Перайсці да зместу

Хрыстос Уваскрос! (Бядуля)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хрыстос Уваскрос!
Публіцыстыка
Аўтар: Змітрок Бядуля
1918
Крыніца: http://biadulia.ru/stories/121.htm

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«Васкрэсеніе дзень, прасвяцімся таржаством і адзін аднаго абымем! Рцем браціі, ненавідзяшчым нас і тако вазапіім: Хрыстос васкрэсе із мертвых, смерцію смерць папраў і сушчым ва грабех жывот дараваў».

Так, ваісціну так: і сушчым ва грабех жывот (жыццё) дараваў. Паўстала к жыццю і наша айчына, наша бацькаўшчына Беларусь. Больш за трыста год панавала над ёй смяртэльная ціша, і ворагі нашы наперабой цвярдзілі, што Белая Русь памерла і не васкрэсне ніколі. Але жыватворны дух адвечнага жыцця завітаў і над ёю. Белая Русь уваскрэсла і цвёрда стала на грунт дзяржаўнай незалежнасці. Ужо, пакрытая буйністай збажыною, шуміць і руніцца нашая ніва. Няхай жа расце і буйнее, няхай красуе і спее на шчасце і на долю, на карысць ды на пажытак нашаму народу!

Толькі дзяржаўная незалежнасць прынясе нам збавенне ад гістарычных мук і нацыянальнага здзеку. Толькі ў пяшчотах пацыянальнай культуры мы атрымаем магчымасць стаць поплеч з асвечанымі народамі з Еўропы. І хоць з’яўляюцца яшчэ Фомы няверныя, хоць і палохаюць нас няяснай будучыняй, але вялікая вера наша ў перамогу жыцця. Нацыянальнасць — рэч неўмірушчая, нацыянальнасць — гэта крыніца жыцця, пачатак поступу, культуры і бязмежнага развіцця. Нацыянальнасць — само жыццё і яго несмяртэльнасць у межах нашага ўяўлення. Жыве нацыя — жыве і чалавецтва.

І калі ўстае з цішы прамінулых вякоў беларуская дзяржаўнасць і калі аднаўляецца яе колішняя слава і паўстае Белая Русь, дык грудзі нашы напаўняюцца адным жаданнем, адным маленнем: верую, Госпадзі, — памажы майму няверыю! А «в сей день его же стварыў Господь, возрадуемся і возвеселимся в он!».

Хрыстос уваскрос!

Пане гаспадару! Другое тысячалецце канчаецца, як хрысціяне на вясну кожнага гадавога кругу вітаюць гэтымі двума словамі адзін аднаго.

На ўваскрашэнне адвечнай творчай прыроды, кожнай вясною людзі ўспамінаюць Таго Вялікага Вучыцеля спаміж рыбароў, каторы суліў нам бясспрэчную праўду і шчасце на зямлі. «Любі бліжняга, як самога сябе!» А калі няма гэтай любові, тады гора і смерць пануюць у нас. Пане гаспадару! Ад нас саміх належыць здабытак гэтага шчасця, — ад нашага хацення. Але адно — любіць бліжняга можа толькі бліжні, роўны, а не раб-нявольнік. А вось наш народ, быўшы некалькі соткаў гадоў паміж абцугамі Масквы і Варшавы, не мог мець гэтага светлага шчасця на зямлі… Быўшы ў няволі, наш народ не мог ад шчырага сэрца вітаць на Вялікдзень словамі: «Хрыстос уваскрос!» У пана з парабкамі не можа быць любові. Тут толькі з адной стараны — дэспатызм, а з другой — пакора. Пане гаспадару! Наш беларускі народ шчыра выпалняў другі загад Хрыста: «Калі хто б’е цябе ў адну шчаку, — падстаў яму іншую». Пад цяжкі бізун сваіх мацнейшых славянскіх братоў беларус падстаўляў твар, плечы і грудзі цэлыя соткі гадоў. Доўга ён цярпеў здзек. Ад яго хацелі адняць культуру, мову і ўсе традыцыйныя здабыткі душы, якія ўкараняліся тысячу гадоў. Жыўшы ў такіх варунках, беларускі народ не мог мець праўдзівага свята.

Але вось наступіў час, калі гісторыя пачала падводзіць свае падрахункі, і на арэну вялікіх пераацэнкаў выступіла і доля беларуса-многапакутніка. Аб нас загаварылі па ўсяму свету і зноў пачалі нас біць у чатыры кіі… Кожнаму з славянскіх суседзяў хочацца рвануць ласы кавалак нашай зямлі…

Пане гаспадару! Мы не дадзімося, мы павінны быць незалежным, вольным народам, і тады толькі, — як роўны з роўным, — беларускі народ скажа на ўвесь свет: «Хрыстос уваскрос!»