Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/З «Камэдыі» Марашэўскага
← З камэд. Смал. сэмін. | З „Камэдыі“ Марашэўскага П’еса Аўтар: Каятан Марашэўскі 1922 год |
З макаранічн. вершаў → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Камэдыя (Марашэўскі). |
З „Камэдыі“ Марашэўскага.[1]
(1787 г.).
„Камэдыя“ была напісана лацінкаю. Па прыкладу псэўдаклясычных драм, у ёй захована адзінства месца, часу і дзеяньня. Яна складаецца з трох актаў, адбываецца ў полі пад лесам.
У першай зьяве першага акту селянін кажа:
Ох, як нешчасьліваё жыцьцё маё! Хаджу я, хаджу пераз цалютанькі дзень, аж ногі анямелі, рук ня чуваць ад працы і тапара, а горш яшчэ ад цапа. Малачу ад самых курэй, мала што не да паўдня, як-бы сам адзін. Праўда, што і жонка памагала, да што-ж яе за работа? Ведама жаноцкая справа: цюкнець колькі разы цапом, аж зараз яе ліха і бярэць — то сядзець, то ляжаць…, а потым яшчэ з гоманам і кляцьбою пойдзець. Папытаюся я толькі яе: „Куды пойдзеш?“ — аж зараз скажаць: „Дзяцей карміць, страву варыць“. А я як пачую, аж яна ўпіўшыся ў карчме пад лаўкаю, як сьвіня, качаецца. А я сам, адзін, як цюк, так цюк, малачу аж да поту. А як сьвет, аж жонка і тут ужо кажаць, што дроў нада насеч. Хоць ты трэсьні і прападзі з тапаром! Ад цэпа яшчэ не адайдуць рукі, аж тут ад тапара мала што не адсохнуць; гэта жарт — нарубай у печ, у асець, у бровар, а ўсё як адзін, так адзін… Вот і цяпер, у лес трэба ехаць, а не з кім; гэта жарт, аднаму сасну спусьціць, пашчапаць і на воз, хоць ты трэсні, зваліць трэба, а прывёзшы да хаты і парубаць; а ўсё, як я казаў, памагчы некаму. Прападзі яно нешчасьліваё жыцьцё нашаё, бо ўсё як гараваць, так гараваць мусім.
Каб-то Адам, першы наш ацец, не заграшыў, так-бы і мы гэтак не працавалі-б. Ох! Дурак ты, дурак, нашто табе было ірваць яблык з дзерава праклятага? Прападзі яно: каб мне ня велена было, то-бы я ані парухаў-бы, а мы-б у Раі, як паны-б, на зямлі жылі-б, клопату жаднага ня мелі-б, аб сярмягу тагды не хлапацілі-бы се, і голые-б у Раі перахадзілі-бы, а цяпер, як сярмяжка зьдзярэцца, хоць ты з галавы выйдзі, не адкуль узяць, а горш, што не за што купіць. А тут і зіма надходзіць, і ўстыдна, а я і шэлега пры душы ня маю! А пан, аднак, на тое не глядзіць, да ўсё крычыць: заплаці…, заплаці, вужава кроў, мужык! Ага ту! ага ту, на цябе, Адам, Адам, як ты нас пагубіў. Ох, каб-то я, я, я…
Зьяўляецца карчмар, і ў іх пачынаецца сварка, затое што селянін ня плоціць за гарэлку. Канчаецца яна тым, што карчмар уцякае, кажучы: „Будь здароў, дзякую, што з душою мене пусьціў“.
Селянін ізноў наракае на Адама, аж тут прыходзіць чорт, прыбраўшысь панічом. Ён вядзе з селянінам даўгую сьмяхотную схолястычную гутарку. Пазьней умешваецца і карчмар. Нарэшце селянін робіць з чортам заклад, што ў працягу аднэй гадзіны ня скажа ніводнага слова. Чорт мае плаціць грашмі, а селянін, калі прайграе, павінен быць яго падданым. Зробіўшы ўмову, чорт называе сябе, кім ёсьць, і скідае з сябе панскую вопратку. Селянін страшэнна палохаецца, памкаецца ўцячы, але чорт пагражае, што забярэць яго душу ў пекла, калі ён адрачэцца ад умовы.
Пасьля гэтага, у пятай зьяве, селянін бядуе:
Ну ж, папаў-жа я залажыцца! Ох, каб я ведаў, хто ён ёсьць, не ашукаў-бы тагды ён мяне; а цяпер і рады сабе даць не магу, што маю рабіць? Аднак, заклад датрымаць трэба, бо з д’яблам жартаваць не патрафлю: ашукаў-жа ён мяне! Каб-то можна было, адрок-бы се і закладу, да ён не адступіць. Вот бяда: не а цяжкую-то, праўда, рэч тут ідзець, маўчаць — здаецца — патрафлю; гэта-ж не вялікая рэч пераз гадзіну маўчаць. Я напару пераз цалютанькі дзень маўчу, калі ў полі раблю, — так мне ня цяжка будзець закладу дадзяржаць. Да як-жа ўжо дадзяржу, так буду мець сто рублёў, а можа і болей, як ён сам казаў. Тагды-ж я сабе статку накупляю, пану, што вінен, аддам, і яшчэ на гарэлку, з малацьбы ідзя, напіцца застанецца. Арандар тагды ня скажаць, што ня дам. Ох, каб ён тагды сказаў, што ня дам, то-бы я яго… адною рукою за пэйсахі, а другою паказаў-бы грошы… Тагды-бы ён быў для мяне лепшы!.. І суседзі тагды будуць мне кланяцца, калі абачуць, што я багаты. А Гарасім, хоць мой вялікі непрыяцель, аднак — спадзяюся — што будзець кланяцца, каб я толькі яму на чынш грошы пазычыў; да нет! не варвець! зьесьць чарта — ня дам… ня дам, хоць-бы і зьеў: няхай розуму наўчыцца… І д’ябла ўжо чорт нясець: трэба губу затыкаць. Ужо мусіць быць тая гадзіна.
