшых, кожнаму павінна быць аддадзена тое, што яму належыць, кожны павінен быць роўнапраўным сябрам. Дзеля чаго ў такім грамадзянстве ўсе справы павінны развязывацца большасцю галасоў усіх яго сябраў. У свабодным грамадзянстве ўсе павінны мець роўныя правы голасу, каб мець магчымасць прыймаць учасце ў выбарах усіх тых устаноў, якія кіруюць грамадскім жыццём, у свабодным грамадзянстве ўсе павінны мець аднолькавае права перад законам. Няхай кожны атрымлівае тое, што ён сам варты.

А каб свабодна можна было рабіць усе гэтыя выбары, патрэбна, каб была абяспечана поўная свабода сходаў, агітацыі і г. д. Вось дзеля чаго, таварышы, мы і кажам, што не толькі павінна быць абяспечана свабода саюзаў, таварыстваў, свабода выбараў, але і свабода сходаў, каб усе грамадзяне маглі зусім свабодна зыходзіцца, свабодна абгаварываць усе тыя варункі жыцця, у якіх яны знаходзяцца, каб потым зусім свабодна аддаваць свае галасы за тыя ці іншыя кандыдатуры, якія выстаўляюцца пры выбарах.

6. Рэлігія ёсць прыватная справа кожнага чалавека і ніхто не мае права сілком застаўляць яго верыць ці не верыць. Ужо даўно, у глыбокай раніцы людской культуры, калі чалавек не так падробна мог разбірацца ува ўсіх праявах жывой прыроды, калі няспелы яго розум напаўняў увесь свет рознымі дзіўнымі фантастычнымі казкамі, калі чалавек верыў, а ў многіх мясцох і цяпер нават яшчэ верыць, у розных русалак, чарцей балотных і г. д., — ужо тагды лепшыя разумнейшыя людзі, ці як іх тады называлі прарокамі, пачалі вучыць свой народ, каб кожны чалавек шанаваў не толькі таго, хто з ім аднолькавае веры, але і тых, якія трымаюцца веры іншай. Ужо тагды пачалі падымацца галасы аб пашане свабоды веры кожнага чалавека, і гэта зусім зразумела, бо вера гэта ёсць часць таго люстра душы чалавечай асобы, у каторым адбіваюцца самыя маленькія рысы яго індывідуальнага «я».

Ёсць розныя веры, і, калі мы звернемся да гісторыі, дык мы не знойдзем ніводнага чалавека, каторы б хоць у што-небудзь ды не верыў. Даўнейшыя людзі, напрыклад, верылі ў тое, што ёсць бог грому, бог маланкі і бліскавіцы, бог ветру, сонца, вайны і г. д. Яны рабілі сабе з дрэва ці камення нейкіх балванаў (фетышаў), ім маліліся і прынасілі ім на ахвяру нават жывых людзёў. Але потым, як мы даведываемся з гісторыі, з агульным паступовым развіццём культуры, пачала таксама развівацца і рэлігія як вера ў існаванне ўсемагутнага тварца — Бога. Людзі пачалі зусім ужо інакш думаць аб сваім Богу, бо кожны чалавек пачаў крытына адносіцца да ўсіх праяваў жыцця, ён пачаў рэальна думаць, вучыцца пазнаваць законы прыроды. У гэты перыяд людзі нават зусім інакш пачынаюць тлумачыць сэнс свайго жыцця, кожная чалавечая асоба пачынае ўжо думаць аб сваім богу адно як аб нейкай такой сіле, каторая ўсюды існуе, усё бачыць і чуе, а другое — як аб нейкай вышэйшай ідэі дабра і справядлівасці, каторай пачынае жадаць. У канкрэтным разуменні гэтай ідэі аб богу людзі пачалі дзяліцца на некалькі свабодных таварыстваў ці, інакш кажучы, рэлігіяў, куды зусім свабодна мог уступаць раўнапраўным сябрам кожны грамадзянін, каторы раздзяляў іх погляды.

