Перайсці да зместу

Хто вінават? (Арол)/I

З пляцоўкі Вікікрыніцы
I. Якімі спосабамі Польшча нішчыла Беларускую нацыанальную ідэю і моц.
Публіцыстыка
Аўтар: М. Арол
1921 год
II. Як польскі ўрад і польскія паны накінулі паншчыну беларускаму селянству.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I.

Якімі спосабамі Польшча нішчыла Беларускую нацыанальную ідэю і моц.

У мінулыя часы беларускі народ, як асобная на­цыя, маючая сваю асобную тэрыторыю, мову, звычаі, стварыў дзержаўны хаўрус з другім асобным народам — літоўскім і такім чынам зьявілася моцная Літоўска-Беларуская дзержава.

Літоўцы і беларусы ў гэтай дзержаве жылі як роўныя, карысталіся аднальковымі грамадзкімі і дзержаўнымі правамі, супольна выбіралі сабе князя, мелі супольнае войска і супольна бараніліся ад ворагаў.

Пры літоўска-беларускім князю Альгердзе, беларуская мова, была првзнана дзержаўнай мовай, гэта значыць, — на ей пісаліся ўсе дзержаўныя граматы, гістарычныя дакумэнты і ўжывалі гэту мову ва ўсіх дзержаўных установах: у сойме, ў судох, і г. д.

Для Польшчы ўтварэньне моцнай Літоўска-Беларускай дзержавы было надта прыкрым і небяспечным.

Польскі ўрад пачаў рабіць рожные захады, каб аслабіць Літоўска-Беларускую дзержаву, або якім-небудзь чынам злучыць і нават прылучыць яе да Польшчы.

Палякі сасваталі сваю каралеву Ядвігу з літоўска-беларускім князям Ягайло, каб гэтым шлюбам адчыніць сабе дарогу ў Літоўска-Беларускую дзержаву. Рахунак быў зроблен добры.

Каталічка Ядвіга ўгаварыла Ягайла прыняць каталіцтва і ўвесь час пасьля шлюбу патурала свайго му­жа, каб ён свой народ прымусіў перайсьці ў каталіцкую веру. Каб здаволіць сваю жонку і польскі сойм, Ягайло шчыра ўзяўся пашыраць каталіцкую веру паміж свайго народу, пагражаючы упорным цяжкой ка­раю, а самаахотна прыймаючым каталіцкую веру вы­ даваліся рожныя падарункі.

Беларусы і літоўцы ўбачыўшы, шго іх князь Ягайло занадта паддаўся польска-каталіцкім уплывам, не захацелі яго слухацца і выбралі сабе новага князя Вітаўта, а Ягайла з жонкаю выехаў у Варшаву.

Цікава, што карону, якую паслаў рымскі папа Вітаўту, палякі ў Кракаве ўкралі ад Вітаўтавых паслоў.

Шлях ад Польшчы ў Літоўска-Беларускае князьство зроблены шлюбам Ягайлы з каталічкай Ядвігай скарыстала ў пазьнейшыя часы польскае каталіцкае духавснства. Панаехаўшыя сюды польскія ксяндзы пашыралі каталіцтва сярод беларускага народу, асабліва сярод беларускіх вельможных паноў.

Каб заахвоціць беларускую шляхту прыймаць каталіцтво, польскі ўрад даваў кожнаму шляхціцу-каталіку рожныя прывілегіі.

Беларусы-каталікі атрымалі права выбіраць прэдстаўнікоў ў варшаўскі сойм, беларускі шляхціц прыймаючы каталіцтва меў права на шляхэцкі гэрб і права ўладаць крэпастнымі селянамі.

Атрымліваючы рожныя карысныя правы, беларуская шляхта тым самым ўсё больш павінна была ўхіляцца ў бок Польшчы і паступова пераймала поль­скую мову, польскую культуру і ўрэшце апалячылася зусім.

