Перайсці да зместу

Хмары (Лермантаў/Глебка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хмары
Верш
Аўтар: Міхаіл Лермантаў
Пераклад: Пятро Глебка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хмаркі нябесныя, вечна вандроўныя!
Строем мінаючы стэп лазуровую,
Вы ляціце, па выгнанню мне роўныя,
З мілае поўначы ў далеч паўднёвую.
 
Хто-ж выганяе вас: лёс тут прычынаю?
Злосць відавочная? зайздрасць нячутная?
Альбо цяжар на вас дзеі злачыннае?
Альбо сяброў нагаворы атрутныя?
 
Не, вам абрыдалі нівы няўродныя...
Вы без пакут, без жаданняў лятаеце;
Вечна-халодныя, вечна-свабодныя,
Вы без радзімы й выгнання не знаеце.

1840