Швэйк за дзяншчыка ў фэльдкурата (1931)/Швэйк едзе сабораваць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рэлігійны дыспут Швэйк едзе сабораваць
Аповесьць
Аўтар: Яраслаў Гашак
1923 (пераклад 1931 года)
Арыгінальная назва: cs:Osudy dobrého vojáka Švejka za světové války/Švejk jde zaopatřovat
Пераклад: Міхась Зарэцкі
глава XIII часткі І рамана «Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка»

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Швэйк едзе сабораваць.

Фэльдкурат Отто Кац у задуме сядзеў над паперай, якую вось толькі прынесьлі з кашар. Гэта быў цыркуляр ваеннага міністэрства:

«Гэтым ваеннае міністэрства адмяняе на час ваенных дзеяньняў усе, якія былі дасюль, наказы, што да апошняга прычасьця вайскоўцаў. Да выкананьня і ведама вайсковага духавенства ўстанаўляюцца наступныя правілы:

§ 1. Саборваньне на фронце адмяняецца.

§ 2. Цяжка параненым і хворым не дазваляецца з мэтай саборваньня перамяшчацца ў тыл. Чынам вайсковага духавенства прапануецца вінаватых у невыкананьні гэтага незабаўна аддаваць у адпаведныя вайсковыя ўстановы дзеля далейшых росьсьледаў.

§ 3. У вайсковых шпіталях у тыле саборваньне можа адбывацца ў групавым парадку і на падставе заключэньня вайсковых лекараў, калі гэтая сьвятая цырамонія не парушае працы памянёных устаноў.

§ 4. Вайсковае духавенства абавязана па пропозыцыі галоўных лекараў шпіталяў чыніць саборваньне над асобамі, паказанымі управай шпіталю», Потым фэльдкурат прачытаў яшчэ раз адносьнік вайсковага шпіталю, у якім яму прапанавалі зьявіцца назаўтрага ў шпіталь на Карловым пляцы саборваць цяжка параненых.

Фэльдкурат гукнуў Швэйка.

— Слухайце, Швэйк, ну ці-ж гэта ня сьвінства? Нібыццам на ўсю Прагу няма ніводнага фэльдкурата апроч мяне. Чаму-б туды не паслаць хоць-бы сабе гэтага набожнага ксяндза, які начаваў у нас нядаўна? Прыдзецца нам ехаць на Карловы пляц саборваць. Я забыўся нават, як гэта робіцца.

— Што-ж, купім катахізм, пане фэльдкурат. Там пра гэта ёсьць. Катахізм духоўным айцам — усё роўна, што праводнік чужаземцам... Адзін мой знаёмы служыў у Эмавускім манастыры за гародніка. Надумаў ён зрабіцца паслушнікам, каб атрымаць расу і ня драць дарма свае вопраткі. Дзеля гэтага яму прышлося купіць катахізм і падвучыцца, як трэба хрысьціцца, як усьцерагчыся ад першароднага грэху, што значыць — мець чыстае сумленьне ды іншае глупства. Вывучаў, а пасьля прадаў цішком палавіну ўсяго ўраджаю гуркоў з манастырскага гароду ды з гвалтам вылецеў з манастыра. Неяк мы з ім сустрэліся, дык ён і кажа: «А гуркі я здолеў збахтарыць і без катахізму».

Як дасталі катахізм, фэльдкурат, гартаючы яго, сказаў:

— Ну вось, саборваньне можа чыніць толькі сьвяшчэньнік і толькі алівай, асьвенчанай біскупам. Як бачыце, Швэйк, вам няможна самому зрабіць саборваньне. Прачытайце-тка мне, як яно робіцца.

Швэйк прачытаў:

— «...робіцца так: сьвяшчэньнік памазуе органы пачуцьцёў хворага, вымаўляючы разам з гэтым малітву: «Праз гэта памазаньне, дзеля свае бясконцае літасьці, хай даруе табе бог, што ты саграшыў зрокам, слыхам, нюхам, смакам, моваю ці дотыкам».

— Цікава-б ведаць, — сказаў фэльдкурат, — як можа чалавек саграшыць, напрыклад, дотыкам? Ці не растлумачылі-б вы мне гэта?

— Розна, пане фэльдкурат. — Даткнецца, напрыклад, да чужой кішэні. Зноў-жа, калі скокі... Ці мала там чаго вырабляецца.

— А нюхам?

— Калі хто нос ад чаго-небудзь верне.

— Ну, а смакам?

— Калі хто на дзевак аблізваецца.
— А моваю?

