Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/В/Цішка Гартны/Песьні/Песьня грабара

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гарбар на вандроўцы Песьня грабара
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1927 год
Свабода
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня грабара.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Песьня грабара[1].

Я ўсё жыцьце сваё, дзень-у-дзень, год-у-год,
Землю цяжкай лапатай капаю, як крот;
Век пад сонцам й дажджом гну пакутную сьпіну,
Раскідаючы глыбамі торфу і гліну,
Ліпкі глей, бы смалу, ды цяжарнейшы жвыр[2];
Я праводжу канавы[3] удоўжкі і ўшыр,
Нібы стужкамі землю абвязваю ўкруг
І дарогу гранічу, гранічу і луг,
І спускаю з балотаў я лішнюю воду,
Ды рэжу раўкі для платоў агароду.

Так усё жыцьце сваё варушуся ў зямлі,
Хоць пад сонцам жыву, а калі-не-калі
Толькі бачу я вокам адкрытым яго.
Хоць ня зьмерыць наўкола прастору ўсяго
Неаглядных палёў, неаглядных лугоў, —
А кармлюся красою я іх дзеля сноў
І у мёртвым сваім, незварушаным сну
Бачу шчасьця свайго ў надыходзе вясну.

Я ўсё жыцьце сваё, дзень-у-дзень, год-у год,
Землю цяжкай лапатай капаю, як крот,
І так многа, я многа яе накапаў!
Направодзіў шырокіх і доўгіх канаў
І прарэзаў я цэлыя мілі равоў:
Шмат, ой, шмат я са сьвету балотаў так зьвёў
I багата вады праз равы прапусьціў,
А ў ваду тую шмат я крыві свае ўліў,
Ды з гарачым сваiм яе потам зьмяшаў,
Пад вадою-ж на дне свае гора хаваў.

Я ўсё жыцьце сваё, дзень-у-дзень, год-у-год
Землю цяжкай лапатай капаю, як крот.
Натачыўшы абклад я лапаты свае,
Вечна долі шчасьлівай шукаю сабе.
у халоднай нячулай зямлі
Можа хто захаваў яе, матку, калі
І дагэтуль яна бяз руханьня ляжыць,
А зямля ня пускае яе к людзям жыць.
Восьці[4] я яе тут і шукаю цяпер
І, як толькi знайду, пракапаю ёй дзьвер,[5]
Наразхлест перад ёю, слугой, адчыню,
Хай нясе яна сьвету ўсю радасьць сваю.

Я ўсё жыцьце сваë, дзень-у-дзень, год-у-год,
Землю цяжкай лапатай капаю, як крот,
І як многа ужо я яе накапаў!
Што ж за працу сваю я ў адплату дастаў?
Што за плён мне зямля за труды прынясла,
За той пот і за кроў, што сабе узяла,
За бурлівую рэчку гарачых тых сьлёз,
Што ўсё жыцьце мае паабмыў імі лёс?…
О, дала яна мне, ой, за працу дала:
З калючковых расьлiн мне вяночак спляла,
З медзі звонкай, цяжкой даравала шнурок,
А дарогу жыцьця ухарошыла ў мрок,
Каб я шоў,[6] як сьляпы, каб бясконца я йшоў,
Землю вечна капаў і дабра не знайшоў.



  1. Той, што капае зямлю.
  2. Ужываецца і — жвір.
  3. Равы, рынштокі.
  4. Вось-жа.
  5. Русіц. — дзьверы.
  6. Ішоў.