Перайсці да зместу

Хмарка (Колас, апавяданне)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хмарка
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1913 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Не шукай ты шчасця, долі

На чужым далёкім полі.

Янка Купала

Ніякага клопату і гора не ведала гэта прыгожая белая Хмарка. Яна не ведала, з чаго і як радзілася на свет, адкуль узялася яна; не ведала нават, ці ёсць у яе маці. Можа, затым яна і была такая шчаслівая, што нічога не ведала аб белым свеце.

Той дзень, праўдзівей, тая раніца, калі з’явілася яна на небе, была вельмі ж ціхая — такая ціхая, што нават чутно было, як спявалі, седзячы на круглым лісціку зялёнай лотаці, два прыўдалыя конікі. Сіваваронка, снуючыся каля таўшчэразнага жаралістага дуба, дзе было яе гняздо, трашчала, бы тая трашчотка, на ўвесь луг, сварачыся з цыбатым і даўганосым Буслам, які, праўда, і вухам не вёў на ўсю гэту плявузготу сярдзітай суседкі, а любоўна цешыўся са сваіх дзетак, што таксама сядзелі ў гняздзе на тым жа дубе. Дзесь у небе жалобна пішчэў галодны каршун, і гукі яго далёка расплываліся ў нерухомай цішы летняй раніцы.

У ветра, відаць, было нейкае свята ў гэту раніцу, або добра нагуляўся ён дзе за ўчарашні дзень, бо яшчэ не варушыўся і спаў, хоць сонейка падбіралася пад поўдзень.

І гарачая была гэта раніца. Грэчка, якая зачынала ўжо зацвітаць, і даўно акучаная бульба проста млелі ад гарачыні і ў знемажэнні тужліва паапускалі сваё лісце. І лісточкі іх таксама пачыналі жаўцець. Маленькі, беленькі камячок, якім спярша была гэтая Хмарка, пачынаў тым часам павялічвацца, шырыцца і рабіцца болей грузкім.

Добра было гэтай Хмарцы плыць высока-высока ў безгранічных разлогах светаў і акідаць поглядам прыгожыя малюнкі зямлі, што ляжала пад ёю.

З тэй страшэннай высачыні, на якой плыла Хмарка, усё выглядала вельмі хораша, вельмі прыгожа: здалёку ўсё з’яўляецца нам іначай, як яно ёсць папраўдзе, бо такая ўжо натура і схільнасць нашай душы — бачыць усё добрае і прыгожае ў тым, што далёка ад нас, што не з намі. І паплыла паволі шчаслівая хмарка ў далёкую-далёкую дарогу, дзе застанаўляючыся, як прыемная думка, дзе кіруючыся на малюнкі, што найбольш зацікаўлялі яе; а поле з пясчанымі схіламі сваіх узгоркаў, зялёныя лугі з пакручастымі стужкамі бліскучай вады, адвечныя лясы-бары — адным словам, усе тыя з’явы, якія першымі кінуліся ў вочы нованароджанай Хмарцы, аставаліся ўсё далей і далей, і сама гэта даль акрывалася ў намітку сіняватай смугі. Уласнае шчасце бязроднай Хмаркі (яна не памятала роду) не давала ёй мажлівасці прымеціць чужое гора. Ёй здавалася, што ўсе на свеце, як і сама яна, радуюцца і цешацца сваёй доляй. Па гэтай прычыне Хмарка не ведала, якую тугу і жаласць пакідае яна за сабою на зямлі, з якой прагавітасцю чакала поле задаволення свае смагі. Унь там, за вёскаю, чуць-чуць калышацца ў межах пажоўклае жыта. Гэта вецер, толькі што абудзіўшыся, пачынае пазяхаць, пацягацца. Бедныя каласкі пільна прыглядаюцца да Хмаркі. Калі-нікалі іх ажыўляе надзея ўздужаць з ласкі шчодрай Хмаркі. Але Хмарка ідзе далей, толькі цянёк ад яе праплыве, як здань якая, па жыце, і яно нікне каласкамі, стаіць, нікому не скардзіцца, як бы самлеўшы. І сумна рабілася ўсюды, і нейкая крыўда і жаласць бруіліся над усім, што пакідала Хмарка. Два прыўдалыя конікі перасталі спяваць і пахаваліся пад лісток лотаці. Гэта яны спявалі песню ў чэсць Хмаркі, а яна так зняважыла іх.