Адным словам, таварышы, з гісторыі культуры мы даведываемся, што рэлігія — гэта не ёсць нешта такое прыпадковае, выдуманае панамі з папамі і ксяндзамі, а гэта ёсць вельмі глыбокае, чыста псіхалагічнага і філасофскага характару, каторае мае вялізнае значэнне і вагу ў жыцці кожнай чалавечай асобы і з’яўляецца важным фактарам у культурным развіцці грамадзянства. Мы павінны сабе цвёрда і ясна заўважыць, што рэлігія, як і кожны саюз ці таварыства, павінна быць зусім свабоднай ад усялякіх уціскаў, бо кожны чалавек мае права зусім свабодна распараджацца сваёй асобай і паступаць так, як яму гэта дыктуе яго розум і сумленне. Няхай кожны верыць і моліцца так, як ён гэта сам разумее. Дзеля чаго грамадзянства павінна абяспечыць поўную свабоду рэлігійных вераванняў кожнай чалавечай асобы і нароўні з гэтым прызнаць поўнае раўнапраўства ўсіх тых, каторыя па свайму глыбокаму пракананню не могуць належаць ні да адной рэлігіі.

7. Цяпер нам астаецца разгледзець яшчэ адзін від чалавечай свабоды, гэта нацыянальнай свабоды.

Аб тым, што трэба разумець пад словам нацыя, таксама напісана вельмі многа цікавых таўстых і тонкіх кніг, але ў азначэнні гэтага слова нацыя таксама, як і ў азначэнні рэлігіі, у сацыялістычнай літаратуры няма яшчэ апрацаваных пэўных палажэнняў. Сацыялогія ці, інакш кажучы, навука аб гісторыі культуры ёсць яшчэ маладая навука і робіць яшчэ толькі спробы, каб разрашыць гэтыя вельмі складныя праблемы грамадскага жыцця. Але нягледзячы на гэта мы ўсё ж такі пастараемся і на гэтае пытанне даць свой кароткі адказ. Перш за ўсё мы павінны заўважыць, што ёсць людзі, каторыя гавораць на той самай мове, як і мы, на зразумелай для нас мове, і ёсць такія, каторыя гавораць на зусім незразумелай для нас мове, — гэта першае. Потым, калі мы пачнём прыглядацца да людзей, якія жывуць па розных мясцох зямной кулі, дык ува ўсіх у іх мы зразу заўважым характэрную асобнасць іх звычаяў, абрадаў, вераў, песняў, казак і, наагул кажучы, мы заўважым вялікую розніцу ў самым укладзе іх унутраннага духоўнага і грамадзянскага жыцця з нашым. Людзі, каторыя жывуць аднымі і тымі вераннямі, звычаямі і г. д., каторыя гавораць на адной і той жа самай мове, — усе гэтыя людзі складаюць адну нацыю. Значыцца — нацыя ёсць вольны саюз такіх чалавечых асоб, каторыя на адной мове гавораць, маюць аднолькавыя звычаі, веранні і г. д. І калі мы вышэй прызналі, што кожная чалавечая асоба, каб яна магла свабодна жыць і развівацца, дык ёй павінна быць абяспечана поўная над сабой свабода, г.зн. што кожная чалавечая асоба павінна мець права на сваё індывідуальнае самаазначэнне, быць абяспечана свабода калектыву гэтых чалавечых асоб — нацыі, у яе нацыянальным самаазначэнні. Вось дзеля чаго мы і кажам, што калі грамадзянства складаецца з некалькіх нацыяў, дык кожная нацыя павінна мець права на сваё свабоднае нацыянальнае жыццё, на сваё нацыянальнае самаазначэнне.

Мы разгледзелі таварыствы, правы і абавязкі кожнай чалавечай асобы перад грамадзянствам і грамадзянства перад кожнай чалавечай асобай. Праўда, наш агляд усіх відаў гэтых правоў і абавязкаў чалавека і грамадзянсва вельмі кароткі, але мы ўсё ж такі ясна цяпер сабе прадстаўляем, што такое ёсць свабода і якія правы павінны быць даны кожнай чалавечай асобе, каб яна магла жыць і развівацца, і якія абавязкі грамадзянства.

