Шляхам Скарыны
Шляхам Скарыны Артыкул Аўтар: Тамаш Грыб 1934 Крыніца: Юрэвіч Лявон. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія. - Мінск, 2015. - с. 33-46 (першакрыніца: Iskry Skaryny. №4. Travien, 1934. С. 1-10) |
Народ дзівіўся Яго навучаньню:
Бо навучаў, нібы маючы сілу, а не
як кніжнікі і фарысеі.
Эв. ад Мацея, 7, 29
У гісторыі беларускага народу назіраецца пэўны рытм чарадаваньня ўздойму і заняпаду. Гэты сваесаблівы рытм — вось нібы зьмена дня і ночы, сьвятла й цемры, прыліву і адліву — адбываецца ў гісторыі ўсяго чалавецтва. І нічога няма вечнага, трывалага, нязьменнага — усё цячэ, мінае, бязупынна зьмяняецца ў цягу стагодзьдзяў, во, нават і ў цягу дзесяцігодзьдзяў: адны падзеі зьмяняюцца іншымі, адна эпоха пераходзе ў іншую, процілежную; эпоха ўздойму чарадуецца з эпохаю заняпаду, пэрыяд рэвалюцыі зьмяняецца ў контррэвалюцыю, дэмакратыя ператвараецца ў дыктатуру і наадварот, няма такой дыктатуры, якая-б не ператварылася ў дэмакратыю, у волю народную, у народапраўства.
Але гісторыя народаў, як і ўсяго чалавецтва, ня ёсьць нейкі падасобны працэс, не адбываецца паміма волі й чыннага ўдзелу ў ім людзей і народаў.
Гісторыя — гэта нібы дзяўчына за кроснамі: яна тчэ свае ўзорыстыя тканіны з таго матэрыялу, які ўжо раней быў прыгатаваны. Каб умелая ткачыха магла выткаць абрус ці-то дыван, павінна мець, як неабходныя прылады свае працы, ніткі й кросны. А што такое кросны, як не ўцелаішчаная (зматэрыялізаваная) наўмысная і ўсьвядомленая дзейнасьць чалавецтва; таксама і ніткі. Вольная творчасьць нават і найлепшай ткачыхі ёсьць абумоўлена тымі ніткамі, зь якіх яна тчэ, і тымі кроснамі, на якіх яна тчэ: абумоўлена наўмыснай і ўсьвядомленай дзейнасьцю іншых людзей, якія ўсё гэта падрыхтавалі, якія ўсё гэта стварылі.
Бязупынная творчасьць людзей і народаў абумоўлівае цяг гістарычных падзеяў.
Ня іначай адбываецца і ў гісторыі беларускага народу.
Гісторыя Беларусі, поўная вялікага трагізму, зьяўляецца вынікам творчасьці беларускага народу. Беларусы і сяньня маюць тое, што хочаць мець; прынамсі, маюць тое, што хоча пераважная большасьць беларускага народу.
Гэта ёсьць сумная зьява... Беларусы знаходзяцца сяньня ў вабставінах калоніяльнага нявольніцтва, прыгнечаны і паняволены чужацкімі наездцамі. Дык можа і ўзаўпраўды беларусы хочаць быць нявольнікамі? Не, гэта няпраўда, што беларусы хочаць быць нявольнікамі. Беларусы хочаць волі, хочаць незалежнасьці. З усёй яскравасьцю аб гэтым сьведчыць тое напружанае змаганьне, якое ўсьцяж адбываецца з гнабіцелямі на ўсім абшары беларускае зямлі ад Ловаці аж да Мухаўца.
Кожны сьвядомы беларус, які ня можа ісьці на кампраміс з сваім сумленьнем, ня можа спакойна ўзірацца на зьдзірства і паняверку свайго роднага краю, ня можа пагадзіцца з існуючымі сяньня парадкамі гнёту і паняволяньня беларускага народу — становіцца беларускім народным рэвалюцыянэрам. Ён не апускае ўжо безрадна сваіх рук, не паўтарае заёрзаных словаў, што, казаў той, мая хата з краю і я нічога ня знаю, або, маўляў, галавой сьцяну не праб'еш; адважна становіцца ў шэрагі змагароў за волю і незалежнасьць Беларусі. Ён сваім жывым прыкладам запалівае сэрцы мільёнаў. І недалёка ўжо той час, калі ўзварухнецца наш аграблены, прыгнечаны народ, на сьвет цэлы пакажа сваю моц і сілу, што аж зямля задрыжыць, аж віхры зашумяць, загудуць. І пранясецца тады над нашым родным краем вялікая бура. І распачнецца тагды новая бачынка ў гісторыі беларускага народу...
Растуць і пашыраюцца шэрагі беларускіх народных рэвалюцыянэраў!
