Перайсці да зместу

Чаму мы пішам па беларуску

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чаму мы пішам па беларуску
Публіцыстыка
Аўтар: Анатоль Вольны
1924 год
Крыніца: Маладняк Калініншчыны. — 23 лістапада 1924. — №1; б. 1-2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Чаму мы пішам па беларуску.

Хто-ж ня зваў раней беларускую мову, беларускую культуру — мужыцкай. Палітыка вялікадзяржаўнага шавінізму была накірована да таго каб зьнішчыць наогул усё беларускае. Дзе ласкаю, дзе сілаю царскі закон накіровываў свае удары да таго, каб беларус адцураўся свайго пахаджэньня, свае мовы. І вынікі гэтая палітыка дала. Заможные з беларусаў здрадзілі і пайшлі ў бок да тых, хто больш плаціць за іх здраду. І толькі ў сваіх гушчах сам народ захаваў, разьвіваў сваю культуру, час ад часу выдзьвігая з сябе здольных і вялікіх змагароў. Гісторыя Беларусі мільгаціць іх імёнамі.

Да гэтага часу памылкова пашыран такі погляд, што беларус вельмі пакорны, што ён ціха маўчаў у адказ на тыя раны, што нанасіў яму царскі ўрад. Але навуковыя дасьледы асабліва апошняга часу сьведчаць саўсім іншае. Яны кажуць аб тым, што беларус-бядняк упартым гераізмам, сапраўды цудовым гераізмам змагаўся за сваё вызваленьне з пад расійскага чыноўніка і польскага пана. Вось і ў гэты час, калі пішуцца гэтыя радкі, мы ведаем, знайдзены гістарычныя паперы, якія апавядаюць аб тым, як дзясяткамі і соткамі беларусы уцякалі з Сібіры, куды іх ссылаў русіфакатарскі шавінізм. Праўда, дасьледы гэтыя кажуць і аб тым, што амаль ні водзін з уцякаўшых не дасягнуў мэты, не прабіўся на Беларусь, бо па шляху да яе згінулі, але самы гэты факт вельмі яскравы.

Далей, што гаворыць нам агульнае паўстаньне ў Заходняй Беларусі у гэты час. Яны кажуць, што бедняцкая Беларусь, ніколі ня кіне свайго змаганьня, пакуль не вызваліцца ад пана і не стане Савецкай Беларусьсю.

Дык вось гэтыя кароткія прыклады гавораць аб тым, што гісторыя нашага краю — гісторыя упартай барацьбы. Барацьбы сацыяльнай па першаму і нацыянальнай — па другому.

Але сапраўдная барацьба за сваё вызваленьне, сваю мову вялася выключна сермяжнаю, лапцюжнаю Беларусьсю.

Вось чаму усё, што ішло ат гэтай Беларусі і атрымала назву „мужыцкае“.

Вось адкуль гэтае слова. Рух двайнога вызваленьня расейскім чыноўнікам і польскім панам быў ахрышчаны, як мужыцкі рух.

Вось чаму таварышы мы ня скардзімся, калі нашу культуру называюць „мужыцкаю культураю“ — мы толькі тлумачым хто гэтак яе называе.

Улада Саветаў вызваліла Беларусь.

У рабоча селянскай Дзяржавы няма мужыцкіх і панскіх культур. У ёй ўсе культуры аднальковыя.

Вось чаму і Беларусь па закону Савецкае Улады мае магчымасьць развіцьця сваёй культуры нараўне з іншай.

І нават болей Савецкая Улада яшчэ дапамагае разьвіцьцю гэтай культуры, бо вядома ж усякаму селяніну трэба удобрыць тую землю, з якой выцягнулі столькі жывых сіл.

Вось таму таварышы што гэта наша мова, што мы ня ведаем „лепшай другой“, таму што у Савецкай стране няма панскіх і мужыцкіх культур, мы і разьвіваем беларускую культуру.

Анатолі Вольны.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.