Гэта апалячаная шляхта ўжо чуралася беларускае мовы, беларускай культуры, беларускага народу.

Апроч шкадлівага ўплыву на беларускасьць з боку сваей апалячанай шляхты, яшчэ мацнейшы ўплыў мела праўдзівая польская шляхта, якая пасьля Люблінскай вуніі пачала пераезджаць з Польшчы ў Беларусь і колёнізаваць яе. Польскія паны прыезджаўшыя ў Беларусь хацелі раздабыцца зямелькай, але беларускае селянства давала моцны адпор панскім апэтытам. Тады палякі пусьціліся на хітрасьць: пачалі жаніцца на доч­ках беларускай шляхты і шляхам гэтых шлюбаў ўсё больш заграбалі ў свае рукі маёнткаў.

А маючы ўжо зямлю, яны рабіліся поўнапраўнымі грамадзянамі і ў дадатак выгаварылі сабе ад польскага ўраду права карыстацца на беларускіх землях—польскімі законамі, інакш кажучы ўводзілі на Беларусі „паншчыну“, карысталіся працай беларускіх паняволеных селян і багацелі.

Паглядаючы на польскіх паноў і беларуская апалячаная шляхта ўсё больш ухілялася да Польшчы, каб атрымліваць новыя правы, нават прыймала польскае падданство і больш не хацела сябе лічыць беларускай.

Пераймаючы польскую мову, польскую адукацыю, польскую культуру — нашы багатыя беларусы рабіліся панамі, выракаліся свайго роднага беларускага, лічучы яго „простым“, „хлопскім“.

Гэтыя новыя паны з беларусаў так сама карысталіся польскімі законамі.

Паводле гэтых законаў ўсе, хто не належаў да шляхты трацілі права ўладаць зямлёй, якая пераходзіла ў рукі шляхты.

Простыя селяне разам з зямлёй аддаваліся на поўнае распараджэньне шляхце. Шляхта па гэтым законам атрымала права купляць і прадаваць селян разам з сям’ей і ў адзіночку, права вышэйшага суда і кары над селянамі, права жыцьця і сьмерці над селянамі. Калі пан забіваў селяніна, дык за гэта плаціў штраф менш як за забітага сабаку.

Карацей кажучы, селянін аддаваўся ў рабства па­нам, якія лічыліся з селянамі ня больш як з быдлам.

Моцна ўелася гэтае права ў панскі розум, бо нават у цяперашні час польскія паны абзываюць се­лян „быдлам“.

Польскія паны прыехаўшы і ўзмацаваўшыся на Беларусі пачалі выхваляцца сваей польскай нацыанальнасьцяй, сваей польскай мовай і польскай адукацыяй, а побач з гэтым высьмевалі ўсё беларускае — і нацыю і мову і звычаі. Ўрэшце дайшлі да таго, што, ўсіх хто гутарыў па-беларуску залічалі да „хлопаў“ да „быдла“, а на беларускіх селян глядзелі як на рабоў сваіх не маючых ні нацыі, ні гісторыі сваей.

Польскія ксяндзы по загаду свайго ўраду вялі так сама шкодную для беларусоў працу. Перахрэшчываючы беларусаў у каталіцкую веру, ксяндзы, гаворучы прамовы да беларусоў на польскай мове, ўвесь час стараліся пераканаць іх, што каталікі павінны і гаварыць па-польску і дзяцей сваіх вучьшь на поль­скай мове.

Ксяндзы адчынялі польскія школы і ўгаварывалі беларусоў—каталікоў пасылаць дзетак вучыцца ў гэтыя школы.

Польскае духавенства дабілася нават таго, што літоўска-беларускую вышэйшую школу ў Вільні перарабілі на польскую. Ў гэту школу прыймалі беларускіх дзетак на варунках, што яны 12 гадоў будуць вучыцца і жыць пры самой школе. Зрумела, што праз 12 гадоў з беларускіх дзетак рабілі добра адукаваных заўзятых палякаў, якія нават запаміналі сваю беларускую мову, ўстыдаліся яе.

