Вецер
віўся,
сьмяяўся,
кружыў…
Вецер
травы да долу
хіліў…
Ой, зялёныя скроні расьлін
Ў перламутры граніту завіў.
і такія
сьмяшныя сьляды
Лунных лап па уцёсах ляглі,
Фосфарыстыя ўхмылкі луны —
Нібы май ды зьвініць ў бубянцы.
Я ня ведаю, — можа й Эльбрус
Бачу я у папахах сьнягоў,
Або можа здалёку гляджу
На срабрысты туман тапалёў…
Ой, як добра
па скалах
прайсьці,
Радасьць сэрца расплёскаць у сум,
Васількі, дум ў граніт заплясьці
І граніт —
ў васількі
родных дум…
Твае словы ў сэрцы ня згінуць
— Комсамольцу пазбыцца жуды…
Ах, ты-ж, Нінка,
лясьністая Нінка, —
„Апанент“ комсамольскай журбы.
Сэрца ласкай вішнёваю плёскае,
Каласіцца жытнёвай журбой, —
Ах, з табой і сівыя уцёсы
Зажартуюць сваёй сівізной.
Беларусь!
Я табе ня здрадзіў
Ды і песьні сваёй не зманіў, —
Не зважай, што на палкім Каўказе
Я яе, як цябе, палюбіў…
Залучынілася песьняй кроў, —
Мне і тут без Беларусі цесна!
Беларусь!
Табе пішу я
проста,
З прывітаньнем —
пасылаю песьні!
Беларусь! Цябе пяю малітвай,
Палкаю малітвай Шамільляна,
Дзікаю, як бег джыгітаў,
Ласкавай, як шаль ды з Харасана.
Беларусь!
Я на палкім Каўказе,
Дзе сіней, чым на Захадзе, дні,
Беларусь! Я табе ня здрадзіў
Ды і песьні сваёй не зманіў
...........
Добра, добра на сівым Каўказе
Плёскаць сэрца кудлатаю песьняю.
Але скроні зачыніш, — адразу
Ў сэрцы
новыя
песьні —
узьвесьняць!
Міг…
І сэрца ў лапцюжнай кавылі
Ў ціхім рокаце песьні мінулае.
Хай паны мне на целе застылі
Сіняй ранай вінтоўкі сутулае.
Хай ўсе нэрвы агнямі прапалены
І цыгаркай пракураны лёгкія,
Дні, зьвінячыя голасам Сталіна,
У сэрцы сінімі грозамі плёснулі,
Помніш ветры падулі, як
Мяцелі…
Помніш — песьні мінулыя
Пелі…
„А ў полі — вярба,
Пад вярбой — вада,
Там хадзіла, там гуляла
Дзеўка малада…
… дзеўка малада,
а ў полі — вярба“…
Па гарах кавыля перапеў…
Ой, кавыль, ты мінулым —
Званчэй
Вей…
„Перапел, шэранькі. перапел,
Ой, што-ж так сумна табе“…
Так…
— З далёкіх і сініх аколіц
Успамінаў далёкіх пабед
Шлю паклон, Беларусь, табе —
У пояс
І шаўковыя песьні табе.
Па гарах кавыля перапеў.
Ой, кавыль, ты мінулым —
Званчэй
Вей!
„Перапел, шэранькі перапел,
Ой, што-ж так сумна табе?“
Лазарэт…
Ноч шаўковая:
Месяц.
Бяздоньне.
Вецер верш кучаравіць ў грудзёх.
Ночы срэбныя звоняць ў пагоні,
Захіляе мінулыя дні…
Толькі верш серабрыцца зарніцай
Ды ад жару радкі агнявей…
І ўспаміны чамусьці крынічаць
Над краінай
лясьністай
маей!
У Беларусі
жыты русы,
Песенныя ўсплёскі,
Сьвецяць зоры
ў чорным боры,
У боры чорным
зоры;
Заранеюць,
рдзеюць,
рэюць
Над саснамі снамі…
Ой, журуся,
ў Беларусь я
Песьняю імчуся.
Васількамі,
сьцебялькамі
У песьні заплятуся.
Я замарыў…
Мілай песьняй зажурыўся,
Сонца раніцы па песьню палі росы…
Ў лазарэце і ў лахмоцьцях тут сябры ўсе,
Ў лазарэце ўсе таварышы — ды й проста,
І сягоньня прынясьлі дый кінулі.
Толькі мы цыгаркай угасьцілі, —
Гэта-ж ты была, таварыш Ніна,
Маладая і зусім бяз сілы.
Добра, добра на сівым Каўказе
Плёскаць сэрца кудлатаю песьняю,
Але скроні зачыніш — адразу
Ў сэрцы
новыя.
песьні —
ўзьвесьняць!
Дзесьці бацька, сівы бацька
Зацяпліў лучыну сьветам, —
Хоча сівы бацька бачыць,
Як блукае сын па сьвеце.
Сьпяць палі,
Імжаць туманы…
Цьмянай мятай
Пахнуць сьцежкі.
На калені словы стануць:
Ці адзін сын вочы зьмежыў?
Сэрцам
і думкай
з ім зьвязаны —
Ты ня сумуй, сівы дзед,
Помнікі словамі казаны
І кавылём да іх сьлед…
І ёсьць у іншых
Свая радасьць…
У дзеда ёсьць —
Журба!..
Імжыць яна
туманным
крокам
адна…
Ой, як айцу сьпяяць пра сына?
Ой, як скажу?..
Люблю:
штандар-туман над гаем,
Люблю —
журбу…
Свае словы ў сэрцы ня згінуць
— Комсамольцу пазбыцца жуды
Ах, ты-ж, Нінка,
лясьністая Нінка, —
„Апанент“ комсамольскай журбы.
Вось таму я мінулым і ўзьвесьніў,
На паклон да цябе іду, —
Ну і можа журліваю песьняй
Я пра радасьць пявучай скажу.
Сэрцу,
сэрцу сягоньня так цесна,
есьняй сэрца сягоньня я выпяю. —
Эй, журба заплялася у песьню,
Чорнакудрую песьню маю.
Былі ночы чарней за пучыну,
Былі зоркі сьвятлей серабра…
Какахалася сэрца дзяўчыны —
Чорнакудрая радасьць мая!
Чорнакудрая радасьць аколіцы,
Васільковых напеўных палёў,
Шоўкатканы свой сьпеў, камсамолка,
На паклон да цяпе я прывёў!
|