Перайсці да зместу

Шлях паратунку

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Шлях паратунку
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 19 лістапада 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Расіі няма, і толькі па старай звычцы мы шукаем рэальнага зместу там, дзе засталася фікцыя. Расійская дэмакратыя, якая са сваіх партыяў і грамадскіх арганізацый выдзеліла правіцельства старога і новага ўраду, збанкрутавала, як дзяржаўна-творчы арганізм. Велікаруская нацыя падзеямі апошняга часу выявіла поўнае невуцтва ў справе дзяржаўнага адбудавання. Бальшавізм — гэта культурны і грамадскі барбарызм, а тым часам велікарускае грамадзянства, не гледзячы на сваё абурэнне, нічога зрабіць з ім не можа. Грамадскі лад і дзяржаўная гаспадарка зруйнаваны дашчэнту, а расійская дэмакратыя ахоплена смяртэльным паралюшам заняпаду, толькі скардзіцца, ные і сударожна трымаецца за згніўшы слуп маскоўскага цэнтралізму. І калі цяпер не ўжыць усіх патрэбных захадаў дзеля ўстанаўлення сталага ладу і дзеля ўласнага захавання, дык хваля руйнуючай анархіі захлыне сабой усіх і ўсё. Бачачы гэта, усе народы і паасобныя вобласці Расіі горача завінуліся каля адбудавання ўласнага жыцця, маючы на ўвазе зноў аб’яднаць Расію на грунце федэральнага ладу. І Генеральны Сакратарыят Украіны ўзяў на сябе ініцыятыву арганізаваць федэральны ўрад, каторы можа ўтварыцца ў нас, на Беларусі, у г. Магілёве. Гэта ядыны шлях паратунку — іншага і лепшага выйсця з цяперашняга становіска няма. Бальшавіцкі ўрад народных камісараў, каторы не прызнаецца ні сваімі, ні чужымі, правамоцным лічыцца не можа дый не здацен ён на творчую дзяржаўную, работу, як і ўся наогул велікаруская дэмакратыя. «Суждены имъ благіе порывы, но свершить ничего не дано».

«Балоцістая Архангельшчына і лясістая Валагодчына, — піша «Новая Рада», — не гралі ў гісторыі Расіі ніякай вызначанай ролі і не будуць граць, і таму да бажання Украіны, Каўказу, Дону, Кубані, Бесарабіі — гэтых найбагатшых краёў — мусіць прылучыцца Вялікарасія, якую Надволжскі край ні прагадаваць, ні ўратаваць не зможа. Велікарускі народ страціў дзяржаўнае кіраўніцтва і мусіць цяпер, нараўне з іншымі, паслаць сваіх прадстаўнікоў у Федэральную Усерасійскую Раду, якая выбярэ цвёрды і пэўны Урад, каторы прызнаюць усе края і ўсе народы».