Перайсці да зместу

Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/Ф. Багушэвіч/Быў у чысцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кепска будзе Быў у чысцы
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Дурны мужык, як варона
Іншыя публікацыі гэтага твора: Быў у чысцы!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЫЎ У ЧЫСЦЫ.[1]

Раз у дзень задушны, якраз а паўночы,
Іду я да дому… а цёмна і ўюга!..
Не! каб заліўшы саўсім ужо вочы,
Але так, у меру падвыпіўшы туга.
Іду і мяркую, ці-то цяпер шчасьце,
Як паноў ня стала, ці то была доля?
І лічу на пальцах: паншчыны дванасьце,
А гадоў да трыццаць, як настала воля…
Там быў аконам, камісар і цівун,
Намесьнік, лясьнічы, хмістрыня, паны.
І кожны меў права ўзяць за бізун,
І кожны меў права да нашай сьпіны…
А цяпер?.. Ой штосьці кепска выходзе,
Цяпер ці ня болей настала паноў?!
Ня надта свабодна у гэтай свабодзе,
І давай я лічыць паноў новых йзноў:
Стараста, соцкі, пісар, старшына,
Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд,
Зьезд міравы, прысуцтвы і сход…
Аж паднялася са страху чупрына,
Аж пальцаў ня стала на ўвесь гэты шчот,
А пальцамі-ж трэба карміць гэты люд!..
Іду… калі шусьць, як маланкай спаліць,
Стаіць, так якраз, што умёр, аканом.
Прыгледжуся: — ён — тыкі ён — і стаіць,
І стрыжаны-ж вус, і стаіць з бізуном…
Схудаўшыся толькі: скура ды косьць.
А белы ўвесь-чыста, белы, як сьнег,
Толькі на сэрцы плямачкі ёсьць.
І плямкі на пальцах — мусіць, то грэх?!..
„Браціку, кажа, браце Мацей!
„Ратуй маю грэшную душу
„З чысца, з рук подлых чарцей,
„Або на векі загінуць я мушу!
„Дваццаць пяць лет, што у чысцы я пёкся,
„Усе грахі выбыў, усіх-жа адрокся,
„Толькі на сэрцы вот грэх, як смала,
„Прыліп да мяне і ня змыты.
„То за жонку тваю: саграшыў, як жыла,
„За цябе, што нявінна быў біты.
„Ох, ідзі ты са мной, зачарпнуўшы вады,
„Аж да чысцу таго, аж на дне…
„І палій ты вадой мне на сэрца, Мацей,
„Буду Бога маліць за цябе, за дзяцей!“
Я заплакаў з жалю, але думаю: досьць
Нацярпеўся і ён, бо лазіць што жывы,
Гэтак ссох ад агню — толькі скура ды косьць.
Пайду ў чысьцец я той, пагляджу на дзівы!
І дзівы-ж, браце мой, у тым чысцы, але!
Чэрці кормяць смалой і гатуюць ў смале,
І цягаюць, і рвуць, запрагаюць у воз,
Кручком цягнуць кішкі і зубамі за нос;
Вочы колюць ражном, пазурамі рвуць твар,
Скрабуць скуру нажом, як на боты тавар.
І каго-ж тут няма? — тут і пан, і жабрак,
Гэнарал і салдат, аканом і мужык.
А што баб і дзявок — сказаць так, —
Ўтрое больш, як мужчын, ёсьць на лік.
Хто за што, а як баб, дык найбольш за язык.
Языкі-ж даўжыні — так як добры ручнік.
Іх і паляць смалой, і нажамі скрабуць,
І ніяк да-бяла прапаліць не магуць.
Надта шмат маладых, што дурылі мужоў;
Чараўніц, а і зводняў старых…
Тут я шмат і знаёмых знайшоў.
Але так не чапаў ужо іх.
З мужыкоў тут ня надта, каб шмат,
А ўсё больш дык багатых паноў,
На зямлі адцярпеўшы, наш брат
На той сьвет, як па масле, пайшоў!
А паном дык і трудна цярпець
Бяз прывычкі, дык стогнуць, аж страх!
Глянеш, пан, як, здаецца, мядзьведзь,
А чорт дышлам запрог і трах-тарарах,
Бічам б’е, ражном пора у тыл,
Морду круце на бок і за кудлы трасе;
Стук і крык, аж віхор круце пыл,
Так пан чортавы воз той нясе.
Там паны і муруюць, гаруць,
Вымятаюць, і сьвіньні пасуць,
А смалу, дык як мёд, там жаруць,
А каменьне, як горы, нясуць,
Усё ў пекле каб дно як зрабіць;
А ўсё толку нямаш іх работы нігдзе;
Тут яны робяць ўсё, абы збыць,
І там ім гэтак работа ідзе.
Я-ж то думаў, ксяндзоў тут няма,
Калі зірк! аж і ксёндз тут сядзіць:
Чорт яго аблажыў грашыма,
Запаліў у грашох тых, і ксёндз так гарыць.
.................
Станавы, старшына й тыя тут.
Тым дык чорт усё грошы зьбярэ,
Скруце цьвёрды круцель, або жмут
Ды у горла запрэ і даўбешкай пярэ,
Каласірам, ці чым там паліў
І жмут той у горле агнём запаліў…
Але-ж і ёсьць там народу, аж цьма!
І роду ўсякага, і стану, ! веку,
Хто ня жыў на зямлі, таго тут няма;
Няхай Бог сьцеражэ там быць чалавеку!
Ледзь я прайшоў аж у тую кануру,
Гдзе аконам Бізунскі цярпіць.
Чорт і яго запрагае у Фуру.
Спацеўшы бедны, а енча: „Дай піць!“
Я брызнуў крапідлам на твар,
Ён аж зрадзеў, як дзіця,
Як хапіўся рукой за той каламар,
Што узяў я з вадой яму для піцьця,
Дык высахла зараз вада аж да дна;
Ён стаў такі сьветлы, як гэты дымок,
Стаў нікнуць, засталася пара адна,
І зьнік так, як нікне на сонцы аблок…
Ня помню, як выйшаў я з чысцу таго,
Прашнуўся у хаце, на печы, аж днём.
Усе кругом плачуць, ня ведаць чаго,
А паліць мяне ды так, як агнём!
Трашчыць галава, баляць усе косьці,
І надта вады зажадалася піць.
Напіўся і зноў упаў я у млосьці!..
От давялося-ж у чысцы мне быць.



  1. Па каталіцкай веры ёсьць рай, пекла і для меншых грэшнікаў — чысьцец; пасьля пякельных цярпеньняў у чысцы можна перайці ў рай.

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.