Перайсці да зместу

Хто такія бальшавікі?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хто такія бальшавікі?
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: «Вольная Беларусь», 1917. - №29 - с.1-2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У канцы лістападу [з 24-25 лічбу] у Петраградзі пачалося паўстанне, ініцыятарамі, або павадырамі катораго з'яўляюцца большэвікі і прыхільныя да іх элямэнты. Вялікую трагэдыю перажывае ціпер дзяржава Расійская. Па гарадох і іншых людных цэнтрах адбываюцца вялікія, гістарычнае вагі, падзеі, каторыя адабьюцца больш значнымі пераменамі, як зрабіла рэвалюцыя палітычная, выкліканая панованнем царызму. Большэвікі паднялі паўстанне, жадаючы рашучых перамен у сацыяльным грамадзкім ладзі. Яны намагаюцца скінуць грамадзкі лад, пабудованы на праві ўласнасьці, і збавіцца ад панавання багатых і заможных, утварыўшы дыктатуру (ўладарства) працоўнага люду, або пролетарыяту. Пра гэтыя падзеі і пра большавікоў, распачаўшых справу, можна пачуць ціпер скрозь. Большэвікі у ўсіх і кожнага ціпер на вуснах, але бадай рэдка хто зможа даладно адказаць на запытанне, хто яны такія — большэвікі?

Большэвікамі завуцца тыя людзі, каторыя трымаюцца паглядаў ліваго крыла расійскай соцыял-дэмакратычнае работніцкае партыі. Зарганізаваўшыся ў 1898 г. на першым сваём зьездзі, расійская соцыял-дэмакратычная работніцкая партыя ужо на другом зьездзі у 1903 г. раскалолася на дзьве часьці (фракцыі), меньшую, па ліку прадстаўнікоў зьезду, і большую. Сябрукі меншае фракцыі сталі звацца меншавікамі, а большае – большэвікамі. На чале большэвікоў сталі у той час Ленін (Ульяноў) і Плеханоў, а павадыром меньшэвікоў быў Мартоў. Плеханоў перайшоў потым да меньшэвікоў, а даляй пакінуў і гэтых, ды стаў трымацца асобных поглядаў, застаючыся соцыялдэмократам. За гэта рэшта с.-дэмократоў стала называць яго ліквідатаром, або, на іх думку, гасіцялем работніцкого руху. Плеханоў лічыцца тэорэтыкам марксізму і настаўнікам расійскай с.-дэмакратыі. У наш час ён працуе у гуртку «Едінство». Тэорэтыкам і павадыром большэвізму застаецца Ленін.

У 1905 року большэвікі склікалі трэйці зьезд партыі, і гэты зьезд толькі падкрэсьліў і мацней зазначыў раскол. Адны глядзелі на жыцце і разумелі свае заданні гэтак, а другія інакш. Праўда, на чацьвёртым зьезьдзі, скліканным таго самага году, пашанцавало часова палагодзіць гэты раскол, але ні на доўга, і фракцыі зноў разышліся, бо большэвікі былі занатта радыкальнаю часткаю с.- дэмакратыі, а меньшэвікі занатта памяркоўнаю. Большэвікі трымаліся тае думкі, што трэба дамагацца адразу таго, што патрэбна працоўным людзям і што, наогул, вымагаецца іх партыйнымі заданнямі, а меншавікі, наодварот — тыя ні згаджаліся з імі і тлумачылі, што так працаваць німагчыма. што трэба рахавацца з умовамі часу, ні гвалтаваць жыцця заўчасу, а лічыцца з яго паступовасьцю і ступнем развіцця.

Такім чынам, абедзві фракцыі, маючы адну праграму, адны і тыя заданні розьняцца перш за ўсё у тактыцы. У час царызму большэвікі, у спрэчнасьць меньшэвікам, настайвалі на сьціслай цэнтралізацыі і ні уважалі магчымым, дзеля коцспірацыі, заводзіць у сябе выбарныя партыйныя інстытуцыі. Гэта спачатку і было першаю прычынаю таго, што ў аднэй партыі істнувалі паралельна [побач] дзьве організацыі – большэвіцкая і меньшэвіцкая. Але даляй — боляй. Потым кожная новая справа ці палітычны выступ, выклікалі новыя ніпрымірымыя спрэчкі. Так, большэвікі байкотавалі Д. Думу, адмоўляючыся працаваць з буржуазьяй, каб ні звужаць сваіх праграмных дамаганняў. Апошнімі часамі, калі разьюшылася эўропэйская вайна, большэвікі рашуча выступілі проці яе і ні зьмянілі свайго адношэння да яе нават посьля рэвалюцыі. Ужо у 1905 г., падчас першае расійскае рэвалюцыі, большэвікі намагаліся установіць дыктатуру пролетарыяту і селянства, захапіўшы рэвалюцыйным чынам палітычную уладу, ні гледзючы на тое, што істнуваў яшчэ царызм, каторы здолаў потым пражыць яшчэ 12 год.