Устанавіўшы, што, калі чалавеку будуць абяспечаны вось гэткія свабоды, як свабода слова, друку, сумлення і г. д., усе гэтыя палітычныя свабоды, мы сказалі, што толькі тагды і магчыма праўдзівае жыццё, жыццё чалавечаскае, а не звярынае. Мы сказалі, што толькі пры такіх вольных варунках магчыма гарманічнае развіццё чалавечай асобы, што толькі тагды і магчыма на зямлі праўда і шчаслівае жыццё.

Цяпер мы паглядзім, ці былі абяспечаны хоць адна з гэтых свабод у тых формах арганізацыі грамадзянства, якія існавалі па ўсім свеце да апошняга часу.

Няма што і казаць, калі мы толькі заглянем у гісторыю ўсіх плямён і народаў, калі мы адвернем страніцу гісторыі ўсіх манархічных дзяржаваў і буржуазных рэспублік, дык адно мы там знойдзем — мы ўбачым, як усюды панаваў гвалт і дзек, як усюды адна частка народу ўціскала другую. Мы ўбачым, як дужы пануе над слабым, як розныя князі, цары і каралі, ці буржуазныя парламенты, акружыўшы сябе збройнай сілай, застаўляюць пакарацца сабе цэлыя народы.

Мы бачым, як праз увесь час гісторыі ўсе гэтыя князі, цары і каралі раней самі адны, апіраўшыся на грубую збройную сілу, усім кіравалі, а потым пачалі сваю ўладу раздзяляць з парламентамі, дзе былі прадстаўнікі толькі капіталістаў, купцоў, фабрыкантаў і памешчыкаў. Усе гэтыя цары, каралі, буржуазныя парламенты, дзе не было прадстаўнікоў працоўнага народу, а дзе і былі, дык у вялікай меншасці, каб удзяржаць уладу ў сваіх руках, усе апіраліся на грубую сілу шчытоў, уціскалі большую часць грамадзянства і самі нічога не робячы вызысківалі працоўны народ. Усе гэтыя чужаеды, баючыся, каб большасць грамадзянства, гэтая працоўная маса не адабрала ад іх улады, яны ўціскалі волю, трымалі працоўную беднату ў цемнаце і няведанні.

Гэтак было праз многія сталецці. Усюды грамадзянства дзялілася на дзве рэзка праціўныя часткі, усюды меншасць панавала над большасцю — задушана была свабода, працоўная бедната трымалася ў няволі, стогнучы пад цяжкім ярмом эксплуататарскага кулака буржуазна-капіталістычнага ладу жыцця. Тое, што было пазволена аднаму, забаранялася другому. Гарапашніка за якое-небудзь глупства садзілі ў турму ці пасылалі на паднявольную катаржную працу. А як багатаму, дык таму і за вялікія праступкі ніякай не было кары. Усе турмы будаваліся для беднаты і былі перапоўнены толькі працоўным народам. Але для працоўнай беднаты не толькі будаваліся турмы і прыдумываліся розныя іншыя нялюдскія кары, але нават гібеў народ і на эшафотах, а багатыя сядзелі ў хораша прыбраных рознымі дарагімі рэчамі палацах і запівалі сваё сумленне віном.

Гэтак было ўва ўсіх краёх Еўропы, Амерыкі і Азіі. Усюды, як нейкае пракляцце, панаваў над людскасцю нягодны ўклад жыцця, што багатыя здзекваліся над беднымі, і большасці грамадзянства, гэтай працоўнай беднаце не давалася ніякай свабоды.

