Перайсці да зместу

Цвіркун

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Цвіркун
Апавяданне
Аўтар: Якуб Колас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У кожнага чалавека сваё жыццё, свой талент і сваё шчасце. Па характару людзі розныя, але ёсць у некаторых з іх адно агульнае: яны імкнуцца ўгору і стараюцца стаць як мага вышэй. Разважаючы гэтак, я ўяўляю сабе цыркуль, што стаіць на стале з акуратна разведзенымі ножкамі. Самае высокае месца ў цыркулі — шарнір, што злучае і замацоўвае ножкі цыркуля. Шмат каму здараецца ўзлезці на шарнір, што значыць стаць высока ў людскіх вачах, падбіраць плады славы і пазіраць на ўсё звысака. Ды, глядзіш, раптам нечакана сарвецца з шарніра — ці то па сваёй віне, ці то па чужой волі, і стрымгалоў коціцца наніз, як гэта здарылася з цвіркуном, пра якога я і хачу расказаць.

З краю пасёлка, на самым канцы вуліцы і крыху наводшыбе, пры лесе, стаяла старэнькая, закінутая хатка. У хатцы жыла бабка-бабылка. Нішто не кідалася ў вочы ў гэтай хатцы, хіба толькі шырокая, прасторная, прысадзістая печ з рознымі пячуркамі, з прыпечкам, падпрыпечкам і ямкамі з двух бакоў прыпечка. Бабка-бабылка заграбала сюды жар і прысыпала яго попелам, каб не гаслі вугельчыкі. Што ажыўляла хатку-хібарку і скрашвала адзіноту бабкі-бабылкі, дык гэта — цвіркун. Жыў ён зімою на печы, і ўсю ноч нястомна цвірчэў. Песня яго была просценькая, без усякіх кампазітарскіх завітушак. Кампазітарам жа быў сам цвіркун. Самаю адданаю слухачкаю яго была бабка-бабылка — яна любіла свайго спевака, называла яго «мой музыканцік-цвіркунок».

— Хораша, сардэчна цвіркаеш ты, міленькі мой цвіркуночак! З табою на свеце жыць весялей. Каб не ты, ад нуды зайшлася б тут адна, — не раз казала бабка-бабылка.

Цвіркун проста рос у сваіх вачах ад такіх слоў бабкі-бабылкі і цвіркаў яшчэ харашэй і, я сказаў бы, яшчэ болей лірычна. Ён мяняў пазіцыі на печы, па коміне прабіраўся пад самую столь на пячны карнізік, садзіўся там і цвіркаў. Цвірканне яго адтуль даносілася яшчэ галасней. Здаралася і так, што цвіркун залазіў на гару, а зрабіць гэта было не цяжка: паміж комінам і столлю была невялічкая шчыліна. Праз яе і пралазіў цвіркун. На гары ён выбіраў адпаведнае месца і распачынаў сваю песню. Голас яго ледзь-ледзь далятаў да вуха бабкі-бабылкі.

— Ото жэўжык! — цешылася бабка-бабылка. — Захацелася, бач ты, пацвіркаць на волі. Ну, цвіркай, цвіркай на здаровейка, родненькі мой!

Бабка-бабылка ведала, што яе цвіркунок зноў вернецца на печ, бо печ для цвіркуна — тое самае, што эстрада для аркестра. Такія штукі прарабляў цвіркун не адзін раз. Праўда, рабіў ён гэта ў цёплае надвор’е пад канец лета. Але цвіркуну адной гары-вышкі паказалася мала. Захацелася яму аднойчы сысці не толькі з гары-вышкі, але і за межы дворыка бабкі-бабылкі выбрацца. На гары пад шчытом было незашклёнае акенечка. Праз яго цвіркун па сцяне апусціўся на зямлю. Ноч была цёплая і ціхая-ціхая.

Натаміўся за дзень вецер і прылёг на ўскрайку лесу, пад пышнымі лугавымі кустамі, пад стагамі і наогул у спакойных мясцінах, каб адпачыць. Яму ж таксама патрэбен адпачынак. А вецер у тутэйшых краях быў найбольшаю і найважнейшаю асобаю. Усё мясцовае жыхарства, пераважна птушкі, кузуркі, матылькі, паважалі яго, услаўлялі, складалі яму песні, як хто ўмеў. Кожны подых ветра, кожнае слова яго зараз жа падхоплівалі тысячы галасоў. Ды, праўду сказаць, было за што паважаць вецер: ён ачышчаў паветра ад смугі, дыму і туманаў, падмятаў дарогі і сцежкі, наганяў хмары, калі зямлі і рознаму стварэнню патрэбен быў дождж. Але калі, бывала, вецер узлуецца, дык тады сцеражыся: наробіць такой бяды і такога разбурэння, што і за два тыдні не ачухаешся. Вось чаму так паважала вецер насельніцтва лесу, палёў і лугоў.

Вецер пачынаў драмаць, натупаўшыся за дзень, вандруючы па свеце. І раптам ён чуе голас, нязвыклы для слыху. Вецер злёгку паварушыўся і стаў услухоўвацца. Гэта спяваў цвіркун, забраўшыся ў верхавіну высачэннай хвоі.

— Што гэта? хто так ціўкае? — ціха, нібы сам сабе, прамовіў вецер.

— А гэта, шаноўны ветру, цвіркун так спявае, — пачціва адказала ветру сава-начніца, пралятаючы на гэты час непадалёку ад хвоі, дзе наладзіў сабе новую эстраду цвіркун.

