Чымган

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чымган
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1943
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




                               I

У мантыі лёгкай з празрыстай сінечы
Узносіцца ў неба магутны Чымган.
На ім спачывае халодны туман,
І хмары кладуцца на крэпкія плечы.

Як нейкі ўладар, незлічона багаты,
У розных адзеннях красуецца ён:
Дае яму сонца і колер, і тон,
Ткуць зоры і месяц яму свае шаты.

Суровы, маўклівы, як хорам спрадвечны,
Скалістыя вежы раскінуў Чымган,
Дзе непатрывожаны беркут-крылан
Адзін аглядае прастор бесканечны.

Я ў мыслях узношуся вышай Чымгана,
Туды, дзе звісае бяздонны блакіт,
Дзе свет ва ўсе бокі шырока адкрыт,
І ў мыслях гляджу я на край свой каханы.

Чымганскія высі напоўнены мірам,
На горах заснуў першабытны спакой,
А ў беднай краіне гаротнай маёй
Кроў, гора і слёзы расходзяцца вірам.

Эх, горы і скалы, даліны і кручы
І ты, нерухомы, магутны Чымган!
Не злечыце сэрца майго вы ад ран
І боль мой не сцішыце, едкі, пякучы.

                           II

Стаіць нерухома Чымган сівагрывы,
Як волат, рассунуўшы плечы.
Па схілах вандруюць святла пералівы,
Струменяцца з яснай далечы.

Унізе Чымганка шуміць, не сціхае
У жолабе вузкім каменным,
Гудзе аднатонна, і песня глухая
Даносіцца спевам нязменным.

Па скатах пажоўклых узгор’яў Чымгана
Няўцямна штось шэпчуць арыкі,
А хоры цыкад усю ноч аж да рана
Чымган услаўляюць вялікі.

Калі ж над гарамі ў жалобнай адзежы
Ноч госцяю ляжа нязванай
І знізіць і горы, і выступы-вежы,
Прыкрыўшы іх чорнай сутанай, —

Тады запалае нябёсаў скляпенне,
Гірляндамі зор загарыцца,
Разгорнецца неба ў дзівосным адзенні,
Бы хочацца небу маліцца.

Спакой урачысты, прыглушаны гукі,
А неба ўсё — рух, трапятанне.
І голас змаўкае штодзённай дакукі
Прад веліччу зорнага ззяння.

А скоціцца знічка з бліскучага луга,
Як лісцік з нябеснага гаю,
І я тады ўспомню далёкага друга,
Па кім я так часта ўздыхаю.

(1943)