Цэлыя масы людзей выховываліся ў польскім духу.

Добра адукованыя, яны пачыналі беларускі на­род цягнуць да польскасьці, да Польшчы.

Так праз каталіцтва праз сваю нацыанальную цэркву і сваіх ксяндзоў, праз сваіх колёнізатараў—паноў і польскія законы, праз сваіх вучыцеляў і польскія школы, — палякі стараліся выкасаваць імя беларуса з гісторыі народаў, цэлымі вякамі стараліся вынішчыць ўсё беларускае, стараліся, каб наш беларускі народ забыўся хто ён такі. I гэта атрутная праца палякаў не прайшла дарма: шмат касьцей беларускіх абрасло чужым паляцкім мясам, забыліся роднае мовы, адракліся ад свайго народу і перакінуўшыся да Польшчы часамі рабіліся дзеля беларускага народу яшчэ горшымі. яшчэ шкаднейшымі ворагамі, чым самі палякі.

Ворагі беларускага народу з боку Польшчы не прыпынілі сваю працу сярод беларускага селянства нават і ў той час, калі Беларусь была далучана да Расеі, нават і ў пазьнейшыя часы, калі і самую Польшчу падзялілі на часткі.

Працу сярод беларусаў вяло каталіцкае духавенства, якое безупынна пераконывала селян—беларусаў, што яны-палякі, што німа ніякай беларускай нацыі, што беларуская мова—гэта крыху запсутая польская мова, што толькі Польшча дасьць вызваленьне і шчасьлівае жыцьцё беларускім селянам і г. далей.

Так тварылася польская праца на Беларусі ў даўныя часы і потым ў даволі блізкія да нас.

Але паглядзім, што робяць палякі на Беларусі ў цяперашні час, як цяпер нішчаць яны нашае нацыанальнае адраджэньне і нашу незалежнасьць.

Калі беларускі народ праз свой Ўсебеларускі З’езд ў Менску — беларускім абвясьціў сваю бацькаўшчыну Незалежнай Рэспублікай і захацеў сам будаваць сваё дзержаўнае жыцьцё, тады палякі карыстаючыся часовай безбароннасьцю беларускага народу—акупавалі Беларусь і аружнай сілай разагналі Бела­рускі Ўрад.

Захапіўшы Беларусь, палякі сыстэматычна пачалі душыць ўсё беларускае—і мову, і школу, і газэты і кніжкі, нацыанальныя арганізацыі, коопэратывы, беларускіх вучыцялёў і дзеячоў.

Ось выпадковыя факты, якіх у акупацыі былі тысячы.

„7 лютага 1920 году ў Менску, ў польскі Цэнтральны Камітэт па дакармліваньню дзяцей з‘явіліся беларускія вучыцелькі, якія падалі просьбу аб выдачы дзецям з іхняй школы сьнеданьняў. Просьба была напісана па-беларуску. Справа ўрэшце дайшла да старшыні камітэту — ксяндза Усаса, з боку якога нашыя вучыцелькі спаткалі зусім неспадзеваны прыём:

— „Не ломайте комедіі“ — сказаў ім па-расейску ксёндз Усас, — „пішіте ілі по рускі ілі по польскі“. Пасьля ўзяўшы паперу ў рукі пачаў зьдзекавацца з беларускай мовы, кажучы, што яму незразумелы такія словы, як „сьнеданьне“, „атрымаць“. Урэшце заявіў вучыцелькам, што ён „спэцыальных тлумачоў наймаць ня будзе для беларусаў і яшчэ раз прапанаваў пісаць ці па расейску ці па польску“. (З газэты „Беларусь“ № 28 ад 10 лютага 1920 г. Менск).

