Перайсці да зместу

Цені і сьвятло ў творчасьці Максіма Багдановіча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Цені і сьвятло ў творчасьці Максіма Багдановіча
Артыкул
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
1927 год
Крыніца: Полымя, №3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пад блакітным небам далёкага Крыму, на ўбогіх брацкіх могілках, на ўскраіне г. Ялты знаходзіцца адзінокая магіла, у якой 10 гадоў таму назад знайшоў сабе апошні прытулак беларускі пясьняр М. Багдановіч. Сярод разбураных пахілых крыжоў здалёку віднеецца над ёй пастаўлены Інстытутам Беларускае Культуры невялічкі помнік, але ня родная бяроза схіляецца над ім сваімі ветлівымі і ласкавымі галінамі―непадалёку глядзяцца ў неба высокія зграбныя кіпарысы; нібы пэўныя вартаўнікі, адны яны ахоўваюць магільны супакой поэты.

"De mortuіs aut bene aut nіhel"-Аб нябожчыках або добрае або нічога". У працягу 10 гадоў беларуская крытыка сьвята і пабожна захоўвала гэты наказ мудрай старажытнасьці. Навакол аўтара „Вянка“ складаўся другі пахучы вянок чыстых імортэляй шчырага пракланеньня. Але для нас, сьвяткуючых зараз ужо 10 гадавіну з дня сьмерці поэты, ён ня толькі дарагі і любы сэрцу нябожчык, ― адначасна ён об'ект і бесстароннага навуковага дасьледваньня. Беларуская крытыка да гэтага часу пераважна спынялася на высьвятленьні формы творчасьці М. Багдановіча, формы сапраўды высокамастацкай, па праву выклікаючай панігірычнае захапленьне. Выказваліся думкі, што пясьняр―стылізатар беларускага вершу[1], што ў яго творчасьці аб'ядналіся два стылі―клясычны і романтычны[2], што ён тыповы-імпрэсыяністы[3] і г. д. Але наша крытыка, так грунтоўна спыніўшыся на формальных асаблівасьцях творчасьці М. Багдановіча, параўнальна мала ўвагі аддавала таму, што захоўваецца пад знадворнай бліскучай абалоньню мілагучных і рознастайных яго вершаў.

М. Багдановіч менш усяго слоўны жонглёр, для яго слова―гэта толькі формальнае выяўленьне глыбокіх ідэй, захованых эмоцый і рознастайных настрояў. Зграбныя і бліскучыя вершы поэты прасякнуты крывёй яго сэрца; у гэтых вершах гучаць ня толькі пераможныя гімны хараству, у іх адчуваецца стогн хваравітай і надломленай душы. Прыслухацца да гэтага стогну, схапіць у ім пэўны соцыяльны рытм―задача нашага эцюду, нашай маленькай даніны на магілу песьняра.

М. Багдановічу прышлося жыць і дзейнічаць у цяжкую пару. Шквал першай рэволюцыі быў зломлены, соннае багна грамадзкага жыцьця зацягвалася мёртвай плесеньню застою і реакцыі. Інтэлігент па пажаджэньні, М. Багдановіч быў адарваны ад працоўных мас, як быў адарваны ён і ад айчыны. Да ўсяго гэтага далучалася яшчэ спадчынная хвароба―сухоты. Суровы жыцьцёвы лёс рана зганяе з яго твару лёгкую юнацкую ўсьмешку; ён сваёй бязьлітаснай рукой праводзіць глыбокія барозны цяжкога задумленьня, унутранай самаўглыблёнасьці, і пясьняр акідае жыцьцё і сьвет смутным, не паюнацку сур'ёзным і змрочным поглядам.

