Цяжка-цяжка жыць на свеце… (Шаўчэнка/Купала)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Думка (Цяжка-цяжка жыць на свеце…)
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Шаўчэнка Т. Вершы, паэмы: Зборнік: Для ст. шк. узросту/ Укл. і аўт. прадм. В. Г. Бехціна. —Мн.: «Асар», 1995. — 336 с.: іл. —(Шк. б-ка).



Цяжка-цяжка жыць на свеце
Сіраце без роду:
Няма куды прыхіліцца, —
Хоць з гары ды ў воду!
Утапіўся б маладзенькі
У той быстрай рэчцы;
Утапіўся б — цяжка жыці,
І няма дзе дзецца.
Ходзіць доля ў каго полем,
Каласкі збірае,
А мая дзесь, нягодніца,
За морам блукае.
Добра таму багатаму:
Яго людзі знаюць;
А са мною сустрэнуцца —
Вокам абмінаюць.
Багатага, губатага
Дзяўчына шануе;
З мяне, сіраты гаротнай,
Смяецца, жартуе.
«Ці я ж табе не прыгожы,
Ці не ў цябе ўдаўся,
Ці не люблю цябе шчыра,
Ці з цябе смяяўся?
Любі ж сабе, маё сэрца,
Любі, каго знаеш,
Але з мяне ты не смейся,
Калі ўспамінаеш.
А я пайду на край свету…
На чужой старонцы
Знайду лепшую ці згіну,
Як той ліст на сонцы».
Пайшоў казак сумуючы —
Нікога не кінуў;
Шукаў долі ў чужым полі
Ды там і загінуў.
Уміраючы, ўглядаўся,
Дзе сонейка ззяе…
Цяжка-цяжка уміраці,
Цяжка ў чужым краі!

(Гатчына, 1838)