Чакай, браце!..
Чакай, браце!.. Верш Аўтар: Уладзіслаў Галубок 1908 Крыніца: http://knihi.com/Uladzislau_Halubok/Cakaj,_bracie.html |
Ад году да году мужык наш марнее,
А працы сваёй ён нямала кладзе,
І ўсё без карысці: як ліст той гібее
У восень халодную — ў горы, ў нудзе…
Арэнда вялікая, — трудна звярнуцца:
Прадай хоць сярмягу, ды мусіш аддаць,
А голад, хвароба у знакі даюцца,
Дый ласкі, прывету ні скуль не чуваць.
Не чуў сабе «дзякуй!», хоць дух надрывае,
Хоць потам крывавым зямлю напаіў,
Хоць шчасця не бачыў і долі не мае,
Хоць варт, небарака, каб меней слёз ліў.
Хоць бедны грашыма, ды сэрцам багаты;
Хоць цёмны навукай — ды з светлай душой.
У скрыўджаным бачыць ён роднага брата,
З ім дзеліцца шчыра астатняй крыхой.
Чакай, брат! Без часу не лезь у магілу!
Ўзмацуецца дух твой — яшчэ аджывеш!
Свет, браце, убачыш, пачуеш ты сілу
І песню свабоды гуртом запяеш!
(1908 г.)