— Ну, гэта ўжо разам з слыхам, пане фэльдкурат: калі адзін брэша, а другі яго слухае...

— Значыць, нам трэба асьвенчаная біскупам аліва, — сказаў фэльдкурат пасьля гэтых філёзофскіх разважаньняў. — Маеце вось дзесяць крон, купеце пляшачку. У інтэнданцтве такой алівы, мабыць, няма.

Швэйк пайшоў за асьвенчанай біскупам алівай. Адшукаць яе было цяжэй, чымся казачную жывую вазу ў казках Бажэны Нямцовай. Швэйк паткнуўся ў некалькі аптэкарскіх магазынаў, і ці толькі вымаўляў: «будзьце ласкавы, пляшачку асьвенчанае біскупам алівы», усюды хоць рагаталі яму ў твар, а хоць у жаху хаваліся пад стойку. Швэйк на гэта не зважаў — ён быў надзвычайна сур'ёзны. Ён паспрабаваў пашукаць па аптэках. З першае загадалі яго вывесьці. У другой памкнуліся выклікаць хуткую дапамогу, а ў трэцяй провізар сказаў яму што ў фірмы Полак на Доўгай вуліцы — гандаль алеямі і лякамі: напэўна, знойдзецца на складзе патрэбная аліва.

Фірма Полак вяла гандаль жвава. Ніводзін купец ня выходзіў адтуль без здавальненьня. Калі купец прасіў кіндэрбальзаму, яму налівалі шкіпінар, і па тым. Калі Швэйк папрасіў сьвянцонае алівы на дзесяць крон, гаспадар сказаў прыказчыку:

— Пан Таўхэн, налеце яму сто грам канаплянага алею нумар тры.

А прыказчык, загортваючы пляшачку, сказаў Швэйку, як і належыць прыказчыку:

— Найлепшы гатунак. Калі часам спатрэбіцца ляк, пакост, квачы — зрабеце ласку, зьвярнецеся да нас. Будзеце здаволены. Фірма сталая.

Тымчасам дома фэльдкурат паўтарыў з катахізму тое, чаго ня мог убіць сабе ў галаву ў сэмінарыі.

Яму дужа ўпадабаліся некаторыя надзвычай спрытныя выразы, ад якіх ён шчыра рагатаў.

«Саборваньне завецца іначай апошняе памазаньне, бо зазвычай зьяўляецца апошнім ад усіх памазаньняў, якія робяцца цэрквай над чалавекам».

«Саборваць належыць кожнага веруючага ў бога каталіка, у якога перад сьмерцю надышло прасьвятленьне розуму».

«Хворы прымае памазаньне па магчымасьці, знаходзячыся ў прытомнасьці».

Прышоў пасланец і прынёс фэльдкурату пакет з паведамленьнем пра тое, што заўтра за саборваньнем у шпіталі будзе прысутным Таварыства дваранак па рэлігійным выхаваньні ніжэйшых чынаў». Гэтае таварыства складалася з гістэрычак, якія раздавалі салдатам у шпіталях абразкі сьвятых і «Апавяданьне пра каталіцкага ваяку, які памірае за гаспадара імпэратара». На гэтай брошурцы быў малюнак фарбамі, які выяўляў поле бою. Усюды валяюцца трупы людзей і коняй, абернутыя амуніцыйныя фурманкі і гарматы ляфэтамі ўгору. На кругавідзе гарыць вёска і разрываюцца шрапнэлі. Наперадзе ляжыць, памірае салдат з адарванай нагой, а над ім схіліўшыся анёл, які нясе яму вянок з надпісам на йстужцы: «Сёньня-ж будзеш са мною ў раі». Салдат мілосна ўсьміхаецца, нібы яму падносяць марожанае.

Прачытаўшы ўсё, што было ў пакеце, Отто Кац плюнуў, падумаўшы:

— Ну й будзе заўтра клопату.

Ён ведаў гэтую «шваль», як зваў ён гэта таварыства, яшчэ па царкве сьв. Ігнацяга, дзе колькі год таму назад чытаў казаньні салдатам. У тыя часы ён яшчэ налягаў на казаньні, а гэтае «таварыства» сядзела побач з палкоўнікам. Дзьве сухарлявыя жанчыны ў чорных сукнях і з ружанцамі прычапіліся да яго неяк пасьля казаньня і поўныя дзьве гадзіны лапаталі яму пра рэлігій нае выхаваньне салдат, пакуль не дадзелі яму так, што ён сказаў: «Прабачайце, васпані, але мяне чакае капітан на партыю ў фэрбл».