Працоўныя народы ўсіх гэтых краёў, працоўныя народы Францыі, Нямеччыны, Англіі, Амерыкі, Расеі і інш. ужо даўно пачалі вясці змаганне з сваімі крыўдзіцелямі і, гуртуючыся каля сваіх прафесіянальных саюзаў, шмат ужо змаглі адваяваць сабе палітычных свабод і палепшыць свой быт. Але і цяпер яшчэ народы гэтых краёў знаходзяцца ў вельмі цяжкіх варунках палітычнага жыцця, бо нігдзе яшчэ няма такога парадку, каб была ўстаноўлена праўдзівая ўлада большасці працоўнага народу. Нідзе яшчэ поўнасцю не абяспечана свабода слова, друку, сумлення і г. д.

Культурная Еўропа яшчэ да цяперашняга часу тысячамі і дзясяткамі тысяч беднякоў гноіць па сырых турмах, яшчэ да сягонняшняга дня існуе там інстытут карання смерцю. Культурная Еўропа наймае дзясяткі розных вучоных, каторыя спісваюць цэлыя горы паперы, стараючыся давесці патрэбнасць такога парадку, гвалту, няпраўды і здзеку. Яна стараецца навуку і хараство заставіць служыць аднаму богу — капіталу.

Але настане дзень, і ён ужо блізка, калі працоўныя народы ўсіх краёў і народаў, скінуўшы цяжкое ярмо панавання гвалту і здзеку, працягнуць адзін аднаму свае мазольныя рукі і ўстановяць новы лад праўды і свабоды. Не будзе тагды на свеце ні горшых, ні лепшых, ні тых, каторыя праз усё сваё цяжкое жыццё ў крывавым поце здабываюць сабе кусок чорнага хлеба, і тых, каторыя самі нічога не робячы смачна п’юць і ядуць, карыстаючыся з працы другіх. Не будзе таксама тады не свеце ні турмаў, ні прымусовай працы, ні віселіц, а кожная чалавечая асоба будзе мець належную ёй пашану і поўнасцю будзе карыстацца свабодай. У гэткіх вольных варунках жыцця кожная чалавечая асоба зможа зусім вольна развіваць усе свае індывідуальныя здольнасці і поўнасцю карыстацца шчасцем.

Калі мы цяпер звернем сваю ўвагу ў бок нашае бацькаўшчыны Беларусі, каторая складаецца з губерняў Менскай, Магілёўскай, Смаленскай, Горадзенскай, Віцебскай (апрача Рэчыцкага і Люцынскага паветаў), Віленскай (апрача часцей Троцкага, Віленскага і Свянцянскага паветаў), а таксама часцей суседніх губерняў Ковенскай (Нова-Аляксандраўскі павет), Чарнігаўскай (Суражскі, Мглінскі, Старадубскі і Навазыбкаўскі паветы), Сувалкскай часць (Аўгустоўскага і Сейненскага пав.), Пскоўскай — часці Вялікалукскага і Таропецкага паветаў, Цверскай — часці Асташкаўскагаі Ржэўскага паветаў, Калужскай (Жыздрынскі і Масальскі пав.) і Курляндскай — Іллукскі павет.

Увесь абшар зямлі, дзе пераважна жывуць беларусы, захоплівае каля 7.210 квадратных міль ці 352.878 квадратных вёрст, гэты значыцца што Беларусь чуць не роўна Каўказу (412.310 кв. вёрст), большая за Фінляндыю (286.041 кв. в.), і нават большая за Францыю (251.718 кв. в.).

А калі мы прыгледземся да жыцця нашага народу, калі мы хоць на адзін мамент заглянем у яго мінуўшчыну, дык вось якой мы яе ўбачым: Калісь даўно, як аб гэтым апавяшчае нам летапіс, на абшары цяперашняй Беларусі жылі тры родныя пляменні: Крывічы, Дрыгвічы і Радзімічы. Крывічы жылі па Дзвіне і ў вярхоўі Дняпра, Дрыгвічы каля ракі Прыпяці, а Радзімічы каля ракі Сож. Усе гэтыя пляменні з пачатку жылі паасобку, кожнае маючы свой асобны ўклад жыцця. Але, як кажа прафесар Доўнар-Запольскі — навукай этнаграфіі, філалогіі і гісторыі цяперака ўжо цвёрда даведзена, што гэтыя тры пляменні ўжо ў тыя часы не розніліся між сабой ані мовай, ані правам сваім, ані рэлігійнымі абрадамі, ды ўсімі гэтымі супольнымі адзнакамі вельмі розніліся ад пляменняў, якія становяць пачатак Вялікарускага і Украінскага народаў. Першыя запісаныя асаблівасці беларускае мовы сягаюць VII сталецця.

