Чаму гэта так сталася?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чаму гэта так сталася?
Брашура
Аўтар: Фабіян Акінчыц
1931 год
Правакацыя беларускага народу (1933) →

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ф.АКІНЧЫЦ


ЧАМУ ГЭТА ТАК СТАЛАСЯ?

(ДА СПРАВЫ ВЫЕЗДУ ЗАГРАНІЦУ
БЫЛЫХ ПРАВАДЫРОЎ ГРАМАДЫ)






ВІЛЬНЯ1931ГОД


Друкарня У. Знамяроўскага, Вільня, Квашэльная 23.

Чаму гэта так сталася?

(Да справы выезду заграніцу б. правадыроў Грамады).

Палажэньне, якое стварылася ў сувязі з выез­дам заграніцу часткі павадыроў б. Грамады, змушае мяне, як аднаго з яе арганізатараў, высьвятліць перад беларускім грамадзянствам некаторыя рэчы, якія могуць паказацца яму ня зусім зразумелымі.

Як падаюць газэты, б. старшыня Грамады, Б. Тарашкевіч апынуўся ў Бэрліне, а Рак-Міхайлоўскі, Мятла і Бурсэвіч у Саветах. Астаўшыся ў межах Польшчы і не пакідаючы беларускай справы, я лічу патрэбным затрымацца на тых прычынах, якія кіравалі мною, калі я адкідаючы выезд заграніцу, — гэтым самым парваў усе палітычныя сувязі, лучыўшыя мяне з выехаўшымі ня толькі ў часы нашай агульнай працы ў Грамадзе, але і ў часы амаль 4-х гадовага прабываньня ў Пазнанскіх вастрогах. Ня лёгка бывае рваць падо­бныя сувязі, тым болей узмоцненыя цяжкімі цярпеньнямі, якія мы ўсе перажывалі, маючы на мэце дабро беларускага народу.

Прынамсі для мяне, адцярпеўшага ў розныя часы, пачынаючы ад 1906 г. каля 10 гадоў турмы і ссылкі—дабро працоўнага народу было заўсёды тою кіруючаю сьцежкаю, па каторай я ішоў у сваім жыцьці. Кіраваўся я гэтым самым і цяпер, калі парваўшы ўсе палітычныя сувязі з сваімі былымі сябрамі, рашыў застацца тут, на сваей Бацькаўшчыне і працаваць на карысьць таго народу, з якога я выйшаў і сам. Парваць гэтыя сувязі і адмовіцца ад падпарадкаваньня большасьці выехаўшых павадыроў Грамады зьявілася на мой пагляд бязумоўна патрэбным, пры тых абставінах, якія стварыліся. Я лічу, што ўсе тыя, хто пакінуў у сучасны мамэнт сваю Бацькаўшчыну і сваіх былых сяброў ня толькі на волі, але і па турмах—зрабілі вялікую палітычную памылку і здрадзілі нашай нацыянальнай справе.

Бязумоўна, кожны з выехаўшых асабіста выйграў, бо атрымаў усе грамадзкія правы, добра аплачаную працу, розныя прывілеі і г. д. Пакуль што іх ганаруюць, возяць па ўсей Беларусі, вымагаючы адначасна, каб рабілі на хвабрыках і за­водах даклады, уложаныя камуністамі, вывозяць на паказ у Маскву, а потым пашлюць у Крым, дзе яны будуць адпачываць у найлепшых курортах разам з камуністычнаю „элітаю“. Што там будзе далей няведама, але пакуль што жывецца ім ня дрэнна.