— Ну, аліва ў нас ёсьць, — сказаў урачыста Швэйк, вярнуўшыся з магазыну Полак, — канапляны алей нумар тры, першы гатунак. Хопіць на цэлы батальён. Фірма сталая. Прадае таксама пакост, лякі і квачы. Цяпер нам трэба званок.

— А званок навошта?

— Званіць дарогай, каб народ зьдзяваў шапкі, як мы паедзем з божым блаславеньнем і з канапляным алеем нумар тры. Так заўсёды робіцца. Трапляліся выпадкі, што арыштоўвалі, калі хто не зьдзяваў шапкі. Летась у Жыжкаве ксёндз зьбіў сьляпога, які ў гэткім выпадку ня зьдзеў шапкі. Сьляпога апроч таго яшчэ пасадзілі, бо на судзе яму давялі, што ён ня глуханямы, а толькі сьляпы і што званок ён павінен быў чуць і ня ўводзіць іншых у зман, хоць гэта й было сярод ночы. Іншым разам людзі на нас не зьвярнулі-б увагі, а цяпер будуць шапкі скідаць. Калі вы, пане фэльдкурат, не супярэчаце, дык я ўраз здабуду званок.

Атрымаўшы дазвол, Швэйк праз паўгадзіны прынёс званок.

— Гэта ад варот заезднага двара «Крыжык», — сказаў ён. — Каштаваў мне званок пяць хвілін страху ды яшчэ давялося доўга чакаць — усё народ хадзіў міма.

— Я пайду ў кафэ, Швэйк, — сказаў фэльдкурат. — Калі хто прыдзе, хай пачакае.

Блізка праз гадзіну пасьля таго, як пайшоў фэльдкурат, прышоў паджылы чалавек, сівы, з вайсковай паставаю і строгім зіркам. Знадворны выгляд яго паказваў злосную рашучасьць. Было падобна да таго, што яго паслаў лёс зьністожыць нашу няшчасную плянэту і сьцерці яе сьляды з твару сусьвету. Гаварыў ён рэзка, суха і жорстка:

— Дома? Пайшоў у кафэ? Казаў — пачакаць? Добра, буду чакаць хоць да самага раньня. На кафэ ў яго ёсьць, а даўгі аддаваць дык няма? А яшчэ ксёндз! Цьфу!

І ён плюнуў.

— Васпан, ня плюйце тут, — сказаў Швэйк, з цікавасьцю гледзячы на незнаёмага.

— І яшчэ раз плюну, бачыце, вось так! — упарта сказаў жорсткі пан, і яшчэ раз плюнуў на падлогу. — Як яму ня сорам! А яшчэ вайсковы ксёндз! Ганьба!

— Калі вы далікатны чалавек, — зазначыў яму Швэйк, — дык павінны пазбыцца свае звычкі плюваць у чужой кватэры. Ці можа вы думаеце, што, калі выбухнула вайна, дык вы ўсё можаце сабе дазволіць? Вы павінны паводзіць сябе прыстойна, а ня так, як хуліган. Да людзей, якія вас абкружаюць, вы павінны адносіцца далікатна і не распускацца, як басяк, цывільная вы шмотка.

Суровы пан ускочыў з крэсла і, трасучыся ад злосьці, закрычаў:

— Што вы сказалі?.. Я паводжу сябе няпрыстойна? Вы, здаецца, сказалі, што я?.. Скажэце яшчэ раз...

— Паскуднік вы, во што, — сказаў Швэйк, гледзячы на яго з дакорам. — Плюе на падлогу, быццам ён у трамваі, у поезьдзе ці ў якім-небудзь публічным месцы. Я заўсёды дзівіўся, навошта ўсюды вісяць надпісы: «Плюваць забаронена», а цяпер я бачу, што гэта дзеля вас. Вас, відаць, ужо ўсюды добра ведаюць.

Твар суровага пана ўзяўся ўсімі колерамі вясёлкі, і з яго рынула цэлая патока лаянкі ў адрас Швэйка і фэльдкурата.

— Ну, скончылі вы сваю прамову? — запытаў Швэйк, калі незнаёмы зрабіў выснову: «абодвы вы нягоднікі разам з сваім фэльдкуратам». — Ці можа вы маеце што дадаць перад тым, як ляцець з ганкаў?