У канцы трынаццатага і пачатку чатырнаццатага сталеццяў па суседству з заходняй часцяй Беларусі ўтварылася незалежная Літоўская дзяржава. Сталіцай гэтай дзяржавы было пабудована места Вільня на зямлі беларускага народу, гэта дзеля таго, што многія беларускія княствы пачалі прылучацца да Літвы, і ў канцы канцоў па агульнай згодзе ўтварылі адну Літоўска-Беларускую дзяржаву, каторая ўрадова называлася Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім і Жмудскім.

Вучоны гісторык прафесар Доўнар-Запольскі кажа, што гістарычная навука зусім адкідае ўсе гутаркі аб тым, быццам Беларускія землі былі заваяваны літоўскімі князьмі.

У грамадскім жыцці даўнейшай Беларусі панаваў вельмі шырокі дэмакратызм. Уся найвышэйшая ўлада належала да веча ці, інакш кажучы, сходу, каторы, як, напрыклад, у Полацку і Віцебску, выбіраў князёў, а ў Смаленску і Тураве без яго згоды не магла перахадзіць улада ад аднаго князя да другога. Сяляне тагды былі зусім вольныя, яны мелі свае валасныя вечы і праз іх кіравалі ўсім сваім жыццём. Гэтыя дэмакратыныя рэспубліканскія ідэі правадзіліся ў жыццё таксама і ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве, дзе дажывотна выбіраўся прэзідэнт, каторы тагды называўся вялікім князем.

Праз увесь час існавання Літоўска-Беларускай дзяржавы ўсюды ўжывалася як урадовая беларуская мова, усе законы і граматы вялікіх князёў пісаліся ў беларускай мове. У гэты перыяд гісторыі беларуская нацыянальная культура стаяла вельмі высока. Даволі толькі ўспомніць іменні такіх культурных дзеячоў і пісьменнікаў як Францішак Скарына, Васіля Цяпінскага, Кірыла Тураўскага, Абрагама Смаленскага, Клімента Смаляціча і шмат інш., каторыя ўславілі цэлую эпоху старасвецкай прасветы і пісьменства, як мы зразумеем усю вагу і значэнне і той шырокі размах беларускай культуры, які быў у той час. Але не толькі ў пісьменстве і культурнай прасвеце выяўлялася тагачасная думка беларускага народу. Мы ведаем, што ў беларускай мове паявіўся найстарэйшы і з навуковага погляду найлепшы зборнік беларускіх законаў — Літоўскі статут, дзе вельмі сістэматычна ўлажаны асновы даўнейшага нацыянальнага права і законы навейшага правадаўства. І, наагул кажучы, у той час на Беларусі развіццё беларускай мовы, навукі права, пісьменства, школа будаўніцтва і друку стаялі нават вышэй, чымся цяпер.

Але ў чародны перыяд, пасля бліскучага развіцця, беларуская культура і літаратура пачынаюць заміраць. Наступае змрок беларускага нацыянальнага жыцця. У 1569 гаду Літоўска-Беларуская дзяржава, якая вяла цяжкую барацьбу за панаванне над узбярэжжам Балтыцкага мора з лівонскімі крыжакамі, не маючы сілы перамагчы націск Маскоўшчыны, змушана была пайсці на ўнію з Польшчай.