- * *
Чалом табе, спрадвечны рытм падзеяў, бо ты ёсьць рух, бо ты само жыцьцё.
Чалом табе, людзкая творчасьць, бо ты заўзятая, імкнешся аўладаць стыхійны цяг падзеяў
Чалом табе, чалом, уваскрасаючы лазар, табе, лапцюжніку, табе, бе-ларускі народзе, бо ты сягнуў ствараць лад новага жыцьця.
Чалом табе, беларуская народная рэвалюцыя, бо ты наша надзея, бо ты адзіная нясеш нам праўду, волю, незалежнасьць.
Чалом табе, чалом!
- * *
Быў час, калі беларускі народ быў вольны і меў сваю незалежную дзяржаву; стаяў на ўзвышшы дасягненьняў агульнаяюдзкае культуры. Гэта была эпоха Францішка Скарыны: з канца XV-га і аж да канца XVI стагодзьдзяў; найвялікшы ўзьём культурнай, гаспадарчай і палітычнай магутнасьці Беларусі. Гэта была эпоха, калі беларускі народ, у асобе сваіх вышэйшых станаў, заўладаўшы вялікім водным шляхам з Варагаў у Грэкі, замацаваў і пашырыў свае дзяржаўныя межы ад Балтыцкага і аж да Чорнага мора. У беларускай гістарычнай літаратуры гэта эпоха называецца эпохаю адраджэньня і рэфармацыі.
Францішак Скарына, родам з старадаўняга Полацку, у лекарскіх навуках доктар, слаўны друкар і перакладчык Бібліі на беларускую мову, у сваіх векапомных прадмовах да зробленага ім перакладу Бібліі, даў выклад і тлумачэньне сыстэмы праўды, дабра і справядлівасьці, даў глыбокі ідэйны зьмест тагочаснай беларускай культуры, даў цьвёрды кірунак тагочаснай беларускай дзяржаўнай палітыцы.
- * *
«Праца, якую распачаў Скарына» — чытаемо ў прадмове да зборніку «400-лецьце беларускага друку», які апрацаваны быў Інстытутам Беларускае Культуры (Менск, 1926), — «была вынікам таго нацыянальна-культурнага руху, што ахапіў беларускую шляхту і буржуазію ў XVI сталецьці. Рух гэты меў у сваёй аснове шмат супольнага з паглядамі і настроямі італьянскага адраджэньня. Францішак Скарына паклаў сваёй працай пачатак літаратурнай беларускай мове і беларускай нацыянальнай літаратуры, будучы прадстаўніком тагачаснага адукаванага беларуса. Працу Скарыны пераймальна вялі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі, перакладчык эвангельля на беларускую мову, які імкнуўся наблізіць яго да народных мас у мэтах падняцьця іх маральнага і культурнага ўздойму. Нацыянальная і культурная дзейнасьць Скарыны і яго пераймальнікаў ёсьць яскравы паказьнік таго высокага культурнага становішча, якое займала Беларусь у XVI-м сталецьці».
Францішак Скарына быў першы беларускі гуманіст-адраджэнец.
«Гуманізм» — кажа праф. Ул. Перцаў — «зьяўляецца аднэй з самых выдатнейшых эпох у гісторыі разьвіцьця чалавецтва. Гэта была ўзапраўдная рэвалюцыя духа, якая перавярнула ўвесь стары круг прадстаўленьняў і прымусіла ўсіх захопляных ёю адчуваць, думаць і жадаць па-новаму» (Гуманізм у Італіі, бач. 1).
Вялікая рэвалюцыя духа адбывалася таксама і на Беларусі. Францішак Скарына — гуманіст-адраджэнец — быў першы беларускі рэвалюцыянэр-народнік.
- * *
Уважліва паўзіраемся на тыя новыя думкі-ідэі, што ўзварушылі чалавецтва ў эпоху адраджэньня.
Гуманізм ў эпоху адраджэньня — гэта поўнае запярэчаньне сярэд-нявечнага сьветапагляду, усёй сярэднявечнай культуры.