Маё асабістае палажэньне куды горшае. Пазбаўлены ўсіх правоў, маю на руках чырвоны „воўчы пашпарт“, па якому абавязаны ўсюды, ку­ды толькі зьяўлюся мальдавацца, ня маю сталае працы, жыву ў недастатках, у кожную мінуту могуць схапіць і ізноў пасадзіць у вастрог для даканчэньня тэрміну кары і г. д. Але ня гледзячы на ўсё гэта, я лічу сваё палажэньне ў палітычным і моральным сэнсе куды лепшым ад таго, у якім апынуліся выехаўшыя. Трэба не забывацца таго, куды яны выехалі і хто зьяўляецца іх пратэктарам і палітычным кіраўніком. Іх вывезла з Польшчы і заапекавалася імі палітычна і матэрыяльна камуністычная партыя, а трэба ведаць, што дарма яна нічога ня робіць і рабіць ня будзе.

Апынуўшыся у такіх абставінах—яны павінны выконваць усё тое, што будзе вымагаць камуністычная партыя і яны будуць рабіць усё гэта ня столькі з перакананьня, сколькі з мусу, — і ў гэтым увесь трагізм палажэньня Б. Тарашкевіча, Мятлы і інш.

Я перакананы ў тым, што не пасьпелі яны прыехаць у Менск—як кампартыя змусіла іх рабіць выступленьні проці Некрашэвіча, Лёсіка, Цьвікевіча, Смоліча і цэлага раду іншых выдатных беларускіх сілаў, абвінавачваючы іх у г. зв. нацыял-дэмакратызме.

Могуць змусіць і да іншых рэчаў, напрыклад, каб дамагаліся разам з камуністамі найвышэйшай кары для лепшых сыноў нашае Бацьнаўшчыны.

Выежджаючы ў Саветы яны павінны былі знаць, што могуць апынуцца ў такім прыкрым палажэньні, аднак для кар’еры яны выехалі туды і трэба прызнаць, што сваім лёяльным захаваньнем у ўгоду камуністам—шмат прычыняцца да пагоршаньня лёсу арыштаваных беларускіх дзеячоў.

Як відаць гэтыя людзі дайшлі ўжо да таго, што толькі здольны бяскрытычна выконваць тыя загады, якія даюцца ім з гары і страцілі ўсякае нацыянальнае пачуцьцё і пачуцьцё грамадзкай справядлівасьці. З Тарашкевічам і ўсімі тымі, што выехалі разам з ім, сталася яшчэ і тая прыкрая рэч што ў сучасны мамэнт яны зьяўляюцца аб’ектам камуністычнай палітыкі і што тут найгоршае,—дык гэта тое, што ніхто з іх ня мае ніякае магчымасьці аказваць самага нязначнага ўплыву на гэтую палітыку. А ня могуць яны гэтага ра­біць дзеля таго, што самі нават, каб і былі каму­ністамі—ніколі ня будуць мець даверу ў камуні­стычнай партыі.

Над імі заўсёды будзе вісець падазроннасьць у нацыянал-дэмакратызьме. У Саветах іх могуць толькі цярпець і пры першай магчымасьці іх пастараюцца ўсунуць куды-небудзь у цень, выкарыстаўшы першапачаткова іх асабістыя вартасьці, як грамадаўцаў, адцярпеўшых цяжкія кары ў польскіх вастрогах.

Трудна сказаць, што з імі будзе далей, калі дыктатура кампартыі застанецца ў Расеі на даўжэйжы час, — у адным толькі можна быць пэўным, — што лёс іх можа аказацца ня лепшым ад лёсу людзей, якіх таксама камуністы перацягнулі на свой бок.

Але справа ня ў гэтым.

Калі-б грамадаўцы фактычна мелі ў Саветах поўныя палітычныя правы, маглі-б працаваць згодна з сваім перакананьнем (калі такія ў каго-небудзь аказаліся) і камуністычная партыя лічылася-б з імі, як з палітычнымі дзеячамі — гэта адно.