Але суровы пан так вычарпаў свой запас, што яму ня ўзышло на думку аніводнае больш-менш людзкае лаянкі, і ён змоўк. Швэйк вырашыў, што чакаць далейшых дадаткаў ня варта. Ён расчапіў дзьверы, паставіў суровага пана тварам да сходаў... і такога ўдару не пасароміўся-б лепшы гулец зборнай футбольнай каманды сусьветных чэмпіёнаў. Усьлед суроваму пану на сходах прагучэў Швэйкаў голас:

— Іншым разам, калі трапіце ў далікатную кампанію, будзеце паводзіць сябе прыстойна.

Суровы пан доўга хадзіў пад вокнамі і чакаў фэльдкурата. Швэйк адчыніў вакно і наглядаў за ім.

Нарэшце, госьць дачакаўся. Фэльдкурат прывёў яго да сябе ў пакой і пасадзіў на крэсла насупроць сябе.

Швэйк моўчкі прынёс плявальніцу і паставіў яе перад гасьцём.

— Што вы робіце, Швэйк?

— Дазвольце далажыць, пане фэльдкурат, з гэтым панам ужо вышла тут невялічкая няпрыемнасьць за пляваньне на падлогу.

— Пакіньце нас адных, Швэйк, у нас ёсьць сякія-такія справы. Швэйк выпрастаўся па-вайсковаму.

— Так точна, пане фэльдкурат, пакіну вас адных.

І пайшоў на кухню.

У пакоі тымчасам ішла дужа цікавая гутарка.

— Вы прышлі атрымаць грошы па вэксалі, калі не памыляюся? — запытаўся фэльдкурат у свайго госьця.

— Так, і спадзяюся...

Фэльдкурат уздыхнуў.

— Чалавек часьцяком трапляе ў такое становішча, што яму нічога больш не выпадае рабіць, як толькі спадзявацца. О, як прыгожа гучыць слова «надзея» з тае высока-поэтычнае трыяды «Вера, Надзея, Любоў», якая ўздымае чалавека над жыцьцёвай будзеннасьцю...

— Я спадзяюся, пан палкавы ксёндз, што сума...

— Бязумоўна, васпане, — перапыніў яго фэльдкурат, — магу яшчэ раз паўтарыць, што слова «надзея» надае чалавеку сілы ў яго жыцьцёвым змаганьні. Ня губляйце і вы надзеі. Як добра мець пэўны ідэал, быць бязьвінным, бязгрэшным стварэньнем, якое дае грошы пад вэксалі і спадзяецца атрымаць сваячасова грошы назад. Спадзявацца заўсёды спадзявацца, што я за плачу вам тысячу дзьвесьці крон, тымчасам, як у мяне ў кішэні няма і поўнае сотні.

— У такім разе вы... — захліпнуўся госьць.

— У такім разе я... — адказаў фэльдкурат.

На гасьцёвым твары зьявілася зноў упартая і злосная міна.

— Васпан, гэта жульніцтва! — сказаў ён, устаючы.

— Супакойцеся, даражэнькі...

— Гэта — жульніцтва! — закрычаў госьць. — Вы скарысталі маю даверлівасьць...

— Васпан, — сказаў фэльдкурат, — вам бязумоўна не пашкодзіць перамена паветра. Тут надта горача. Швэйк! — крыкнуў ён. — Гэтаму пану трэба падыхаць сьвежым паветрам.

— Дазвольце далажыць, пане фэльдкурат, — пачулася з кухні, — я яго ўжо раз выкінуў.

— Паўтарыць! — скамандаваў фэльдкурат і каманда была выпаўнена хутка і спрытна.

Вярнуўшыся з ганкаў, Швэйк сказаў:

— Добра, што мы адкараскаліся ад яго пакуль ён ня ўправіўся яшчэ набуяніць... Быў у Малешыцы адзін шынкар, вялікі грамацей, і ў яго на ўсё былі цытаты з сьвятога пісьма. Калі яму даводзілася лупцаваць каго-небудзь бізуном з бычынага жыльля, ён заўсёды прыгава рваў: «Хто шкадуе лазы, той ненавідзе сына свайго, а хто яго любіць, той у пару карае яго... Я табе пакажу, як біцца ў мяне ў шынку».

— Вось бачыце, Швэйк, што напаткае кожнага, хто не шануе ксяндза, — усьміхнуўся фэльдкурат. — Сьвяты Ян Златавуст сказаў: «Хто шануе пастыра свайго, той шануе хрыста ў пастыры сваім, а хто зьневажае пастыра, той зьневажае госпада, намесьнікам якога ёсьць пастыр»... Да заўтрашняга саборваньня нам трэба добра падрыхтавацца. Засмажце яечню з вянглінай, згатуйце пунш-бордо, а потым ахвяруем сябе на душэўныя разважаньні, бо, як сказана ў вячэрняй малітве: «Божай літасьцю адхілены ўсе падступствы ворагаў супроць дому гэтага».