У аснове сярэднявечнай культуры ляжала, як ведама, схолястычнае навучаньне аб божаскае субстанцыі, аб сутнасьці таго, што называемо Богам, аб межах Яго моцы, аб Сьвятой Тройцы, аб гіерархіі анёлаў, арханёлаў, аб іх уласьцівасьцях і асаблівасьцях, аб тым, як выглядала душа чалавека, калі ня быў яшчэ дакананы першапачатковы грэх Адама ў Раі. Чалавецтва зграшыла праз Адама ў Раі, але збаўлена праз Езуса Хрыста на Галгофе. Крыж на Галгофе — сьмерць і ўваскрашэньне да вечнага жыцьця ў небе — гэта сымбаль сярэднявечнае культуры. Тэалёгія як адзіная тагачасная веда накіроўвала людзкое думаньне выключна ў бок штодзённых клопатаў аб збаўленьні душы. Да гэтага лучыўся яшчэ аскетызм — уцяканьне ад жыцьця. Кляштар стаў адзіным мейсцам, дзе ўзапраўдны хрысьціянін, зракаючыся ўсіх радасьцяў жыцьця, сваіх бацькоў, радні, усяго суспольства, можа знайсьці супакой і падрыхтавацца да вечнага блажэннага жыцьця ў небе. Страх перад пеклам. Згэтуль пагарда і поўнае засуджваньне ўсіх праявяў людзкіх пачуцьцяў ласкі, сьвецкай радасьці. Цярпець і сумаваць аб шчасьці вечным, жыць у пакоры, у паненскай чыстасьці — вось ідэал жыцьця сярэднявечнага чалавецтва.
Гуманізм у супярэч з сярэднявечным аскетызмам і супранатуралізмам паставіў мэтаю прабуджэньне і адраджэньне чалавека, усіх здольнасьцяў чалавечае натуры, натуралізм. Не ўцяканьне ад жыцьця, а зварот да жыцьця; поўнае і ўсебаковае выкарыстоўваньне ўсіх праяваў жыцьця, якія выныраюць з прыроднае натуры чалавека: браць ад жыцьця поўнымі прыгоршамі ўсё тое, што толькі можна ўзяць!
У супярэч з сярэднявечным дагматызмам і супрарацыяналізмам, надразумовым веданьнем, паставіў гуманізм на першым мейсцы прыродны розум чалавека, вольную думку кожнае чалавечае асабістасьці. У працілежнасьць з аўтарытарызмам — поўнае самаазначэньне чалавечае асабістасьці. Згэтуль індывідуалізм. Не паходжаньне й не прыналежнасьць да таго ці іншага стану стварае вартасьць чалавечае асобы, а толькі тое, чым зьяўляецца сам чалавек: яго розум, воля, прыродная натура.
Чалавек, абуджаны з доўгага сярэднявечнага сну, накінуўся зь няўтомным жаданьнем на ўсе рэальныя праявы жыцьця; у яго вачох закрасавала жыцьцё ўсімі барвамі радасьці. Радасьць з жыцьця — аснаўная падваліна гуманізму.
У супярэч з сярэднявечным уцяканьнем ад жыцьця, клопатамі аб збаўленьні душы — паземскае жыцьцё ня мела ніякай вартасьці, усё па сьмерці, чаканьне сьмерці, якая збавіць ад цярпеньняў, — гуманізм, не адкідаючы неба, цьвёрда становіцца нагамі на зямлю, абапіраецца на глебу, дзе бачыць шмат красы. Прырода нібы ізноў адчыняецца перад вачыма чалавека. Распачынаецца досьлед і навуковае вывучэньне прыродных зьяваў. Не манах, які пагарджаў паземскім веданьнем, а жывая чалавечая асабістасьць; не тэалёгія, а філязофія пачынае церабіць шлях да новага жыцьця; пачынаецца расьцьвет прыродных і суспольных навук. Згэтуль іншы пагляд на прыроду і чалавека, на суспольства, на этыку; кожны чалавек індывідуальна нясе адказнасьць за свае правіннасьці перад суспольствам і перад Богам.
Жаданьне пакоры, так характэрнае для сярэднявечнага чалавека, замяняецца выбойнасьцю, замяняецца баёўнасьцю за прыродныя правы чалавека.
Гэтак новая гуманістычная культура зьвярнула ўвагу чалавека зь неба на зямлю; чалавек стаў у цэнтры ўсіх імкненьняў. Паглыбіць і ўдасканаліць уласнае духовае жыцьцё, дасягнуць найбольшага ўзвышша разьвіцьця ўсіх прыродных здольнасьцяў чалавечае натуры — вось новы ідэал гуманізму.
Згэтуль разуменьне дабра і зла: дабром будзе ўсё, што спрыяе разьвіцьцю і ўдасканаленьню чалавечае асабістасьці.
Пад націскам гуманізму ламаўся і распадаўся стары сярэднявечны сьветапогляд, а разам зь ім і ўсе яго аснаўныя падваліны: супранатуралізм, супрарацыяналізм, тэалёгія, аскетызм, дагматызм, аўтарытарызм. На шырокі прастор волі выходзіў новы чалавек: вольная крытычна-думаючая асабістасьць; узьнікалі новыя формы суспольнага жыцьця і новае асьветы.
Гуманізм зрабіў вялікі пераварот: сэкулярызаваў сьветапогляд; перамясьціў цэнтр людзкога думаньня зь неба на зямлю, з клопатаў аб вечным загробным жыцьці ў сьвет рэальных чалавечых інтарэсаў, у сьвет рэальных міжлюдзкіх узаемаадносін.
