Ці ёсць сіла...
Выгляд
Ці ёсць сіла... Верш Аўтар: Міхась Васілёк 1926 Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 34 |
Ці ёсць сіла, каб стрымала
Смелы бег ракі бурлівай,
Што магутным, грозным валам
Лёд скрышыла ў час разліву?
Ці ёсць сіла, каб зацьміла
Сонца яснага праменні,
Што краіну будзяць мілую
Да жыцця, да адраджэння?
Хто са змрочнага бяздоння
Чорных хмар узніме сілу?
Не, ніколі не загоняць,
Мой народ, цябе ў магілу!
1926