Перайсці да зместу

Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/З пов. Брайцава «Багачы»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З „Маладзіковай гутаркі“ З пов. Брайцава „Багачы“
Аповесьць
Аўтар: Якуб Брайцаў
1922 год
Пераклад: Максім Гарэцкі
Ф. Багушэвіч
Іншыя публікацыі гэтага твора: Багачы (Брайцаў).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Народніцкая пара.


З повесьці Я. Р. Брайцава „Багачы“.

(1889 г.).

Сярод гоману з усіх бакоў і ад крыку самаго старшыны, ганяўшага нейкіх людзей за нядоімку пану, Сьцяпан доўга ня мог абдумацца і троху забыўся на сваю справу, дзеля якой прыйшоў у воласьць.

— Старшына, Мікітавіч! Трэба некаторыя рашэньні да спаўненьня прывесьці! Вось хаця абсячы… — загаварыў пісар, выскачыўшы з валасной камэры.

— А хто ж там… хм… хм… — працадзіў старшына з насьмешкаю.

— Ды во, хоць-бы першаму… Івану Лабзаку з дзярэўні Тарані — 19 розак, Карнею Халімонаваму з Жарноўкі 19 розак, Івану Лапуцаку з той-жа дзярэўні — 15 розак…

— А! — перабіў старшына; — гэта што ў Янкеля бяросту ня выдралі?

— Ага, ага!.. пакуль гэтых, а там яшчэ… Ну, Мікітавіч, жыва-а-а! — закончыў пісар і ўзноў схаваўся за дзьвярмі камэры.

— Гэй вы, старасты, чулі? Даставілі вінаватых? — сказаў старшына, аглядаючы груд людзей.

— Чулі! — адгукнуліся два галасы, і два старасты з мэдалямі на грудзёх марудна выступілі з груду.

— Ёсьць? прыставілі? — пераспытаўся старшына.

— Ёсьць, а як-жа! мы загады спаўняем, як мае быць.

— А гукніце-ка мне валаснога стоража! — важна загадаў старшына.

Адзін стараста кінуўся ў сенцы. Зараз у канцэлярыю ўвайшоў стораж: невялічкі, але ёмка складзены дзядок, з заўсёднаю ўсьмешкаю на высахлых вустах і з маршчынаватым дробненькім абліччам.

— Ну, Харытон, тут адпрасаваць добранька трэба… цэлую тройку… А там, можа, Госпад і яшчэ пашлець! Ды ведаеш, Харытон, добранька трэба падкалупіць таго… у навуку іншым-малым; хай ведаюць, як супроць закона хадзіць! — настаўляў старшына свайго стоража.

— Я… я… пастараюся, Мікітавіч! — закулдаячыў дзядок.

— Добра, знаем цябе! Хоць і стары, а ў гэтых штуках малайца за паяс заткнеш! Не дарма-ж каторы год у нас, дык справа знаёмая, — пахваліў старшына і неяк няпрыгожа ашчэрыўся.

Старасты кінуліся спаўняць загад свайго начальніка і зараз вінаватых аддзялілі ад груду людзей і завялі ў сенцы.

Сьцяпанава сэрца балюча сьціснулася, як глядзеў на гэтую расправу.

— Ну, да мяне яшчэ далёка — думаў ён; — я ні ў чым невінават.

Абсечаныя бедакі, заплаканыя, з ускалмачанымі валасамі і здурнелымі вачмі, пачалі былі кланяцца ў ногі старшыне, тады абы-каму з мужыкоў, бліжэй стаяўшых, і самаму сторажу, секшаму іх, прычым дэкляравалі паставіць гарэлкі, „колькі хоця“, але дзеля каго іменна паставіць, трудна было зразумець, бо й самі дэкляраваўшыя хіба што не разумелі, аб чым казалі. Яны многа-б яшчэ „надзівачылі“, каб старшына не загадаў вытурыць іх у карак на двор, каб і „пах іх ня пах“! Ачуняўшы ўжо на панадворку, бедакі сталі голасна клясьці і жадаць усякага паскудзтва пакрыўдзіўшым іх.