Супранатуралізм быў зьменены рэалізмам, а тэалёгія — філязофіяй.
- * *
Гуманістычны рух, распачаты яшчэ ў другой палавіне ХV-га сталецьця ў Італіі, хутка пашырыўся на ўсё асьвечанае суспольства Эўропы. І калі ўжо ў пачатку ХVІ-га стагодзьдзя наш Францішак Скарына быў у Падуі, дзе атрымаў навуковую годнасьць доктара лекарскіх навук, гуманізм быў у поўным росквіце. Усе вышэйшыя і заможныя станы эўрапэйскага суспольства былі натхнёнымі вызнаўцамі гуманітных ідэалаў. Гэта мела, аднак, і сваю ад'емную бачынку: гуманістычны рух пачаў выраджацца ў крайні індывідуалізм і арыстократызм.
Адначасова ў шырокіх народных масах — пэўна-ж, ня без уплыву гуманізму — распачаўся вялікі рэлігійны рух ва ўсёй Эўропе, які вядомы ў гісторыі пад назвай рэфармацыі. Гуманізм у злучэньні з рэфармацыяй даў аснаўны зьмест культуры новае эпохі.
- * *
Галоўная мэта рэфармацыі палягала ў тым, каб ачысьціць касьцёл ад усіх напластаваньняў сярэднявечнае схолястыкі, вярнуцца да чыстых крыніц узапраўднага хрысьціянства — да Эвангельля.
Хрысьціянскае веравызнаньне, якое спачатку азначала адраджэньне чалавека ў духу і ў праўдзе, у дадзенай любові да бліскага, абярнулася ў сярэднявеччы ў касьцёльна-царкоўную ўстанову, дзе запанавала вонкавая форма, абраднасьць. Унутранае духоўнае жыцьцё хрысьціяніна было заменена вонкавым культам. Напроці шчырасьці і непасрэднасьці першапачатковых хрысьціян зь іх вялікай самаахвярнасьцю ўзьнікла казуістыка, шахрайства, гандаль з адпушчэньнем грахоў. Касьцёльная гіерархія, пачынаючы ад папежа і аж да клерыка, займалася тым гандлем: за грошы можна было адкупіцца ад учыненых грахоў; за грошы можна было купіць сабе збаўленьне і вечную блажэннасьць у небе.
Рэлігійная рэфармацыя, такім чынам, адбывалася ў двух напрамках: маральнае аздараўленьне або і зусім адстырчаньне касьцёльнае гіерархіі і зварот да першапачатковага хрысьціянства.
- * *
У гісторыі рэфармацыі вызначнае мейсца займае Прага-Чэская, дзе распачаў сваю дзейнасьць Ян Гус і яго асабісты прыяцель Еронім Пражскі. У Празе-Чэскай распачаў сваю дзейнасьць і наш Францішак Скарына: у 1517 годзе зьявіўся тут першы адбітак яго перакладу Бібліі на беларускую мову.
Нельга не адзначыць пры гэтым, што пераклад Бібліі на жывыя народныя мовы быў абумоўлены ідэйным зьместам рэфармацыі і гуманізма: прабуджэньня ў чалавеку самастойнае думкі.
Індывідуалізм як аснаўная падваліна гуманістычнага руху з усёй яскравасьцю выявіўся і ў рэфармацыі. Асабістая адпаведнасьць кожнага чалавека за свае паступкі — гэта быў галоўны стыржэнь ідэйных мэтаімкненьняў рэлігійнае рэфармацыі. Няхай кожны думае і разважае аб сваіх добрых і благіх паступках, бо кожны асабіста нясе за іх адказнасьць перад Богам. Кожны чалавек можа дасягнуць збаўленьня свае душы толькі асабіста, сваім асабістым жыцьцём, добрымі паступкамі, як аб гэтым навучае Эвангельле. Няхай кожны чытае Эвангельле ў той мове, якая найбольш яму зразумела, — у сваёй роднай мове, каб добра зразумеў, а зразумеўшы, каб жыў паводле Эвангельля.
Пэўна-ж, гэтым самым разьбівалася ў шчэпкі сярэднявечнае цьверджаньне, што чалавек можа дасягнуць збаўленьня сваёй душы толькі праз каталіцкі касьцёл — верай у тое, аб чым навучаюць каталіцкія аўтарнікі.
Трэба мець на ўвазе пры гэтым, што навучаньне каталіцкага касьцёлу, як і праваслаўнай царквы, закладаецца пераважна не на Эвангельлі, а на тых догматах, якія ўстаноўлены касьцёльна-царкоўнымі айцамі ды іх зборамі (касьцёламі і саборамі).
