Перайсці да зместу

Хоцімская выправа (Залескі/Каганец)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Успамін
Верш
Аўтар: Багдан Залескі
Пераклад: Карусь Каганец
Крыніца: https://knihi.com/Karus_Kahaniec/U_try_slachi_iduc_lachi.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У тры шляхі ідуць ляхі,

А казакі чатырма валяць.

У травах плавяцца па пахі,

Свецяць зброяй, з ружніц паляць.

Падабраны людзі, коні,

Аж пад імі зямля стогне!

Гульба, брацця! Дні вясёлы!

Славу ўсякі сабе суліць.

Гэй, малойцы, гэй, саколы!

Наш архангел цуда творыць!

Скрозь паходны гоман чуцен.

Наперадзе рыцар відзен,—

Каралевіч сам праводзіць.

Чарнабрыўкі, гэй, з дарогі!

Паніч ў ясыр вас загоніць!

Украінскі дзеткі ў ногі!

Рысь ці мядзведзь вас ухопіць?

Пры гетманах люд убогі...

Ўсе ў атласах і саболях

Едуць пышна дый на конях,

Ўсё то ляхі ды літвіны

З самай Польшчы і з-за Вільні.

Паны з паноў, ўсе вяльможны:

Як сам гетман, глядзіць кожны!

Між усіх паноў тых значны

Наш праслаўны Сагайдачны,

Пан атаман ў славу гучны.

Чуб к музыкам ён скланяе,

А за ім услед бунчучны

Той харугвай павявае.

На малінавым атласе

Белы ангел ва ўсёй красе.

— Сагайдачны, мілы браце! —

Каралевіч кажа ласкай: —

— Вы бо нюхам як бы значце

Аб той гордзе той паганскай.

Кіньцесь ў поле, сюды-туды

Вы па-свойму, моў ў прысюды!

Пап атаман слухаць рачыць,

Махнуў шабляй пад калпакам.

Знае козак, што то значыць!

Зашумела за тым знакам,

Засвісталі, загудзелі,

Як бы ў пекла дзе зляцелі

Усе казакі дый з зямліцы,

Толькі земля прагудзела,

Моў па зімняй мецяліцы.

Украіна анямела,

Жаль Украйну агартае,

На магілы сазывае.

Плачуць дзеўкі, маладзіцы,

Там па бацьку дзеці плачуць;

Па малойцах красавіцы

Ад слёз свету аж не бачаць.

Ад нядзелі да нядзелі

Посвіст небам ў дзве староны:

Там саколы ўсё ляцелі,

Стуль ўцякаюць усё вароны.

Ў панядзелак ўсё збіралісь,—

Новы весці павядалісь.

Не патрапіць ніхто ў свеце

Так у бітве ігру весці,

Як атаман, што нам правіць

(Адным махам турка знесці).

Стуль казакі ды і ляхі

Бродзяць ў крыві коням ў пахі.

Салчан, брацця, нечуваны!

Алла! Драла! Гэн здалёку

Самы тоўсты башы, ханы

Аж трасуцца ў пераляку!

Ляцяць дзеці дый на шляхі...

Крык і гоман — нашы валяць!

Брат за брат. Казакі, ляхі

Свецяць зброяй, з ружніц паляць,

Гульба, радасць скрозь па гонях

І па местах, і па сёлах!..