Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Якуб Колас/Песьні жальбы/Плытнікі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хлебароб Плытнікі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
Мы ходзім
Іншыя публікацыі гэтага твора: Плытнікі (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Плытнікі.

Клунак за плячамі,
Кій ў руках хваёвы —
Валіць чарадамі
Бедны люд вясковы.

Босыя іх ногі,
Твар іх загарэлы;
Кажушок убогі,
Чуць прыкрыты целы.

Ззаду ледзь ступае,
Хлеб вязе кабыла;
Нукае, гукае
На яе Кірыла…

Ярка сьвеціць сонца,
Ліст не скалыхнецца.
Горача бяз конца,[1]
Пот на землю льецца.

Срэбрам[2] адлівае,
Як люстэрка, Нёман,
З ранку ня сьціхае
Над вадою гоман.

Толькі крыкі чуеш:
„Вазьмі на „барбару“![3]
„Чаму не тарнуеш?!
„Гад! паб‘ю ўсю хару!

„Закідай шырыгу![4]
„Папхні прысам[5] ўліва!
„Варушыся, падла,
„Ня сьпі ў шапку! жыва!“

І заднік бяз толку
Па плыту лятае;
Згубіў ўсю знароўку[6]
Ня ў той бок трымае[7].

Гнецца плыт дугою,
Ў бераг яго клоніць;
Быстраю вадою,
Як вужаку, ломіць.

Вось, на мель ўзагналі.
Крык, сярдзіты голас…
Порткі паскідалі,
Ўсе ў вадзе па пояс.

Бомы ўсе пабралі:
„Рразам, хлопцы! рразам!
„Ну, яшчэ! што сталі?
„Ну, яшчэ прыляжам!“

Вецер загуляе —
Хвойнік, лозы гнуцца;
Плытнік спачывае,
Як сабака ў будцы.

Гнецца плытнік ў полі,
Мерзьне ён у холад;
Знае ён нядолю,
Знае ён і голад.

Што-ж? бяднота гоніць!
Толькі сілы траціш;
Толькі косьці ломіць,
Як хваробу хваціш…

Эх, ты, доля, доля!
Голад ты, бяднота!
Не свая тут воля,
Не свая ахвота!..



  1. Няправільна ужыты націск: канца;
  2. Полён. — серабром.
  3. Прылады на канцы плецяня з вяровачак.
  4. Тое, што і якар.
  5. Кій, якім папіхаюць у дно.
  6. Русіц. — звык, лоўкасьць.
  7. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.