Але калі-ж тая самая партыя бачыць у іх толькі шырму, за якой яна вядзе нячыстую гульню — справа зусім іншая. Нажаль б. грамадаўцы як раз і выконваюць роль гэтае шырмы, бо да нічога іншага яны ня здольны, — а самае галоўнае — ня маюць ні сілы волі, ні сваіх уласных перакананьняў. Не пасьпелі яны выехаць з Польшчы, як камуністы выпусьцілі аграмадную колькасьць брудных праклямацыяў, пад якімі выразна стаяў подпіс Б. Тарашкевіча. Многія хацелі-б верыць у тое, што подпіс гэты паложаны камуністамі бяз згоды гэтага апошняга.

Я асабіста думаю зусім інакш, і здаецца не памыляюся, калі скажу, што праклямацыі гэтыя падпісаў ніхто іншы, як сам Тарашкевіч, бо ён у сучасны мамэнт займае такое палітычнае становішча, пры якім можа выконваць толькі тое, што яму будзе прыказваць камуністычная партыя. I вось цяпер у мяне паўстае пытаньне — ці ўсё тое, што ён робіць, робіць з чыстым сумленьнем і з перакананьнем?

Каб адказаць на гэта, трэба перадусім ведаць, што было напісана ў тых агідных праклямацыях, пад якімі стаяў подпіс Б. Тарашкевіча. Там знаходзіцца ўвесь лексыкон камуністычнае партыі, няпрыстойная лаянка ўсіх беларускіх дзеячоў, маючых цывільную адвагу непадпарадкавацца камуністычнай партыі.

Разам з іншымі лаюць і мяне, але ў такі спосаб, якога я яшчэ не спатыкаў у сваім жыцьці. Чаго тут толькі няма: — „здраднікі, правакатары, агенты дэфэнзывы, бандыты, грабары беларускага руху“ і г. д. і вось цяпер я стаўлю пытаньне таму самаму Тарашкевічу, як аўтару гэтых „твораў“: — ці ён фактычна перакананы, што, напрыклад, я зьяўляюся грабаром беларускага руху, правакатарам ці то агентам дэфэнзывы?

Ці мае Тарашкевіч хоць якія-небудзь падставы абвінавачваць мяне ў гэткі спосаб?

Ці вядомы яму элемэнтарныя падставы этыкі і ці ён мае прызвычаеньне кіравацца імі ў жыцьці? Тарашкевічу добра вядома як я цярпліва і стойка адбываў наложаную на мяне кару, ён добра ведае, што каб я быў, напрыклад, правакатарам ці здраднікам, то з першых дзён свайго арышту пастараўся-б зваліць усю віну на таго-ж самага Тарашкевіча, а самому звольніцца з вастрогу. Я гэтага не зрабіў, я сядзеў разам з іншымі і сядзеў куды ў горшых матэрыяльных варунках, чым іншыя. Сям’я мая цярпела нэндзу, бо ня было каму ею заапекавацца і нарэшце выйшаў я з ва­строгу апошнім і то, як кажуць, з вялікімі труднасьцямі. Людзі, у якіх грошы адыгрываюць вялікую ролю, маюць звычай мерыць іншых людзей на свой аршын. Так паступіў і Тарашкевіч, калі ў аднэй з сваіх пракламацыяў абвінавачвае мяне ў тым, што я прадаўся.

На гэта адказваць яму ня буду, бо тыя людзі якія знаюць маё прыватнае жыцьцё — могуць толькі пасьмяяцца з „бескарыснага“ Тарашкевіча, які паслугоўваецца падобнага роду аргумэнтацыяй, пазычанаю ім з тых колаў, дзе фактычна ўсё робіцца за даляры і дзе здрада і правакацыя ўжываюцца разам з прадажніцтвам.

Я выхаваны крыху на іншых маральных і палітычных падставах, чым Тарашкевіч і пакідаю яму тыя закіды, якімі ён хацеў-бы ачарніць мяне перад грамадзянствам. Думаю, што яны больш будуць падыходзіць да яго маральнага і палітычнага аблічча.