У шостай зьяве ізноў зьяўляецца чорт і кажа селяніну, што зараз праб’е гадзіна, ад якой ёй павінен будзе маўчаць. Дэкляруе даць за выйграны селянінам заклад цяпер сто рублёў і яшчэ што году плаціць па столькі-ж. Селянін кажа: „Дацерплю, бо губу пакулем, у дзёгаць памачыўшы, заткаю“. Чорт радзіць яму не рабіць гэтак і адходзіць.
У сёмай зьяве селянін разважае:
Вот цяпер абачым, хто каго пераможаць. Ён кажаць, што мяне возьмець да пекла, калі маўчаць ня буду, а я кажу, што ён і з родам сваім не дажджэць, бо я гатоў сабе губу на калодку замкнуць. Але, праўда, прыпамінаю сабе, нашто мне тыя калодкі, нашто тое пакульле з дзёгцем. Вот калі захочацца гаварыць, так я рукою губу заткаю, вот гэтак. (Паказвае). Абачым, што ён мне тагды зробіць! А коньча выграю сто рублёў; вот тагды мне будзець добра. (Садзіцца. Гадзіньнік б’е).
Зьява 8-ая. Прыходзяць трое дзяцей. Дзеці хочуць лезьці на неба хваліць Бога, але ня ведаюць, як падняцца. Тут сьпусьцілася з неба драбіна. Але дзеці ня ўмеюць лезьці й па драбіне: то бягуць аднымі нагамі, то паднімаюцца на руках, а ўзьлезьці ня могуць. Селянін вучыць іх на мігі, моўчкі. Ня ўцерпіўшы, кажа: „Вот гетак трэба лезьць. Вы ня ўмееце: абачыце, як я зараз улезу да неба“. Ды як толькі ён узяўся лезьці, драбіна паднялася, а ён заваліўся на зямлю.
Зьява 9-ая. Выскаківае чорт, хапае селяніна й цягне.
Чорт. A przysięga gdzie? Przyrzekłeś, że będziesz milczał; poszedłeś w zaklad, a oto nie dotrzymałeś: ja ciebie teraz do piekła poprawadzę[2]. (Цягне, селянін устае).
Селянін. Мой ты наймілейшы дабрадзею! Прапрашаю, выбачай мне, бо гэтыя блазны да астатняе злосьці мяне ўвялі. Чы ім Бог розум адабраў, чы што ў чорта, як ім не пазнаць таго, як лезьць трэба па драбіне.
Чорт вымагае, каб селянін ішоў у пекла. Селянін просіцца, бо хоча пажыць яшчэ на зямлі. Тады чорт вымаўляе селяніну, што ня трэба-ж было наракаць і на Адама, калі сам не цьвярдзейшы за яго. Урэшце пазваляе селяніну пажыць пакуль што яшчэ на зямлі, каб паправіцца.
У зьяве 10-ай селянін кажа:
Вот у якую я бяду ўлез! Хвароба тых блазноў на маю галаву прынесла. Вох, якія яны дуракі: на драбіну хацелі ўлезьць то аднымі нагамі, то аднымі рукамі, то вешліся, ліха ведаець, што яму рабілі; а я бачыў, што дужа прыгожа згары нехта іх прасіў. Да як-жа было маўчаць, хоць трэба было, бо я пашоў у заклад, але я тагды і забыўся, як мяне ў злосьць увялі. Няхай-жа буду на другі раз астаражнейшым! Зьясі ты ліха, пане д’ябле, калі мяне болей ашукаеш! Каб ты цяпер і недзьвядзёў на мяне спусьціў, то ўжо буду маўчаць. Цяпер яшчэ схаджу дадому, пакуль тая пара ня прыйдзець. Трэба абачыць, што там дзеецца: работку якую сабе загадаць, а ўзад потым сюды прысьці. Гэтыя сто рублёў мушуць-такі мае быць коньча!
У другім акце селянін сам просіць чорта яшчэ пайці ў той-жа заклад. Але з ім паўтараецца подобная-ж гісторыя, калі тры браты (гавораць яны папольску) ня могуць пралезьці скрозь вузкія дзьверцы, каб знайці скарб.
У трэцім акце селянін у трэці раз прайграў заклад: загаварыў з пакутнікам. Чорт ужо не даруе і нясець яго ў пекла.
Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.