- * *
Гуманізм і рэфармацыя ў гісторыі Эўропы азначаюць пераходную эпоху ад сярэднявечнага касмапалітызму да сучаснага разуменьня нацыі.
Ідэя нацыі як жывой калектыўнай асабістасьці наяўна выяўляецца нават у самым факце ўжываньня роднае мовы. Заместа латыні — жывая народная мова. А на Беларусі: заместа латыні і старабаўгаршчыны — жывая беларуская народная мова.
Зразумела, дзеля гэтага, што ў касьцёльным жыцьці, побач з жывой народнай моваю, пачалі набываць адпаведнае мейсца і значаньне ўсе іншыя элемэнты народнае творчасьці: адзіны і ўнівэрсальны каталіцкі касьцёл пачаў распадацца на шэраг народных веравызнаньняў.
«Янам Гусам» — кажа Францішак Дрціна — «пачынаецца рэлігійная рэфармацыя чэскага народу, робяцца першыя спробы заснаваньня чэскага хрысьціянства» (Frаntišek Drtina. Myšlenkovy vyvoj europskeho lidstva. Prаhа, 1926. SV. II Бач. 60).
Аналягічную зьяву бачымо ў Нямеччыне (Лютэр), у Англіі (Уікліф), у Швэйцарыі (Кальвін).
Чэскае гусіцтва, нямецкае лютэранства (пратэстантызм), швэйцарскі кальвінізм (гэльвецкае веравызнаньне) — усё гэта ёсьць факты жывой рэчаістасьці, якія наяўна сьведчаць аб уплыве рэфармацыі і гуманізму на заснаваньне народных веравызнаньняў.
Ня іначай было і на Беларусі: Францішак Скарына сваім перакладам Бібліі на беларускую народную мову, усёй сваёй дзейнасьцю палажыў пачатак беларускай рэлігійнай рэфармацыі, палажыў моцныя падваліны для заснаваньня беларускага народнага веравызнаньня, беларускага хрысьціянства.
- * *
Францішак Скарына ўважаў сябе хрысьціянінам; але нідзе, ні ў адным месцы сваіх твораў, ні адным словам ня кажа ён аб тым, што ён праваслаўны ці-то католік. Мабыць, не належаў ні да праваслаўнае царквы, ні да каталіцкага касьцёлу. Ва ўсялякім прыпадку праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл былі чужыя для рэлігійнае сьвядомасьці Скарыны; чужыя былі яму ня толькі сваёй вонкавай, паказной абраднасьцю, але і сваім унутраным зьместам — сваім выкладам і тлумачэньнем хрысьціянскага навучаньня. Скарына дае свой выклад і сваё тлумачэньне аснаўных падвалін хрысьціянства. Хто з гэтым не пагаджаецца, запрашаемо разам з намі ўважліва чытаць яго векапомныя прадмовы да зробленага ім перакладу Бібліі.
Возьмем хоць бы такі прыклад: пагляд Скарыны на Біблію. Ён кажа: «Сьвятое пісьмо ўсе іншыя навукі перавышае, таму што ў ім чытаемо, як пад простымі словамі тайна хаваецца, і моладзі, як і людзям простым простым, ёсьць навука, учыцелям і людзям мудрым ёсьць падзіўленьне. Як рэчка дзіўная: мелкая — па ёй ягнё брысьці можа, а глыбокая — бо слон плаваці можа. У гэтай кнізе ўсяе прыроднае мудрасьці пачатак і канец. Бог усядзяржыцель пазнаваны бывае. У гэтай кнізе напісаны ўсе законы, якімі людзі маюць кіравацца на зямлі. У гэтай кнізе ўсе лякарствы душэўныя і цялесныя поўнасьцю знойдзіце. Тут навучаньне філязофіі добранраўнае, як маемо любіць Бога для самога сябе і бліжняга для бога. Тут справа ўсякага сходу людзкога і ўсякага места, што вераю, злучэньнем ласкі і згодаю паспалітае дабро памножана бывае. Тут навучаньне сямі навук вызваленых ёсьць поўнае».
Скарына дае наступную клясыфікацыю навук, пачынаючы ад канкрэтных і да найбольш абстрактных: граматыка, лёгіка, рыторыка, музыка, арытметыка, геаметрыя, астраномія. У іншым мейсцы Скарына дабаўляе да гэтых сямі вызвальных, бо самастойных, навук: гісторыю, навуку аб мудрасьці добрых абычаяў (этыку), лекарскія навукі (мэдыцыну).
Усе гэтыя навукі патрэбны чалавеку дзеля памнажэньня мудрасьці, чэснасьці, добрых абычаяў і дабра паспалітага люду.