— Скажыце, калі ласка, — цвіркун! Які голас! Ды гэта проста — здольнасць, талент! — гаварыў вецер (ён быў у добрым гуморы).

— Так вось і здаецца, — казаў ён далей, — што гэта круціцца залатое калёсца на маленькай срэбранай восі.

Вецер быў мастак па часці вобразных выказванняў і крылатых слоў. Апроч таго, ён і сам быў у некаторай ступені музыкант. Хто не ведае, якія песні высвіствае ён у завіруху, якую сам жа наладжвае!

Як бы там ні было, ветравы словы былі пачуты і падхоплены тысячамі галасоў. На досвітку другога дня яны абляцелі ўсе ваколіцы, бо іх сказаў не хто-небудзь, а сам вецер. І асабліва пашанцавала «залатому калёсцу і маленькай срэбранай восі». Каціліся яны і каціліся па ўсёй акрузе. Цвіркун стаў знатнаю асобаю. Аб ім гаварылі, спявалі і шумелі, праслаўляючы надзвычайныя музычныя здольнасці яго. Да цвіркуна зляталіся птушкі, каб паслухаць песню, музыку славутага музыканта і аддаць яму даніну павагі і захаплення. Каля новай эстрады на высачэннай хвоі мітусіліся цэлыя клубкі камароў. Ім таксама хацелася пераняць што-колечы з матываў цвіркуновай песні, хоць асаблівых матываў там і не было. Прыляталі да цвіркуна розныя матылькі і машкара, і ўсе яны так ці іначай выказвалі яму павагу і пашану. Цвіркун заганарыўся і звысака пазіраў на розную драбязу. Ён забыўся нават пра сваю ранейшую сядзібу, пра печ бабкі-бабылкі і пра самую бабку-бабылку. Цвіркун быў на шарніры, другімі словамі — у росквіце сваёй славы, і асабліва закружылася галава яго тады, калі ён даведаўся, што вядомы спявак дрозд прыступае да напісання манаграфіі: «Цвіркун і яго музычная школа». Але ў жыцці нічога вечнага няма. Ужо адна тая акалічнасць, што спявак-дрозд не толькі адступіўся ад свайго намеру пісаць манаграфію аб музычнай школе цвіркуна, але і лапкі свае абмыў, што гэтага рабіць не будзе, гаворыць шмат аб чым, — проста зразумець трудна. У чым жа тут справа?

Раскажу, чаму так сталася.

Як нам ужо вядома, найважнейшая і самая паважаная асоба ў тутэйшых мясцінах быў вецер. Відаць, яму сніліся нядобрыя сны, бо, прачнуўшыся, ён сярдзіта пазяхаў і адчуваў сябе пагана. Ён зусім забыўся пра цвіркуна і пра свае пахвальныя словы яму. Ды гэта і не дзіва: у ветра няма вытрыманай сталасці. Сягоння ён дзьме з аднаго боку, заўтра з другога, а то і зусім заціхае. Нездарма ж кажуць аб людзях, што мяняюць свае погляды: у яго сем пятніц на тыдні або ў галаве яго вецер ходзіць.

Было яшчэ цёмна. Ледзь-ледзь на свет займалася, калі прачнуўся вецер. І трэба ж было цвіркуну ў гэтую нядобрую хвіліну распачаць сваю песню. Агорнуты славаю, цвіркун цвіркаў ва ўсю моц, ад гэтага песня яго страчвала сваю мяккасць і лірычнасць. Вецер прыслухаўся.

— Каго ж гэта так рана чэрці дрэнчаць? — прамовіў ён сам сабе і дадаў: Свяргоча, скрыпіць, як нямазанае кола на нямазанай дубовай восі з нямазаным падоскам.

Якраз на гэтую пару там пралятала сава-начніца.

— А гэта, ваша мосць, цвіркун так спявае, — пачціва адказала сава-начніца.

— К чорту! — зашумеў вецер. — Ляці, скажы гэтаму скрыпуну, каб заткнуўся!

Сава паляцела, а летучы выгуквала:

— Кі-гі! кі-гі! Хо-хо-хоо!

Ёй заўсёды было весела, калі хто з блізкіх або знаёмых зрываўся з высокага месца і каціўся ўніз. Падляцеўшы да цвіркуна, сава загалёкала:

— Заткніся! заткніся! сціхні — так сам вецер казаў!

Саве хацелася нагаварыць шмат болей, але недалёкі ўсход сонца палохаў яе, і яна спяшалася ў сваё цёмнае дупло. Словы ж яе зрабілі сваю справу. Праз кароткі час уся акруга ведала пра трагічнае здарэнне з цвіркуном. Яго пачалі высмейваць і кпіць над ім.

— Спявак знайшоўся!

— Занадта многа забраў сабе ў галаву!

— Ведай, цвіркунок, свой на печы куток.

І ніхто не сказаў слова спачування.

Пакрыўджаны, зняважаны цвіркунок змоўк, не падаваў аб сабе ніякага знаку. На новай, цяпер заціхшай эстрадзе дачакаўся ён цёмнага вечара і ціхенька, каб ніхто не бачыў, падаўся на сядзібу бабкі-бабылкі. А як была яна рада, што яе цвіркунок зноў заняў сваю пазіцыю на печы! А калі цвіркун перажыў боль свайго падзення і зацвіркаў, бабка-бабылка аж заплакала ад радасці.

І гэта была поўная і сапраўдная радасць.