Перайсці да зместу

Царква і Дзяржава (Багдановіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Царква і Дзяржава
Артыкул
Аўтар: Вячаслаў Багдановіч
1927 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пытаньне аб адносінах паміж царквой і дзяржавай, — паміж уладай царкоўнай і ўладай сьвецкай, — ёсьць адно з самых найважнейшых, бо ад правільнага разьвязаньня гэтага пытаньня, часта цалком залежыць нармальнае жыцьцё, а нават і судзьба і той, і другой.

Разважываючы тэорэтычна гэтую справу, можна прэдставіць сабе гэтакія магчымыя формы адносін паміж царквой і дзяржавай:

1. Царква цесна зьвязана з дзяржавай і ў сваёй ідэологіі, і ў практычным жыцьці. Пры гэтым можа быць так, што царкоўнае жыцьцё зусім ахоплівае сабой жыцьцё дзяржаўнае. У такім разе законы царкоўныя становяцца законамі дзяржаўнымі, улада сьвецкая падпарадкаваецца ўладзе царкоўнай, як вышэйшай. Да гэтага парадку ў сваім часе імкнулася, да і цяпер імкнецца царква р.-каталіцкая, чаго яна і дабілася часова ў сярэдніх вякох.

А можа быць і наадварот: цесная сувязь паміж царквой і дзяржа[ва]й можа выявіцца ў тым, што сьвецкая ўлада падпарадкавае сабе ўладу царкоўную. Так было, напрыклад, у Візантыі, дзе імрператарскія законы ў царкоўных справах лічыліся за законы царкоўныя. Так было і ў царкве расейскай, пачынаючы ад імператара Пётры І аж да часоў рэволюцыі.

2. Царква і дзяржава лічацца асобнымі, зусім вольнымі і незалежнымі адна ад другой, як такія, уваходзяць у нейкую паміж сабой згоду (conkordat), якой і акрэсьліваецца ўзаемная сувязь і адносіны паміж уладай царкоўнай і сьвецкай. Такія згоды часта заключала з рознымі дзяржавамі р.-каталіцкія папы. Недаўна такі канкардат быў устаноўлены паміж папай рымскім і польскай уладай і сьцьверджаны соймам і сэнатам.

3. Царква і ўлада зусім адзеляюцца адна адругой. Рэлігія ў такім разе аб’яўляецца справай прыватнай. Усякая царква, або рэлігійная абшчына, ў такім разе можа істнаваць на тых самых падставах, як і ўсякая прыватная арганізацыя. Такі парадак, больш-менш ёсьць напрыклад, у Амэрыцэ і ў Францыі.

Дзякуючы таму, што ў большасьці дзяржаваў жывуць людзі не адной якой рэлігіі, а розных, справа адносін паміж царквой і ўладай сьвецкай дае магчымасьць новых камбінацыяў. Напрыклад:

4. У дзяржаве адна рэлігія прызнаецца за галоўную, дзяржаўную, ці „господствующую”, а іншыя толькі церпяць (так было да астатніх часоў у Расеі). Бывае, што якія нібудзь і зусім ня церпяцца і забараняюцца, як было з хрысціянствам у Рымскай імперыі ў першыі тры сталецьця яго існаваньня, у сярэдніе вякі ў каталіцкіх странах, у старай Расіі, бывае, як мы ведаем, і цяпер...

5. У дзяржаве няма .господствующей“, ці панствовай, рэлігіі, але няма і поўнага падзелу паміж рэлігіямі і дзяржавай. У такім разе адносіны іх акрэсьліваюцца тымі ці іншымі згодамі паміж асобнымі цэрквамі і ўладай, ці проста панствовымі законамі больш-менш на агульных падставах констытуцыі. Такое станавішча юрадычна ёсьць у гэтыя часы ў Польшчы.

6. Першы перыод францускай рэвалюцыі і сучасная практыка ў СССР далі нам яшчэ адну форму адносінаў дзяржавы да царквы, дзе ўсякая рэлігія прызнаецца ня толькі прыватнай справай, але нават справай шкоднай для дзяржавы — справай, з якой трэба вясьці барадзьбу як з нейкай атрутай („рэлігія ёсьць опіум для народа”), ці з заразнай хваробай. Але гэту форму ня можна нават і разглядаць як форму адносін дзяржавы да рэлігіі, бо гэтую форму высунуў у жыцьцё той крайні від сацыялізму (комунізм), які сам фактычна імкнецца стаць рэлігіей. Адсюль і яго безапэляцыйная даматычнасьць, і фанатызм, і нават асобная прыхільнасьць да наружных рэлігійных формаў: прецэссіі, урачыстасьці, гэтак далей, нават свае „мощи" (набальзамаваны труп Леніна). Гэта ёсьць рэлігія безбожжа.