„Ў 1919 гаду на почце, тэлеграфе і тэлефоннай станцыі ў Вільні быў вывешаны прыказ (ад польскае улады), каб ўсе працаўнікі гаварылі між сабой ня йначай, як толькі па польску. Каб народ (беларускі), ня мог быць павядомлены аб ўсіх зьдзеках над бе­ларускай мовай, акупанты (палякі) зрабілі зусім немагчымым істнаваньне беларускае прэсы: адна за аднэй былі зусім закрыты ўсе часопісі ў беларускай мове ў Вільні і Горадні. Безмала ўсе, рэдактары іх за найдрабнейшыя правіннасьці пападалі ў вастрог, калі не пасьпевалі уцячы ў свой час заграніцу. Тых хто шырыў беларускія газэты і кніжкі між народам садзілі ў турму ня толькі па вёсках, але і ў самой Вільні: так тутака 11 ліпня 1919 году жандары арыштавалі на вагзалі сэкрэтара Беларускага Нацыанальнага Камітэту, Мадэста Яцкевіча, за тое, што ён раздаваў ваеннапалонным прайшоўшыя праз цэнзуру часопісі „Беларуская Думка“ і „Беларускае Жыцьцё“ („Польская акупацыя ў Беларусі“ Антон Луцкевіч. 1920 г.). У м. Барунах, Ашмянскага павету адзін з польскіх жандараў зьвертаючыся да вучняў сэмінарыі крыкнуў: „А хто будзе чытаць беларускія кніжкі — таму куля ў лоб“…

З гэтых трох-чатырох фактаў, ўжо ясна відаць якую непрымірымую барацьбу вядуць палякі з нашай беларускай мовай.

Ведама ўсім беларусам-селянам, што „на вёсцы часта даволі было прызнацца, што ты беларус, даволі было выпісываць часопісі і кніжкі ў беларускай мове, каб цябе пачалі прасьледавапь і пасадзілі ў вастрог“. Ня менш жорсткую барацьбу вядуць палякі з беларускай прасьветай, з нашымі беларускімі школамі, аб чым сьведчаць гэткія, напрыклад, факты:

У Горадні істнавала беларуская прогімназія. Яна памяшчалася ў будынку, дадзеным беларусам горадзенскім мястовым самаўпраўленьнем. Вось 15 верасьня 1919 году, — як раз ў часе экзаменаў, — акупанцкія ўласьці груба ўварваліся ў гэту школу, разагналі вучняў, гвалтам пазабіралі і вывязлі да польскіх школ навучныя помачы, ды пры гэтым пабілі кіраўніка прагімназіі і адну вучыцельку. Вучыцялёў, каторыя мелі кватэры ў школьным будынку, павыкідалі даслоўна на вуліцу. Тое самае зрабілі і з вучыцельскім саюзам каторы там-жа памяшчаўся. А будынак гэты палякі аддалі пад польскую клерыкальную школу сёстраў-Назарэтанак“.

„У Будславі, мястэчку Віленскай губэрніі, па загаду віленскага (польскага) акружнога школьнага інспэктара, доктара Вэнслаўскага, была зачынена істнаваўшая тамака ўжо некалькі гадоў беларуская гімназія“.

„Будынак гімназіі, пабудованы за крывава заробленыя беларускія народныя грошы, забралі пад поль­скую гімназію.

„Калі-ж ў Вільню прыехала дэлегацыя ад акалічных селян з просьбай падпісанай больш чым 500 асобамі, каб пазволілі адчыніць гімназію нанова, — доктар Вэнслаўскі станоўча адкінуў просьбу, кажучы: „У вашым мястэчку павінна істнаваць польская гімназія, а як для дзьвюх гэткіх школ, мястэчка гэтае лішне малое, дык на істнаваньне беларускае гімназіі я ні ў якім прыпадку пазволіць не магу“.

