Цішка Гартны (Луцкевіч)
← Янка Купала (Луцкевіч) | Цішка Гартны Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1918 Крыніца: Našy pieśniary: Litaraturna-sacyjalnyja narysy (1918) |
Максім Багдановіч (Луцкевіч) → |
Упершыню — у скарочаным варыянце і пад псэўд. Антон Навіна — Гоман. 1917. 1 чэрв. |
Між песьнярамі «Маладой Беларусі» пераважае ідэалёгія сялянская: найбольш паэтаў і пісьменьнікаў дае беларуская вёска. І Купала, і Колас, і цэлы рад песьняроў меншай меры апяваюць родную вёску, у каторай яны радзіліся, узрасталі і праводзілі вялікшую часьць свайго жыцьця, — і ўсе іх ідэалы зьвязаны зь зямлёй. Але, нарадзіўшыся на вёсцы, беларускі рух да адраджэньня скора захапіў і мястовыя элемэнты — работнікаў, рамесьнікаў, інтэлігентаў. І ў маладой беларускай літаратуры знаходзім такжа даволі выдатных прадстаўнікоў работніцкай ідэалёгіі.
Спаміж апошніх зьвяртае на сябе ўвагу пясьняр-работнік Цішка Гартны.
«Я, — пісаў ён у сваей аўтабіяграфіі ў 1912 гаду[1], — ядзіны сын бедных мужыкоў з м. Капыля (Мінскай губ.), быўшых мяшчан, праваслаўны, радзіўся ў 1887 г. Раньняе дзецтва правёў дома на руках бабкі па матцы і двох дзядоў — па бацьку і матцы, каторыя мяне дужа любілі. Калі меў 12 г., бацька аддаў мяне за пастуха ў сваё мястэчка, дзе я праслужыў пяць год. Летам ганяў у поле, а зімой вучыўся: спачатку ў «дарэктара», а потым ў народным і двухклясным вучылішчах1. Скончыў гэтыя школы, маючы гадоў 17, і, не захацеўшы гатовіцца ў сэмінарыю, я схадзіў у Кіеў, скуль калі вярнуўся, быў захоплен асвабадзіцельным рухам, каторы вырабіў у мяне такі пагляд на жыцьцё: чалавек, калі не працуе, ня можа быць праўдзівым чалавекам, як пэўны насьледнік будучага лепшага жыцьця. З гэтым паглядам я і пайшоў вучыцца на гарбара (што скуры на боты вырабляе); выбраў гэта рамясло затым, што ў той час рамесьнікі-гарбары лічыліся ў нашым мястэчку «перадавымі людзьмі». Потым, у 1908 г., пробаваў паступіць у вучыцельскую сэмінарыю ў Нясьвіжы, і толькі не прынялі мяне там дзеля таго, што не прадставіў «сьвідзецельства а благанадзёжнасьці». Такім спосабам, згубіўшы можнасьць вучыцца далей, я астаўся гарбаром і пачаў чытаньнем дапаўняць сваю прасьвету. У канцы 1908 г. пазнаўся з беларускім рухам і пранікнуўся ім усей душой. Пісаць меў нахільнасьць з маладых год і шмат напісаў вершаў і апавяданьняў па-расійску. У «Нашай Ніве» пачаў друкавацца ў канцы 1908 г. Цяпер працую ў гарбарні і зарабляю шэсьць рублёў на тыдзень пры дзесяцігадзінным рабочым дню і гадкіх варунках працы».
Аўтабіяграфія гэта была напісана ў часах панаваньня ў Расіі самадзяржавія, і Цішка Гартны ня мог успамянуць аб некаторых асабліва характэрных мамэнтах свайго жыцьця. Ня мог успамянуць аб тым, што быў адным з найбольш чынных членаў сацыял-дэмакратычнай работніцкай арганізацыі ў родным Капылі, што вёў тамака патайны рукапісны работніцкі журнал «Голас ніза», зьвярнуўшый асаблівую ўвагу Максіма Горкага, а пасьля — гэтаксама рукапісную «Вольную думку». Ня мог успамянуць, што, карыстаючы зь вялікай павагі між таварышамі-работнікамі, ён здалеў і іх прыцягнуць да беларускай справы, і ў рэзультаце Капыльская сацыялдэмакратычная работніцкая арганізацыя паслала ў сац.-дэм. фракцыю Трэцяй Дзяржаўнай Думы дэклярацыю, дамагаючыся прызнаньня нацыянальных правоў беларускага народу, нацыяналізацыі школы і т. п. Дый шмат аб чым ня мог пісаць Цішка Гартны пад тыя часы рэакцыі, і толькі цяпер можам прыадкрыць некаторыя мамэнты зь яго жыцьця, каторыя характарызуюць яго ідэалёгію шмат ярчэй, чым яго кароткая аўтабіяграфія.
Цішка Гартны — гэта пясьняр працы:
Я рабочы-гарбар,
Рыцар працы цяжкой
Із жалезнай душой,
З сэрцам зыркім, як жар.
Ў вачах іскры маіх,
А жалеза ў руках,
Скура гнецца ад іх
Ў адзін міг, адзін мах.
..........................................
Я здружыўся з трудом,
Я ў ім рос, я ў ім крэп;
Запрацованы хлеб
Люблю мець за сталом.
Не хачу, не прывык
Склаўшы рукі хадзіць:
Я гарбар-працаўнік,
Я жыву, каб рабіць!
— піша ён аб сабе ў вязанцы вершаў, надрукованых у 2[-м] сшытку «Маладой Беларусі»[2].