— Вось яшчэ, старшына, тройку знараджай! — ізноў пачуўся з канцэлярыі голас пісара.

— А каго ды каго?

— Восіпу Хралянку з сяла Лоз — 15 розак, Яхіму Капусьце з таго-ж сяла — 19 розак і Кастусю Пімянку з дзярэўні Аглабель — 10 розак…

Старшына загадаў старастам ізноў вывесьці ў сенцы „тройку“.

— Во пашло! Матачка мая родная! У Харытона, пеўна, рукі забаляць.

— Не, брат, на што-што, а на гэтую працу ў чалавека рукі не забаляць. Яшчэ горш, кажуць, заздрасьць бярэць.

— Глядзі, глядзі! лазоўцаў і аглаблёўца павялі!.. Ну, лазоўцам ад лазы ня будзець вялікай бяды — у лазе вырасьлі, а вось аглаблёўцу дык добрыя аглоблі загнуць, ха, ха, ха! — сьмяяліся ў грудзе людзей.

— Гэй, ты! Сьцяпан! ці як цябе завуць, чуеш, ці што? — крыкнула раптам Сьцяпану колькі галасоў.

— Сьцяпан, Сьцяпан, цябе старшына гукаець!

Сьцяпан насілу ўстоіў на нагах, так дужа тыхала яго сэрца…


Нейкі туман забыцьця і адурэньня стоўпіўся ў яго галаве… Быццам хто ўдарыў яго абухам па цемю… Прадпісаньне было прачытана, але ён нічога ня чуў і тым больш не разумеў. Здавалася, яго пакінула на час здольнасьць думаць і пачуваць.

— Ну, ну… сакалок!.. ха, ха, ха! Хадзі-тка ў сенцы, папару… да-душы папару… Як слова ў лазьні таго… ха, ха, ха! — засьмяяўся нехта, торгаючы Сьцяпана за рукаў сьвіты. Ён азірнуўся. Харытон, усьмяхаючыся ўсім сваім дробненькім абліччам, цягнуў яго за рукаў. Дзіўным здаўся выгляд старэнькага Сьцяпану, і як удзержаўся ад удара па гэтым дробненькім абліччу, ён пасьля й сам дзівіўся.

Мабыць, нічога не разумеў Сьцяпан, калі яго вывелі ў сенцы і паклалі плашмя на зямлю…

— Спускай, спускай болей! Ды што вы не дзяржыцё, га? Бярыце ўчацьвярых, ато-ж ён першы раз і на вольным хлебе жыў, сіл сабраў, дык яшчэ таго… вырвацца можаць!.. — распараджаўся старшына.

— Раз! — раздаўся аднатонны голас стоража.

— Ай! — памім волі айкнуў Сьцяпан.

— Дужэй, Харытон! — крыкнуў старшына.

— Пятнаццаць! — скончыў стораж і адышоўся з розкамі. Сьцяпана пусьцілі. Ён прыстоіў і без патрэбы, тупым поглядам, абвадзіў стаяўшую грамаду людзей. Тады, заравеўшы на ўсю сілу, сярод агульнага рогату, кінуўся вон…

Цяпер Сьцяпан не памыкаўся ні давіцца, ні тапіцца, хаця тут ня было яму ні перашкод, ні труду… Можа быць, астатняя акалічнасьць, ці-тое фізычная магчымасьць зрабіць гэта, удзержала яго ад замаху на сваё жыцьцё…

— Божачка! Ды што-ж гэта такое? — заліваўся сьлязьмі Сьцяпан, чуючы, як страшэнна баляць абсечаныя месцы. Ды й да чаго-ж гэта я-ткі дажыў, га? А як-жа я каму на вочы пакажуся? — крычэў ён, з жахам хапаючысь абедзьвюмі рукамі за галаву. — Ну, куды я цяпер пайду? — ужо недалёчка ад сваей хаты, аглядаючыся па бакох, плакаў Сьцяпан: — а колькі гоману будзець ды ганьбы! А сораму аднаго колькі! Э-эх! Пайду хоць да Іцкі!.. гінуць, дык гінуць!.. — махнуў ён рукою і пайшоў у карчму…


  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.