Перайсці да зместу

Чаго ты ходзіш на магілу? (Шаўчэнка/Бядуля)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чаго ты ходзіш на магілу?
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Змітрок Бядуля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




 «Чаго ты ходзіш на магілу?» —
Са скаргай маці гаварыла.
«Чаго ты плачаш, ідучы,
Чаму не спіш ты уначы,
Мая галубка сізакрыла?»
«Так, мама, так!..» І зноў хадзіла,
А маці плакала, ждучы.
      Не сон-трава на магіле
Ўначы расцвітае,—
Заручоная дзяўчына
Каліну саджае,
І слязамі палівае,
І госпада просіць,
Каб дажджы паслаў уночы
І дробныя росы.
Каб каліна прынялася,
Вецце распусціла.
Можа, птушкай залунае
З таго свету мілы.
Саўю яму я гняздзечка,
Сяду на галіне,
Шчабятаць мы будзем разам
З мілым на каліне.
Шчабятаці будзем, плакаць,
Ціха размаўляці,
Будзем разам раніцою
На той свет лятаці.
      І каліна прынялася,
Нецце распусціла,
І тры годы на магілу
Дзеўчына хадзіла.
На чацвёрты… Не сон-трава
Ўначы расцвітае —
То дзяўчына з калінаю
Плача, размаўляе:
«Шырокая, высокая
Каліна мая,
Не вадою на ўсход сонца
Паліваная!
Шырокія рэкі-слёзы
Цябе палілі,
Іх славаю лукаваю
Людзі паняслі.
Зневажаюць падружанькі
Падружку сваю,
Зневажаюць чырвоную
Каліну маю.
Спаві маю галованьку,
Расою памый,
Галінамі шырокімі
Ад сонца закрый!
Ўранку знойдуць мяне людзі,
Мяне асмяюць,
Шырокае тваё вецце
Дзеці абарвуць».
Рана ўранку на каліне
Птушка шчабятала,
Пад калінаю дзяўчына
Спала — не ўставала:
Стамілася маладое,
Навекі спачыла…
      Ўставала сонца з-за магілы,
І люд быў рады па начы,
А маці і не задрамала,
Дачку вячэраці чакала
І цяжка плакала, ждучы.

У каземаце 1847