Бліжэй пазнау я Тарашкевіча падчас нашага супольнага вастрожнага жыцьця і пераканаўся, што з яго вельмі слабы палітык. Чалавек гэты любіць розныя авантуры і здаецца ўсё сваё жыцьцё пабудаваў на іх. Варта толькі прыпомніць радыкальныя зьмены яго „орыентацыяў“, дзе чыста ідэёвыя матывы гралі амаль ці не апошнюю ролю.

I цяпер я гляджу на яго выезд з Польшчы і падпарадкаваньне Камінтэрну разам з сваімі таварышамі, як на шкодную для беларускай справы авантуру, узяўшы пад увагу яшчэ і тое, пры якіх умовах ён выйшаў з вастрогу, пакінуўшы там сотні грамадаўцаў і нават сваіх найбліжэйшых сяброў, як напр. б. пасла П. Валошына. Ніякіх ідэйных матываў у гэтым выезьдзе я ня бачыў і перакананы, што тут мы маем дачыненьне з звычайным кар’ерызмам і матэрыяльнымі вырахаваньнямі.

Людзі, якія у часы свайго „паславаньня“ адбіліся ад нармальнай працы і прывыклі жыць на шырокую нагу, маглі выехаць толькі туды, дзе яны спадзяюцца зрабіць сабе кар’еру… Гэтых людзей больш ад мяне знае гр. Ю. Сабалеўскі, адзін з арганізатараў Грамады і б. пасол, які на маю думку, павінен забраць голас у гэтай справе і выявіць перад грамадзянствам усё тое шкоднае, што імі было зроблена для беларускай справы.

Між іншым, ён павінен-бы расказаць і аб тым, як дзякуючы агавору Рак-Міхайлоўскага і іншых ён быў заарыштаваны і пасаджаны у вастрог…

Тарашкевіч, які ніколі не гаварыў таго, што думаў, а заўсёды стараўся лгаць, які ніколі, зда­ецца, ня меў цьвёрдых перакананьняў, астаўся верным сабе да апошняга дня і да апошняга дня вёў нявыразную, двулікую палітыку, якая вельмі яскрава выявілася ў часы акцыі па звальненьні з вастрогаў б. грамадаўцаў.

Павінна быць ведама нашаму грамадзянству, што гэтая акцыя была пачата групаю Астроўскага за згодаю самога Б. Тарашкевіча, як старшыні Грамады. У той час, як яна пачалася, я ў студзені 1930 г. быў пераведзены з Равіча ў Вільню, дзе меў судовую справу за ўдзел у дэманстрацыі і на „Лукішках“ спаткаўся з Тарашкевічам, з якім сядзеў па суседству.

Да мяне прыходзіў на пабачаньне гр. Р. Астроўскі, прыходзіў ён і да Б. Тарашкевіча і тады гэты апошні даў парную згоду на тое, каб Астроўскі рабіў усё патрэбнае для ліквідацыі грамадаўскае справы і да звальненьня ўсіх грамадаўцаў.

На турэмных спацырах, якія я адбываў з Та­рашкевічам мы ў двох абгаварвалі стварыўшаеся палажэньне і тады ён зусім ясна і станоўча стаяў за тое, што рабіў Астроўскі ў гэтай справе. У гутарках са мною ён разьвіваў тую думку, што па звальненьні трэба заняцца культурна-асьветнаю працаю ў нацыянальным кірунку, якая ў нас пастаўлена так слаба. Зайшла неяк рэч пра магчымасьць выезду па звальненьні ў Саветы і Тарашкевіч кінуў вельмі характарную для яго фразу: „Усё тое, што творыцца ў Саветах, шмат лепей сачыць здалёку, чым бачыць там на мейсцы.

