Перайсці да зместу

Ці запраўды мы ніколі ня будзем мець свайго Міцкевіча, Пушкіна, Сенкевіча, Толстого?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ці запраўды мы ніколі ня будзем мець свайго Міцкевіча, Пушкіна, Сенкевіча, Толстого?
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
1914
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 6, 7 лютаго 1914 г., б. 1-2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ці запраўды мы ніколі ня будзем мець свайго Міцкевіча, Пушкіна, Сенкевіча, Толстого?

У № 5-ым «Н. Н.» п. Аргус пішэ,—што здарылося яму нідаўна гаварыць з адным „беларусам-інтэлігентам“. Гэты „сын Беларусі“ прызнае права Беларусі на національнае адраджэньня і мала таго, ён гатоў ахвотна працаваць для свайго народу, ды яму здаецца, што нічога з гэтаго ня будзе, што якбы Беларусь не развівалася культурна, яна ніколі не дажджэцца сваіх Міцкевічоў і іншых. У канцы п. Аргус просіць памагчы радай, якбы „ўдыхнуць сілу у слабое сэрцэ гэтаго нявернаго Хомы“.

Мне здаецца, што „няверны Хома“ так гаворыць ня толькі дзеля таго, што мае слабое сэрцэ, а хутчэй дзеля таго, што крывіць душой. Пан Аргус заве гэтаго „сына Беларусі“ інтэлігентам, а мне здаецца, што гэта збытак для такіх паноў. Гэткіх паноў у нас сягоньня многа. Усе яны абецаюць, што памагалібы, ды баяцца працы свае лажыць дарэмна, бо ў будучым ні бачуць карысьці гэтай працы.

Яны-б хацелі бачыць прад сабой Міцкевічоў!

Стыкаючыся з імі я б спытаў іх, ці яны разумеюць, якое значэньне мае паэт у жыцьці народу? Ці яны цямяць тое, што паэт—гэта кветка выросшая на добрай зямлі? Пекна яна красуецца падняўшы ў верх стройную галоўку сваю! Кветка гэта тым пякнейша, тым дзіўнейша, што у ёй, як у люстры, адбіваецца склад частак глебы, каторая яе выжывіла. Ды ці знайдзеця кветку бяз глебы? Пакажэця мне паэта без народу?

А цяпер, далей, пытаюся «паноў—інтэлігентоў» таго калібру, ці вы разумееця тое, што наш народ ня ёсць ешчэ цяпер гэтаю глебаю, ён цяпер навіна, і, што мы самы павінны старацца, каб яго на гэту глебу вырабіць? Калі вы самі гэтаго не бачыця, дык трэба вам сказаць, што гэты народ нідаўна ўстаў са сну даўгога. Ды што я кажу, ўстаў! Калі вы маеця сэрцэ добрае, калі вы прызнаецё яму права да развіцця, то старайцесяж разбудзіць яго да жыцьця праўдзіваго, бо ён устаў далёка ня ўвесь.

А хто-ж можэ заручыцца, што у гэтай массе ешчэ спячаго народу не знайходзяцца тые сытные часткі, каторые могуць выкарміць кветку—паэта? Беларусы—гэта народ, так як іншые вялікіе народы, і дайця яму змогу спазнаць гэта, а ён хутка выставіць сваіх паэтаў на раўне с паэтамі іншых народоў.

Я гэта магу цьвярдзіць сьмела, бо кінуўшы вокам на агульнае развіцьце народоў, я ніколі не бачыў, каб народ жыў — падымаўся і расцвітаў без паэта. Заўсёды былі людзі геніальнне каторые умелі сабраць хараство свайго народу і пераказаць яго у сваіх творах. Чамуж у беларусоў мело-бы быць іначэй, як у усіх людзей. Хай такіе «паны — інтэлігэнты» глянуць з добраго боку на нашу справу сягоньня. Гэтаж так нідаўна мы пачалі праціраць вочы ад сну, а ўжо хваліцца можэм Янкам Купалам, Якубам Коласам і іншымі. Чытайця „паны—інтэлігенты“ іхніе творы, і вы там спазнаеця горкую долю свайго брата, вы спазнаеця, што гэты брат крычыць помачы—ратунку, паглядаючы у ваш бок.

Тамака вы спазнаеця ешчэ і тое, што вы заплюшчыўшы вочы, заткнуўшы вушы на крык і мукі яго, уцекаеця ад яго дзе змога, ды мала таго, вы і тое спазнаеця, што вы самы і паднімаеця руку на братоў сваіх, заступаючы ім дарогу да волі і долі.

Хай толькі кожны зробіць для свайго народу гэтулькі, сколькі зможа і народ гэты хутка падымецца на ногі. Як сытная глеба кветку, так народ наш выгадуе нам паэтаў такіх, як Міцкевіч і Пушкін, а мо і лепшых. Паэты гэтые апісываючы хараство, апісываючы падняцьця яго з нядолі выскажуць глыбокую пашану і падзяку ад імені гэтаго народу для тых, што далі яму долю.

Я. Л.