Але чытаемо далей. У Бібліі, кажа Скарына, знаходзімо вялікую мудрасьць: «бо ўся Салямонава і Арыстоцелева — божаская і жыцейская мудрасьць у гэтай кнізе кароткімі словамі ёсьць сказана». Аднак, паводле Скарыны, «найвышэйшая мудрасьць — гэта разважаньне аб сьмерці і пазнаньне самога сябе».
Уся Біблія, паводле Скарыны, гэта энцыкляпэдыя людзкога веданьня, у якой простымі словамі апавядаецца аб праўдзе божаскай, і аб праўдзе жыцейскай; знаходзімо ў ёй вялікую мудрасьць Саламона і вялікую мудрасьць Арыстоцеля: рэлігію і навуку.
Скарына не адкідае, такім чынам, ні рэлігіі дзеля навукі, ні навуку дзеля рэлігіі: ён злучае рэлігію і навуку ў творчым сынтэзе пазнаньня чалавекам самога сябе і вырашэньня праблемы сьмерці. Ён кажа: «узапраўды мусім больш дзівіцца вялікай боскай моцы, чымся навучацца».
Далей Скарына кажа наступнае: «мы, хрысьціяне, ведаючы ўсе навукі мінаючыя, патрабуем рэчы вечнае: збаўленьне душы. Чытайма няўстанна Сьвятое Эвангельле, а чытаючы, насьлядуйма прыклады нашага збаўцы Ёзуса Хрыста, а так зь Яго дапамогаю ўвойдземо ў жыцьцё вечнае і ў царства нябеснае, прыгатаванае збраньнікам божым».
Гэткі ёсьць пагляд Францішка Скарыны на Біблію й на Эвангельле. Ставімо пытаньне: хіба-ж так узіраецца праваслаўная царква? хіба-ж так узіраецца каталіцкі касьцёл?
Ня будземо ўваходзіць у тонкасьці багаслоўска-тэалягічнае казуістыкі. Для ўзапраўднага хрысьціяніна, паводле Скарыны, каб мець збаўленьне душы, трэба чытаць Эвангельле, а чытаючы — насьлядоўваць прыклады Езуса Хрыста.
- * *
Возьмем яшчэ і такі прыклад: пагляд Скарыны на права. Ён кажа: «Закон ці-то права — па-рознаму ад людзей называецца — гэта ёсьць еднасьць суспольная, таму што ўсе народы аднолькава яго выконваюць — як мужа з жонкаю сумленнае злучэньне, дзяцей пільнае выхаваньне, блізкажывучых сходжаньне, рэчы пазычанае вяртаньне, насільству сілаю адпіраньне, роўная воля ва ўсім, агульная маёмасьць для ўсіх. Тым законам жывуць веруючыя ў Хрыста па ўшэствію Яго на неба, як сказана: Народу-ж веруючаму мае быць сэрца адзінае і душа адзіная, і маёмасьць адзіная, ніхто-ж ад маёмасьці свае не павінен выводзіць сваё быцьцё, але ўся маёмасьць для людзей агульная. Другое права язычаскае, бо ад многіх языкоў паходзіць — як зямель чужых мячом дабываньне, гарадоў і мест замацаваньне, паслоў без пераказу адпушчэньне, міру да часу ўмоўленага выкананьне, вайны непрыяцелям сваім адпушчэньне. Іншае царскае, аб якім піша Самуіл, кажучы: Тое будзе права: забярэ сыны вашы і наробіць зь іх ездцаў і ганцоў і ўстановіць сабе ваяводаў і сотнікаў і ратаёў сваіх і кавалёў сваіх збройных ды іншых... Яшчэ ёсьць іншае права рыцарскае ці-то ваеннае, якое на вайне саблюдаецца, як упраўляці ваўкамі, знаці свае месты, разумеці голасу трубаў, дзяліць карысьці, даваці аброкі. А яшчэ ёсьць іншае права мястовае, іншае марское ды яшчэ іншае купецкае — аб тых усіх і аб іншых пісаці для краткасьці перастаю».
Права хрысьціянскае, паводле Скарыны, — гэта закон Езуса Хрыста: роўная воля ўсім і агульная маёмасьць для ўсіх.
- * *
Мо нехта скажа: Францішак Скарына, доктар лекарскіх навук, сам чалавек рэчаістае веды, як мог ён бачыць у Бібліі адзіную крыніцу ўсяго людзкога веданьня?
Пэўна-ж, сяньня нам гэта можа паказацца дзіўным і незразумелым. Але, каб правідлова ўцяміць тое, што казаў Скарына, мусімо ўзірацца на справу з гледзішча гістарычнае пэрспектывы: чатыры стагодзьдзі таму назад Скарына іначай ня мог уяўляць сабе людзкое веданьне, як толькі ў Бібліі. Трэ мець на ўвазе, што на Бібліі і зь Бібліі вырастала ўся сучасная навука ў Эўропе. Гуманізм і рэфармацыя — гэта пераходная эпоха ад сярэднявечча да новага часу. Таму і ў паглядах Скарыны на Біблію, як гэта лёгка заўважыць, назіраецца ўжо элемэнт новага часу: прызнае самастойнае значаньне навукі, у аснове якой ляжыць праўда жыцейская; гэта ёсьць праўда з жыцьця і для жыцьця.
