Хрыстос і дзеці
Хрыстос і дзеці Артыкул Аўтар: Аляксандр Коўш 1929 год Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 162 |
Іерусалімскія дзеці гулялі ў Кедранскага патоку. Ранняе сонейка толькі што выкацілася з-за Елеонскай гары і пазалачала
сваімі яснымі, але яшчэ не пякучымі праменнямі дах Саламонава храма і зубчастыя сцены святога горада.
У глыбіні Іесафатавай даліны пасліся козы і оўцы, збіраючы бедную расліннасць паміж магільных плітаў.
Раптам на дарожцы, якая вяла ў Віфанію, паказалася некалькі падарожнікаў. Яны, відаць, ішлі ў Іерусалім. Па запыленай адзежы іх відаць было, што ідуць яны здалёк.
Бліжэй і бліжэй, — і паміж іх вырысоўваецца Ён. Гуляючыя дзеці зараз жа пазналі Яго. Яны ўжо не раз бачылі Яго. Дый хто б не пазнаў Яго па бажэсцвеннаму, кроткаму вобліку!
І запраўды гэта быў Ён! Яго абкружалі вучні, з якіх некаторыя зрывалі тут жа каля дарожкі паспеўшыя каласы пшаніцы, пераціралі іх у далонях і заспакойвалі свой голад.
Дзеці даўно ўжо палюбілі Яго. Ён з такою ласкаваю любоўю заўсёды глядзеў на іх.
Калі Ён і вучні мінавалі нізкія акопы Гефсіманскага саду, перайшлі праз Кедран, дзеці, пакінуўшы свае гульні, здалёк пайшлі за імі.
Яны ўвайшлі ў святы горад праз Оўчыя вароты.
Там было ўжо шмат людзей: жабракі, хворыя, ўсе пакрыўджаныя лёсам і людзямі. Яго, відаць, чакалі. Тут былі і кніжнікі і фарысеі.
Дзеці нясмела, асцярожна зблізіліся да Яго: ім хацелася даткнуцца хаця ж бы да полаў Яго адзежы. Яны бачылі, што гэта часам рабілі другія, дарослыя. Дзеля гэтага і самыя пастанавілі зрабіць таксама. Яны ж яго так любілі!
Але некаторыя з Яго вучняў, заўважыўшы іх намер, праганялі іх.
Ён гэта пабачыў і сказаў: «Не адганяйце ад мяне дзяцей, — няхай яны прыходзяць». І паглядзеў на іх Сваім нежным, любячым поглядам.
Дзеці прыбліжыліся да Яго ўжо смялей.
І раптам, неспадзявана для сябе, тыя з дзяцей, якія былі спераду другіх, адчулі Яго бажэсцвенныя рукі на сваіх галавах! І пачулі Яго словы: «Не адганяйце ад Мяне дзяцей, не перашкаджайце ім прыходзіць да мяне, бо да іх і да падобных ім належыць Царства Божае».
Вялікі Божа! Што адчулі тады ў сабе дзеці!
Здавалася, нейкая невядомая Бажэсцвенная сіла, нейкае бязмернае шчасце напоўніла іх душы, напоўніла ўсю істоту іх.
І з тае пары прайшло многа гадоў, — дзеці сталі ўжо старымі, а ўсё бачылі Яго, усё чулі Яго Бажэсцвенны голас...
Так, Ён заўсёды быў з імі!