Большэвікі лічаць сябе староннікамі чыстай клясовай лініі пролетарыяту і адкідаюць уселякія компрамісы, а меньшэвікі уважаюць магчымым супрацоўнічаць з буржуазіяй. Большэвікі, трымаючыся таго пагляду, што буржуазія ні можа быць чыннікам рэвалюцыі, як стан прывіляёвы у прамысловасьці і земляробстве, - уважаюць рэвалюцыю справай вылучна пролетарска-селянскаю. Праўда, у скасованні царату заінтэрасована была і буржуазія, але і толькі таго. Далейшы рух рэвалюцыі для багатых станаў зьяўляецца згубаю, бо яна скірована проці правоў пануючых станаў. Тым часам, работніцтво і селянство заінтэрэсованы у як найрадыкальняйшых палепшэннях, якія толькі мажлівы у варунках капіталістычнага ладу. Іншага погляду трымаюцца меньшэвікі. Яны тлумачаць, што буржуазія, будучы станам прогрэсіўным у эканамічным сэнсі, можа і мусіць быць чыннікам рэвалюцыйным. Адгэтуль вынік, што дэмакратыя пры капілістычным ладзі ні можа абысьціся без супрацоўніцтва буржуазіі і іншых, прыхільных да іх, элямэнтаў. Рэвалюцыя была буржуазная, а затым і здабыткі яе павінны быць падзеляны паміж буржуазнымі станамі і дэмократыяй.

Большэвікі кажуць, што разам с палітычнай рэвалюцыяй [заваёванне вольнасьцяў] трэба рабіць і соцыяльную, бо покі, моў, сонцо ўзыдзе — раса вочы выясьць, а меньшэвікі стаяць за тое, што палітычная рэвалюцыя расчышчае толькі дарогу пролетарыяту дзеля змагання за соцыялізм, але для соцыяльнай рэвалюцыі яшчэ час ні настаў ні толькі у Расіі, а нават заграніцай, дзе грамадзкі лад і эканамічнае развіцце шмат вышэйшыя, як у нас. Такім чынам, кажуць яны, распачынаць у такой беднай і эканомічна адсталай дзяржаве як Расія, сацыяльную рэвалюцыю — знача, выклікаць анархію, безладзе і культурны заніпад, а ў рэзультаці — страціць і тое, што здабыто праз рэвалюцыю палітычную. Соцыяльная рэвалюцыя магчыма толькі тагды, як капіталістычны лад, каторы пануе скрозь, вырасьце да таго ступня, што стане валтузіць жыцце усяго грамадзянства, як гэта га было с самадзяржаўным, царскім ладам у палітычным быту людзей. Царызм трымаўся, покі ні зжыў сябе, а як прышоў час, дык разваліўся, як спарахнелае, трухлявае дрэво.

Трэба зазначыць, што як выбухла ціперашняя вайна, дык соцыялісты усіх нацый і краёў падзяліліся на абаронцаў і інтэрнацыяналістаў. Усе абаронцы кажуць, што яны падтрымліваюць вайну толькі дзеля абароны свае бацькаўшчыны, але гэтае само цяўнуць і імпэрыялісты, — вінавайцы вайны. Робіцца ўражэнне, што абаронцы, прычыняючыся да вайны, падтрымліваюць сваіх імпэрыялістаў і дапамагаюць ім у іх ваеўнічых заданнях. Інтэрнацыяналісты, наадварот, с самага пачатку цьвердзяць, што вайна — гэта справа рук шайкі грабежцаў-капіталістаў усіх народнасьцяў і што яе трэба скончыць, ідучы да гэтага шляхам паўстання міжнароднай дэмакратыі проціў буржуазіі, зачаўшай гэтую сусьветную бойню.

Большасьць меньшэвікоў стаіць на грунці абаронцаў, а да інтэраацыянялістаў прылучаюць сябе большэвікі. Частка меншавікоў з Мартовым на чале і лівае крыло соцыялістаў-рэволюцыянэраў. Большэвікі лічаць, што рэвалюцыю учынілі работнікі і сяляне, або узброяны пралетарыят, т. е. салдаты, і, па моцы гэтага, уся ўлада ў дзяржаві павінна перайсьці да іх рук. Толькі дэмакратыя, на іх погляд, здолее стварыць тую аўтарытэтную уладу, каторая патрапіць скончыць вайну, перапыніць безладзе і устанавіць парадак.

Я. Л.