Хітры вол
Хітры вол Беларускія народныя казкі Аўтар: народ Крыніца: http://bellib.org/2009-05-25-13-14-53/item/tales-folk/tales-folk-005.html |
Пайшоў вол сена касіць. Косіць, завіхаецца, на неба паглядае: ці не відаць адкуль хмары? «За пагоду, — думае, — сена насушу, стог скідаю, тады і зіма не страшна». Ідзе воўк. Загледзеўся на вала.
— Ты бык? — пытаецца.
— Не, я вол.
— Сена косіш?
— Кашу.
— Рагамі грабеш?
— Грабу.
— Хвастом падграбаеш?
— Падграбаю.
— А мяне ты не баішся?
Падумаў вол і кажа:
— Я не толькі цябе, а і двух такіх не баюся!
Паверыў воўк і пайшоў шукаць сабе падмогі.
Прыходзіць на другі дзень з двума братамі.
— Ты бык? — зноў пытаецца.
— Не, вол.
— Сена косіш?
— Кашу.
— Рагамі грабеш?
— Грабу.
— Хвастом падграбаеш?
— Падграбаю.
— А трох нас ты таксама не баішся?
Што валу рабіць? Давай ён далей хітрыць.
— Не толькі трох, — кажа, — а і чатырох не баюся.
Паверылі ваўкі і падаліся шукаць новых сяброў.
Доўга шукалі. Нарэшце прыходзяць на балота цэлаю чарадою. Глядзяць, а там ужо стог сена стаіць і вала не відаць.
Кінуліся ваўкі па следзе і прыбеглі да двара, дзе вол жыў. Двор вала высокім частаколам абгароджаны.
Круціліся, круціліся ваўкі, скакалі, скакалі, ды так да вала і не дабраліся.
— Ага, — закрычалі яны са злосці, — ты, баязлівец, схітрыў!
— Схітрыў ці не схітрыў, — адказаў вол, — а стог сена за пагодай накасіў. Ды і шкура ад вашых воўчых зубоў цэлая засталася.
І павалакліся ваўкі прэч, хвасты падцяўшы.