Перайсці да зместу

Хто быў Констант Каліноўскі?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хто быў Констант Каліноўскі?
Навукова-папулярны артыкул
Аўтар: Уладзіслаў Талочка
1919 год
Крыніца: http://kalinouski.arkushy.by/library/taloczka/chbkk.htm
Паводле Я. Гейштара

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хочам падзяліцца з чытачамі данымі датычна жыцьця і дзеяльнасьці чалавека, які вельмі любіў беларускі народ, Константа Каліноўскага. Будзем карыстацца толькі вышэй паказанай крыніцай (Гейштар), аб якой, дзеля таго, што яна польская, ніхто не павінен думаць, каб яна была безкрытычна прыхільнай беларускаму народу.

Констант-Віктор Каліноўскі радзіўся 21 студня 1838 г. ў фальварку Мастаўляны, Ялоўкаўскай парахвіі, Ваўкавыскага павету, у Горадзеншчыне, значыцца ў запраўднай Беларусі. Бацька яго, Сымон і маці — Вероніка з Рубінскіх, шляхта, мелі 10 вярстоў ад Свіслачы (Ваўкавыскі пав.) ткацкую фабрыку, дзеля гэтага іншы раз К. Каліноўскага называюць "сын ткача". Ёсьць прычыны думаць, што Сымон Каліноўскі быў не гаспадаром фабрыкі, а яе даглядчыкам. Пачатковую навуку будучы сябра паўстанчай арганізацыі ў Вільні атрымаў у Свіслачы, дзе скончыў 5 кляс прогімназіі, пасьля К. Каліноўскі паехаў да Пецярбурга[1]. Узяў яго тутака да сябе старшы брат Віктор, які працаваў у Публічнай Бібліятэцы.

У Пецярбурзе К., прыгатаваўшыся і вытрымаўшы эгзамены, паступіў на ўнівэрсытэт і, маючы стыпэндыю, вучыўся на юрыдычным факультэце, каторы скончыў як кандыдат праў. Паміж тагочаснай студэнцкай моладзьдзю ў Пецярбурзі былі кірункі рэвалюцыйныя, народныя і інш., дык жыцьцё над Невай мело вялізарны ўплыў на Каліноўскага. Тутака хіба ёсьць ключ, каб зразумець гэты ўвесь радыкалізм, які відаць ува ўсей дзеяльнасьці К. Асабліва ён пераняўся навукай Герцэна.

Перад паўстаньнем прыехаў ён у Беларусь і разам з Эдмундам Вэрыгай, Янкай Козеллай ды інш. зрабіўся адным з найпрацавітшых прадстаўнікоў Камітэту, які прыгатаўляў паўстаньне. У восені 1862 г. К. паехаў на адзін дзень да сваіх бацькоў. Ужо тады паліцыя яго шукала, і зара пасля яго выязду з хаты бацькоў, прыбыла з Сьвіслачы, пытаючыся аб ім. Калі Камітэт "руху" і Грамадзянская Арганізацыя зьліліся ў Аддзел загаду правінцыямі Літвы, К. быў самым энэргічным і найбольш радыкальным яго сябрай (клікалі яго "хлоп"). Шырокі быў абшар яго дзеяльнасьці, ён тварыў арганізацыі ў Горадні як "Камісар ураду Горадненскага ваеводзтва", і ў Коўні, і ўсюды меў мэту, каб парушыць народныя масы, прыдаваючы гэтаму вялікую вагу. Ён дамагаўся, каб былі спынены "prywileje stanowe" і прызнаны шырокія культурна-нацыянальныя правы беларусам і літвінам. Аб друкаванай праз К. ў Белымстоку беларускай часопісі "Мужыцкая Праўда", якой колькі нумэроў цяпер вельмі рэдкіх мае музэум гр. Мураўёва ў Вільні, мы ўжо казалі ў папярэднім нумары6. Дзіўная рэч, што ў 1863 годзе беларуская мова была для палякаў і добрая, і "wyrobiona", каб ёю можна было карыстацца тады, як ішло аб народную справу. Гэтае самае датычацца і мовы літоўскай у мінуўшчыне, калі, напрыклад, перакладаліся на літоўскі язык "Boże coś Polskę" і "Jeszcze Polska nie zginęła". І тут так сама пераважыў польскі нацыянальны інтэрас.

Каліноўскі — гэта быў чалавек, які ня ведаў страха, і хаця пільнавала яго паліцыя і жандары, нягледзячы на небаспеку, быў на кожнай у Вільні эгзакуцыі. Маючы пашпарт Вітальда Вітожэнца, ён жыў далей у сьвятаянскіх мурах і працаваў праз увесь 1863 год. Калі здарэньні ў краю прымусілі іншых правадыроў адарвацца ад работы, уцекаць, калі іншых арыштавалі або Мураўёў пагнаў на сьмерць, К. заставаўся ядыным прадстаўнікам цэнтральнай паўстанчай улады ў Літве і Беларусі, дзеля гэтага яго называлі "дыктатарам" Літвы. І толькі ў студні 1864 года кончылася яго свабода — з прычыны маладушша яго супрацоўніка Парфіяновіча (К. ня ўмеў дабіраць сабе людзей), які перад камісыяй А. Лосева ў Менску здрадзіў Каліноўскага. К. арыштавалі ў Вільні на Скапоўцы. Як яго арыштавалі, ён быццам сказаў: "Цяпер можаце быць спакойны, як вы мяне ўзялі, цяпер у Вільні будзе супакой"... Праз два месяцы ў Дамініканскіх мурах у Вільні дапытвала яго камісыя. Старшынёй гэтай камісыі быў ген. Сабалеўскі. Рэзультатам усяго гэтага быў прыгавар на сьмерць, які выпаўнілі на Лукішкім пляцу 10(23)8 марца 1864 г. Каліноўскаму было тады ўсяго толькі 26 гадоў, як яму чыталі прыгавар і назвалі яго шляхціцам, ён голасна крыкнуў: "Няпраўда! У маей бацькаўшчыне няма шляхты, усе роўны!"

З гэтага відаць, якія блізкія вузлы зьвязываюць памяць аб вялікім ваяцы за адраджэньне беларускага народа з нашай Вільняй. Пагляд на Дамініканскія муры хай нам прыпамінае гэтага маладога арла, які калісьці быў зачынены ў гэтай клетцы, а Лукішскі пляц хай будзе дарагі для нас, бо тамака у родную зямельку прасачылася кроў воя за свабоду народнага духа. Аднак, пахіляючы галаву прад Каліноўскім, мы ня можам хваліць нейкіх паглядаў і мэтадаў дзеяньня, у якіх чуваць звычайную дэмагогію. Гейштар гэтак характарызуе Каліноўскага:

"...Гэта была натура гвалтоўная, але справядлівая, без ніякага ашуканства... Быў ён незамянімым прыкладным конспіратарам, душой Камітэта... Гэты адзін чалавек тое значыў, што сотні, бо ўмеў працаваць, ахвяроўваць сябе і ўкрывацца... Яго называлі хамам, і ён сам сябе гэтак называў і гардзіўся гэтым клічам, востра выступаючы проціў шляхты."

Зноскі

[правіць]
  1. Паводле запісак, якія мае грам. Ластоўскі, К. пачаў унівэрсытэцкую навуку ў Маскве, а з Масквы за свае "народнічаскія" пераконаньні і за іх прапаганду быў прымушаны выехаць і тады закватэраваўся ў Пецярбурзі.