Польская улада, каб хутчэй вынішчыць на вёсках беларускія школы, адмовілася плаціць грошы вучыцелям і вучыцелькам. Але нашыя вучыцялі і вучыцелькі працавалі далей бяз урадовай дапамогі і адважыліся жыць у страшэннай беднасьці і голадзі, далей заставацна ў сваіх школах.

Здаралася, што яны паміралі з голаду, як гэта было ў Сакольскім павеце, Горадзенскай губэрніі, гдзе вучыцелька Волька Якуцянка памёрла на сваім становішчу з голаду.

Ў тым-жа Сакольскім павеце польскі школьны інспэктар заявіў вучыцелю В. Казлоўскаму, што ня дасьць пазваленьня на адкрыцьцё ня толькі ўрадовае беларускае школы, але і прыватнае, грозячы яму арэштам, калі ня кіне захадаў аб школах.

Той-жа школьны інспэктар сказаў вучыцелям-беларусам, што ён можа дапусьціць істнаваньне толькі польскіх і расейскіх школ і будзе зацьвярджаць на становішчы вучыцеляў-беларусаў, каторыя згодзяцца вучыць па расейску.

Калі-ж вучыцелі адказалі яму, што яны як беларусы лічаць магчымым вучыць толькі ў сваей матчынай мове — школьны інспэктар крыкнуў: „Ну дык і едзьце ў сваю Беларусь, калі яна недзе істнуе. Я тутака не пазволю!“…

У Горадзенскім павеці селяне падалі ў працягу аднаго лета 1919 г. — 24 прыгавары аб аткрыцьці беларускіх школ, але палякі не зьвярнулі ўвагі на селянскія жаданьня. (Факты ўзяты з кнігі А. Луцкевіча „Польская акупацыя у Беларусі“).

Школы не былі адчынены.

Польская улада на кожным кроку рабіла перашкоды у адкрываньні беларускіх школ, а тых беларусаў якія раілі селянам адчыняць школы арыштоўвалі, рабавалі і проста зжывалі са сьвету. Гэтак селяніна з вёскі Шастакоў, пад Вільняй, Фалькевіча, нялічанае чысло разоў цягалі па турмах за тое, што ў часе нямецкае акупацыі паводле яго думкі была адчынена беларуская школа, што ня слухаў ксяндза і суседняга пана, працаваўшых дзеля апалячываньня беларускіх селян, за тое, што ён змагаўся з польскай захватнай агітацыяй і пеяў псальмы у касьцелі па беларуску. Гэтага гаспадара малазямельніка палякі зусім зруйнавалі.

Дзякуючы польскаму прасьледаваньню беларускіх школ — з ліку 153 школ у Віленшчыне і Горадзеншчыне істнаваўшых пры немцах, пад польскім панаваньнем у ліпеню 1920 году асталося толькі 17 школ!

Да апошніх дзён палякі руйнуюць, нішчаць і прасьледуюць усё беларускае. Ужо ў апошнія месяцы палякі бяз ніякай прычыны закрылі у Горадні Бела­рускі Нацыанальны Камітэт і хацелі арыштаваць сяброў Камітэту, але сябры здалелі уцячы заграніцу. У той жа самы час зачынілі ў Горадні беларускую газэту „Беларускае слова“ і пачалі закрываць беларускія коопэратывы за тое, што гандлёвыя кнігі былі пісаны па беларуску. Да самых апошніх дзён палякі арыштоўваюць беларускіх вучыцялёў, беларускіх дзеячоў і звычайных беларускіх грамадзян, толькі за тое, што яны шчырыя беларусы і змагаюцца за шчасьце, за дабрабыт беларускага працоўнага селянства.

А замест беларускіх школ адчыняюцца польскія школы, каб праз іх апалячываць нашых дзяцей. За­мест беларускіх газэт і кніжок распаўсюджываюць польскія газэты і кніжкі, каб імі зацемніць розум беларускіх селян, каб праз гэтыя газэты бараніць інтэрэсы польскіх захватчыкаў. Замест беларускіх