У сьветаадчуваньні поэты ёсьць некаторыя элемэнты сусьветнага смутку, калі разумець апошні ня ў сэнсе гістарычна-культурным, а грамадзка-псыхолёгічным. У гэтым сэнсе, як грамадзка-псыхолёгічная праява, сусьветны смутак нямінуча ўзьнікае там, дзе ёсьць для гэтага адпаведныя соцыяльныя ўмовы. "Гэта ўманастраëвасьць, — кажа проф. Коган, ― заўсёды зьвязана з крызісам пануючай клясы, у больш шырокім сэнсе―з крызісам таго ці іншага сьветапагляду. Гэта плынь чыста інтэлігенцкая. Смутак Байрона―гэта, перш за ўсё, трагедыя мысьлі, трагедыя людзей, якія ў моц сваёй профэсіі асуджаны шукаць выйсьця ў межах сьвядомасьці, а ня быцьця. Можна сказаць, ― гаворыць далей Коган,―што элемэнты байронізму нямінучы ў сьветаадчуваньні кляс, якія ня прымаюць удзелу непасрэдна ў вытворчасьці. Усякая зьмена, выкліканая законамерным разьвіцьцём тэхнікі і грамадзкіх адносін, застае ўрасплох сьвядомасьць, якая адарвалася ад быцьця, не памятае сваёй матарыяльнай крыніцы"[4].

Марксыцкая крытыка, такім чынам, правільна разглядае сусьветны смутак, як крызіс мысьлі, які вынікае на падставе крызісу грамадзкага. Характэрнымі адзнакамі данага крызісу ў галіне інтэлектуальнай, па думцы проф. Розанава, служаць тры мотывы: разлад чалавека з самім сабою, разлад яго з грамадзтвам і, нарэшце, разлад яго з агульным сьветапарадкам.

На ліры М. Багдановіча моцна гучаць гэтыя хваравітыя енкі разладу ўнутранога, соцыяльнага і філëзофскага.

Праз увесь "Вянок" беларускага поэты, папершае, чырвонай пасмай праходзіць мотыў разладу паміж вострым разумовым аналізам і пачуцьцёвым захапленьнем. Халодны скэптыцызм думальніка і энтузіязм поэты — вось тыя два полюсы, паміж якімі хістаюцца чароўныя вершы беларускага песьняра. З аднаго боку, чыста разумовы пысымізм, мысьлі на тэму: "суета сует", "всяческая суета"; з другога боку, шчырае эмоцыянальнае захапленьне пекнасьцю прыроды, прыгаством душы чалавека ў некаторых момантах яе перажываньняў, як, напр., вобраз Мадонны ў творы "Вэроніка". Сам поэта хваравіта адчуваў сваю дваістасьць; ён сам сьведчыць, што душа яго ня ведала супакою:

Грудзі ныюць, цела вяне.
А спачыць ня можна мне:
Думкі з розуму ліюцца,
Пачуцьцё з душы бяжыць.

У такіх простых словах поэта вылівае сумную скаргу на сваю душэўную дваістасьць. Сам, ня ведаўшы душэўнай гармоніі, ён дае наказ другім імкнуцца да яе. Ён гаворыць:

Жыві і цэльнасьці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай...

Разлад з людзьмі, наўкольным грамадзтвам царскай Расіі гэтак сама яскрава выяўлены ў М. Багдановіча. У яго нярэдка вырываюцца горкія ноткі расчараваньня і сумленьня адносна людзей. Ён лічыць патрэбным напомніць песьняру гэтую сумную ісьціну:

Ведай, брат малады, што ў грудаёх у людзей
Сэрцы цьвёрдыя, быццам з каменьня,
Разаб'ецца аб іх слабы верш заўсягды.

Поэта прасякнуты высокімі ідэаламі нацыянальнага і соцыяльнага вызваленьня айчыны, але ў яго душу закрадваецца мрачная думка аб тым, ці здужае яго пакаленьне выканаць гэтую гістарычную місію; ён зварачаецца да беларускага грамадзтва з горкім запытаньнем:

Таварышы-брацьця! Калі наша родзіна-маць
Ў змаганьні з нядоляй патраціць апошнія сілы,
Ці хваце нам духу ў час гэты жыцьцё ёй аддаць.
Бяз скаргі легчы ў магілу?

