Перайсці да зместу

Хто вінават? (Арол)/IV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
III. Сучасная эканамічная залежнасьць беларускага селянства ад польскай зямельнай буржуазіі. IV. Як польская шляхта ратуе паншчыну беларусі і ўзмацовываець гвалт і насільства над беларускім народам?
Публіцыстыка
Аўтар: М. Арол
1921 год
V. Як польскае панства прыгнетала і калечыла душу беларускага селяніна.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




IV.

Як польская шляхта ратуе паншчыну Беларусі і ўзмацовываець гвалт і насільства над беларускім народам?

Калі ў сьнежню 1917 года у Meнску на Ўсебеларускім 3‘езьдзе Беларусь была абвешчана Незалежнай Рэспублікай, у якой усе зямельныя абшары і ля­сы пераходзяць ва ўласнасьць працоўнага народу, польская шляхта адразу пачула страшэнную небяспеку дзеля сваіх маёнткаў. А польскіх маёнткаў на Беларусі ёсьць шмат. Ось польскія паны пачалі націскаць на свой урад, каб ён хутчэй бараніў іхнія панскія двары. Польскі ўрад зложаны так сама з польскай зямельнай буржуазіі, сярод якой ёсьць асобы маючыя на Беларусі не адзін дзесятак маёнткаў,—гэты ўрад і сам з вялікай прыемнасьцю прыдушыў-бы беларускі народ, але ў той час яшчэ ня меў аружнай моцы. Быў, праўда, на Беларусі польскі корпус генэрала Давбора-Мусьніцкага, які тварыў такі няслыханы грабёж і столькі катаваў і забіў беларускіх се­лян, столькі спаліў вёсак награбіў дабра ў Беларусі, што нямецкае камандаваньне абязброіла гэты „кор­пус польскіх разбойнікаў“ і выслала яго „у Варша­ву“. Насільства і разстрэлы беларускіх селян учыненыя польскім генэралам былі сустрэчаны польскім урадам з вялікай прыемнасьцю і сам начальнік Рэчы Паспалітай пан Пілсудзкі усенародна дзякаваў Довбор-Мусьнікаму і яго легіанерам-бандытам за тое, што яны баранілі маёнткі польскай шляхты, а беларускіх селян руйнавалі і разстрэлівалі.

Гэтая падзяка польскага ўраду сваім бандытам паказала ўсім беларусам, што польскія паны так прос­та не аддадуцць сваіх маёнткаў, а будуць вясьці смяртэльную барацьбу з беларускім народам і яго незалежнасьцю і каб уратаваць свае награбленыя землі не застановяцца ні перад чым: патрэбна ім будзець зніштожыць беларускую незалежнасьць — пачнуць зніштажаць. Натрэбна будзе ім вынішчыць беларускі народ — пачнуць уселякімі зладзейскімі спосабамі нішчыць.

Так і сталася. Пасьля уходу немцаў з Беларусі, польскі ўрад пад відам барацьбы з бальшавікамі стаў пхаць сваё войска на Беларусь Польскі ўрад прад усей Эўропай выхваляўся, што палякі ідуць вайной проці Савецкай Расеі, але цяперака ўжо добра выз­нана, што польскі ўрад ішоў аружнай сілай паняволіць беларускі народ, каб уратаваць маёнткі польскае шляхты. Польскім панам патрэбна было вярнуцца да сваіх маёнткаў, трэба было паняволіць беларускае селянства і памсьціцца над ім.

Што гэта так, паказала польская акупацыя, у часе якой польская шляхта і ўсё польскае чынавенства душылі беларускі народ усімі спосабамі.

Што гэта так, паказаў сучасны зьдзек польскіх паноў і жандараў, над беларускім селянствам у Віленшчыне і Горадзеншчыне, якія яшчэ да сягоньняшняга дня акупованы польскімі войскамі.

У часе першай акупацыі польскі ўрад, каб задаволіць сваю шляхту і даць ей магчымасьць памсьціцца над беларускімі селянамі, аддаў шляхце адміністрацыю над акупованымі землямі. Адтрымаўшы такое права шляхта пачала прасьледаваць усё беларускае: разганяла селянскіе рады, зачыняла беларускія арганізацыі, школы, коопэратывы; зачыняла беларускія газэты. Над селянамі пачаўся гвалт і грабёж; польскія жандары па загаду шляхты адбіралі каней, хлеб, адзежу, грошы. Адзін польскі пан Біспінг сам падпаліваў беларускія вёскі. Жандармэрыя польская арыштовывала беларускіх вучыцялёў і лепшых беларускіх інтэлігэнтаў, кідала іх у турмы, дзе над імі утваралі безчалавечныя мукі за тое, што яны асьвятлялі і баранілі селян. Быў у Менску польскі генэрал Шэптыцкі, да якога прыйшла беларуская дэлегацыя прасіць каб яго жаўнеры не палілі вёсак, бо гэта пагражае голадам усяму краю; тады г. Шэптьшкі усхапіўся стукнуў кулаком па стале і крыкнуў: „Я спалю ўсю вашу Беларусь, калі мне будзе патрэбна“…. („Польская акупацыя у Беларусі“. А. Луцкевіч).

З гэткімі зладзейскімі покрыкамі йшла польская шляхта на Беларусь. Смяртэльнымі карамі і вагнём увадзілі палякі сваю паншчыну сярод беларускіх селян.

I да сягоньняшняго дня мы бачым, што палякі ў Віленшчыне і Горадзеншчыне сыстэматычна прасьледуюць беларусаў і усё беларускае…

Беларускіх школ не даюць адчыняць, але адчыняюць польскія, каб апалячываць селянскіх дзяцей. Беларускія камітэты разганяюць і сяброў камітэтаў саджаюць у турмы. Беларускія газэты зачыняюць або канфіскуюць. Беларускія коопэратывы ліквідуюць: ось на гэтых днях у Горадзеншчыне палякі зачынілі 10 беларускіх коопэратываў. Селянскую зямлю аддаюць польскім жаўнерам. Беларускім уцекачам перашкаджаюць вертацца на Бацькаўшчыну.

Шляхэцка-панская Польшча не застанаўліваецца ні перад чым, абы толькі прылучыць да сябе беларускія землі, абы знішчыць беларускі народ і паняволіць беларускае селянство.