Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/В/Цішка Гартны/З прозы/Бацькава воля
← На ўсходзе сонца… | Бацькава воля Апавяданьне Аўтар: Цішка Гартны 1927 год |
Увагі → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Лайдак». |
Бацькава воля. (Раман). Дзякуючы спэцыфічным варункам нашага жыцьця, самога раману ў Вільні ня можна дастаць. Прыходзіцца абмежыцца невялічкім кавалачкам, які папаў у друк Зах. Беларусі. ЛАЙДАК. Ужо падыходзіў канец дзесятае гадзіны раніцы, калі Палута ў другі раз вярнулася з травы[1]. Ёй і на гэты раз пашанцавала[2]; стражнік ня ўбачыў, і яна нажала два вялікіх дапаўна мяшкі добрае паплаўнае травы. Янкель-рамізьнік[3], стрэўшы Палуту з травою, нічога ня кажучы, адкупіў у яе абадва мяшкі за восем злоты і яшчэ нават падзякаваў. Гэта Палуту дужа ўзрадавала, бо яшчэ дагэтуль яна ні разу так удачліва не зарабляла. Вясёлай ды здаволенай зайшла яна ў хату. — Ну, цяпер крыху супачыну. Ужо сёньня болей нікуды не пайду. Дзякуй Богу, утаргавала, і хопіць для мяне на нейкі час. Вось толькі трэба было-б зьбегаць на рынак ды купіць хоць кавалачак сітніцы[4] „Хведарку“, — у голас сказала яна сама сабе. І, успомніўшы аб Хведарку, Палута кінула паглядам у запечак. Кінула паглядам і раптам сумелася, паціснуўты плячыма: замест Хведаркі, яна ўгледзела старэйшага свайго сынка, Янку, які скурчыўшыся абаранкамі ляжаў прытоеным у самым куточку запечку. „Што то мае быць?“ — прабегла ў Палуцінай галаве: — „толькі тыдзень мінуў, а ён ужо і дамоў наведаўся“. Янка, Я-а-начка-а! — у голас пазвала[5] Палута і хутка падбегла да полу: — Ці-ж гэта, Яначка, ты-ы? Чаго ты вярнуўся да дому, мой сынок? Можа, зьбег ад пана Замыжнага?“ Але хлопчык нічога не адказаў на мацерыны запытаньні: ён моўчкі потайна ляжаў, баючыся паварушыцца, і відно было, як спуджана паморгвалі яго прыплюшчаныя вочкі. — „Ці ты чуеш, ці не?“ — гучней і зьлей гукнула Палута на сынка і штырхнула яго рукою ў бачок. Янка раптам узварухнуўся, выпрастаўся і мігам падняўся. — „Мамачка, толькі не чапайцеся. Я вам сазнаюся — я зьбег ад пана Замыжнага. Вельмі ўжо там з мяне зьдзекаваліся: не кармілі зусім, білі, папіхалі, спаць не давалі. Я ня мог сьцярпець і… зьбег. Ня біце, матачка-а… Не магу я служыць у Замыжнага, ні зашто не магу і… ня буду“. — Брэшаш, распусьнік! — Не, мамачка, дальбог не, — стукнуўшы кулачком у грудзі, пакляўся Янка. Палута замаўчала і некалькі часу нічога не казала, але скора да яе надышло сумненьне[6], і яна вымовіла да сынка: — А калі ты хлусіш, што тады будзе? Вось я толькі папытаю ў аканома Сідара, чакай… — Не, нікаліва ня хлушу, ні беднага… Папытайце сабе ў дзядзькі Сідара… — умольна гледзячы Палуце ў вочы, апраўдаўся Янка. Але не пасьпеў ён дагаварыць свайго апраўданьня, як пачуўся стук у вакно, а за ім і голас знадворку. — Палута! Палута-а, га? Палута кінула Янку, баржджэй пабегла да вакна і ўгледзела ў ім Сідара, аканома