Разважаючы крытычна ўсе гэтыя формы з пункту гледжаньня хрысьціянскай веры і культурных паняцьцяў аб дзяржаўным праве, мы безумоўна павінны адкінуць першую форму.

Царква ня можа браць на сябе як абавязак тое, што зьяўляецца самымі першымі абавязкамі дзяржавы: урады, войска, суды і г. д. „Царства маё не ад гэтага міра” сказаў Хрыстос, і гэтым паказаў, што дзяржава і царква маюць па сутнасьці сваёй розную прыроду, і розныя мэты свайго існаваньня. Дзяржава мае сваёй мэтай стварэньня і ўпарадкаваньня жыцьця туташняга, — на зямлі, царква мае сваёй мэтай прыгатаваньня нам вечнага жыцьця на небе. Дзяржава ў сваім кіраваньню на-родамі карыстаецца сілай фізычнай, царква — маральнай і нават зверх-фізычнай, духоўнай (ц.-сл. „благодать"). Калі мы яшчэ бліжэй прыглядзімся да таго якімі мэтодамі фактычна карыстаюцца дзяржавы ў сваім палітычным жыцьці, то гэта немагчымасьць поўнага аб‘едняньня дзяржавы і царквы стане для нас зусім яснай.

„Для государственныхъ цѣлей, — можетъ быть полезенъ — піша адзінъ расейскі сучасны філософъ), — человѣкъ-палачъ или шпіонъ. Государству вообще во многихъ случаяхъ бываетъ нужна подкупная человеческая совѣсть. Для него может быть полезно, чтобы всѣ его подданные стали совершенными орудіями войны, жестокими и безжалостными къ людямъ другой рассы“ і г. д.[1]. З усім гэтым, наадварот, павінна вясьці барацьбу царква. Ясна, што яна ня можа, не адрокшыся ад сваёй ідэалогіі, ужываць гэткія мэтоды. Ясна з гэтага і тое, што яна ня можа ўваўсім падпарадкавацца дзяржаве, а перадусім за тое, што дзяржава ня мае ў сабе той Божаскай духоўнай сілы („благодати"), якой паводле сваёй веры распаражаецца царква.

Адсюль ясна, што мы павінны адкінуць магчымасьць поўнага аб’еднаньня хрысціанскай царквы з дзяржавай бяз пэўнай шкоды, ў кажным разе для першай.

Але ці магчыма прызнаць і поўны падзел паміж імі, — такі, пры якім не было-б ніякай сувязі? Няхай сабе дзяржава і царква, як арганізацыі, маюць розныя прыроды, але-ж складаюцца яны з адных і тых самых людзей? Няхай праўда тое, што дзяржава часта мае патрэбу „у людзях з падкупной совесцьцю", але ці ня часцей яшчэ яна мае патрэбу ў людзёх чэсных, верных, справядлівых, — такіх, аб узгадаваньні, якіх стараецца царква? Сама дзяржава ня будзе мець сілу ўзгадовываць такіх, ба, як паказала практыка, мораль („нравственность") заўсёды трымаецца на Вышэйшым (Божыім) аўторытэце. Не дарма, нават, самы знамяніты “бязбожнік" (Вольтэр) і той сказаў, што “калі-б Бога і ня было, дык яго трэба было-б выдумаць”. З другога боку, як арганізацыя, складаючыся з людзей, і царква мае патрэбу ў такіх вонкавых абставінах свайго жыцьця (царкоўныя будынкі, свабода богамаленьня, свабода духавенства ад вайсковай павіннасьці, духоўная навука і г. д.), якія цалком залежуць ад дзяржаўных уладаў.

Усё гэта праўда. Але калі мы гаварылі аб адлучэньні царквы ад дзяржавы, то пад гэтым зусім не разумелі таго, быццам паміж царквой і дзяржавай няма і ня можа быць ніякіх пунктаў сутыку, ніякай ўзаемадзеяльнасьці, ніякай сувязі. Безумоўна і царква павінна нешта рабіць для дзяржавы, і дзяржава для царквы.

Узаемнадзеяльнасьць гэта, ці сувязь ёсьць, і быць павінна, але папярэдняй справай павінен быць падзел, бо бяз гэтага падзелу не магчыма і ні якая свабодная сувязь, ці свабодная ўзаемнадзеяльнасьць, бо калі перад гэтым ці царква была ў залежнасьці ад дзяржавы, ці дзяржава ад царквы, то, як маглі-б яны ўвайсьці ў заемную свабодную згоду. «Свабодная царква ў свабоднай дзяржаве"[2], — гэтая формула ўсё-ж такі астаецца як найдалей выражаючая павінныя (должныя) адносіны паміж дзяржавай і царквой.

Астаецца вырашыць два пытаньні: у якой форме могуць выразіцца гэтая свабодная сувязь і ў чым павінна быць узаёмадзеяльнасць дзяржавы і царквы?