Праўда, змест акту аб Польска-Літоўска-Беларускай уніі быў такі, што не вельмі цяжкае ярмо адразу клалася на шыю беларускага народу. У гэтым акце нават сказана, што ўсе законы для Літоўска-Беларускай дзяржавы разглядаюцца толькі літоўска-беларускімі дэпутатамі ў агульным сейме і што ўлада вялікага князя выяўляецца незалежна, але пачынаючы з другой палавіны сямнаццатага сталецця гэты раздзел пачаў сцірацца і пачалі з’яўляцца супольныя для абедзьвух дзяржаў установы.

Польская заможная шляхта, не здаволіўшыся актам гэтага саюзу, пачуўшы сваю моц, села на карак беларускага народу і пачала акаталічваць праваслаўнае насяленне, пачала паланізаваць Белую Русь. Апіраючыся на каралеўскую ўладу, якая паддавалася намовам езуіцкіх ксяндзоў у рэлігійна-нацыянальных справах, польская заможная шляхта проці волі вялізнай большасці праваслаўных жыхароў, а карыстаючыся толькі здрадай некалькіх праваслаўных біскупаў, дабілася царкоўнай уніі — гэта значыць злучэння праваслаўнай царквы з каталіцкім касцёлам. Пачынаецца з гэтага часу вельмі вострая рэлігійна-нацыянальная барацьба. Усе творскія сілы беларускага народу былі напраўлены толькі на гэтую рэлігійна-нацыянальную барацьбу.

Ведама, што каралеўскі польскі ўрад меў у сваіх руках усе срэдствы, каб перамагчы ў гэтай барацьбе цвёрда стаяўшую за свае суверэнныя правы беларускую нацыю, і, надзяляючы рознымі прывілеямі тых, каторыя да яго пераходзілі, перацягнуў да сябе гэткім парадкам значную частку беларускай інтэлігенцыі. Пад гэтым націскам польшчыны і каталіцтва, калі направа і налева раздаваліся розныя правы і прывілеі, а самае глаўнае, калі ўсе землі, якія раней належалі ўсяму грамадзянству, сталі перадаваць на ўласнасць тым, каторыя станавіліся вернымі польскай кароне — «вярхі» народу адшчапіліся ад яго «нізаў». Гэтак пераважная частка беларускай шляхты здрадзіла свайму народу, бо, прыймаючы ад палякаў каталіцкую рэлігію, яны разам прымалі іх мову і культуру. Астаўся верным сабе толькі адзін працоўны сялянскі народ, каторы, стогнучы пад цяжкім ярмом панскага прыгону, праз сотні год нёс сваю даўнейшую родную мову і культуру.

Уся гэта рэлігійна-нацыянальная барацьба да таго спусташала наш край, што ў канцы васямнаццатага сталецця ўсюды па мейсцах выяўляецца рэзкі ўпадак эканамічнага жыцця, прыастаноўка гандлю і прамысловасці. Але затое ўсюды чуецца «польскасць». Польская мова і культура ўсё глыбей пранікала ў вярхі грамадзянства і ў самую гушчу мяшчанства, усюды пачало шырыцца апалячыванне, асабліва ў засценках, малых і вялікіх местах.

Калі ў час польскага панавання беларускаму народу тымі ці іншымі спосабамі ўдавалася бараніцца ад знішчэння свайго нацыянальнага «я», то ў час Маскоўскага, які настаў пасля раздзелу Польшчы, беларускаму народу зусім заціснулі рот, прыдушылі жывую творчую думку. Маскоўскі царскі ўрад, распачаўшы барацьбу з паланізацыяй ў нашым краі, стаў уціскаць і ўсё нашае роднае беларускае. Так была забаронена ўжываць беларускую мову ў школе і ва ўсіх дзяржаўных і грамадскіх установах. Было забаронена друкаваць у беларускай мове кнігі і газеты. Гэтую барацьбу Маскоўска-паліцэйскі ўрад вёў без усялякае сістэмы, а груба і дзіка распраўляючыся з усім польскім прыціскаў і ўсё беларускае. Бадай што да 60 гадоў мінуўшага сталецця Маскоўскі ўрад нават вельмі кепска разумеў, што ён мае дзела з беларускім краем, а тагачасныя генерал-губернатары проста казалі, што «тут рускій дух, тут русью пахнет», ну і ведама, што яны стараліся з беларусаў зрабіць «істінно русскіх людзей».

