Хрыстос ускрос!
Выгляд
Хрыстос ускрос! Аўтар: Алесь Мілюць 1937 Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 324 |
Прайшла зіма… І чар вясны
Зышоў, як дар з нябёс…
Ў паветры радасна званы
Гудуць: «Хрыстос ускрос!»
К жыццю ўваскрослая зямля
П’е ласкі сонца кос…
Жывой прыроды чую я
Гімн-спеў: «Хрыстос ускрос!»
Красой любуецца пагляд
Радзімых ніў-палос…
Плыве з-пад стрэх сялянскіх хат
Прывет: «Хрыстос ускрос!»
І неяк хочацца душой
Забыцца гора й слёз, —
Бо ўсё таёмнаю струной
Пяе: «Хрыстос ускрос!»
Браты, пакіньма марны страх,
Збудуем лепшы лёс.
Смялей, смялей на новы шлях, —
Бо й нам — Хрыстос ускрос!
20 сакавіка 1937 г.