У другім сваім вядомым вершы "О, краю мой родны", нарысаваўшы трагічны малюнак соцыяльнага заняпаду Беларусі, малюнак гора, якое ў яго часы шырокай хваляй затапляла родныя нівы, Багдановіч ставіць усё тое-ж пытаньне, поўнае безнадзейнасьці і балючага сумненьня ў людзях:

Брацыя! Ці зможам грамадзкае гора?
Брацьця! Ці хваце нам сілы?

Ад гэтага сумнага разладу з рачаіснасьцю М. Багдановіч шукае ратунку ў галіне прошлага і ў галіне мары. У сваіх тэрцынах беларускі поэта яскрава выказвае сваё замілаваньне да мінулага, кажучы:

Ёсьць чары ў забытым, старадаўнім,
Прыемна нам сталецьцяў пыл страхнуць.
Пажыць мінулым — гэткім мудрым, слаўным,
Быцьцё дзядоў у смутку ўспамянуць,
Мы сквапна цягнемся к старым поэтам,
Каб хоць душой у прошлым патануць.

Добра ведаў гэтак сама пясьняр і панаваньне над сабой усямоцнай мары, гэты асобны стан, калі, асабліва пад уплывам сузіраньня блакітнай вышыні неба,

У душы адрасьце пара крыл.
Узьляціць яна ў сінюю вышу
І ў струях яе змые свой пыл.
Там ня трэба ні шчасьця, ні ласкі,
Там няма ні нуды ні клапот.
Ты―царэвіч цудоўнае казкі.
Гэта хмара―дыван-самалёт.

Нарэшце, элемэнты філёзофскіх разважаньняў гэтак сама выяўлены ў творчасьці Багдановіча. Яго "Вянок", уласьціва кажучы, уяўляе сабой досыць зграбную і цэльную сыстэму думак, дзе адна за другой разбурваюцца ілюзіі чалавечага жыцьця.

3 людзей некаторыя імкнуцца яшчэ знайсьці супакой у рэлігіі, ускладаюць свае надзеі на неба, чакаючы адтуль дапамогі і падтрыманьня. Беларускі пясьняр ускрывае ўсю ілюзорнасьць гэтых надзей у вершы „Ян і маці". Ён дае нам трагічны малюнак: маці моліцца за свайго сына, паставіўшы сьвечку перад абразамі, але па думцы поэты дарэмны гэтыя надзеі і малітвы:

Сьвечка сьвеціць, сьвечка зьзяе, сьвечка дагарае,
І ў панурай цеснай хаце хлопец памірае.

У такім антырэлігійным выяўленьні дарэмнасьці ўсялякіх малітв бязумоўна, заключаецца здаровы элемэнт вызваленьня ад забабоннасьці. Але побач з гэтым ў філёзофскім сьветаадчуваньні поэты ёсьць і іншыя хваравітыя бакі безнадзейнага пэсымізму, дзе ён прабуе паказаць нікчэмнасьць розных праяў чалавечага жыцьця.

Шмат ёсьць людзей, для якіх каханьне―прыгажэйшая кветка жыцьця, але поэта халодным нажом аналізу зрывае пялёсткі і з гэтай кветкі; ён паказвае, што і ў каханьні цяжка знайсьці родную душу, што і ў гэтых перажываньнях цяжка пазбавіцца ад адзіноты; спачатку поэтычныя клятвы "да сьмерці ядынае меці каханьне", але потым суровая проза жыцьця зьніштажае гэтыя клятвы, потым разыходзіны:

На іншыя сьцежкі жыцьцё нас зьвяртае,
Пасвойму кожны свой век пражывае.
У кожнага неба і сонца сваё.
Супольнай-жа праўды крыніца ня б'е.