Для мяне было зразумелым, што ў яго няма ніякага намеру ўцякаць заграніцу. Але, як відаць, яшчэ мала я пазнаў тады Тарашкевіча. Здарылася зусім іншае, чаго ніхто ня мог спадзявацца і здарылася як раз у той час, калі акцыя па ліквідацыі справы Грамады толькі што распачалася. Як вядома першы ў красавіку быў звольнены Тарашкевіч, потым Бурсэвіч, Рак-Міхайлоўскі, Мятла і апошнім я—у ліпні месяцы мінулага году.

Тарашкевіч ня мог нават дачакацца пакуль звольняць П. Валошына, а за ім і рэшту грамадаўцаў і ў кастрычніку месяцы мінулага году ра­зам з іншымі выехаў заграніцу.

І гэты крок, я лічу, ён зрабіў па загаду кампартыі, якой бязумоўна было нявыгадна, каб справа Грэмады была зьліквідавана, у той спосаб у які хацеў гэта зрабіць тагачасны Урад.

Камуністы баяліся, што грамадаўцы апынуўшыся на волі і зьехаўшыся разам на якім-небудзь зьездзе, могуць прыняць пастановы, якія будуць разыходзіцца з іх партыйнымі „дырэктывамі“.

Была ў іх і тая небясьпека, што грамадаўцы пачнуць пераходзіць у лягер г. зв. „беларускае санацыі“, ці які-небудзь іншы.

З другога боку Кампартыі было куды выгадней, каб грамадаўцы сядзелі ў вастрогах як ма­га даўжэй і гэтым самым давалі тэму да камуністычных гутарак пра надзвычайны нацыянальны ўціск у межах Заходняе Беларусі.

Нажаль Польскі Урад тым самым, што затрымаўся на поўдарозе з ліквідацыяй справы Грамады, толькі памагае камуністам у іх баламутнай працы.

Тарашкевіч і ў гэтай справе паступіў так, як ня мог паступіць запраўдны грамадзкі дзеяч.

Як старшыня Грамады, ён павінен быў склікаць хоць адно паседжаньне звольненых грамадаўцаў і паставіць пытаньне: „Што рабіць далей?“

І калі-б выявілася, што большасьць лічыла-б гэтае звальненьне непатрэбным і шкодным для беларускае справы, тады аставалася-б толькі выпусьціць на тым самым літографе, на якім цяпер распаўсюджваюцца яго камуністычныя „творы“-адозвы да беларускага народу з пратэстам проці тагачаснага ўраду, а самым ізноў сесьці ў вастрог.

Калі-б большасьць адобрыла крокі беларускай санацыі ў кірунку нашага звальненьня—тады трэба было-б дачакаць канца гэтай справы, а потым прыняцца за культурна—асьветную і гаспадарчую працу, выкінуўшы камуністаў з тых арганізацыяў, дзе яны толькі прыносілі шкоду ў нашай справе. Трэцьцяга выхаду не магло быць, бо я лічу, што ніякая шануючая сябе калегія не маг­ла вынесьці пастановы аб выезьдзе заграніцу ў той самы час, калі за вастрожнымі кратамі сядзелі яшчэ нашыя сябры.

Тарашкевіч гэтага не зрабіў.

У нас ня было ніводнага агульнага паседжаньня, на якім быў-бы выслуханы ў гэтым пытаньні голас кожнага з звольненых.

Праўда, адзін раз мы сабраліся ўсе, за выняткам Мятлы, у мурох Віленскай Беларускаи Гімназіі па запрошаньню Р. Астроўскага для абгаворэньня школьных справаў і ўясьненьня сабе таго палажэньня, якое вытварылася ў гэтай гімназіі. Між іншым, на гэтым паседжаньні мы ўсе, не выключаючы і Тарашкевіча, нічога „фашыстоўскага“ і „здрадніцкага“ ў паступках Астроўскага не знайшлі.

Іншых паседжаньняў у нас ня было.

Тарашкевіч нешта рабіў цішком ад усіх, кожнага паасобна нагаварваў да выезду ў Саветы (у тым ліку і мяне) стараючыся адначасна, каб мы колегіяльна не змаглі абгаварыць гэтае справы.