Але ім гэта зрабіць не ўдалося. Праўда, расейская культура, таксама як і раней польская, многа прыцягівала да сябе лепшых сыноў Беларусі, але ўжо ў канцы дзевятнаццатага сталецця, нягледзячы на ўсе ўціскі і здзекі над усім беларускім Маскоўскага ўраду, пачынае прабуджацца беларуская нацыянальная думка. Паяўляецца цэлы рад песняроў і пісьменнікаў, каторыя пачынаюць патроху будзіць свой народ да нацыянальнай свядомасці.

Канец XIX і першыя гады XX сталецця праходзяць для беларускага народу пад штандарам культурна-нацыянальнага адраджэння. Рэвалюцыйны рух 1905-06 гадоў прабуджае ад сну шырокія слоі народных мас, каторыя рэвалюцыйным заваяваннем волі даюць ужо цэлую сям’ю сваіх грамадскіх і палітычных дзеячоў, а таксама песняроў, пісьменнікаў і артыстаў. У Вільні, Менску і Петраградзе закладаецца першая беларуская сацыялістычная партыя Беларуская Сацыялістычная Грамада, каля каторай пачынае гуртавацца лепшая свядомая частка беларускай народнай інтэлігенцыі.

Настаўшыя пасля рэвалюцыі 1905-06 гадоў цёмныя дні чорнай рэакцыі ўжо не ў сілах былі патушыць «праўды яснай». Беларускі народ, нягледзячы на тое, што многіх лепшых яго сыноў маскоўскія жандары пачалі гнаіць у турмах і ссылаць у далёкую Сібір, ужо цвёрда стаў на свае ўласныя ногі і вуснамі сваіх лепшых сыноў голасна сказаў усім сваім ворагам:

Не пагасіць вам праўды яснай,
Жыў беларус і будзе жыць!

Магутны парыў рэвалюцыі 1917-19 гадоў захватывае яшчэ шырэйшыя слаі працоўнага сялянства, каторае пад стрэхамі сваіх курных хат праз сотні год бараніла ад польскага пана і маскоўскага жандара сваю родную «простую» мову, свае найдаўнейшыя звычаі, веранні і г. д. — цяпер гэтая «грамада працоўных людзёў» пачынае скідаць апошняе ярмо гвалтоўнага панавання чужынцаў, пачынае на руінах уціску, гвалту і здзеку будаваць сваю лепшую шчаслівую будучыню — праўды і свабоды.

Цяпер на Беларусі ёсць некалькі беларускіх сацыялістычных і дэмакратычных партый, каторыя кожная па-свойму разумеюць здзяйсненне найдаўнейшых жаданняў беларускага народу.

Нашая партыя рэвалюцыйнага сацыялізму як партыя працоўнай сялянскай беднаты лічыць, што нашае нацыянальнае адраджэнне магчыма толькі тагды, калі мы правядзём у жыццё ўсе ідэі сацыялізму, гэта значыць калі ўся зямля, лясы, зямныя нетры, вада, усе фабрыкі і банкі будуць належаць усёй працоўнай людскай грамадзе, — адным словам, калі ўся зямля, фабрыкі і ўсе капіталы будуць сацыялізіраваны. Нашая партыя кажа: — праз здзяйсненне сацыялізму да нацыянальнага адраджэння!

Але, таварышы, мы павінны цвёрда і ясна адзначыць, што мы правядзём у жыццё ўсе ідэі сацыялізма і здабудзем сабе лепшую долю толькі тагды, калі мы абаронім усе палітычныя свабоды, калі поўнасцю будуць абяспечаны свабода слова, друку, сумлення, сходаў, саюзаў і г. д.

Няхай жа ясным сонцам засвеціць воля ў нашай роднай старонцы! Няхай жыве вольны працоўны беларускі народ!