Галоўлітбел № 13349. (У ліку 1.500 экз.) Менск, 2 друкарня БДВ. № 413.
Прынечаным народам Усходу і Захаду прысьвячаю.
Вандравалі гора з бядою,
вандравалі ня год і ня два…
Пралілося віно дарагое
на вузорны пэрсідзкі дыван.
Ад Марока да Гімалаеў
дражняць неба жоўтыя скалы:
Ой, ня раз там зубы ламалі
аб белыя косьці шакалы;
ой ды шмат дзесяткаў стагодзьдзяў
прапаўзло над сівымі гарамі,
і цяпер яшчэ там карагодзяць
магомэты, будды і брамы…
А сягоньня ўздым лятуценьняў
векавечны сон пакарыў
і наўкола імені — Ленін —
сабіраюцца бунтары…
Вандравала гора з бядою,
вандравала ня год і ня два.
Не пральлецца віно дарагое
на вузорны пэрсідзкі дыван.
Сёньня кроў яшчэ можа льлецца,
але заўтра —
вялікі паход…
Вось зачым на роднай жалейцы
граю я пра бунтуючы ўсход.
∗ ∗ ∗
Можа ня кожны чытае,
ня кожны чуе балючы крык…
Недзе там, на палёх Кітая,
абвясьціў дыктатуру штык.
Кітай —
гэта жоўтая такая краіна…
Кітай —
увесь у мінулым.
А мінулае —
багдыханы й мандарыны,
ды чатырыста міліёнаў кулі.
Быльлём зарасьлі мінуўшчыны тропы
і няма ні кос, ні мандарынаў…
Праз гарматы бабулька Эўропа
з Кітаем загаварыла.
На палёх Кітая сьвішчуць кулі,
на палёх Кітая вытаптаны рыс:
моцна селі на плечы пакорных кулі
нязьлічаныя гаспадары.
Ах, як ныюць балючыя раны!..
Павучыньне гвалту апляло Кітай.
Толькі броняносцаў чорнай зграяй
ўпіўся ў сэрца белы капітал…
З сіні таемнай,
з узгор‘яў Цібету
пырснула новая рань —
веюць з Кантону новыя ветры,
будзіць
байцоў
Гоміндан…
Гэй,
паднімаюцца сонныя кулі…
Цешся да часу, Гонг-Конг!..
Бачыш,
сьцяг Гоміндана ўзьмятнула
сівая крыўда вякоў.
Чуеш,
фанфары грымяць пад Шанхаем,
пачырванела вада ў Хоан-Хо —
рвецца
зары на спатканьне
кітайскай вясны лёдаход…
Блізка ўжо, блізка дзень доўгажданы.
Грай перамогу, вецер!..
Дзень,
што запаліць агонь Гоміндана,
сонцам інакшым засьвеціць.
Выткалі неба буйным узорам
гнеўныя выбухі сталі…
Новае раньне
кулямі ўзора
гніль эўропэйскіх кварталаў.
1
Праз жоўтыя прасторы
імкнецца Хоан-Хо…
Блішчыць трубой над морам
ангельскі параход.
Вясною галаледзьдзе
згубіла гаолян…
На бацькаўшчыну едзе
з Амэрыкі Чы-Ванг.
Раве і стогне мора,
дзьме хвалямі у мол
і белаю разорай
пас пены за кармой.
Каб меў, здаецца, крыльлі,
рвануўся-б цераз борт!..
Ах, гэта хвалі ўзмылі —
яшчэ далёка порт!..
Шанхай — вялікі горад,
Фабрычных труб пятля…
Знашоў Чы-Ванг праз горы,
знашоў знаёмы шлях.
2
Ах, як роўна шуміць гаолян,
сонца тчэ залатую пражу!..
З сэрцам гарачым Чы-Ванг
вяртаецца ў родную фанзу.
Дваццаць гадоў, як адзін мамэнт
(недароды выгналі з поля).
А сягоньня бостонскі студэнт
вярнуўся да родных раздольляў…
Дар чужыны — халодны кольт
і чырвоны білет у кішэні.
О, Чы-Ванг навекі расколе
жоўтыя чары жэнь-шэня.
Да маткі, да бацькі — толькі дзень,
праца на бераг кліча —
не забыць, не забыць нідзе
мінулых трывог аблічча!..