Бываюць на сьвеце трывалыя людзі — да іх належыў і чалавек, двойчы выкінуты з фэльдкуратавае кватэры. Ці толькі згатавалі вячэру, нехта пазваніў. Швэйк пайшоў адчыніць, неўзабаве вярнуўся і далажыў:

— Ён зноў тут, пане фэльдкурат, я яго да часу замкнуў у ванным пакоі, каб нам можна было спакойна павячэраць.

— Нядобра, вы зрабілі, Швэйк, — сказаў фэльдкурат, — госьць у хату — бог у хату. У даўнейшыя часы на банкетах прымушалі блазнаў пацяшаць гасьцей. Прывядзеце-тка яго сюды, хай ён нас трохі пацешыць.

Праз хвіліну Швэйк вярнуўся з настойлівым панам. Пан глядзеў пахмура.

— Сядайце, — ласкава запрасіў фэльдкурат. — Мы якраз канчаем вячэру. Мы толькі вось елі омара і ласасіну, а цяпер узяліся за яечню з вянглінай. Чаму нам не параскашавацца, калі на сьвеце ёсьць людзі, якія пазычаюць грошы?

— Спадзяюся, што я тут не для жартаў, — сказаў пахмуры пан. — Я тут сёньня ўжо трэці раз. Спадзяюся, што цяпер усё высьветліцца.

— Дазвольце далажыць, пане фэльдкурат, — зазначыў Швэйк, — гэта-ж гідра. Накшталт аднаго Броушака з Лібні. Восемнаццаць разоў узапар яго выкідалі з піўніцы «Экснэр», і што раз ён варочаўся, — бач, «забыўся люльку». Ён лез у дзьверы, у вокны, праз кухню, праз сьцены, праз склеп і, мабыць, спусьціўся-б па коміну, каб яго са страхі не зьнялі пажарнікі. Такі быў насядзісты хлопец, мог быць міністрам або паслом! Наклалі яму, як мае быць!

Настойлівы пан, не ўважаючы на тое, што кажуць, упарта паўтараў:

— Я хочу канчаткова высьветліць нашыя справы і прашу мяне паслухаць. — Гэта вам дазваляецца, — сказаў фэльдкурат. — Кажэце, даражэнькі. Кажэце, колькі ўлезе, а мы пакуль што будзем далей банкетваць. Спадзяюся, што гэта ня будзе перашкаджаць вашай гаворцы? Швэйк, падавайце на стол.

— Як вам вядома, — сказаў настойлівы пан, — цяпер вайна. Я пазычыў вам гэтую суму да вайны і, каб не вайна, так-бы настойліва не спаганяў. Але я ўправіўся ўжо здабыць дрэнную практыку.

Ён выняў з кішэні запісную кніжку.

— Тут у мяне ўсё запісана. Паручнік Яната быў мне вінават семсот крон, але, не ўважаючы на гэта, ён пастараўся загінуць у баі на Дрыне. Падпаручнік Прашэк трапіў у палон на рускім фронце, а ён мне вінават дзьве тысячы крон. Капітан Віхтэрлэ, завінаваціўшыся ў мяне на гэткую самую суму, не спасьцярогся і быў забіты сваімі ўласнымі салдатамі каля рускае Равы. Паручнік Махэк папаўся ў Сэрбіі ў палон, а ён вінават мне паўтары тысячы крон. І ці мала гэткіх? Адзін гіне на Карпатах з незаплочаным мне вэксалем, другі трапляе ў палон, трэці, як на зло мне, топіцца ў Сэрбіі, а чацьверты памірае ў шпіталі ў Вэнгрыі. Цяпер вы разумееце, чаму я непакоюся? Гэтая вайна загубіць мяне, калі я ня буду энэр гійны ды неўгаворны. Вы мне можаце пярэчыць, што вам не пагражае непасрэдная небясьпека. Дык зірнеце!

Ён тыркануў пад нос фэльдкурату сваю запісную кніжку.

— Бачыце: фэльдкурат Матыяш памёр тыдзень таму ў заразным шпіталі ў Брнэ. Хоць ты гвалту крычы. Не заплаціў мне тысячу восемсот крон ды ідзе ў халерны барак саборваць нейкага чалавека, да якога ніякіх адносін ня мае.

— Гэта быў яго абавязак, мілы чалавек, — сказаў фэльдкурат. — Я тож пайду заўтра саборваць.

