І вось канец дарозе дальняй.
Нязнаны і далёкі край…
І над тайгой, як стужка сталі,
небеларуская зара.
Чамусьці моўкне сьмех і гоман:
штось прымушае разважаць —
страх перад будучыняй цёмнай,
Ці па пакінутаму жаль…
Суровы край. У срэбных шатах
павеяў вечар стыньню злой.
Плялі вянкі сабе дзяўчаты,
агні палілі пад тайгой.
Суровы край. Куды ні глянеш —
колёны кедраў, воўна піхт,
нябёсы з сіняй парцэляны
І зор зялёныя снапы.
І працы будзе тут багата!..
Ня стане сіл, сасмагне кроў.
Беларусы збудуюць хаты
на цаліне другіх краёў…
........
Мо‘ там, на бацькаўшчыне цесна —
І шмат людзей, і шмат балот.
Мо‘ тут вальней сьлязам і песьні
тут… за птушыны пералёт…
Там шмат людзей і казак болей,
Лясы, вазёры, паплавы.
Там межы на убогім полі
Палын, ды быльнік аплялі
..............
Дык вось яно, гаротных выйсьце,
каб песьням сьветлым празьвінець…
Тут дні люцей і ледзянісьцей,
тут сны суровей і цямней.
Цямнее зірк, цямнеюць твары:
шмат трэба працы, шмат і сіл.
каб зьнімшэлыя абшары
інакшым цьветам ўскаласіць.
Засеюць лёнам і пшаніцай
беларусы далёкі край.
Быць можа часам ім прысьніцца
зямлі пакінутай зара.
Забыты будзе хлеб з мякінай,
заглохне шлях і дальні сьлед…
О, праца марна ні загіне,
бо ў працы ўсё — жыцьцё і сьвет.
І ў працы бяз тугі, без болю
ўспаміны будуць дагараць.
„прывет табе, жыцьцё на волі!“
Прывет табе, далёкі край.
1926 г.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.