Чалавек (Леўчык)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чалавек
Аўтар: Гальяш Леўчык
Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 286

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Быццам сонейка, узыходзіць Чалавек — і ў ясным свеце сонца непаняты, як свет, — паволі ідзе наперад і вышэй!

Што ён? Адкуль узяўся? Ён чуе сябе, варушыцца, датыкаецца, бачыць сябе самога, другіх і ўсё, існуе, факт! і думае... «Мая арганізацыя свабодна, сама парушаецца... і мысліць: вось Вялікая, Прадвечная Тайніца адносна існавання мяне самога! Адкуль я? Што я? Куды іду? Я жывы, самарухлівы, мыслячы Чалавек!..»

Ідзе чалавек наперад і вышэй, прыгожы ў сваёй Вялікай Тайніцы і ў сваім трагізме існуючы і жывучы Чалавек! Ідзе ён наперад і вышэй, чуючы ў сабе праменні магутнай і неўстрашымай Мыслі, той Думкі, што стараецца зразумець гармонію — Адзінасць Усясвету, тую дзіўную сілу, Вялікую Адвечную Тайніцу, каторая стварыла і творыць сабе багоў, а пасля скідвае іх у нішто...

Заблудзіўшы сярод безгранічнай пушчы Бесканчатнага і Беспачатнага Усясвету, ідзе Чалавек наперад і вышэй сам адзін на малой макавінцы — Зямлі, ляцячай з мігавай шпаркасцю кудысьці ў глыбіню нязмернага прастору, сціснуты пытаннем: «Як і нашто існую?» Сунецца Чалавек адважна наперад і вышэй па дарозе змагання да пабеды над усялякімі тайніцамі зямлі і неба...

Вось ідзе Чалавек, крывёю паліваючы сваю аднак сумную, адзінотную, поўную трудоў і каменняў дарогу жыцця на макавінцы-зямлі і стварае з гэтай гарачай сваёй крыві дзіўна прыгожыя краскі паэзіі, а крык сваёй поўнай бунту душы перамяняе ў мілагучную музыку... музыку радасці і болю!.. любасці і суму...

Узброены толькі аружжам магуцтва сваёй Думкі-Мыслі, яркай, як маланка, халоднай, як меч сталёвы, а гарачай, як вулканічная лава, — ідзе вольны, свабодны Чалавек, выпярэджваючы людзёў і іх жыццё, адзінотны, сярод загадак і тайніцаў быту, сам-адзін — сярод мора блудаў і ашуканстваў, што цяжкім бярэмем ляглі на Яго сэрцы і раняць і грызуць мозг, будзячы і выклікаючы сорам і ганьбу і клічучы: «Абнімай нас!..»

І як планеты кружаць вакол сонейка — так і Чалавек з усіх бакоў уласцівасці душаў людскіх: заўсёды галодная і голадам мораная іх Любоў, а за ёю кулявая іх Прыязнь, а перад ім цягнецца іх змучаная Спадзея, а побач гнеўная і сярдзітая — лютая Нянавісць іх, што звініць ланцугамі цярпення і болю іх, а Вера іх спаглядае ў Яго вочы і на Яго твар сваімі цёмнымі вачыма і хоча абнімаць Яго...

А за ўсім гэтым, за цэлай гэтай хеўрай, цягнуцца акрытыя лахманамі старых дзіравых праўдаў іхніх мізэрныя людзі, варожыя для Чалавека і Яго Думкі-Мыслі, і калоцячыся паміж сабою: хто з іх вялікшы?..

А на самым канцы Чалавека — здалёк, здалёк відаць, як за ім цягнецца таварыш Яго — ціхая, маўклівая і тайнічная Смерць іх, заўсёды гатовая цалаваць Чалавека — яго гарачыя, распаленыя жарам і смагай жыцця вусны...

І бачыць Чалавек, як чорная сіла Нянавісці гоніць перад сабою ўцякаючую Справядлівасць...

Але Чалавек глядзіць увыш — ідзе наперад і вышэй — і бачыць: як у прасторы шыбуюць, быццам вялізарныя шулякі або каршакі, Сум, Жаль і Журба, а Боль і Адчай, быццам чорныя груганы, ляцяць над ім і кракаюць, што Чалавек ёсць мізэрны чарвяк, што яго мозг не створаны так, каб пазнаваць усю Тайніцу Вялікага, Адзінага, Цэлага — Усясвету і нават марных тайніцаў мізэрных людзёў...

Аружжам Чалавека ёсць Светлая, Ясная Думка-Мысль Чалавека і яе пэўнасць, што яна ёсць вольная, свабодная, бяссмертная з бесканчатнай творчай, вечнай крыніцай магутнасці і сілы!..

Мысль-Думка Чалавека верыць, што змагуць не тыя, што грабяць плады пабеды над ярмом, але тыя, што асталіся жывымі і сільнымі яшчэ на полі бою!..

І бачыць Мысль-Думка Чалавека мэту жыцця ў тварэнні Дабра, бо ці ж тварэнне Дабра мае канчатак?

Ідзе сабе Чалавек наперад і вышэй, каб загарэцца, быццам ясным полымем, каб асвяціць цёмнае жыццё людзёў, нязлічаныя загадкі, як зоры на небе, тайніцы — як пяску на дне мора, — і для Чалавека німаш канчатку Яго дарогі — усё вышэй і наперад ідзе!..