Іншых вабіць да сябе ціхі прытулак сямейнага шчасьця, але поэта не захапляецца і гэта ілюзіяй; пекнае знадворку сямейнае жыцьцё часта ўнутры заключае ў сабе шмат пошласьці і жыцьцёвага бруду; адсюль вынікае мэфістофельская іронія "гутаркі з паненкамі":

Пабачце! Ластаўка малая
Для птушанят гняздо зрабіла.
І клапатліва ўкруг лятае —
Аж паглядзець прыемна, міла.

Вельмі шаноўныя паненкі!
Тут ёсьць напэўна трохі цуду:
Ў гнязьдзечку міленькім і сьценкі
І дно яна зьляпіла з бруду.

Нарэшце, вышэйшая асалода і ўкраса жыцьця―мастацтва. Романтыкі лічылі, што поэта-гэта "прарок", вышэйшы жрэц, у грудзёх якога гарыць нейкі вышэйшы, нябесны агонь. Максім Багдановіч разбурвае і гэтую романтычную концэпцыю мастацтва; ён паказвае, што дар "пекна сьпяваць" уласьцівы і ніжэйшым жывёлам; пясьняр зазначае:

Вы кажаце мне, што душа у поэта,
Калі спараджае ён дзіўныя вершы.
Нябесным агнём абагрэта.
І ў час той між люду ён―першы...
Ах, дзякуй вам, дзякуй на гэтай прамове;
Душа мая, пэўна, шчасьлівай была-бы.
Калі-б я ня ведаў, панове.
Што пекна сьпяваюць і жабы.

Так і рэлігійная вера, і пачуцьцё каханьня, і сямейнае жыцьцё, і нават мастацкая творчасьць,―усё гэта праходзіць прад судом халоднага і ўсё разбураючага розуму поэты. Над жыцьцёвымі зьявамі распасьцірае ў яго свае мрачныя скрыдлы царыца-сьмерць. Поэта зазначае: "усё зьнікае, праходзіць, як дым". У другім месцы ён гаворыць:

Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог
А вядуць яны ўсе да магілы,
І бяз ясных надзей, бяз трывог,
Загубіўшы апошнія сілы,
Мы сайдземся, спаткаемся там.
І спытаем сябе: для чаго мы
Па далёкіх і розных пуцях
Адзінока ішлі ў край невядомы?
І чаму пасьпяшаліся так,
Напружаючы ўсе свае сілы,
Калі ціха паўзушчы чарвяк
Усё-ж дагнаў нас ля самай магілы.

Перад тварам сьмерці блякне нават пекнасьць напружанага і шырокага жыцьця, і да свайго тастаманту―жыць, шукаць цэльнасьці і дбаць аб шырыні духоўнай―поэта не прамінуў дадаць сваё "memento morі", ён кажа:

І ў напружанасьці паўнаты
Свайго шырокага жыцьця
Бяз болю, ціха зойдзеш ты
Ў краіну забыцьця.

У другім вершы мысьль аб сьмерці злучаецца ў Багдановіча з думкай аб роднай краіне. Ён цешыць сябе марай:

Ня будзеш цяжкая ты сыну
Свайму зямля.
Там хоць у гліне, хоць у брудзе,
Там пад зямлёй,
Найдуць мае слабыя грудзі
Сабе пакой.

Гэтак нават з думкай аб любай айчыне злучаецца ў М. Багдановіча філёзофія нірваны, нябыцьця.

Мысьль аб сьмерці асабліва часта ахапляла хворага целам, і, па яго ўласным прызнаньні, хворага душой беларускага поэты, ён гаворыць:

Ня кувай ты, шэрая зязюля,
Сумным гукам у бары.
Мо' і скажаш, што я жыці буду,
Але лепш не гавары.
Бо ня тое сьведчыць маё сэрца,
Грудзі хворыя мае;
Боль у іх мне душу агартае,
Думцы голас падае,
Кажа, што нядоўга пажыву я.
Што загіну без пары...
Прыляці-ж тады ты на магілу.
І закувай, як у бары...

