Што будзе?
Што будзе? Аўтар: Язэп Варонка 1918 Пераклад: Nejurist Крыніца: Газета «Белорусская земля», 1918, № 1, с. 2-3 |
Вось ужо тры дні Народны Сакратарыят Беларусі ў перамовах з прадстаўнікамі германскіх вайсковых уладаў намагаецца вызначыць тую структуру краёвай улады, якая будзе ўсталявана германскім вышэйшым камандаваннем, і тыя ўмовы, на якіх будзе дапушчана арганізацыя краёвай улады ў Беларусі прадстаўніцтвамі, якія існавалі дагэтуль.
У агульным награмаджэнні адразу паўсталых каласальных задач, якія з’явіліся з таго хаоса і беспарадку, які панаваў на Беларусі за 100 дзён бальшавіцкага панавання, цяжка пакуль разабрацца і самім германскім ваеначальнікам. Тым больш гэта цяжка ў такі кароткі тэрмін пры наяўнасці ў Беларусі расквітнелага нацыянальнага руху і шырокай перыферыі палітычнай работы грамадска-народных арганізацый.
Палітычна слабыя беларускія ідэалісты недастаткова ўсвядомілі сабе, якая будзе іхная роля ў справе рэарганізацыі дзяржаўнага будаўніцтва на Беларусі і з іншага боку губляюцца ў здагадках, якія мэты пераследуе польская вайсковая партыя.
З аднаго боку, запэўенні галавы Вярхоўнага Польскага Камітэта д-ра Станіслава Оргельбрэндта, зробленыя Старшыні Выканаўчага Камітэта Рады Я. Я. Варонку, што першай задачай палякаў па ўваходжанні ў Мінск з’явіцца скліканне Беларускага Устаноўчага Сходу, з іншага боку публічная заява Начальніка Штаба Польскіх войскаў д-ра Уладзіслава Порай-Бернацкага ў прысутнасці Начальніка 1-га германскага раз’езда прадстаўнікам Беларускай Улады, што немцы выкліканыя генералам Даўбор-Мусніцкім па прычыне крытычнага становішча Польскіх войскаў.
Цяпер жа сыход польскіх легіянераў у ізаляцыйную акругу, адсутнасць германскай грамадзянскай улады яшчэ больш заблытваюць ніці і ставіць грамадства перад цэлым шэрагам нявырашаных задач.
Мала таго. “Яго вялікасць Чутка” разносіць паўсюль інсінуацыі, быццам Народны Сакратарыят Беларусі з’яўляецца палітычным пераемнікам збеглых “народных” камісараў, нібыта ў складзе Народнага Сакратарыята палова бальшавікоў, нібыта Народны Сакратарыят Беларусі хацеў пацвердзіць усе дэкрэты “старой улады”.
Меркаванняў і паклёпу процьма. Столькі ж, колькі ў беларусаў ворагаў. Шмат адкрытых, якіх штодзённа бачым побач з сабой, але яшчэ больш таемных, прадажных, шкурнікаў і правакатараў. Дзе ж тут разабрацца свежаму чалавеку, а тым больш прадстаўніку Германскай Улады.
Верым, аднак, што ўсе нагаворы і падбухторванні ворагаў беларускага руху разаб’юцца аб справядлівасць і права.