Здаралася заўсёды нейк так, што калі напрыклад у Вільню прыежджаў Мятла, каб абгаварыць стварыўшаеся палажэньне — Тарашкевіч некуды прападаў і зьяўляўся толькі тады, кал. ня было ў Вільні каго-небудзь з нашых сяброў. У выніку гэткай шахрайскай работы Тарашкевіча частка правадыроў Грамады і апынулася заграніцаю, пакінуўшы ў вастрогах сваіх б. сяброў.

Такі бясслаўны вынік я прыпісваю толькі таму, што Тарашкевіч сьлепа выконваў загады камуністычнае партыі, і лічу, што было-б сваечасным, каб ён публічна выявіў нарешце свае адносіны да гэтае партыі—як у часы існаваньня Грамады, так і пасьля свайго звальненьня.

Зрабіць гэга яму вельмі лёгка, тым больш, што знаходзячыся за межамі Польшчы, яму ніякая небясьпека не пагражае.

Аднак, галоўная віна Тарашкевіча палягае на яго палітычным круцельстве, ні на кар’ерызьме і адсутнасьці ўласных перакананьняў, а на тым, што ён, б. старшыня Грамады, зусім выразна імкнецца зьвязаць лёс беларускага народу з лёсам Савецкіх Рэспублік і Камінтэрну, што ён імкнецца да таго, каб і ў Заходняй Беларусі запанавала дыктатура камуністычнае партыі, каб тут праводзілася такая самая грабежніцкая палітыка адносна сялянскіх масаў, як і там.

Стаўшы на камуністычны бок, ён тым самым памагае душыць нацыянальна—адраджэнскі беларускі рух, і гэтым самым ніхто іншы, як ён, сам узяў на сябе ролю грабара гэтага руху.

Замест таго, каб павясьці барацьбу з тым усім, што робіцца ў „камуністычных“ рэспубліках, замест таго, каб стаць у абароне беларускіх дзеячоў і беларускае культуры—Тарашкевіч разам з сваімі сябрамі стаў на іншы грунт, увайшоў у тыя колы, якія імкнучыся да міравога пажару — папалілі у сабе ўсе маральныя і матэрыяльныя вартасьці.

Ён разам з Камінтэрнам хацеў-бы, каб ува ўсім сьвеце запанаваў такі самы парадак, як і ў Саветах, ад якога стогне большая частка савецкага жыхарства.

Вось як раз да гэтага, а не да чаго іншага, імкнецца і Тарашкевіч з сваею кампаніяй, перакінуўшыся на той бок, стаўшы пад каманду Камінтэрну і здрадзіўшы гэтым самым нашыя нацянальныя ідэалы, аб якіх так многа гаварыў у часы існаваньня Грамады.

Адносіны б. правадыроў Грамады да бела­рускіх дзеячоў Усходняе Беларусі — зьяўляюцца найлепшым доказам нацыянальнай іх здрады.

Кожны, хто лічыць сябе беларусам, павінен быў падаць свой голас у іх абарону нават і ў тым выпадку, калі-б за гэта ім пагражалі рэпрэсыі. Гэ­тага голасу ад Тарашкевіча і яго таварышоў мы ня чулі, алё напэўна пачуем нешта іншае…

Не такія людзі, камуністы, каб здаволіліся іх дыплематычным маучаньнем…


Вось дзеля ўсіх гэтых прычынаў яасабіста парваў усе сувязі з Тарашкевічам і Ко і рашыў астацца на Бацькаўшчыне, як бы цяжка мне тут ня жылося.

Я ня мог падпарадкавацца дырэктывам тае партыі, да сяброў якой я не належу і не магу адобрыць паступкаў грамадаўцаў, якія гэта зрабілі, бо гэтым самым маральна і палітычна яны ўзмоцнілі тую партыю, з якою так заўзята вядзе барацьбу амаль усё савецкае селянства і іншыя працоўныя клясы.