— І тож у халерны барак, — зазначыў Швэйк. — Вы можаце пайсьці з намі, зірнуць, што значыць — ахвяраваць сабой.

— Пане палкавы ксёндз, — сказаў настойлівы пан, — дайце веры, я згалеў дашчэнту. Вайна вядзецца, як відаць, затым, каб перавесьці на той сьвет усіх маіх вінавайцаў.

— Калі вас павалакуць на вайсковую службу, — зноў утырыўся ў гутарку Швэйк — мы з панам фэльдкуратам адправім малебен, каб з боскай дапамогай самая першая граната выправіла вас на той сьвет.

— Васпан, я прышоў да вас за сур'ёзнай справай, — сказала гідра, зьвярнуўшыся да фэльдкурата. — Настойна прашу вас забараніць вашаму дзяншчыку лезьці ў нашыя справы і даць нам магчымасьць іх скончыць.

— Прабачайце, пане фэльдкурат, — адгукнуўся Швэйк, — будзьце ласкавы, самі загадайце мне, каб ня лез у вашыя справы, бо іначай я й надалей буду абараняць вашыя інтарэсы, як належыць кожнаму шчыраму салдату. Гэты пан мае сваю рацыю — яму хочацца пайсьці адсюль самому, без староньняе дапамогі. Ды й я ня люблю скандалаў, — я чалавек далікатны.

— Мне ўжо гэтая справа пачынае дакучаць, Швэйк — сказаў фэльдкурат, нібы не прымячаючы прысутнасьці гасьця. — Я думаў, што ён нас пацешыць, раскажа нам якія-небудзь анэкдоты, а ён вымагае, каб я рэкомэндаваў вам ня лезьці ў ягоныя справы, не зважаючы на тое, што вы два разы ўжо мелі з ім справу. У вечар перад такой важнай рэлігійнай цырамоніяй, калі ўсе пачуцьці свае я павінен ўзьнесьці да бога, ён чэпіцца да мяне з нейкай недарэчнай гісторыяй пра няшчасныя тысяча дзьвесьці крон, адхіляе мяне ад іспыту майго сумленьня, ад бога, і дамагаецца таго, каб я яму яшчэ раз сказаў, што цяпер ня дам. Ня хочу я з ім больш гутарыць, каб не апаганьваць гэтага сьвятога вечару. Скажыце яму, Швэйк: «Пан фэльдкурат вам нічога ня дасьць».

Швэйк выканаў загад, раўнуўшы гэта гасьцю ў самае вуха.

Адылі настойлівы пан застаўся на месцы.

— Швэйк, — сказаў фэльдкурат, — запытайся яго, ці доўга ён яшчэ мае сядзець тут?

— Я не крануся з месца, пакуль мне ня будзе заплочана, — упарта заявіла гідра.

Фэльдкурат устаў, падышоў да вакна і сказаў:

— У такім разе, перадаю яго вам, Швэйк. Рабеце з ім, што хочаце.

— Пойдзем, васпане, — сказаў Швэйк, узяўшы гасьця за плечы. — Бог тройцу любіць.

І паўтарыў сваё практыкаваньне шпарка й шыкоўна пад хаўтурны марш, які тарабаніў на ваконнай шыбе фэльдкурат.

Вечар, прысьвечаны душэўным разважаньням, прайшоў праз некалькі фаз. Фэльдкурат так шчыра і палка імкнуўся да бога, што ўжо а дванаццатай гадзіне ўначы па кватэры разьлягалася яго пяяньне:

Калі ў паход мы зьбіраліся,

Дзеўкі сьлязьмі абліваліся...

З ім разам сьпяваў і добры ваяка Швэйк.
* * *

У вайсковым шпіталі саборваньня патрабавалі двое: стары і афіцэр з запасных, былы банкаўскі чыноўнік. Абодвы яны дасталі сабе па кулі ў жывот і ляжалі побач. Афіцэр з запасных уважаў за свой абавязак саборвацца, бо яго начальнік, майор, жадаў прыняць саборваньне, і ён, падлеглы, лічыў, што парушыць дысцыпліну, калі ня дасьць сябе саборваць. Набожны майор меў поўную рахубу — ён меркаваў, што малітва вылечыць яго ад хваробы. Адылі ўначы перад саборваньнем абодвы памёрлі, і калі раніцай у шпіталь зьявіліся фэльдкурат са Швэйкам, абодва ваякі ляжалі пад посьцілкамі са счарнелымі, як у задаўленьнікаў, тварамі.