Але ў духоўнай постаці беларускага песьняра, апроч смутнага пэсымістага выяўлялася часам і другая старана―бадзёрасьць і ўзьнятасьць. Адсюль у творчасьці поэты чуюцца ня тольхі сумныя мэлёдыі хаўтурнага „reguіe", але часам моцна гучаць і настроі барацьбы, узьнятасьці.

Яму належыць гэты бадзёры заклік:

Рушымся, брацьця, хутчэй
Ў бой з жыцьцём, пакідаючы жах:
Крыкі пужлівых людзей
Ня стрымаюць хай бітвы размах...
Проці цячэньня вады
Зможа толькі жывое паплыць.
Хвалі-ж ракі заўсягды
Тое цягнуць, што скончыла жыць.

Так барацьба, па думцы поэты, ёсьць істотная адзнака жыцьця; дзе яе няма, там гніль, супакой магілы. Барацьба каштоўна ня толькі з боку біолёгічнага, яна каштоўна і з боку соцыяльнага, яна паважна сваімі вынікамі: можа прынесьці плён перамогі над злом, "пэрлаў горы".

Вось чаму поэта з любасьцю вітае гэту стыхію барацьбы:

Устань навальніца, мкні нанова!
Узвый вецер―ўсе за адно!
У віхры ўляціць палова.
Пакіне чыстае зярно.
Удар, цыклон, удар на мора!
Цалуй яго ў глухое дно!
Ўсплясьні ваду, і пэрлаў горы
На бераг выкіне яно.

Пясьняр у другім месцы заклікае сьледаваць прыкладу дзядоў, якія ўмелі змагацца з прыродай; іх душылі абшары лясоў, а яны агнём звадзілі пушчы, і цяпер "на попеле буйна ўзрасьлі каласы". Па думцы поэты, трэба

З гэтых дзядоў суровых прыклад нам-бы узяць―
Ня хіліцца з бяды, ня пужацца агня.
Бо мы толькі тады дачакаема дня.
Калі нас не здалее змаганьне зьлякаць.

І поэта бадзёра верыць, што гэты радасны дзень настане, што айчына адбудзіцца ад сну.

Ня згасла сонца, сонца гляне.
Усіх падыме ада сна.
Ён, гэты дзень, яшчэ настане, ―
І ачуняе старана.
Я пад яе зімовай маскай ―
Пад сьнегам,―бачу твар вясны,
І вее верш мой дзіўнай казкай.
І ясны ён, як зорак сны.

Поэта моцна верыць, што народ хавае ў сабе потэнцыяльна вялізарныя сілы, якія толькі чакаюць свайго выяўленьня. Гэтую веру пясьняр выразіў у пекнай форме сонэту, ахвяраванага А. Пагодзіну.

Паміж пяскоў Эгіпэцкай зямлі,
Над хвалямі сінеючаго Ніла
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршчку насеньня жменю там знайшлі.
Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё-ж такі жыцьцёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясенняй збожжэ на ральлі.
Вось сымвол твой, забыты краю родны!
Зварушэны нарэшці дух народны,
Я верую, бязплодна не засьне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.

Акрылены гэткімі магутнымі настроямі барацьбы і веры ў бацькаўшчыну, М. Багдановіч стварае сваю чароўную легенду, "Страцім-лебедзь", у якой ужо гучаць настроі богазмаганьня. У гэтым творы, на фоне біблейнай легенды аб патопе, даецца сымболічны вобраз магутнай істоты, якая ня хоча пакарыцца боскай волі: для яе сьмерць лепш, чым рабства, згіненьне―вышэй пакоры... Па загаду бога ў каўчэг Ноя, каб ратаваць сябе ад патопу, сьцякаюцца ўсе жывёлы і птушкі.

Птахі ў небе стаяў лётаюць.
Енчаць жаласна, ад нуды крычаць.
Выглядаюць стуль прытулачку.