Выехаць у Саветы г. з. памагаць камуністам, як гэта робіць Тарашкевіч і іншыя, у іх шкоднай працы.—На гэта я ніколі не магу згадзіцца, бо дыктатура кампартыі ёсьць, на маю думку, такім зьявішчам, з якім трэба вясьці барацьбу.

Я ня веру ў нейкае перароджаньне камуністычнае партыі ў бок „дэмакратызму“. Яна, па мойму перакананьню, мусіць зьгінуць цалком, ачысьціўшы дарогу для ўтварэньня новых, здаровых сацыяльна—палітычных формаў у колішняй Расеі.

Нічога ня можа быць больш ганьбячага, як апынуцца на палажэньні нейкага „камунізуючага“ элемэнту, г. з. сьлепа выконваючага загады кампартыі ня будучы яе сябрамі, быць аб’ектам нейкай чужой палітыкі, ці то проста кажучы, стаць на палажэньне палітычнага парабка.

На жаль некаторыя правадыры Грамады вельмі ахвотна прынялі палажэньне такіх парабкаў замест самастойнай грамадзкай працы і зрабілі гэта дзеля матэрыяльных выгадаў.

Я не належу да тых паноў, якія-б хацелі сядзець на двох крэслах адразу ці то, як яны кажуць на сваей мове,—тварыць нейкую справу, якая будзе мець самастойную нацыянальную вартасьць і будзе патрэбнай пры ўсялякіх гістарычных абставінах. Такое палітычнае захаваньне я лічу скурніцтвам і звычайным круцельствам.

Я пераканаўся, што беларускае пытаньне можа быць вырашана толькі тады, калі прападзе тая галоўная перашкода, якая стаіць на дарозе да яго вырашэньня—гэта факт існаваньня камуністычнае дыктатуры ў Савецкай Беларусі.

Калі гэтая дыктатура будзе павалена—толь­кі тады адчыняцца магчымасьці для зьдзейсьненьня нашых палітычных і нацыянальных ідэалаў, толькі тады Беларускі Народ зможа ўзяцца за адбудаваньне свае Бацькаўшчыны.

Для гэтае працы будуць патрэбны ў вялікай колькасьці здаровыя грамадзкія сілы. Да гэтага паваротнага ў гісторыі мамэнту, трэба шыкавацца шляхам пабудаваньня і ўзмацненьня слабенькай пакуль што беларускай грамадзкасьці.

I гэтую адбудову і ўзмацненьне можна вясьці толькі тут у межах Заходняй Беларусі—як бы цяжка ня было, бо там за камуністычным кардо­нам да такой працы няма магчымасьці нават прыступіць. Такую працу клеймяць там як нацыянал—фашызм, за што камуністы ставяць лепшых сыноў нашай Бацькаўшчыны пад мур. Цэнтр гэтае працы і самае вартаснае ў ёй палягае на самадзеяльнасьці сьвядомай часткі нашага грамадзянства, якую можна разьвіць у шмат якіх галінах грамадзкай працы і якая пакуль што знаходзіцца ў нас у прымітыўным стане.

Камуністы любяць хваліцца тым, што у Са­вецкай Беларусі шмат зроблена для адраджэньня беларускай культуры.

Але адначасна з гэтым яны самі не хаваюцца з тым, што гэтая культура нацыянальнаю зьяўляецца толькі па форме а па зьместу яна павінна быць камуністычна—інтэрнацыянальнаю.

Вось як раз такой культуры мы і не павінны прызнаваць, бо камуністычны зьмест, які з та­кім фанатызмам праводзіцца ў жыцьцё, прыймаючы пачварныя формы—нам зусім не патрэбны.

Мы павінны імкнуцца да такой культуры, якая-б была запраўды беларускаю, а ня толькі беларускаю па форме, бо гэта апошняя зьяўляецца нічым іншым, як абманам, як сродкам да таго, каб лягчэй было пры яго помачы загнаць беларускія сялянскія масы ў прыгонныя формы жыцьця.

