Цьвёрдая скура (1931)/Хахолка
← Боская ласка | Хахолка Апавяданьне Аўтар: Яраслаў Гашак 1931 год |
Каза і ўсемагутны бог → |
ХАХОЛКА
Пан Флёрант быў настаўнікам, а Хахолка — першаклясьнікам. Пан Флёрант быў выкладчыкам лацінскае мовы, а Хахолка з астатняе моцы змагаўся з лацінскаю моваю, якая здавалася яму больш страхатліваю, чым гішпанскія боты, у якіх прымушалі хадзіць у часы інквізыцыі. Пан Флёрант з пагардаю пазіраў на роспачны твар першаклясьніка Хахолкі, які ў часе лекцыі лацінскае мовы з жахам калаціўся ад першага і ад другога скланеньня. Ад трэцяга скланеньня дрыготка яго пераходзіла ў сапраўдную няспынную трасцу. Калі Флёрант пазіраў на яго, Хахолка пераводзіў свае зьдзіўленыя вочы на столь і прасіўся высьці з клясы. Гэтак ён рабіў заўсёды, калі да яго падыходзіла чарга здаваць заданьне. Хахолку пачынала калаціць трасца ад аднае толькі думкі пра пісьмовую працу і ён хітраваў, каб як-небудзь уцячы з клясы.
Гэта была першая пісьмовая школьная праца, калі пасьля малітвы раздалі сшыткі з прыгрозаю, каб ня сьпісвалі, бо тым, хто сьпіша, будзе пастаўлена нездавальняючая адзнака. Рука Хахолкі як у трасцы хадзіла, але ён узяў асадку і стаў запісваць сказы, якія трэба было перакласьці. Запісваючы, ён думаў аб тым, каб не нарабіць аднолькавых з сваімі суседзьмі памылак і не атрымаць за гэта нездавальняючай адзнакі. Ён пісаў першае слова на чарнавік і спатайку пазіраў на свайго суседа Батэка, які таксама ня меў асаблівых здольнасьцяй у лацінскай мове. Позірк на работу суседа пераканаў Хахолку, што справы Батэка таксама кепскія, бо Батэк разумеў у лацініцы столькі-ж, колькі і ён. Хахолка спалохаўся і перавёў сваё засмучонае вока на малюнак, дзе былі намалёваны руіны Троі, а потым на выратавальны ключ ад прыбіральні, які вісеў на сьцяне. Накшталт таго, як у даўныя часы злачынцы шукалі ратунку ад пагоні за сабою ў царквох, так і Хахолка ратаваўся тым, што хаваўся ў прыбіральню, махаючы рукой на клясычную адукацыю.
На школьнай дошцы красаваліся мудрыя выслоўі: „Стол няшырокі і нявысокі“, „Пятка — цела частка“, „Пяхотнік ёсьць воін“, „Маці — гэта не сястра“, „У Рыме было многа дамоў“, „У садзе ёсьць дрэвы“ і іншыя да таго падобныя ісьціны. Хахолка засеў у прыбіральні, у гэтым храме ўсіх тых першаклясьнікаў, з якімі кпіць доля. Ён уважаў за лепшае адседзець там да канца лекцыі — няхай яго сшытак застанецца чыстым, бяз ніводнае памылкі супроць правіл граматыкі і нават супроць духу лацінскае мовы. А калі няпамяткі настаўнік запытае, чаму ён нічога не пераклаў, дык Хахолка цьвёрдым голасам адкажа:
— Я-ж усю лекцыю праседзеў у прыбіральні.
А калі-б настаўнік надумаў ня верыць яму, дык ён прывядзе яго ў прыбіральню і пакажа на дошцы надпіс: „Вацлаў Хахолка, 16/XI“. Ён напісаў гэтыя словы вялікімі літарамі і засеў у сваім прытулку, хаця і ня зусім спакойна, але ўсё-ж больш ці менш трывала. Раптам нехта прабег па калідоры, грукнуў у дзьверы і гукнуў:
— Хахолка, ідзі на заняткі.
— Не магу, — адказаў Хахолка.
