Перайсці да зместу

Шляхам Змаганьня/За плотам могілкаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Не паддавацца За плотам могілкаў
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1935 год
Жыцьцёвы шлях

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗА ПЛОТАМ МОГІЛКАЎ.

Прохожій! Посидите у меня.
Я у себя. Вы въ гостяхъ.
(З надпісу на магільным памятніку
на сірацінскіх могілках на Антокалі).

За местам, ў лесе ціхім, сумным,
Таёмным нейкім і задумным
Ёсьць могілкі сірот, бадзякаў
І вольнадумцаў, і ваякаў
За волю розуму і думкі,
За сьмелыя свае лятункі.
Равом абведзеныя плыткім,
Паросшым зельлем нейкім брыдкім,
Яны аддзелены гарою,
Калючых дротаў чарадою
Ад могілкаў другіх „сьвяцейшых“
Тых нейкіх „лепшых“, багацейшых…
Тут сьпіць бядота і бунтарства,
А там мамоны валадарства.
Тут воля розуму і думкі,
А там — нябесныя лятункі.
Тут холад, голад і цярплівасьць.
Там — права, цнота, „справядлівасьць“.
Там гонар, слава, прывілеі,
А тут бунтарнікі плебеі.
Сварыліся ў жыцьці заўсёды,
Дык і няма па сьмерці згоды:
Суседзтва дротам аддзялілі,
Гарою, плотам засланілі.
Ляжыць тут той, хто быў ахвочы
Заглянуць праўдзе проста ў вочы,
І той, хто меў калісь адвагу
Паслухаць сільных моцну зьвягу;
Сьмяяўся з розных забабонаў,
З легендаў, казаных з амбонаў.
Ляжыць тут — хто не спавядаўся,
Хто страхаў пекла не баяўся,
Што знойдзе праўду меў надзею,
Казаў „праўдзівым“ — вы зладзеі!
І той, ў жыцьці зрабіў хто глупства:
Сябе прыкончыў самагубствам.
Й за бедны быў, каб заплаціці,
Дык з „лепшымі“ ня можа быці.
Ні ксёндз, ні поп ня йшоў за гэтым.
Бяз модлаў платных ў месцы гэтым
Так сама ціха пахаваны,
Як і ў жыцьці — нікім ня знаны…
Ляжаць байцы бунтарства, волі.
Ляжаць у ціхай ўсе патолі.
Ня просяць мольбаў, прабачэньня,
І не глядзяць, што ў нас ў сумленьні.
А толькі просяць пасядзеці;
На іх магілу паглядзеці,
Падумаць і застанавіцца,
Каб йсьці пасьля і з крыўдай біцца;
Ня гнуць прад цемраю паклонаў,
Сьмяяцца з розных забабонаў.