Р.-каталіцкі захад, як мы бачылі, выпрацаваў вядомую форму конкордата. Конкордат гэта ёсьць пісьменны акт юрыдычнага парадку, у якім выкрэсьляны усе ўзаемныя правы і абавязкі, падобна да таго, як робіцца паміж дзяржавамі.

Нічога прынцыпова ня можна сказаць проціў гэтай формы, тым больш, што да гэтага ці царква, ці дзяржава могуць быць змушаны папярэднімі варункамі. Усякая згода лепш вайны. Але ўсёж-такі, гледзячы з пункту гледжаньня праваслаўнага, мы павінны адзначыць, што гэтая форма больш адпавядае духу р.-каталіцкай царквы, якая сама сябе уважае за тэократычную зямную дзяржаву, а фактычна ў гісторыі і бывала такой, ды і дагэтуль захавала вонкавыя формы дзяржавы (напр. мае сваіх паслоў у розных сьвецкіх дзяржавах). Правасланаму духу больш адпавядае не юрыдычная, а моральная сувязь.

Пры юрыдычнай згодзе ў акт гэтай згоды заўсёды могуць папасьць такі чыста палітычныя пункты, якія не адпавядаюць палітычным поглядам усіх верных, з якіх складаецца царква, а гэтым ужо было-б зьвязана іх сумленьне, а з другого боку і царква гэтым самым прыняла-б на сябе абавязак падтрыманьня таго, ці іншага, палітычнага строю, г. ё. ужо з сфэры царкоўнай перайшла-б у сфэру палітычную. І наадварот, дзяржава ўзамен маральных, шчырых адносін цэлай царквы, рызыкуе атрымаць толькі формальна юрыдычныя абяцаньні — ад найвысшай іерархіі.

Трэба азначыць тое, што самыя асновы адносін паміж царквой і дзяржаваю ўсё роўна акрэсьліваюцца ня гэтай узаемнай згодай, а тымі моральна-рэлігійнымі асновамі, якія творацца ўнутры самой царквы незалежна ад дзяржавы і тымі юрыдычнымі асновамі, якія творацца ўнутры дзяржавы, незалежна ад царквы. Хрысьціянства вуча „аддаваць Кесарава кесару", падпарадкавацца ўладам, плаціць даніну і маліцца за ўладу незалежна ад таго ці іншага палітычнага строю і павінна выпаўняць гэтае запаведзі незалежна ад таго, ці ёсць, ці няма конкордату. А дзержава таксама незалежна ад гэтага павінна даваць і царкве тое, што пішацца у яе констытуцыі для ўсіх арганізацыяў. Гэты мінімум узаемных абавязкаў такім чынам ёсьць маральны абявязак і царквы і юрыдычны абавязак дзяржавы без усякіх юрыдычных згодаў. Далейшая сувязь паміж тэй і другой ужо залежыць галоўным чынам ад таго, з якой дзяржавай і з якой уладай сутыкаецца царква. З такой, напрыклад дзяржавай і такой уладай, якая прызнае рэлігію „опіюмам для народа", трудна царкве знайсьці пункты маральнай сувязі. Тут вышэй указаны мінімум павінен стаць максімумам абявазкаў царквы да дзяржавы.

Але чым больш у сваім характары і сваіх мэтах дзяржава і яе ўлада з’яўляецца хрысьціянскай, тым больш яны маюць патрэбу ў збліжэньні з царквой, тым больш пунктаў сутыку паміж імі, тым больш можа быць і гэтая сувязь. Идэалам адносін можа быць тое, калі дзяржава прызнае маральны аўторытэт царквы, калі яна свае законы стараецца збліжыць з вымаганьнямі хрысьціянскай маралі, і дае царкве усе вонкавыя магчымасьці выпаўненьня яе высокага служэньня і Богу, і людзям. У такім разе і царква можа пашырыць далей сваю маральную сувязь з дзяржавай і яе ўладай, — нават і падтрымліваць гэтую ўладу, карыстаючы з свайго маральнага уплыву на сваіх верных, бо у такой уладзе царква можа відзець найлепшае фактычнае вырашэньне слоў Сьв. Пісанія, што ўсякая ўлада ад Бога. Можа быць і дрэнная ўлада, але і яна даецца нам ад Бога хоць-бы для наказаньня, як кара за нашы грахі. У такой ўладзе мы павінны (паводле заповедзі царкоўнай) падпарадкавацца, але толькі ў межах адзначанага мінімуму і ня больш. Так нам прэдстаўляюцца павінныя адносіны паміж царквой і дзяржавай.

В. Багдановіч.

Вільня

21 верасьня 1927.

  1. Е. Трубецкой. "Смыслъ жизни". Берлинъ, 1922 г., стр. 39
  2. Формула вядомага італьянскага палітычнага дзеяча Кавура (1810 - 1861)