Замыжнага. — Ага-а! Сіда-ар! Чаго-ж гэта вы? — запытала яна Сідара, прачыняючы вакно. Сідар усьмяхнуўся і адказаў: — Чаго! Да ты, пэўна, і сама дагадалася… Гэта-ж… — А што? — не дагадваючыся ў чым рэч, перабіла Сідара Палута… — Ды, простая рэч, за хлопцам[7] прыехаў. Узяў учора ноччу і зьбег. Кінуў-рынуў у полі стада[8], а сам, займаздароў, драла. І ліха ведае, колькі учыніў шкоды: у сенажаць, ведаеш, рынула ўсё стада і нашчэнт[9] здратавалі з дзесяціну поплаву[10]. Эх, такі ўжо, галубка, распусны ён у цябе, такі мудрагельны[11] хлапец, што ня дай ты рады. Пэўна, заснуў у пасецы, выпусьціў з ваччу стада і з пярэпалаху ўцёк да хаты… Напэўна-ж, я думаю, ён у цябе ў дому? Сідаравы словы ня былі наўдою для Палуты: яна зразу, толькі-што ўгледзела ў хаце Янку, думала гэта. Да кляцьбы і запэўненьня свайго сынка, чым ён апраўдаваў свой зьбег са службы, — Палута адняслася з поўнаю няўвагаю. Нават і думкі не дапускала, што яе сынок клянецца ёй і яе запэўняе зусім шчыра. Чамусьці яна верыла словам аканома Сідара. Толькі ён скончыў запытаньні, як Палута адвярнулася да запечку, дзе насуплена стаяў Янка, і злосна прыкрыкнула на яго: — Ці ты чуеш, адшчэпенец, што дзядзька кажа? Каб цябе паралюш[12] задушыў! Ну-ж я табе пакажу, зараза. — Ша, ша! — перапыніў Палуту Сідар: — крычаць — то ўжо ты ня крычы на яго… Падобраму, лепш так не рабіць… — Го! не! Я-а яму пака-ажу-у! Эх, эх! І што мне рабіць з гэтым разбойнікам… сьветам круціць, на яго ліха… Яна злосна скрывіла міну, сашчапіла кулакі і намерылася кінуцца на хлопчыка, зрабіўшы ад вакна некалькі крокаў[13]. Янка нічога не адказаў Сідару. Галодны ад учарашняга, аслабны, але, ня могшы папрасіць у мацеры есьці, ён пайшоў да возу; усеўся на мяшку з саломаю. — Янка, Яначка! — радасна кінуўся да яго Хведарка, прыбегшы аднекуль і ўгледзеўшы брата на возе: — Вазьмі й мяне з сабою. я хочу пад’ехаць — я так доўга не катаўся. Янка нічога не адказаў і братку: ён мэрам[14] і ня слухаў, што так рад і так шчыра сустрэў яго зусім нявінны ні ў чым Хведарка. Нават і вокам ня кінуў на яго, калі прыкрыўджаны Хведарка адышоў ад возу, сеў на прызьбе і набочыўся. Не зважаючы на дзяцей, Сідар каля пяці хвілін аб нечым пашаптаўся з Палутаю, а пасьля — адвязаў каля і намерыўся ехаць. — Бывай здарова, Палута! — сказаў Сідар да Палуты і паківаў галавою. — Бывайце здаровы, ягомасьць Сідар! — дабрадушна адказала Палута і сьледам дабавіла: — вы ўжо там не патурайце яму, ушчувайце[15] добра, калі трэба; я яшчэ падзякую вам за гэта: што з ім цырымоніі разводзіць!.. Сідар засьмяяўся і пагнаў каня. — Што-ж, Янка, засмуціўся? Баішся ехаць? Кінь нудзіцца! — абярнуўся ён да Янкі. Янка маўчаў. Гурток цікавых дзетак, якія сабраліся вакол возу, а цяпер русступіліся і глядзелі, як той аддаляўся, крычалі ўсьлед Янку розныя выказы: „Вярніся, Янка, прывязі яблык, як пасьпеюць“. У грамадку дзяцей замяшаўся і Хведарка. Палута-ж, толькі