Аднак усё наша веданьне навуковае — мінучае, рэлятыўнае, умоўнае. Чалавек, паводле Скарыны, патрабуе нешта больш пэўнае, абсалютнае: патрабуе веданьне праўды божаскае. Калі праўдзе жыцейскае можна навучыцца, то праўдзе божаскае — толькі дзівіцца. У гэтым палягае крыніца яго рэлігійна-філязофскага сьветапагляду.
- * *
Францішак Скарына распачаў на Беларусі эпоху гуманізму і рэфармацыі. Гэта была эпоха адраджэньня — найвялікшага ўздыму беларускае культуры і незалежнае беларускае дзяржаўнасьці.
Шляхам Скарыны ішлі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі — у культурным будаўніцтве Беларусі; а ў дзяржаўным будаўніцтве Беларусі — Мікола Радзівіл і Леў Сапега.
Гэта была эпоха, калі Беларусь займала свой пачэсны пасад між народамі.
- * *
Канец ХVI-га і пачатак ХVІІ-га стагодзьдзяў ў гісторыі Эўропы быў вельмі трывожны: пачала ўзрастаць і пашырацца каталіцкая рэакцыя, баёўным органам якой стаў езуіцкі ордэн. Неўзабаве ўся Эўропа апынулася ў жалезных абцугах езуітаў; падлегла каталіцкае рэакцыі.
На Беларусі езуіты распачалі сваю місіянэрскую дзейнасьць пры дапамозе Польшчы, якая з даўнейшых часоў лучыла сваю гістарычную долю з каталіцкім касьцёлам; каталіцкая рэакцыя ў Польшчы адразу прыняла палітычныя формы польскага вялікадзяржаўніцтва. Польшча стала галоўнай баштаю баёўнага каталіцызму на Ўсходзе Эўропы. Каталіцкая рэакцыя на Беларусі, такім чынам, азначыла нішто іншае, як наплыў на беларускія землі польскага элемэнту, аб чым наяўна сьведчыць уся дзейнасьць Пятра Скаргі, аднаго з выдатнейшых прадстаўнікоў езуіцкага ордэну. Гэты польскі езуіт у кароткім часе змог павярнуць у каталіцтва значную колькасьць найбольш уплывовых прадстаўнікоў беларускае шляхты і магнатаў. За імі пайшлі іншыя. Нават родны сын Міколы Радзівіла — Юры — перайшоў у каталіцтва; ламаючы слаўную традыцыю свайго бацькі, ён пачаў нішчыць на Беларусі ўсе культурныя здабыткі беларускага адраджэньня.
Езуіты, каб паглыбіць і пашырыць сваю дзейнасьць на Беларусі, выкарыстоўвалі спачатку проці беларускае рэфармацыі заняпаўшую ў той час праваслаўную царкву. Гэтым самым, у значнай меры, актывізавалі яе; прабудзілі да больш актыўнай дзейнасьці. Потым праваслаўная царква на Беларусі, знайшоўшы моцнае падтрыманьне з Масковіі, дзе самадзяржаўны праваслаўны цар, пасьля заняпаду Бізантыі, зьяўляўся нібы сымбалем магутнасьці ўсяленскае праваслаўнае царквы; з таго часу праваслаўная рэакцыя на Беларусі пачала ўсё больш і больш схіляцца ў бок Масковіі, аж пакуль, нарэшце, не абярнулася ў прыладу ўсерасейскага вялікадзяржаўніцтва.
Езуіты выкарысталі ў сваім змаганьні проці беларускае рэфармацыі касьцёльна-царкоўную вунію. Вуніяцтва, або тое-ж самае каталіцтва — толькі ўсходняга абраду, зьяўлялася ў руках езуітаў толькі прыманкаю для вясковага, сялянскага люду; змушана было, дзеля гэтага, прыстасоўвацца да беларускае народнае мовы, да народных звычаяў і абычаяў. Але, нарэшце, гэта была ўсяго толькі пераходная ступень да ўзапраўднага каталіцтва, якое на Беларусі, пад уплывам місіянэрскай дзейнасьці айцоў езуітаў, стала выключна польскім веравызнаньнем.
