Што мы чытаем?
Што мы чытаем? Публіцыстыка Аўтар: Даніла Васілеўскі 1914 Крыніца: № 11-12, 12 марца 1914 г., б. 1 |
Што мы чытаем?
Дзевяць гадоў таму назад нашы вёскі і сёлы дужа любілі пачытаць карысную кніжку. Тады добрая дзяшовая кніжка пападала у хату і варушыла „стары сьвет“, а цяпер ня толькі старые, а і моладзь гуляе у карты. Гэта не таму, што нету ахвоты да кнігі, а проста недзе узяць кніг. Пры нашых вясковых земскіх школках нету бібліотэк, а ў селян німа грошы купляць кнігі і навука скора забываецца. Вёска рада усякай кнізе, а найболей селяне цікавяцца кнігамі аб зямельнай справе ды іх нету. Нету духоўнай стравы нашаму селяніну, яму астаюцца толькі казкі, басьні. Я аб’ездзіў многа вёсак у полацкім павеці і нідзе не знайшоў добрай, а ўсё не карысные кніжкі у селян, аб каторых самі чытачы кажуць: «гэта ня кніжка, а адзін тлум».
Часта сустрэчаў я беларускіе кніжкі, ды не ў селянскай хаці, а у воласьці, ці ў школі, чытаюць толькі „інтэлігенты“, а простаму народу яны не даступны праз дарагавізну. Адзін «Беларускі Календар» пападаецца селяніну, бо гэта карысная для вёскі кніжка найдзешавейшая разам. Падходзіць гаспадар да крамніка кніганошы купіць дзецям кніжку і відзіць: лежаць побоч «Wieczarnicy» Дуніна Марцінкевіча і «Бова Королевичъ»; у аднэй 32 стр. і цэна залатоўка, а у другой 97 стр. і атдаюць за дзесятку (5 кап.) і селянін бярэ сабе «Бову Королевича». У нас беларусоў німа дзяшовых народных кніжэк а гэта вялікі недахват. Эх, горэ ды бедната! Каб мы былі багаты, то і кніжку можна было-бы надрукаваць дзешавей.
І ешчэ адзін недахват, што беларускіе песьняры,—Дунін Марцінкевіч, Богушэвіч, — надрукаваны толькі лацінскімі літэрамі, а нашы, вітэбскіе селяне, чуць, трапляюць чытаць рускімі літэрамі, а латыні і ў вочы ня відзелі. А Богушэвіч у сваіх вершах, мейсцамі, так праўдзіва выліў думкі нашаго селяніна, што проста грэх не даць яго нашай вёсцы. Радасна ужо тое, што хоць наш «Беларускі Калёндар» даступен селяніну і ляжыць што год у 20,000 селянскіх хатах на палічцы пад бажніцай. Але гэтым здаволіцца мы не павінны: нам патрэбна свая дзяшовая народная літэратура.
Д. Шчырый.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі ды ў ЗША, бо ён быў апублікаваны да 7 лістапада 1917 года (паводле новага стылю) на тэрыторыі Расійскай імперыі.
За выняткам тэрыторый Вялікага Княства Фінляндскага і Царства Польскага, і не быў апублікаваны на тэрыторыі іншых дзяржаваў цягам 30 дзён пасля дня першае публікацыі. Юрыдычна Беларусь (ССРБ), як і Расея (РСФСР), не з’яўляецца спадкаемцам Расійскай імперыі. Таксама агульная міжнародная абарона аўтарскіх правоў на гэты твор не здзяйсняецца, бо Расійская імперыя не падпісвала міжнародных пагадненняў у галіне аўтарскага права.