— Эх, якога форсу мы з вамі напусьцілі, пане фэльдкурат, а цяпер нам увесь інтарэс сапсавалі! — абураўся Швэйк, калі ў канцылярыі ім паведамілі, што тым дваім ужо больш нічога ня трэба.

І сапраўды, форсу яны напусьцілі. Ехалі яны ў карахвашцы, Швэйк званіў, а фэльдкурат трымаў у руцэ пляшачку з алеем, загарнутую ў сарвэтку, і бласлаўляў ёю падарожнікаў, якія з сур'ёзным выглядам зьдзявалі шапкі. Праўда, што іх было ня надта многа, хоць Швэйк і стараўся нарабіць сваім званком як мага болей шуму. За карахвашкай беглі падшывальцы, адзін з іх падчапіўся ззаду да карахвашкі, а ўсе іншыя крычалі ў адзін голас:

— Гэй, ззаду, ззаду...

Швэйк званіў на ўсе застаўкі, рамізьнік сьцёбаў каня. На Вадзічкавай вуліцы карахвашку дагнала нейкая швэйцарыха, сябра хрысьціянскага таварыства сьвятой Марыі, ўзяла блаславеньне на ўсім хаду ад фэльдкурата, перахрысьцілася, потым злосна плюнула і крыкнула:

— Скачуць, як чэрці! Да сьмерці загналі! — і, задыхаўшыся, вярнулася на сваё старое месца.

Званок найбольш турбаваў рамізьнікаву шаўлюгу, у якой, мабыць, з гэтым гукам былі злучаны нейкія ўспаміны юнацтва; прынамсі яна бесьперапынку азіралася назад і часамі памыкалася пусьціцца ў скокі сярод вуліцы.

Гэта і быў той «форс», пра які казаў Швэйк.

Фэльдкурат пашоў у канцылярыю высьветліць фінансавы бок саборваньня і налічыў дзелаводу шпіталя, што ваенна-мэдыцынскае ведамства вінавата яму, фэльдкурату, блізка сто пяцьдзесят крон за сьвянцоны алей і за дарогу. Потым адбылася спрэчка на гэтую тэму паміж га лоўным лекарам шпіталю і фэльдкуратам. Фэльдкурат, стукаючы кулаком аб стол, адчыкрыжыў:

— Ня думайце, капітан, што саборваньне робіцца на дармаўшчыну. Як драгунскага афіцэра камандыруюць на конскі завод за рамонтам, яму-ж плоцяць камандыровачныя! Вельмі шкода, што тыя двое не дачакаліся саборваньня, а то-б я ўзяў на пяцьдзесят крон даражэй.

Швэйк чакаў фэльдкурата ўнізе, у калавурцы, з пляшачкай сьвятога алею, якая абуджала сярод салдат шчырую цікавасьць. Адзін з іх выказаў думку, што гэты алей цалком прыдатны да чышчэньня вінтовак і штыхоў. Малады салдацік з Чэхамараўскага ўзвышша, які яшчэ верыў у бога, прасіў не гаварыць гэткага і не спрачацца аб сьвятых рэчах:

— Мы павінны быць сумленнымі хрысьціянамі.

Стары ратнік паглядзеў на блазьнюка і сказаў:

— Ты думаеш, што вера захавае тваю мазгаўню ад шрапнелі? Досыць нас чмуцілі. Перад вайной прыяжджаў да нас адзін дэпутат клерыкалі і гаварыў пра царства божае на зямлі. Госпад бог ня хоча вайны і хоча, каб усе жылі ў лагодзе, па-братэрску. А ці толькі выбухнула вайна, па ўсіх касьцёлах зачалі маліцца за перамогу нашага войска, а пра бога сталі гаварыць не раўнуючы, як пра начальніка генэральнага штабу, які кіруе ўсімі ваеннымі дзеяньнямі. Адгледзеўся я на пахаваньні ў гэтым шпіталі. А колькі паадціналі рук ды ног. Проста вазамі возяць.

— Салдатаў хаваюць галяком, — сказаў другі, — а адзежу з мерцьвяка надзяваюць на жывога. Так на круг і йдзе.

— Пакуль мы ня выйграем вайну, — зазначыў Швэйк.

— Дзіва, што гэткае мурло выйграе, — адгукнуўся з кутка капрал. — На фронт трэба такіх, пагнаць вас на штыхі, к чорту-матары, у ваўчыныя ямы, супроць мінамётаў. Валяцца ў тыле кожны зух, а вось паміраць дык нікому ня хочацца.