Так, пад напорам каталіцка-праваслаўнае рэакцыі, зьнявечана і задушана была беларуская рэлігійная рэфармацыя. На Беларусі запанавала цемра культурнага і сацыяльна-палітычнага заняпаду. Нібы тая пошасьць, пачала шырыцца асыміляцыя беларускага народу: кожны каталік пачаў уважаць сябе палякам, а кожны праваслаўны — рускім. Вуніяты — гэта сярмяжна-лапцюжнае мора беларускага сялянства — пачалі разглядацца асьвечанымі станамі спалянізаванага ці-то зрусыфікаванага беларускага суспольства як пэўная магчымасьць палянізацыі або русыфікацыі, як этнаграфічны матар'ял для ўзросту і пашырэньня польскага ці-то рускага вялікадзяржаўніцтва; у пачатку ХІХ-га стагодзьдзя вуніяцтва на Беларусі было скасавана, а ўсе вуніяты былі абвешчаны рускай самадзяржаўнай уладаю «ісконі русскімі людьмі», якія часова былі «іспорчены западным латінством».
- * *
Каталіцка-праваслаўная рэакцыя на Беларусі прадаўжаецца ўсё яшчэ аж па сёньняшні дзень. Гняце беларускі народ. Стрымлівае магутны ўздым беларускага нацыянальнага адраджэньня.
Пэўна-ж, па-рознаму ўзірацца можна на рэлігійную справу на Беларусі. Але адно трэба сьцьвердзіць як факт жывой рэчаістасьці: прабуджаная ўжо нацыянальная думка беларускага народу пільна шукае шляхі й спосабы, каб выйсьці на шырокі прастор волі і незалежнасьці. Гэта шуканьне шляхоў і спосабаў рэчаістага зьдзяйсьненьня самаістае творчасьці беларускага народу адбываецца ва ўсіх галінах культурнага, гаспадарчага і палітычнага будаўніцтва Новай Беларусі. Зразумела, дзеля гэтага, што беларускі народ ужо ня можа далей спакойна ўзірацца на тое, як праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл на Беларусі, зьяўляючыся палітычнымі экспазытурамі чужых уладаў, зьдзяйсьняюць сваю антыбеларускую дзейнасьць: нявечаць і нішчаць культурныя здабыткі беларускай народнай рэвалюцыі. Надыходзе час, калі беларускі народ, перамагаючы гвалт і насільства чужацкіх наездцаў, належны дасьць адпор і сваволі каталіцка-праваслаўнаму аўтарніцтву на Беларусі.
Поўнае і ўсебаковае нацыянальнае вызваленьне і адраджэньне беларускага народу немагчыма аж да таго часу, пакуль панаваць будзе на Беларусі каталіцка-праваслаўная рэакцыя, пакуль хоць адзін каталіцкі ксёнзд ці-то праваслаўны поп будзе зьяўляцца на Беларусі палітычным экспонентам польскага або расейскага вялікадзяржаўніцтва.
- * *
«Насільлю сілай отпреніе».
Так, змагацца з насільствам сілаю — гэта ня ёсьць не па-хрысьціянску!
Узапраўдны хрысьціянін ёсьць толькі той, хто прызнае, а прызнаючы, выконвае закон Езуса Хрыста: роўная ўсім воля! Хто-ж гэты закон не прызнае, а прызнаючы, не выконвае, той адыходзе ад Хрыста, той перастае быць хрысьціянінам.
Праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл на Беларусі даўно ўжо адышлі ад ўзапраўднага хрысьціянства: яны сталі органамі насільства; палітычнага, культурнага і гаспадарчага насільства чужых уладаў на Беларусі.
Вось чаму ня будзе не па-хрысьціянску, калі беларускі народ, ужы-ваючы сваю магутную сілу проці чужацка-гнабіцельскіх уладаў на Беларусі, не праміне ўжыць сваю сілу і проці каталіцка-праваслаўнае гіерархіі на Беларусі.
- * *
Беларускае нацыянальнае адраджэньне!
Распачынаецца новая эпоха ў гісторыі беларускага народу, эпоха волі і дзяржаўнай незалежнасьці.
Мімаволі ўспамінаецца Францішак Скарына і яго пасьлядоўнікі: Сымон Будны, Васіль Цяпінскі ды іншыя. Успамінаецца эпоха беларускага гуманізму і беларускай рэфармацыі. З глыбядзі нэтраў гістарычнае мінуўшчыны і сучаснасьці выныраюць кантрасты і паралелі. І хто з пэўнасьцю можа сказаць, што шлях Скарыны ня ёсьць той адзіны і ўзапраўдны шлях, ідучы па якім беларускі народ не дасягне ўзвышша свайго новага рэнэсансу?
Гэта пытаньне рубам ставіцца сяньня перад кожным беларускім незалежнікам. Трэба вырашаць!
Для кожнага беларускага незалежніка, які шукае рэлігійную праўду, адзіны ёсьць шлях — гэта ёсьць шлях Францішка Скарыны.
Aut — aut, tertium non datur!