Пташкі таксама змоўклі, а маленькі ручаёк, здавалася, панёс свой жаль у зямлю пад каменні, у цень альховых кустоў.

А Хмарка, шчаслівая, радасная, ясная, як майская раніца, усё ішла, ішла далей і далей да невядомых краёў свету, і толькі ёй рабілася крыху сумна, ёй шкода было пакідаць тыя малюнкі, да якіх ужо прывыкла, але жывая натура гнала яе і гнала, не даючы супачынку. Так ішла яна ўвесь дзень. Пад вечар, як сонейка схілілася блізка да захаду, Хмарка зайшла ў такі край, які непадобен быў да тых краёў, адкуль яна выбралася ў дарогу.

Перад ёю пачаліся высокія горы, вярхі якіх пакрывалі адвечныя снягі. Сонейка пачало хавацца за край зямлі, апошнія стрэлы яго праменняў ахварбавалі яе ў агнявісты колер і патухлі. Востры холад пустых і жудасных верхавін дзікіх гор моцна сціснуў Хмарку. Яна скурчылася ўся, зрабілася маленькай і тонкай, знайшла зацішак між гор і спынілася, прыхіліўшыся да старой Скалы. Страшна стала Хмарцы.

— Адкуль прыпаўзла, нябога? — спытала Скала Хмарку.

Яшчэ большы страх агарнуў яе.

— Не ведаю, — боязна адказала яна.

— Што робіш, чым займаешся?

Хмарка зрабілася яшчэ меншай і маўчала.

— Я люблю паслухаць, што робіцца на свеце, — апраўдвала Скала сваё пытанне. — Што ж ты бачыла, раскажы мне.

Хмарка крыху асмелілася і пачала расказваць, як хораша на зямлі, як усе там шчаслівы і радасны, як спяваюць мошкі, конікі, травы, збажына.

— Хто сам шчаслівы, таму здаецца, што і ўсе шчаслівы, — сказаў Арол на гутарку Хмаркі. — Быў і я ў тых краях, адкуль прыблуталася імасць. Там, гаворыш, — шчасце? А што ж, па-твойму, няшчасце? Там палі выплакалі апошнія слёзы, каб даць табе жыццё, шчаслівая Хмарка! І цяпер там нават расы не бывае. Але не для таго назначаліся слёзы, каб радзіць цябе на свет для бадзяння па чужых краях… — І доўга яшчэ гаманіў Арол, наракаў на Хмарку.

Слухала Хмарка нараканні Арла і прыкра зрабілася ёй. Прайшла ноч, зачаўся новы дзень, зноў пайшла ў дарогу Хмарка. Цяпер яна ўжо не чула сябе шчаслівай і вольнай, як наўперад: так глыбока запалі ёй арліныя словы.

Дні ішлі, праходзілі тыдні, а яна, як заклятая, усё хадзіла па свеце. І дзе толькі не была яна! Якога гора не прыйшлося зажыць ёй у дарозе! Насілася яна над пустэлямі, перад ёю рассцілаліся моры, якія не мелі берагоў. Ганялі яе ветры, ірвалі на кусочкі яе тонкія валаконцы. І нідзе на свеце не было ёй супакою. І вярнулася яна зноў у той край, адкуль і выйшла. Пажоўклыя палі, сухія травы, пагарэлая збажынка гаротна віталі Хмарку; пацямнела яна, зажурылася, паапускала пасмы і заплакала халоднымі слязьмі над роднымі палямі…

Стары Дуб, абмыўшыся дажджом, павесялеў і сказаў да Бусла, з якім даўно ўжо быў у дружбе:

— От навука для тваіх дзяцей. Моцна ж накажы ты ім, дружа, каб не лёталі дарэмна па свеце, не бадзяліся: у сваім родным кутку работы досыць для кожнага.

Бусел маўчаў. Відаць, ён іначай пазіраў на гэту з’яву, а можа, і недачуў слоў свайго сябра.