Пырскае пылам сталёвы конь —
жвава ходзяць пэдалі…
Ах, як лёгка з такім ездаком
рвацца ў жоўтыя далі!
Ў думках па полі ўжо зазьвінеў
плуг, а за ім і трактар…
Жоўтых рабоў пазнае гнеў
місіонэр-сабака!..
Помніць Чы-Ванг…
Яшчэ не забыў,
не забудзе ніколі зьдзеку —
пастар-ангелец так моцна біў
бояў бамбукавым стэкам.
Помніць…
Залілася крыўдай душа,
калі мора заслала бераг…
Пастараў гэткіх ён бачыў шмат
у банках, у трэстах Амэрыкі.
Першыя веды з засаленых кніг,
першая школа вячэрняя:
не загасіць імкненьняў агні —
што ім жыцьцёвыя церні!..
Рвіся, рвіся, сталёвы конь!..
Мэта бліжэй, што хвіля!..
Ах, як лёгка з такім ездаком
мерыць ангельскія мілі!
Пачырванела вада ў Хоан-Хо,
сонца зламала праслы —
ноч недалёка,
імгла над ракой
сьцеле свае перавяслы.
Эх, недалёка:
абгонім туман,
мне хіба верыць казкам!..
...........
Як у тумане
убачыў Чы-Ванг
попел згарэўшай фанзы.
Круціцца жоўта-зялёны ліст.
Ноч — для ўсіх адпачынак…
Чы-Ванг — комуністы…
Чы-Ванг —
ізноў на машыну.
Зубы на хвілю сьціснуў Чы-Ванг…
А далей…
Справа чакае!..
Ах, як сумна шуміць гаолян!..
Ах, як нуду навявае!..
3
Ня шуміць над ракою трысьцё,
ня сінеюць лугі дыванамі;
і балот глухі прастор
каменьнямі ў зямлю загнаны,
Толькі выгляне сонца з-за гор —
ажывае бяздушны камень,
і ад флагаў
стракаты порт,
і паветра
зьвініць
гудкамі…
Ўздох сутарэньняў —
на покліч гудкоў:
змору змагаюць людзі.
Вуліц сутоньне
людзкою ракой —
на фабрыку нельга марудзіць.
Колькі іх, колькі!..
і ўсе, як адзін,
і ўсе —
толькі здань чалавека:
з голай сьпіны гэтак страшна глядзіць
сьлед ангельскага стэка…
Зубы расчэпіць кіпучы завод,
мяса глыне жывога…
...........
Тым,
што жылі і жывуць без забот,
што ім сьмерці загоны?..
4
Беднае сонца! Ангельскіх левоў
сонца Шанхая ня спаліць…
Перад пасольствам сінее ствол
на белым плячы сіпая.
Насупроць, на дубовым шчыце —
зоркі вялікай Амэрыкі,
краіны, дзе крыўда так буйна цьвіце,
дзе гора людзкое ня зьмерана.
Грозна глядзіць чужаземны квартал
у цемру шанхайскіх завулкаў…
Чуць што —
кулямёт запяе: тра-та-та…
Застогнуць гарматы гулка.
Дзе ты, дзе ты, грозны дракон?..
Не дракон ты — старая жаба:
бачыш, Кітаю дыктуе закон
голас Эўропы ржавай!..
5
Выходзіць месяц
з-за жоўтых гор.
На варце крэйсэр
„Кароль Георг“.
Даўно матросам
уэлец Джон.
Шэсьць футаў росту
і дужы ён.
Ў начных прытонах
п‘яніць танго…
Ўжо стукнуў Джону
дваццаты год.
Ня ціхне мора —
б‘е ў бераг бельлю;
Джон помніць добра,
што ён ангелец.
Джон вельмі горды
сваёй айчынай —
гатоў заўсёды.
дапамагчы ёй.
І Джон ня відзеў
ніколі кніг —
яго дэвізам —
„God save the king!..“
6
Цела — ня камень.
Камень, і той —
ударыш — можа рассыпацца.
А завод разрывае нутро
мільёнагалосым хрыпам.
Дванаццаць гадзін — цярпець няма сіл:
думкі — ў жалезным угары —
сьмерць у дымным адценьні машын
лічыць свае ахвяры…
Ад дзяцінства да змроку жыцьця…
Голад людзей закабаліў!..
Што з таго, што Дракона сяцяг
мерыў такія далі?..
