Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Якуб Колас/Родныя зьявы/Думкі ў дарозе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
„Новая зямля“ Думкі ў дарозе
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
Дудар
Іншыя публікацыі гэтага твора: Думкі ў дарозе.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З зборніка: „Родныя зьявы“.

Думкі ў дарозе.

Грыміць па карэньнях цялежка, мігацяцца стракатыя вярстовыя слупы[1], мігаюцца, пахіліўшыся, абросшыя мохам хваёвыя крыжы наабапал дарогі; бягуць лясы, гаі, мяшаюцца палі, грамадзяцца горы, рассьцілаюцца шырокія лугі, блішчаць азёры, срэбрам пераліваюцца рэкі, золатам рассыпаюцца пяскі, глыбокімі зялёнымі ямамі раскідаюцца балоты…

І куды ты нясеш мяне, няведамая дарога?

А неба! Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты бяз болі, бяз трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на зьвера, на птушку, на самую меншую мушку, на жывых і няжывых, на нашу бедную зямлю, на зямлю, прагноеную людзкімі трупамі, залітую крывёю і горкімі сьлязамі сіраты-народа.

Далёкае неба, сіняе неба! Чаму не дасі адказу на нашу пакуту, на нашы надзеі, на нашы блуканьні? Чаму не асушыш нашы горкія сьлёзы? не супакоіш хворую душу і сэрца? Чаму не папаліш агнём справядлівым таго ліхога зьвера, што сее заразу, топча праўду і носіць няшчасьце па нашай зямлі?

Далёкае неба! сіняе неба! Што ёсьць на сьвеце дзіўнейшае, як ты? Высокае сонца, белыя хмаркі, як пух, плывуць і плывуць адна за адною, родзяцца, прападаюць, сплываюцца ў цёмную хмару, зьвісаюць над полем і лесам, блішчуць маланкамі, трасуцца громам, разьпіваюцца чыстымі халоднымі каплямі і шчыра льлюцца на зямлю.

Далёкае неба! сіняе неба! І як ціха на небе ў ночы! Сярэбраны месячык то круглы, то вузкі, як серп, як хораша сьвеціць над чорнаю цьмою,[2] што густа засьцілае Божы сьвет! А далёкія зорачкі! Божа мой! Як добра ў ціхую ночку!

Далёкае неба! сіняе неба! І як можа асьмеліцца думка чалавека выдумаць у табе, яснае неба — пекла, агонь, што ніколі ня тухне, смалу, што вечна кіпіць!

Далёкае неба! сіняе неба! І як апаганілі людзі хараство тваё, божае неба, у сваіх думках!

А дарога мая чуць віднаю, шэраю, ніткаю ідзе ўсё далей і далей, круціцца абвіваецца ўвакруг[3] курганоў, узбягае на горы, спушчаецца ў лагчыны, прападае ў лесе пад жывою страхою высокіх хвой і ялін; трасе цялежка, падкідае па каўдобінах, усё роўна, як хоча яна выкінуць мяне пасярод дарогі. Зноў пашла раўней мая дарога, зноў вочам адкрываюцца новыя абразы божага сьвету, іншыя галасы чуе маё вуха, іншыя думкі родзяцца у маім сэрцы.

Куды ты нясеш мяне, няведамая дарога?

О, мой родны край! Хмурна пазіраеш ты з сіняга тумана, што лёг па краёх палёў, дзе неба, спусьціўшыся нізка, абнімаецца з беднаю зямлёю. Парэзалі цябе вузкія сялянскія дарогі, чорныя сьцежкі, рэкі і азёры, лагчыны і балоты, лясы і горы. А бедныя вёскі і сёлы без усялякаго парадку параскідаліся то там, то сям: па горах, лагчынах, па беразе рэчак, сярод далёкага поля, па цёмных лясох. Пакрывіліся хаты, абвісьлі стрэхі на гумнах, сінія купіны моху таўстою карою ляглі па гнілых саломяных стрэхах. Зьбіўся ў кучу будынак. Распаўзьліся па полі, як чэрві ў нягоду, бедныя мужыцкія хаты. Навалены ў кучу бярвеньні, стружкі, салома. Дзе-ня-дзе гляне нудная вярбіна, блісьне бярэзіна, выскачыць клён. Як нявесела, як няпрытульна пазіраеш ты, мужыцкая вёска, сірата між людзкой будовы!

А поруч з убогімі людзкімі будынкамі ўпёрліся ў неба панскія палацы, зелянеюць сады, ломяць гальлё яблыкі і грушы; шырока і сьмела раскідаюцца дваровыя[4] палеткі, каласуюцца багатыя панскія нівы, пасуцца сытыя коні, валы-рагалі, тысячы авец рассыпаюцца па полі… О, мой родны край! Поруч з галітвою ходзіць роскаш і багацьце; разам з людзкімі сьлёзамі мяшаюцца панскія вальцы,[5] льлюцца вясёлыя галасы песень, грыміць музыка з панскага саду; разам з мужыцкім потам цякуць дарагія віны.

Толькі нудныя песьні твае, Беларус, хапаюць за сэрца, жалобяць душу, туманяць вочы сьлязьмі, плачуць і стогнуць, і горькаю ўпекаю, ціхаю скаргаю плывуць к далёкаму, няведамаму, сінему, спакойнаму небу.



  1. слуп, аслупець і г. д. — фонэтычна заходняславянізм. Паходзіць ад праслав. - стълб(п)ъ. Прасл. *ъл+зычны — у беларускай мове даюць — оў, напр. — доўгі, коўтаць і г. д. Тады данае слова пабеларуску правільна мусіць быць — стоўб(п). Так у многіх мясцовасьцях і ўжываецца; маем мястэчка — Стоўпцы. Тады — стоўп, стаўпа…
  2. Ужываеца больш цемраю.
  3. Ужываецца поруч і — навакола, увакол.
  4. Лепш — дворныя.
  5. Вальсы, танцы.