Шлях моладзі (Казлоўскі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Шлях моладзі
Артыкул
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1929 год
Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 4, чэрвень 1929 г., б. 1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШЛЯХ МОЛАДЗІ.

З заблутанай бяздарожжы, прабіўшыся скрось жыцьцёвыя віхуры, узышла беларуская моладзь на свой просты, народны шлях. Узышла, каб ісьці ўжо гэтым роўным шляхам аж да мэты, каб браць за сабою ўсіх, каму баліць сэрца, глядзеўшы на спутаную Пагоню, на згорнуты наш народны сьцяг, каму льюцца сьлёзы, гледзючы на гора нашай няшчаснай Маці-Краіны.

Дзеткі, ратуйце — кліча нас Маці-Старонка. Чыё сэрца не ўзварушыцца, чыя душа не адклікнецца на зоў і просьбы сваей роднай маці?

Моладзь! Браты і Сёстры! Дружна, адважна ідзема гэтым простым народным беларускім шляхам, а дойдзем мы да мэты і здабудзем долю сваей роднай Маці.

Хто зможа нам загарадзіць наш роўны радзімы шлях? Хто будзе мець сілу затрымаць бойкую, гаротную, сярмяжную беларускую моладзь? Хто дасьць лепшую ідэю, ад каханьня і ратаваньня сваей роднай Маці?

Браты! калі жы знайшлі ўжо гэты просты народны шлях, дык пойдзем-жа ім аж да мэты! Мы ня зблудзім, бо шлях гэты ёсьць просты і наш радзімы.

Не затрымае нас ніякая сіла, бо мы маем магутную ідэю, бо ў жылах нашых кіпіць беларуская кроў!

У. Казлоўчшчык