— А я думаю, як гэта прыемна памерці пад штыхом! — сказаў Швэйк. — Някепска таксама атрымаць кулю ў чэрава, а найлепш, калі чалавека разрывае граната, а ён глядзіць ды думае, чаму ў яго ногі з жыватом адлятаюць некуды на ўзьвей-вецер. І так яму гэта дзіўна, што ён з дзіва памірае раней, чымся хто ўправіцца яму растлумачыць.

Маладзенькі салдат шчыра ўздыхнуў. Яму шкода стала свайго маладога жыцьця. Навошта ён толькі радзіўся ў гэты бязглузды час? Каб яго зарэзалі, як карову ў разьніцы? І нашто гэта ўсё?

Адзін салдат, былы настаўнік, нібы прачытаўшы ягоныя думкі, зазначыў:

— Іншыя вучоныя тлумачаць вайну зьяўленьнем плям на сонцы. Ці толькі зьявіцца гэткая-такая пляма, заўсёды на зямлі адбываецца катастрофа. Забраньне Корфагену...

— Адкасьніцеся вы з сваёй вучонасьцю, — перапыніў яго капрал. — Вымецьце лепш падлогу, сёньня ваша чарга. Які нам клопат да нейкае там плямы на сонцы! Хай іх там дваццаць будзе, з іх сабе кажуха не пашыеш!

— Плямы на сонцы сапраўды маюць вялікае значэньне, — утыкнуўся ў гаворку Швэйк. — Аднаго разу зьявілася на сонцы пляма і таго самага дню мяне зьбілі ў шынку «У Банзэтаў», у Нусьлях. З таго часу перш, чымся куды-небудзь пайсьці, я гляджу ў газэце, ці не зьявілася зноў якая-небудзь пляма на сонцы. І калі зьявіцца і пляма, дык — бывайце здаровы! — нікуды я ня йду і чакаю, пакуль пройдзе час. Як яшчэ вулькан Монпэле зьнішчыў быў цэлую выспу Мартынік, адзін профэсар напісаў у «Нацыянальнай Політыцы», што даўно ўжо зварачаў увагу чытачоў на вялікую сонечную пляму. А «Нацыянальная Політыка» ў пару на выспу ня трапіла, дык яны й загрымелі.

Тымчасам фэльдкурат наткнуўся ў канцылярыі на адну даму «Таварыства дваранак па рэлігійным выхаваньні ніжэйшых чыноў», старую, брыдкую ведзьму, якая ад самага раньня цягалася па шпіталі ды раздавала направа й налева абразкі сьвятыя. Хворыя і параненыя салдаты кідалі іх у плявацельніцы.

Пад час свайго абходу яна раздражняла ўсіх сваёй дурной гаворкай пра тое, што трэба шчыра жалкаваць аб сваіх грахох і паправіцца, каб пасьля сьмерці міласэрны бог дараваў ім вечнае спасеньне.

Яна была бледая, калі гутарыла з фэльдкуратам.

— Гэтая вайна, замест таго, каб па-шляхетнаму выхоўваць салдатаў, робіць з іх зьвяроў. Унізе, у палаце, гэтыя зладзеі паказалі ёй язык і сказалі ёй, што яна «хара» і «асьліца валаамава».

— Сапраўды, гэта нешта страшэннае, пане фэльдкурат. Народ так разбэсьціўся...

I яна завяла гаворку пра тое, як яна ўяўляе сабе рэлігійнае выхаваньне салдата. Толькі тады салдат адважна змагаецца за свайго імпэратара, калі ён верыць у бога і повен рэлігійных пачуцьцёў. Толькі тады ён не баіцца сьмерці, бо ведае, што яго чакае рай.

Гэтая лапатуха яшчэ ці мала несла розную лухту, і відаць было, што яна мае замер доўга яшчэ не пакідаць фэльдкурата. Фэльдкурат без асаблівае далікатнасьці адвітаўся.

— Едзем дамоў, Швэйк, — крыкнуў ён у калавурку.

Едучы назад, яны ўжо ніякага форсу не задавалі.

— У наступны раз хай едзе саборваць хто-хоця, — сказаў фэльдкурат. — Чалавеку прыходзіцца таргавацца за кожную душу, якую ён хоча ратаваць. Бюрократы! Паскуднікі!

Угледзеўшы ў Швейка ў руках пляшачку з «сьвянцоным алеем», ён насупіўся:

— Лепей за ўсё, Швейк, памажце гэтым алеем боты і сабе, і мне.

— Я яшчэ паспрабую памазаць гэтым замок у дзьвярох, а то ён дужа рыпіць, калі вы ўначы прыходзіце дахаты.

Так скончылася, не пачынаўшыся, саборваньне.