Адзін толькі горды Страцім-лебедзь ня хоча пакарыцца агульнаму лёсу.

А па ўсёй зямлі толькі хвалі б'юць.
Толькі хвалі б'юць белай пенаю.
Да па іх дужы сьмела плыве
Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.

Узмахне крылом―быццам бор шуміць,
Узмахне другім―як мяцель,гудзіць.
І населі тут на лебедзя
Птахі дробныя ўсёй стаяю.
Пацямнела у яго вачох.
Крыльлі ўрэшце падламаліся,
Галава ў ваду апусьцілася.
І пайшоў на дно мора сінягa
Страцім-лебедзь―моцны, горды птах.

Страцім-лебедзь―гэта як-бы сымболічны вобраз самога поэты. І сам поэта ўяўляў з сябе магутную індывідуальнасьць з настроямі барацьбы і протэсту. Але няспрыяючыя ўмовы жыцьця не далі мажлівасьці разгарнуцца ва ўсёй сіле гэтай індывідуальнасьці.

Другі сымболічны вобраз перажываньня поэты даны ў яго пекным вершы "Астры". У шэрую восень пекныя астры марылі і чакалі вясны, але іх марам ня суджана было зьдзейсьніцца:

А ранак спаткаў іх халодным дажджом,
І вецер стагнаў у саду за кустом.
І убачылі астры, што ўкруг іх турма,
Убачылі астры, што жыць ім дарма.
І ўмерлі яны. Але тут, як на сьмех,
Паднялося сонца, цалуючы ўсех.

Так і поэта асуджан быў жыць у шэрым тумане нацыянальнага і соцыяльнага ўціску, і навокал яго была турма―турма царскай Расіі, і ён як на сьмех, толькі ўжо на самым закаце сваіх дзён убачыў вялікае сонца рэволюцыі.

Інтэлігент па пахаджэньню, адарваны ад вытворчых сіл і працоўных мас, Максім Багдановіч асабліва паддаўся адмоўным уплывам акружаючай яго няспрыяючай рачаіснасьці. Адсюль вынік яго пэсымізм і хваравітая дваістасьць, адсюль вынікла яго адасобленае месца ў нашай літаратуры.

Другой спадчынай соцыяльнай абстаноўкі, апроч пэсымізму, зьявіўся эстэтызм поэты.

У сваім прозаічным творы "Апокрыф" пясьняр выступае перад намі ў якасьці прыхільніка тэорыі "мастацтва для мастацтва". Па яго думцы, патрэбна ўсё тое, што абслугоўвае матэрыяльныя інтарэсы людзей, мае утылітарную каштоўнасьць. Але значна вышэй за ўсё―гэта пекнасьць, хараство: "добра быць коласам, але шчасьліў той, каму давялось быць васільком, бо нашто каласы, калі няма васількоў".

Плеханов правільна зазначае, што „нахіл мастакоў і людзей, якія жыва цікавяцца мастацкай творчасьцю, к мастацтву для мастацтва, вынікае на грунце безнадзейнага разладу іх з наўкольным грамадзкім асяродзішчам". Эстэтызм Багдановіча ўяўляе сабой скутак гэтага разладу. Так, у творчасьці беларускага песьняра мы знаходзім значныя цені, але з гэтымі ценямі злучаецца і сьвятло: настроі барацьбы, глыбіня думкі, якая выяўлена ў надзвычайна пекнай форме.


  1. І. Дзяржынскі. М. Багдановіч, як стылізатар беларускага вершу. "Адраджэньне", 1922 г.
  2. А. Узьнясенскі. Поэтыка Багдановіча. "Крывіч" 1926 г., № 11 (1).
  3. Піотуховіч. М. Багдановіч, як поэта імпрэсыяністы. "Полымя". 1923 г., № 7-8.
  4. Байрон. 1824-1924. . "Светоч" М. Л. 1924 г., стар. 16.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.