Сідар пагнаў каня, пакінула надворак і вярнулася ў хату. Усё, што здарылася з яе сынком — мэрам і ня было — адышло на задні плян. Удачлівы заработак і чародныя клапоты жыцьця нахлынулі ёй у голаў і запаланілі яе. І толькі, спусьціўшы якую гадзіну — ужо пасьпеўшы натупацца, зьбегаць на рынак і вярнуцца назад, Палута выпадкова абярнулася думкамі да Янкі абярнулася і тут-жа ўспомніла што яна нічога не дала яму есьці. Палуту ахапіла мацерына пачуцьцё спагады да свайго дзіцяці, і яна тужліва прамовіла сабе: — Ах, надзіва, наліха мне! Я-ж і перакусіць яму нічога не дала! Можа і сам ён нічога ня браў? Пэўна, што не! Пэўна, што галодным паехаў, небарака, бо што-ж ён мог знайсьці? Ах, і прыгнала яго нядобрае, гэтага заразу Сідара!… Прайшоў цэлы тыдзень пасьля гэтага. Была нядзеля. Палута, заклапочаная штоднёвым жыцьцём і яго вымаганьнямі, ні разу і ня ўспомніла пра Янку: ня бачыла перад сабою, і здавалася ёй, што малы спакойліва і памяркоўна нясе сваю службу. Але у нядзелю зранку, зусім зьнянацку, штосьць нейкае перавяло Палуціну думку на Янку: „А маладзец сынок! Бадай прыладзіўся і цяпер паслухмяна выпаўняе службу. Ня пашкодзіла, нябось што ўшчунула[16] добра“. І толькі Палута выпусьціла гэту думку, як знадворку данёсься ў хату знаёмы голас: — Палута-а! Палутка-а-а! Палута ажно здрыганулася ўсёй пастацьцю і мігам кінулася да вакна… Зірнула — і разам падалася назад, нібы яе хтось адпіхнуў. — „Ізноў Сідар!“ прамігнула ў яе галаве палахлівая думка. А Палуце падумалася, што гэта ня думка, а няпрытомны міжвольны выгук… — Сідарка-а, чаго-о вы йзноў?! — праз які час стрэла яна Сідара, пераступаючага парог у хату. — Я… я… і нават з дрэннаю весткаю — з нарачытаю асьцярогаю, працягаючы рукі да Палуты, гаварыў Сідар. — А што, што, што?!.. — ня могучы ўстаяць на нагах, запытала асавелым голасам Палута. — Палута-а… Ша-а… супакойся-а… бедная… Твой Янка… утапіўся-а… Вун на возе яго цела… Ідзем узяць. Учора вынялі з сажалкі… Толькі і знайшлі, што ўгледзелі недаплецены кошык на беразе… — казаў Сідар, ня могучы спыніцца ад горкасьці і спагады да кабеты. Палута-ж ужо не магла нічога казаць: плач сьціснуў ёй сэрца да болі. Сідар кінуўся да яе, каб падтрымаць,[17] але і сам чуў, як калаціліся яго рукі і поцем[18] засьцілаў вочы… А з усходняга канца мястэчка, праз тры дробных ваконцы, даносіўся ў хату гучны трызвон: то званілі на абедню. |
- ↑ Ісьці ў траву, значыць — на траву.
- ↑ Пашчасьціла.
- ↑ Тое-ж, што — возьнік, фурман; ужываецца на Случчыне.
- ↑ Паўбелага хлеба.
- ↑ Лепей — паклікала.
- ↑ Сумляваньне.
- ↑ Зварот расейскі — „па хлопца“.
- ↑ Статак.
- ↑ Полён. — дарэшты, зусім.
- ↑ Лугу ля пляцоў, заплаўнога.
- ↑ Той, што мудруе.
- ↑ Хвароба, калі чалавек нібы адзеравянее.
- ↑ Полён. — шагоў.
- ↑ Нібы.
- ↑ Наглядайце, — спраўляйце, карайце.
- ↑ Пасварылася, пакарала.
- ↑ трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
- ↑ Змрок, цемра.