Дзеля ўсяго гэтага, імкнучыся да сваей аканчальнай мэты—нацыянальнага і культурнага адраджэньня аб’еднанай нашай Бацькаўшчыны,—у сваім палітычным паступаньні мы павінны адкінуць усякія надзеі на камуністычны ўсход.

Гэты апошні яскрава паказаў нам, асабліва цяпер—чаго мы можам спадзявацца ад устанаўленьня і на нашых землях камуністычнага рэжыму. Я толькі такі рэжым можа запанаваць у нас, калі-б Камінтэрну ўдалося зьдзейсьніць сваю праграму.

Маючы такія заданьні і імкнучыся да адраджэньня нашай Бацькаўшчыны, мы павінны стаць на нейкі пэўны грунт, які-б даў нам магчымасьць жыць і працаваць для дабра нашага народу. Мы не павінны з палітыкі рабіць авантурныя рэчы, якія так шкодна адбіваюцца і на нашай агульнай справе і на лёсе паасобных грамадзян. З такою палітыкаю трэба раз на заўсёды пакончыць.

Апынуўшыся ў межах Польскай Дзяржавы і выконваючы ўсе абавязкі, якія з гэтага выцякаюць, мы адначасна павінны бязупынна імкнуцца да нацыянальнага і культурнага адраджэньня нашага Народу. Ад вульгарнай дэмагогіі нам трэба перайсьці да пазытыўнай працы на нашым беларускім грунце, дзе яшчэ так мала зроблена ў роз­ных кірунках нашага грамадзкага жыцьця.

Трэба раз назаўсёды адкінуць нам розныя „орыентацыі“, якія прынясьлі нам столькі ліхога, і пагадзіцца з тым, што самым рацыянальным і карысным для нас зьяўляецца орыентацыя на нашыя ўласныя сілы і супрацоўніцтва з тым поль­скім грамадзянствам, якое паможа нам зьдзейсьніць нашы нацыянальныя і палітычныя заданьні.

Лёяльна адносячыся да Польскае Дзяржаўнасьці і выконваючы ўсе абавязкі, якія з гэтага выплываюць — гэта яшчэ ня значыць, каб мы павінны былі толькі хваліць усё тое, што рабілі паасобныя польскія ўлады ў беларускай справе.

Да гэтага часу зроблена ў ёй вельмі мала і перад намі стаіць вялікая задача—дабіцца нарэшце рэалізацыі нашых слушных дамаганьняў.

Але на гэта мы можам разьлічаць толькі тады, калі нашую расьцярушанасьць мы зьменім на згуртаваньне ўсіх нашых грамадзкі—здаровых сілаў. Толькі тады мы выявім з сябе маральную і палітычную вялічыню з якою будуць лічыцца і чыньнікі польскае палітыкі.

Такімі зьяўляюцца мае перакананьні, якія змусілі мяне парваць усе сувязі з часткаю правадыроў Грамады, здрадзіўшых нашай нацыянальнай справе і ашукаўшых давера народу.

У сваім палітычным жыцьці я заўсёды рабіў толькі тое, што падказвала мне маё сумленьне. Не баяўся, не баюся і цяпер выказаць свае пагляды, заклікаючы ўсё грамадзянства застанавіцца над усім тут сказаным, як бы ня гневаўся за гэта пан Тарашкевіч, а можа разам з ім і ўся камуністычная партыя.

Думаю, што наша грамадзянства, зразумее мяне і дасьць належную ацэнку тым „палітычным творам“, якія падпісаны Тарашкевічам і якія рассылаюцца Камуністычнай Партыяй Заходняй Беларусі ўносячай у грамадзкае жыцьцё нашага на­роду моральную гніль і разлажэньне.


Вільня, Люты 1931 г.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.