Што з таго, што паўстаў Чжан-Цзо-Лін,
выгнаў чжылійцаў Пекін?..
Лівень новай крыві заліў
змучаных кулі павекі.
У той-жа час гудок гудзіць,
раніцу дымам пеніць…
Таварышы!
Дванаццаць гадзін —
няма ні сіл, ні цярпеньня!..
7
Позна на крэйсэр вярнуўся Джон…
Была на беразе качка:
Джон помніць, нібы праз сон —
грошы кідаў сьпявачкам…
Хіліла ў сон, але боцман-гад
ня даў спачыць ні хвіліны:
— На бераг за зброяй, — загад.
Джон сьпяшыць — дысцыпліна.
Лёгка хвалі ўзразае бот…
— Рыхтуй, баявыя патроны!
Сэрца шапнула —
будзе бой!..
А з кім — усё роўна.
У шэрані вуліц сінеюць штыкі,
грукатам гулкім —
узвод за ўзводам…
Сягоньня маўчаць гудкі —
сталі заводы;
Шэраньню вуліц — у жоўты квартал…
Дыхаюць дымам
заводзкія брамы…
Чуеш, айчына!
Кітай паўстаў!..
Ужо гром грыміць за гарамі…
Сіняй лаве каманда: „Стоп!..“
Стрэльбы к плячам прыстылі…
Ад краю да краю людзкі натоўп
запеніў вуліцу пылам.
Дарам ня траціў слоў офіцэр —
па шэрагах рэзка:
„Цэлься!..“
Мільганулі
і
зьніклі з вачэй
у Джона капальні Уэльса.
Джон ня чытаў ніякіх кніг:
матрос — не соцыялісты.
Джон знае:
„God save the king“
і хмельную слодыч віскі.
Жоўтым рабам невядомы бой.
Паўстаньне для іх навінка…
Гулам сполаху вуліц забой
жоўтыя грудзі зьвілі.
Фабрыканта замучыў сплін
і Шанхай ён надоўга пакінуў…
Тонкаю іскрай — каманда:
„Плі!..“
І
залп
у жоўтыя сьпіны.
Поэты ўсіх народаў і рас!..
Напоўніце песьні сьлязамі.
А у нас…
Сьлёз ня будзе у нас,
бо сьляза не расколе камень.
Знаем мы —
з адвечнай імглы
прабіваецца раніцы золак…
Прыдзе час
і на цэлай зямлі
зацьвітуць агнявыя узоры.
9
Мне казала бабуля казку
пра старога шэрага воўка,
што зубамі, як шаблямі, ляскаў
і ня зносіў нічога жывога…
Ой, ляжыш ты, бабуля, ў нетрах
халоднага жвіру магілы,
а ня знаеш, што воўкаў гэткіх —
цяпер і ўлада і сіла!..
Залатым аксамітам восень
захавалася ў жоўтых імшарах…
Зьлітаваньня Чы-Ванг не папросіць,
не папросіць у белых жандараў.
Помніш?..
Мітынг…
Калёраў сутоньне…
Змрокам падкраўся вечар…
Гаварыў Чы-Ванг пра тое,
што рабочаму цяжка жывецца;
гаварыў, што за жменьку рысу сілы ня варта траціць;
гаварыў, што ня трэба карыцца,
бо сьветам кіруе праца…
— Крывёю агня не затопяць, —
гаварыў комуністы Чы-Ванг…
А ў прытонах
дыміўся опіум,
ў чайных доміках
біў барабан…
Сіні шоўк ткалі ночы кросны…
Замоўк жыцьця пераліў…
Прышлі шэсьць ангельскіх матросаў
і Чы-Ванга з сабой павялі…
Там, на крэйсэры —
пыткі, дапросы…
Можа
самая страшная кара…
Зьлітаваньня Чы-Ванг не папросіць,
не папросіць у белых жандараў!..
9
Ну, і як-жа тут не зазлавацца —
Джон на бераг хацеў пагуляць,
а Джона з вечару карцэр
паставілі пільнаваць!..
Як можа, Джон каратае
варты цягучы час:
у карцэры —
комуністы кітаец —
да раніцы трэба тарчаць…
Бераг зьвініць агнямі…
Джону казалі сябры:
— Джон, ня пойдзеш з намі?..
А Джон зубамі скрыпнуў…