Пачуцьцё сваей сілы — сілы ўсяе рабочай сям’і, каторая сваімі мазалістымі рукамі творыць скарбы сьвету, — гэта асноўны матыў песень Цішкі Гартнага. У тых песьнях («Песьня гарбара» і інш.) жыцьцё бурліць жывой крыніцай. У яго вачах і
...любоў, то ня зык
Ад пустога слаўца,
А любоў — сьвяты крык
Маладога жыцьця.
І ў каханьні ён бачыць поўнае злучэньне душ на аснове еднасьці ідэй і супольнай працы для сьвятой справы:
Ой, дзяўчынка, ты любка мая,
Ты мой анел ад Бога сьвяты,
Ўжо на векі тваім стаўся я,
А на векі маею ўжо ты!
Я, як друга, цябе пакахаў
І таварыша маю ў табе,
Бо ў любоў да цябе я ўліваў
Свой гарачы прызыў к барацьбе.
Я у думках гарачых гадаў
Аб нядолі краіны свае
І цябе я каханьнем прызваў
Са мной жыцьце аддаць за яе.
Вось, дзяўчынка, ты любка мая,
Будзь таварышам вечна ты мне,
І хай праца з маею твая
Йдзе на шчасьце маей старане!
(«Дзяўчыне-таварышу»)
Душа песьняра востра адчувае ўціск путаў, у якіх жыве ўвесь рабочы народ і сам пясьняр, і яго
Сэрца сьвету хоча,
Яму волі трэба,
Песень, шчасьця, красак,
Шырокага неба.
І запраўды, выбраў Цішка сабе добры псэўданім «Гартнага»: жыцьцё, з каторым ён спазнаўся, здабываючы кусок буднага хлеба, было вельмі цяжкое. Цішка Гартны дае нам абразкі яго:
Дожджык пакрапляе,
Дзень стаіць халодны;
Шпаламі махае
Ў пуць гарбар галодны.
Ногі чуць клыпаюць
І грабуць няўмела;
Вочы пазіраюць сумна,
асавела.
Апусьцілісь рукі
Ад цяжкой утомы...
Дзе ж сканчэньне мукі
Яго, невядома.
......................................
Поўны ўвесь клапотаў
Гарбар йдзе, сьпяшыцца...
Дзе ж то на работу
Ён прыстанавіцца?!
(«Гарбар на вандроўцы»)
А вось сумная «Песьня грабара»:
Бачу шчасьця свайго ў завяданьні вясну.
..................................................................
Я ўсё жыцьце сваё, дзень у дзень, год у год,
Землю цяжкай лапатай капаю, як крот,
І як многа яе я ужо пракапаў!
Што ж за працу сваю я ў вадплату дастаў?
Што за плён мне зямля за труды прынясла,
За той пот і за кроў, што сабе узяла,
За бурлівую рэчку гарачых тых сьлёз,
Што ўсё жыцьце мае паабмыў імі лёс?..
О, дала яна мне, ой, за працу дала:
З калючковых расьлін мне вяночак спляла,
Зь медзі звонкай, цяжкой даравала шнурок,
А дарогу жыцьця ухарошыла ў мрок,
Каб я шоў, як сьляпы, каб бясконца ішоў,
Зямлю вечна капаў і дабра не знашоў!..
Нядзіва, што паэт ня можа знайсьці шчасьця ў жыцьці паднявольнага чалавека; ён рвецца да барацьбы, да змаганьня за волю:
Не прашу спакою, не прашу забыцьця, —
Бо жыцьцё заўсёды ў сьцішы замірае, —
А прашу я буры, бо із буры жыцьце
Зь сілай магучай біцца пачынае.
Усё ж такі цяжкія варункі бытаваньня зусім натуральна забівалі ў Цішкі Гартнага многа жывых парываў і прынасілі яму шмат горкіх мінут упадку энэргіі, сумляваньня; вось у іншых вершах ён горка жаліцца на труднасьць правясьці ў жыцьцё яго ідэалы («Я — нішто» і інш.), на расчараваньне ў жыцьці:
Дзе вы, гады маладыя ,
Дзе тое шчасьце мае?
Жду я вас часы даўгія,
Жду наяву і у сьне.
Дзе ж тыя рожы, вяргіні
Вашых салодкіх надзей,
Неба высокія сіні,
Сьвежасьць зялёных палей?
Дзе вашы шчасныя мары,
Гэй, маладыя гады!
Што вас закрыла ўсё хмара
Цяжкага гора й бяды?
Буйныя ветры раздулі
Ваш недажданы прыход...
Землю ў сьнягі апранулі,
Жыцьце скавалі у лёд.
Краскі цьвісьці не сумелі —
Воля баіцца палёў!
Збоку мяне праляцелі
Краскі шчасьлівых гадоў.
Але агульны тон паэзіі яго — жывы, бодры, дый гэтаму адпавядае будова вершу — найбольш кароткага, з рытмам, напамінаючым шыбкія ўдары молата ці рух гарбарскага скрэбла.
Папаўшы ў атмасфэру работніцкага жыцьця, Цішка Гартны, аднак не забыўся аб вёсцы. Ён любіць родную прыроду, апявае яе ў вершах і апісвае прозай (апісаньні вандроўкі «Па твару Беларусі» і інш.). Але ідэалы яго ня ўкладваюцца ў рамкі жаданьня зямлі, якое становіць адзнаку песьняроў вёскі: Цішка Гартны — перш за ўсё пралетарый, сьвядомы сваіх клясавых інтарэсаў і гатовы аддаць усе сілы свае за вызваленьне працы ад панаваньня капіталу.