І ня гледзячы на тое, што прыходзіў ужо чатырнаццаты пасланец, Хахолка ня зрушыўся з месца і ўсё, як сядзеў, так і сядзеў з упэўненасьцю, што гэтым „не магу“ ён зможа зламіць упартасьць настаўніка.
Вайна была абвешчана.
Праз пяць мінут пятнаццаты пасланец зноў ішоў да апошняга прытулку першаклясьніка Хахолкі і, грукаючы ў дзьверы, крычаў:
— Табе загадана ісьці на лекцыю!
— Не магу, — зноў адказаў Хахолка, на гэты раз так горда, як адказваў Леанід у Термопілях пасланцом пэрсыдзкага цара. Зноў запанавала ціша. У змрочным калідоры гімназіі кожны крок разьлягаўся гулкім рэхам. Хахолка лічыў сэкунды і налічыў іх пад шэсьцьсот, што павінна было скласьці каля дзесяці мінут, якія прайшлі пасьля апошняга загаду настаўніка Флёранта.
Потым пачулася цяжкая хада і стук у дзьверы. Хахолка спалохаўся.
— Хахолка, вылазьце адтуль. Вы-ж ня выканаеце пісьмовае працы.
Гэта быў голас настаўніка Флёранта, голас строгі і прыгрозьлівы, голас жорсткага чалавека, які прагне нявіннае дзіцячае крыві першаклясьніка.
— Я не магу, пане настаўнік, — зазьвінеў дрогкі і ціхі голас Хахолкі.
— Я загадваю вам высьці.
Жорсткае змаганьне пачалося ў душы Хахолкі, але дух супраціўленьня перамог.
— Я нізавошта не магу, — сказаў ён цьвёрдым голасам.
— Дык вы ня хочаце выходзіць?
— Я не магу!..
Пан Флёрант пабег у габінет дырэктара.
— Пан дырэктар, адзін вучань, Хахолка, ад першае пісьмовае працы схаваўся ў прыбіральню, сядзіць там цэлую гадзіну і ня хоча выходзіць.
Дырэктар устаў, вочы яго загарэліся гневам: абодва яны пайшлі да сховані Хахолкі.
Спачатку застукаў пан Флёрант.
— Хахолка, заўважце тое, што тут дырэктар. Вылазьце з прыбіральні.
— Слухайце, выходзьце, — сказаў дырэктар, — не супярэчце, будзе горш. Дзе вы жывеце?
— Вонская вуліца, дом № 5, пан дырэктар.
— Маці у яго служанка, — заўважыў настаўнік.
— Слухайце, Хахолка, — пачаў улашчваць дырэктар. — Ваша маці служанка, і вы, заместа таго, каб парадаваць вашую бедную маму добрай адзнакай па лацінскім укладаньні, сядзіце ў прыбіральні. Хіба-ж вам не шкада вашае мамы? Даволі, я загадваю вам вылезьці і брацца за справу.
— Я не магу, я яшчэ не магу!
— Ня зьдзекуйцеся над намі, а то вас запішуць ў чырвоны журнал.
— Не магу!
— Вам будзе зьніжана адзнака па паводзінах.
— Я не магу!
— Вы будзеце выключаны з гімназіі.
— Я не магу!
У настаўніка заблішчэлі вочы. Дырэктар разьюшыўся. Абодва сумеснымі сіламі націснулі на дзьверы прыбіральні. Гэта была адважная атака і Хахолка, прыслухаўшыся да іх
намаганьняў, упёрся ў дзьверы, каб перашкодзіць ім. Але ўсе намаганьні яго былі марныя. Флёрант з дырэктарам націснулі на дзьверы так, што выламалі іх, яны ўварваліся ў сярэдзіну. Але яны там нікога не найшлі. Каб ня трапіць жывому ў іх рукі і каб ня пісаць укладаньняў, Хахолка, пачуўшы трэск дзьвярэй, старчма галавой кінуўся ў дзірку прыбіральні.
— Гэта для яго найлепшае выйсьце, — сказаў настаўнік Флёрант, — інакш ён нарабіў-бы шмат грубых памылак ва ўкладаньні.
А дырэктар гукнуў у тую яму, якая праглынула адважнага супраціўніка:
— Хахолка, пакідаю вас на шэсьць гадзін у карцары.