Перайсці да зместу

Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/Ф. Багушэвіч/Праўда

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Думка Праўда
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Я. Няслухоўскі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Праўда (Багушэвіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАЎДА.

Ой цяжка, цяжка!
Не сярмяжка цяжка,
Але з гэтай доляй…
А ўсё што раз болей.




Ох, цяжкая-ж доля! От так-бы, здаецца,
Скрозь зямлю прапаў-бы ці ў сьлёзы-б разьліўся!
Ці мне жыць на сьвеце, ці мне куды дзецца?
Ой Божа-ж мой, Божа, нашто-ж я радзіўся?
Ой нашто-ж мне дана тая мая мова,
Як я ня умею сказаць тое слова,
Каб яго, то слова, ды праўдай назвалі;
Каб і разыйшлося то слова па сьвеце,
Як праменьне сонца цёплага у леце,
Каб на тое слова ды людцы зрадзелі,
Так як тыя дзеткі на сьвятой нядзелі;
Каб жа тое слова ды людцоў зьяднала,
Каб на тое слова ворагаў ня стала,
Каб людцы прызналі братоў ды братамі —
Дзяліліся-б доляй і хлеба шматамі;
А без таго слова я — нямы калека!
Хоць-бы занямець мне і да канца века!
Ой нашто ж мне вочкі, ой нашто-ж мне ясны?!
Каб глядзеў, які я ад усіх няшчасны?
Каб душа балела, гледзячы на долю,
Каб сэрца шчымела і рвалася з болю?
Каб было чым плакаць і у дзень і ў ночы?!
Ой Божа ж мой, Божа, вазьмі-ж мае вочы!
Нашто-ж тыя вушы, як ня чуць нічога
Ні ад людцаў добрых ні з неба ад Бога?
Ой ці не на тое-ж, каб чуць людзку лайку
Ды тую плакучу дудку-самаграйку,
Нашую жалейку, што енча ня йграе, —
Хоць як выйгравай ты, а яна смутная?
Ой ці не на гэта-ж, каб чуць, як зьвякаюць
Ланцугі на людцах, што з хат уцякаюць?
Ня зьдзекуйся-ж, Божа, нада мной, над імі:
Парабі усіх нас, як камень, глухімі!
Вазьмі усе змыслы, покі прыйдзе Праўда,
Бо жыць без яе нам не вяліка наўда!
Прасіў Бога ласкі: „Адвярні ты, Божа,
Злую нашу долю на сухія пушчы,
Адвярні на камень ці на бездарожжа,
На вялікі ройсты, на пяскі сыпушчы,
Ды каб не зазнала ніводна стварэньне
Гэтай долі нашай да веку сканчэньня!“
Не пачуў Ён енку, ня увідзеў мукі,
Крыж уеўся ў плечы, ланцугі у рукі!
Прасіў я суседзяў са мной падзяліцца,
Памагчы крыж несьці, як „з Богам ня біцца“.
Асьмяялі людзі мяне, як дурнога,
Там, казалі, Праўда, тут тыкеле сіла!
Даўней, кажуць, Праўда па сьвеце хадзіла,
Жабруючы-ж зьмёрла, а людцы схавалі,
Каменем накрылі, зямлю пааралі,
Каб ні чуць, ні ведаць аб ёй а ні весьці,
Ды цяпер і кажуць: „Праўда ў небе гдзесьці!“
Ды пашлі-ж Ты, Божа, Праўду сваю тую
З неба на зямельку, сьлязьмі залітую!
Пасылаў Ты Сына, Яго не пазналі:
Мучылі за Праўду, сілай паканалі,
Пашлі-ж цяпер Духа, ды пашлі бяз цела,
Каб уся зямелька адну Праўду мела!


Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.