Чорт-злодзей
Чорт-злодзей Беларускія народныя казкі Аўтар: народ Крыніца: http://bellib.org/2009-05-25-13-14-53/item/tales-folk/tales-folk-077.html |
Паехаў дзед араць поле. І ўзяў з сабою праснак на абед. Палажыў праснак на возе, а сам арэ.
Араў, араў, змарыўся, пайшоў да воза праснаком падсілкавацца. Прыходзіць, а тут з-пад самага носа чорт ухапіў праснак і пабег у балота.
Узлаваўся дзед на чорта ды за ім з пугаю. Прыбег на балота, бачыць — чорт у прорву праваліўся. Дзед з гарачкі таксама туды — шабулдых!
Ускочыў на дно прорвы, глядзіць, а там палац вялікі і чарцей у ім поўна.
Пачаў дзед прыглядацца, каторы чорт ухапіў яго праснак. Ды дзе яго пазнаеш: усе чэрці адной шэрсці.
— Хто ў вас тут старшы? — пытаецца дзед у чарцей.
— Ды вунь, — кажуць, — за сталом сядзіць.
Падышоў дзед да яго.
— Так і так, — расказвае сваю крыўду, — твой чорт украў мой праснак. Загадай вярнуць.
Старшы кажа:
— Шукай у маладых: старыя гэтым займацца не будуць.
Падышоў дзед да кучы маладых чарцянят:
— А ну, разяўляйце раты!
Разявілі чарцяняты раты. Паглядзеў дзед і ўбачыў у аднаго з іх у роце недаедзены праснак.
— Вось ён, мой праснак! — кажа дзед старшаму.
Старшы тупнуў на чарцяня:
— Навошта ты ў дзеда праснак украў? Дзед — чалавек бедны, а ты ў яго крадзеш. Калі так, бяры, дзед, яго да сябе, няхай адслужыць за шкоду.
Пачухаў дзед патыліцу:
— Куды мне яго браць! Мне і самому есці няма чаго. Ды і работы яму няма.
— Нічога, ён сам сабе работу знойдзе.
Згадзіўся дзед і ўзяў маладога чорта.
Прывёў яго дадому. Дасталі яны з бабаю жменьку жыта.
— Давайце я малоць буду, — кажа чорт.
— Ды нам і самім няцяжка змалоць такую крыху.
— Не, — упёрся чорт, — давайце мне малоць…
Аддалі яму жыта. Пачаў чорт малоць. Баба ўжо і хлеб замясіла, а ў жорнах поўна мукі. Пачалі дзед з бабаю муку ў засек сыпаць — цэлы засек насыпалі… Хваліць дзед чорта:
— Вось гэта дык работнік!
Паехаў дзед з чортам поле араць. Чорт кажа дзеду:
— Запрагай мяне ў саху замест каня.
Запрог дзед чорта ў саху. Той туды-сюды павярнуўся — і ўсё поле ўзараў!
— Што цяпер будзем рабіць? — пытаецца ў дзеда.
— Зямлі ў мяне больш няма, — кажа дзед.
— Дык давай возьмем у пана ляда на часць: высечам ды пасеем пшаніцу.
Ну, так і зрабілі. Чорт за адзін дзень усё ляда высек, выкарчаваў, узараў і пасеяў пшаніцу.
Добрая вырасла пшаніца. Чорт зжаў пшаніцу, у бабкі саставіў, і пачалі дзяліць: пану палавіну за ляда і дзеду палавіну за насенне і работу. Чорт кажа дзеду:
— Умаўляйся з панам так: яму воз, а нам ахапак.
Дзед так і сказаў пану. Зайздросны пан думае:
«Добра, воз не ахапак. Ашукаю я дзеда!»
Наклалі пану воз пшаніцы.
— Цяпер бяры свой ахапак, — кажа пан дзеду.
— А няхай мой памочнік возьме — я ўжо стары, мне не данесці.
— Ну, няхай сабе памочнік бярэ.
Завіхрыўся чорт па полі, сабраў у кучу ўсе снапы, згроб іх і павалок дахаты. Пан толькі вачыма лыпае…
Дома чорт дзьмухнуў на пшаніцу — яна і змалацілася. Насыпаў дзед поўныя засекі збожжа.
— А цяпер,і— кажа чорт дзеду,і— давай каня, паеду па дровы.
Запрог дзед каня. Чорт сеў і паехаў. У лесе без сякеры і пілы навырываў з карэннем самых тоўстых дрэў, наваліў воз траха не да неба, сеў зверху і цмокнуў на каняку. Конік фыркнуў ды памчаўся, дарогі не разбіраючы, — па цаліне, па кустах ды хмызняках.
Едзе дарогаю пан на чацверыку. Загледзеўся на дзіва: такі недалужны конік, а колькі дроў цягне! А яго чацвярык ледзь адну пустую брычку валачэ.
— Гэй, — кажа пан вазаку, — давай мяняцца: бяры маіх чацвёра коней, а мне аддай свайго.
— Давай.
Аддаў чорт пану дохлага каняку, забраў у яго чацвярык — і толькі яго і бачылі. Прыязджае дадому:
— Прымай, дзед, коней!
У дзеда ад дзіва і люлька з зубоў выпала:
— Дзе ты іх узяў?
— Памяняў на твайго коніка!
— Ды ў мяне ж і сена няма ім…
— Нічога, будзе і сена.
Перакінуўся чорт у парабка ды пайшоў да пана.
— Ці няма ў вас, пане, якой работы? — пытаецца чорт-парабак.
— А ёсць, — кажа пан, — вунь цэлае гумно жыта не малочана.
Пайшоў чорт у абору. Злажыў усе снапы на таку, а потым як дзьмухнуў, дык усё і змалацілася.
Паглядзеў пан: чыста змалочана!
— Што табе заплаціць за такую работу?
— Ды нічога. Дай, калі не шкадуеш, ахапак сена.
Зарадаваўся пан, што танны работнік трапіўся.
— Вунь, — кажа, — ля рэчкі стог стаіць. Наскубі сабе там ахапак сена.
Пайшоў чорт, абматаў стог вяроўкамі і павалок. Убачыў аканом. Пабег да пана:
— Ах, паночак, вы сказалі малацьбіту ўзяць ахапак сена, а ён увесь стог пацягнуў…
— Вось машэннік! — узлаваўся пан. — Выпусці на яго пару валоў — няхай яны яго заборуць!
Выпусцілі валоў, а чорт іх за рогі ды пазакідаў на стог.
— Ах, ах! — крычыць пан. — Напусціце на яго пару вепрукоў — няхай яны яму лыткі абарвуць!
Пусцілі вепрукоў. Чорт і іх за вушы ды на стог.
І прывалок усё да дзеда.
Адслужыў чорт год і кажа дзеду:
— Ну, дзед, можа, ужо адрабіў я табе за праснак?
— Дзіва што! — смяецца дзед.
— Дык адпраў мяне дадому.
— А ідзі сабе, ці ж я цябе трымаю.
Махнуў чорт хвастом і памчаўся ў сваё балота.